Мая ліра (1924)/I/З кнігі выжш. асягн. дух.
← Арганы жаляцца | З кнігі выжш. асягн. дух. Абразок Аўтар: Казімір Сваяк 1924 год |
З кнігі мудрасьці → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: З кнігі высшых асягнень духовых. |
З КНІГІ ВЫЖШЫХ АСЯГНЕНЬ ДУХОВЫХ.
Сьвечкі на аўтары ледзь лыпаюць. Адпраўляецца вячорная малітва Радаўніцы Маёвай. Пах кветкаў і кадзіла. Шэпты жальбы і пакуты. За вокнамі містычны говар тапалёў і бяроз. Паўцень спавівае касьцельную наву. Хрыстус с крыжа сумным зорам спаглядае на пакору людзкога грэху дарэмна — здаецца — агарнуць сіліцца, сьвет акрываўленымі рукамі.
„Божа, сямейку набожных багаславі“.
У глыбокай нішы пры аўтары Пацяшеньня спавядаюцца… Старцы — дзяцюкі — дзевы — дзеці. Затоплены ўсе ў немай контэмпляцыі. Думаюць над загадкай свайго быту, а мо‘ толькі стараюцца думаць. Слухаюць голаса сумленьня, вынаходзяць памылкі розуму, і слабасьць волі, і капрысы зманнага ўчуцьця. Зор стрывожаны заглыбіўся ў тайніцы адвечныя, ледзь адчутыя сэрцам збалелым, ледзь даступныя кволай волі людзкой.
„Божа, будзь мне грэшнаму міласьцівым“.
Спавядаюся. — Ня помні, о Божа, майго грэху думкамі споўненага, намерам дакананага: вінен — вінен — вінен: Ня помні, Божа, грэху словам споўненага, чынам дакананага: вінен — вінен — вінен. Ня помні, Божа, зла дапушчанага, дабра недакананага: вінен — вінен — вінен.
„Разграшы, Ойчанька, калі можыш“.
Адышоў апошні. З-за філяра сунецца йшчэ адна постаць: ціха-звольна, як мара. Кволасьць дзіўная вее ад яе. „Хто ты? Чаму нічога ня кажыш?“ — „Грэх мой ты ведаеш.“ — „Ты даўно cпавядалася?“ — „Я спавядаюся авечна: грэх мой ты ведаеш.“ — „Чаго-ж ты ад мяне жадаеш?“ — „Нічога мне ня трэба: грэх мой ты ведаеш.“ — „Хрыстэ-Езу, скажы ж мне, хто ты?“ — „Я душа твая, ты стварыў мяне: ты дух творчы, — грэх мой табе вядомы“.
„Божа, зжалься над душой пакутнай чалавека“.
Сьцень нікне, развеваецца. Зор толькі пылае здалёку: пунктам сьветляным занікае ў далечынь. Шопат і жальба сьціхаюць у сьвятыні. Ледзь чутны апошнія тоны хорнай гармоніі. Тайнічна мігоча лямпачка прад аўтарам Жывога. На сьцяне адбіваюцца неспакойныя цені-мары. Між імі віджу фігуру нахіленага маладзяна з тварам у далонях. Хрыстус пахіляе над ім акрываўленыя рукі, разгартае яго кудры, цалуе яго аблічча.
„Божа, справядлівы загады Твае.“