Матчын дар (1918)/Роднаму краю/Начныя думкі

⁂ Чаму з маленства Начныя думкі
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1918 год
⁂ Як надарыцца мінута
Іншыя публікацыі гэтага твора: Начныя думкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Начныя думкі.

Часам я у ночы сны дзіуныя бачу:
Роіцца нейкі нізьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай.
Бачу вялікія стэпы з-над Немна;
Туліць у сьлезах матуля сынка;
Сьцелецца пушча глухая і цемна;
Косьці з магілы глядзяць бедака…
Бачу я жоутае жытняе поле
Коласам ціха шуміць-шэлясьціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня з аднэю малітваю „піць“.
Траука у ляску у цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабечэ — людзей пацяшае;
Льецца крынічка, плюскочэ вадой.
Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі сьмяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бездольны;
З зеллям шаптухі паціху снуюць…
Хочацца быць мне у тым краю нізнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!
Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці с табою,
Хвойкі і зоры у сабе адбіваць.
Дай мне купальскую кветку у рукі,
Путы жалезныя мне разьвяжы,
Дай ты мне зельля на горо і мукі,
К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы!
.................
Ціха. Нічога ні чую, ні бачу.
Роіцца толькі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай…