Маладняк за пяць гадоў (1928)/V
← IV. Трэці пэрыод у жыцьці Маладняка (1928 г.) | V. Соцыяльны склад сучаснага Маладняка Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
VI. Вершаваная поэзія сучасных маладнякоўцаў → |
V. СОЦЫЯЛЬНЫ СКЛАД СУЧАСНАГА
МАЛАДНЯКА
Соцыяльны склад сучаснага Маладняка сьведчыць аб росьце ў ім праўдзівага рабоча-сялянскага ядра. Цікавую статыстыку дала аб сваім складзе ўвосень 1928 г. Менская філія (статыстыка была надрукавана ў „Савецкай Беларусі“..
Усяго ў Менскай філіі лічыцца 38 сяброў.
Паводле соцыяльнага складу: з рабочых — 4, сялян — 28, служачых — 3, іншых — 3.
Паводле нацыянальнасьці: беларусаў — 36, яўрэяў — 2.
Паводле партыйнае прыналежнасьці: сяброў і кандыдатаў КП(б)Б — 6, комсамольцаў — 13, беспартыйных — 19.
Паводле адукацыі: з вышэйшай — 3, студэнтаў — 28, з сярэдняй — 7.
Паводле творчасьці: поэтаў — 21, прозаікаў — 12, крытыкаў — 4, перакладчыкаў з чужаземных моваў — 1. З іх маюць зборнікі — 19, з прынятымі ў БДВ зборнікамі да друку — 3, ня маюць зборнікаў — 16.
Паводле маладнякоўскага стажу: з 1925 г. — 12, з 1926 г. — 16, з 1928 г. — 10.
У іншых філіях Маладняка таксама шмат вучнёўскае моладзі, асабліва тэхнікумцаў, і шмат настаўнікаў, прычым уся гэтая моладзь, як сьведчаць анкеты ў ЦБ Маладняка, вышла, галоўным чынам, з самых гушчаў беднага беларускага сялянства.
Маладнякоўцаў з рабочага асяродзьдзя, вядома, і ў сучасных беларускіх умовах яшчэ мала, але іхны лік усё-ж узрастае.
Характарна, што паміж маладнякоўцаў ёсьць даволі значны процант дзяцей лясьнікоў, муляроў, будачнікаў на чыгунцы, вясковых настаўнікаў, фэльчароў, значыцца, выхадцаў з тэй соцыяльнай катэгорыі, якая папаўнялася малазямельным беларускім сялянствам і ня траціла сувязі з беларускаю моваю і культураю наогул. Спаміж самых маладых сяброў Маладняка або спаміж моладзі, якая гуртуецца каля Маладняка, рыхтуючыся ўліцца ў яго шэрагі, шмат ужо людзей, якія прышлі ў горад непасрэдна з беднае сялянскае хаты, яшчэ ня змылі на руках мазалёў ад плуга, касы і цэпа.
Як знак часу, ёсьць спаміж маладнякоўцаў былыя бяспрытульнікі, выкінутыя ў горад вёскаю сіраты дзеці вайны і рэволюцыі.
Таксама трэба адзначыць, што ёсьць спаміж маладнякоўцаў дзеці гарадзкіх рамесьнікаў, дзеці дробнае гарадзкое буржуазіі. Ёсьць нават сын папа і чыноўніка — мацнейшыя адзінкі, што парвалі сувязь з сваёю мёртваю, клясаю.
Да сялян з вясковае хаты належаць: Ганна Базыленка, Баранаў, Бужан, Вечар, Вір (Гарасімовіч), Галавач, Каваль, Мурашка, Падабед, Салагуб, Сямашка, Трус, Хадкевіч, Хурсік, Якімовіч і інш. Гэта ўсё людзі, якія з сялянскае хаты, праз вясковую школу, прышлі ў часе рэволюцыі ў унівэрсытэт і с-г. акадамію, у розныя тэхнікумы і працуюць ужо хто як рэдактар газэты або часопісі (Галавач, Мурашка, Сямашка), хто як адказны працаўнік ў комсамоле, хто як актыўны працаўнік у студэнцкіх організацыях і г. д.
Бобрык і Ліманоўскі — дзеці сялян-кавалёў. Шушкевічаў бацька быў лясьніком. Лынькоў і Моркаўка — дзеці будачнікаў на чыгунцы з малазямельных сялян. Бацька Звонака і Маракова займаюцца ў горадзе мулярствам. Гаўрук — сын гарадзкога сталяра. Барашка — сын рабочага шпалернае фабрыкі. Фамін, Лявонны і інш. — дзеці вясковых настаўнікаў. Плаўнік (яўрэй) — сын ляснога прыказчыка. Бандарына, Вішнеўская, Пфляумбаум (немка), Гольдбэрг (яўрэй) — дзеці гарадзкіх настаўнікаў, савецкіх служачых. Мікуліч — сын фэльчара, Таўбін (яўрэй) — сын фармацэўта. Хв. Явар — сын начальніка станцыі.
Паказаная пры прозьвішчах некаторых таварышоўіхная нацыянальнасьць сьведчыць аб тым, што беларусізацыя зрабіла значныя крокі, а беларуская культура ўжо прыцягвае і людзей, узгадаваных на іншых культурах, але зьвязаных з Беларусьсю. Цікава, што ў рэд. „Чырвоная Полаччына“ працуе тав. Міхальцоў, родам з Дарагабускага павету; ён добра аўладаў літаратурнаю беларускаю моваю і піша апавяданьні пабеларуску. Рэдактар гэтае газэты, тав. Сямашка, атрымаў 2-ю прэмію на літаратурным конкурсе „Крестыянской газеты“, але перайшоў на беларускую мову.
У большасьці маладнякоўцы — моладзь, нараджэньня 1904—1905 і інш. гадоў.