Матчын дар (1929)/На чужыне/46

45. Малітва 46. Поэту
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
47. Слабасьці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэту (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




46.

ПОЭТУ.

Што кажаш мне, поэт, а праўдзе тэй, што будзе?
Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён!
Я бачу добра й сам: ідуць да праўды людзі,
Расьцець яе жаўнер, і шырыцца загон.

Марудна, братачка! І покуль сонца ўзыйдзе,
Дык вочы выесьць нам салоная раса,
І покуль першы дзень людзкога шчасьця прыйдзе,
Мільёны сэрц праткне гароты злой каса.

Пакінь, пакінь сьпяваць а праўдзе тэй, што ў небе!
Яна чужая нам, таемных праўда сіл;
Яна ня сходзіць к нам ў канечнае патрэбе,
Калі пакуты дзень так довяг і ня міл!

Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было,
І што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
І што ў мільёнах душ разоры правяло.

Прашу цябе, сьпявай аб горы песьнь адну ты,
І наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй;
Тады, убачыш сам, парвуцца духа путы,
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.

46. Поэту.

2 р. „Мне сэрца кроіцца“ і 11 р. „ў канечнае патрэбе“ — прыклады нязвычайных зваротаў і дапасаваньняў, якія часам спатыкаюцца ў вершах А. Гаруна (гл. вышэй агульную заўвагу).