Матчын дар (1929)/На чужыне/30

29. Nocturno 30. ⁂ Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
31. Мая люба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




30.


∗     ∗

Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож,
Ня песьці надзеі і жалю ня множ.
З табою пабрацца мне волі няма, —
Даўно заручыўся я ўжо са трыма:

Айчызна, — я ёй у няволі жыву,
Што-ноч яе бачу, маўляў на яву,
За ёю сумую, журуся адно,
Бо шчырым каханьнем зьвязаўся даўно.

Другая матуля. Радзіўся калі
І голас мой першы падаў на зямлі,
Замучаны твар усьміхнуўся яе:
„Сыночак мой любы!“ — вітала мяне.

Аб трэцьцяй, дзяўчынка, скажу, што яна —
Другоі ня знойдзеш — на сьвеце адна;
За краты няволі паслала: „люблю“,
Дык хіба-ж з табою яе падзялю?

Пакінь-жа, галубка, з каханьнем сваім!
Шукай сабе шчасьця за кім за другім;
Пяшчоты, залёты ня траць задарма,
Даўно заручыўся я ўжо са трыма.

30. Дзяўчыначка-сэрца

19 р. …„задарма“. У выд. 1918-га году і ў аўтографе стаіць „з-за дарма“.