Матчын дар (1918)/На чужыне/Літанне Адзіноце

Змора Літанне Адзіноце
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1918 год
Начлег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Літаньне Адзіноце.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Літанне Адзіноце.


Зноу я прыходжу у часе зьмеркання.
Складаю Літанне, нясу Табе данне
Ад сэрца свайго, Адзінота:
Можа раней, як яшчэ ні радзіуся,
Табе быу адданы, Табе прысудзіуся,
Крулева мая Адзінота;
Можа быць маці, калі спавівала
І ночы ні спала, над люлькай сьпевала,
Аддала Табе, Адзінота:
Меу я ад родных пяшчоты — упады,
Мне мамка—галубка і усе былі рады,
А Ты — над усіх, Адзінота;
Ты надавала мне брэдняу у садочку
Ля хаткі радзімай, у вішневым куточку,
Дзіцяці яшчэ, Адзінота:
Ласка Твая, што усяго навучыуся,
У жыцце і у людзей і у Цябе улюбіуся,
І воля Твая, Адзінота;
Сьмерцю сваею — ці наглаю згіну
Ніколі Цябе я ужо ні пакіну, —
Ні здолеці мне, Адзінота.
Часам Табе пасылаю праклены,
Зубоу скрыгітанне, уразау мільены
Уладанню Твайму, Адзінота;
І дух ніпакоры, руіны, паустання
Над усе пераможны, кідае у разстанне,
Абы ад Цябе, Адзінота;
Потым прыходжу пануры, пахілы,
Хачу падзівіцца на вобраз Твой мілы,
Пякнейшы за усе, Адзінота!
Ты-ж, як матуля, прытуліш і прымеш,
Ашушкаеш ласкай і тугу сунімеш,
І зноу я с Табой, Адзінота!
Гэтак, нявольны ніколі сабою,
Прыходжу сягоння па спрэчцэ с Табою
У пакоры. Прыймі, Адзінота!