Люблю і я скляпенне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роуны луг, і узгібы гор,
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцце, а у ім людзей
І кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей, —
А ні поэт. — Чаму-ж?
Часамі праца у дзень кіпіць, —
Цярплю і я прыгон, —
Аж косьць аб косьць у плячу рыпіць…
Пачуеш у сэрцы звон…
Ухопіш зык, за ім другі,
За тымі больш ідуць,
Зліюцца у шых даугі-даугі
І цэлы дзень гудуць.
Загасьне дзень, іду дамоу,
Кладуся спаць, — і у ноч
Цякуць радкі зьвінючых слоу,
І сон адходзіць проч.
Тагды пішу. Перад вачмі
Нясецца зданьняу рой,
І хтось стаіць па-за плячмі,
Здаецца, блізкі, свой.
Абыйме шыю пара рук
І кос дзявочых шоук,
Узмацніцца у сэрцы мерны стук,
А звон у душы ні змоук…
Зірну: пакой пусты, німа…
А час сьлізнуу, як вуж.
І за вакном радзее цьма…
А ні поэт… — Чаму-ж? Бо мой прыгон глытае час,
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх поэтау шмат у нас,
Дзе сам народ — песьняр.
Сваіх тут жменьку я сьпісау
Маркотных песьняу-дум;
Маей душы іх сам сьпеваў
Па краю родным сум.
Скажу яшчэ, чаго б хацеу:
З дзявочых вуст пачуць
Хаця-б адзін мой бедны сьпеу,
Хаця-б калі нібудзь!
|