Матчын дар (1929)/На чужыне/45

44. ⁂ Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся! 45. Малітва
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
46. Поэту
Іншыя публікацыі гэтага твора: Малітва (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




45.

МАЛІТВА.

Я бачыў: сын яго стаяў
На пушчы і маліўся,
І словы ў гневе прамаўляў,
А твар сьлязьмі абліўся.
— „Ах, дай мне, ойча, моцных слоў,
Маланак-слоў палючых,
Бо кроў мая сачыцца зноў
Із ранаў тых балючых…
Дзівіся, пане, слабы я,
Саўсім ня маю сілы;
Гарыць, баліць душа мая,
О дай-жа моцы, мілы!
Паглянь: паўсюдах з краю ў край
Рабунак, глуз пануюць,
І льецца сьмех тых чорных зграй,
І ўсё з зямлёй раўнуюць.
Зірні: дзе пекнасьць тая, што
Надаў нам, міласьцівы?
Тваіх правоў трымае хто,
Братэрства, згоды хцівы?
Схініся к нам ты і абач:
З гадзінай горшыцца,
Цяжэе боль, мацнее плач,
Галоў ўсё болі гнецца.
Паслухай ноччу, у дзень, сьвяты,
Скажы маўчаці звонам, —
І колькі жальб пачуеш ты!
Зямля азьвецца стогнам…
Узглянь: навокал чорны сьвет,
Прыцьмена праўды сонца,
Надзеі ў людзях болей нет, —
Пашлі-ж ім абаронца!
Ах, дай мне, божа, гэткіх слоў,
Зямля-б ад іх траслася!
Баляць бо раны мае зноў,
І кроў з іх палілася…
Пашлю тады маланкі ў люд,
У бясчасны той, брадзіці,
Блішчэць, яскравець там і тут,
Праўдзівы гнеў будзіці.
Мільёны кіну пяруноў
У тых, каго я знаю,
У тых, маю што сочаць кроў,
У тую чорну зграю.
Тагды ізноў, як колькі раз
На сьвеце ўжо бывала,
Настане твой вялікі час,
Твая засьвеціць хвала.
Малюся-ж, дай мне гэтых слоў!
Спаліш мяне, — паможаш.
Гарыць душа, баліць ізноў…
Вялікі! дай, як можаш!“