Матчын дар (1929)/На чужыне/17

16. Журба 17. Восень
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
18. Мае думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




17.

ВОСЕНЬ.

Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна, што дзень;
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.

Збожжа пажатае з ніваў пазвожана,
Голыя гоні самотна ляжаць;
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай ня грае сваёй сенажаць.

Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі,
Кусьце бяз лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі у сэрца ляцяць.

Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
„Хутка надыйдуць заві з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць“.

Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечна зялёны свой кажуць убор;
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог;
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скацінку, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца, —
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць;
Хэўра за хэўрай на рэчцы зьмяняецца,
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.

Так няпрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень зьмяняе аблічча зямлі…
З днямі бяз сонца, халоднымі ночкамі
Цяжкія думкі мне ў сэрца прыйшлі.

Нешта старое усё ўспамінаецца,
Толькі няясна, маўляў, праз туман;
Нейкі няведамы жаль уздыймаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.

Сэрца баліць пад жаданьняў прымусамі
Што за жаданьні — ніяк не пазнаць.
Можа ляцеці адгэтуль за гусямі?…
Можа заснуць, каб нічога ня знаць?…

17. Восень.

У тэкст радкоў 32 і 33 гэтага вершу ўнесены наступныя узятыя з аўтографу — п. XV. 2. 16/24. (гл. вышэй агульную заўвагу):

32 р. Цяжкія думкі мне ў сэрца прыйшлі.

33 р. Нешта старое усё ўспамінаецца…

У выданьні 1918-га году было:

Думкі мне ў сэрдца жудосны прыйшлі.
Старое нешта усё спамінаецца…