Мая ліра (1924)/I/Не памёр: нарадзіўся

Шчасьце Не памёр: нарадзіўся
Абразок
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Арганы жаляцца
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Не памёр: нарадзіўся».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«НЕ ПАМЕР: НАРАДЗІЎСЯ».

… Я зваў яго. Быў у цьвеце лет: жывога, бойкага, жвавага настрою. Быў прыгожы. Мог гладка гутарыць, меў здаровы гумар, быў мілага характару. Часта любіў езьдзіць паляваньнем: як птушка вольная гойдаў тады па полі і лесе. Любіў прыроду і знаў яе хараство. Адзінотай не гардзіў — каб углыбляціся цэлай істотай у творы містраў мысьлі і слова. Умеў журыцца і рвацца да шчасьця надземнага, безканцовага, чыстага як Сам Дух ёсьць чысты: шчасьця амаль неухватнага.

∗          ∗

Пасья кінуўся ў вір сьвету, каб даці выхад сабранай сіле. Сьвет благі збэсьціў чыстую душу яго, спутаў лётную мысьль яго: абвеяў сваей сумлівасьцяй і пустатой, убранай на колер мастацтва і навукі. Называў сябе мудрым, хаця ня быў ім на дне свайго сумленьня. Пісаў правы Самому Створцы, хоць не спазнаў ня толькі глыбіні права ўсесьвету, але і бяздоньня сваей нічогасьці. Калі згубіў спакой душы, стараўся падаць у сумнівасьць сам быт Духа. І раздвоіўся ў ім дух з душою і забіў ён Бога ў сумленьні — на самым дне істнасьці сваей.

∗          ∗

А за ім ішла малітва: тут на зямельцы і ў прасторах горных сьвету надпрыроднага. Сэрца яго рвалася ішчэ да Ідэалу. Хацеў быць карысным для Суспольнасьці — Грамадзянства. Спосаб на гэта: навука, праца. Так працаваў бязупынна, коштам навет фізычных сіл, каб толькі здабыць сабе славу, пакінуць памяць трывалую, заўсёдную. І стаў чалавекам вядомым, выбіўся спаміж раўні сваей. Відзеў, як цэлы натоўп людзей ідзець пад яго загадам і радаваўся. Раз толькі чапіла яго няміла неяк думка вялікага песняра:

Мысьліш быць няўмірушчым праз учынак дзельны?
А хочыш ці ня хочыш: будзеш безсмяртэльны.

Але не страпянуўся, не прачнуўся дух ягоны. Думка зчэзла як зарнічка пералётная, як апошняя касулька вячэрняга сонца.

∗          ∗

Сумна дрэўцу — буйнаму і моцнаму на вока — калі мае ў сэрцы сваім чарвяка, які нязначна яго падгрызае і даводзіць звольна аж да сьмерці. Цяжка чалавеку, калі мае ён у грудзях сваіх зачаткі хваробныя — жывучкі сьмяротныя — крэпкі здаровы склад арганізму вядуць да раскладу. Дрэнна чалавеку с целам затрутым, горай — калі душа мадзеець ад журбы і сумніваў, найгорш калі лучыцца першае і другое разам… Ен быў хворы падвойна. Разгон надмерны, каб здабыць навуку і славу, прывёў яго да кволасьці фізычнай. Таёмная чэсьць для бяздушнага матэрыялізму зрадзіла нядуг горшы: выстудзіла, і зусім зністожыла жыцьцё рэлігійнае, заводзячы ў душы канцовую безнадзейнасьць. Як ранены зьвер кідаўся тады дух ягоны, шукаючы патолі. Але крыніца жывой вады высахла, а новай знайсьці ня меў ён ужо сілы.

∗          ∗

Уміраў маладым… Заясьнеў у жыцьці гэтым на хвіліну — як мэтэор — каб згаснуць на вечнасьць. Яго чало белае мела адцень бязмерна сумны. Хворны румянец на твары, як пурпура заходняга сонца, быў знакам глыбокага цярпеньня: а можа гэта быў сарамлівы стыд тэй зманнасьці, за якой гнаўся дагэтуль. Бліскучыя палам вочы, каторыя млосна звярнуў на дарагія сэрцу істоты, поўныя былі сьлёзаў і нямога жалю. Моўчаў доўга… Аж вось з сілай нябывалай застагнаў голасна. «Бога мне!»…

∗          ∗

На ўзгорку магільным сумна шумяць дрэўцы, кідаючы фантастычныя цені на капцы з крыжамі. Цішыню нарушае толькі гульба ветру, які, зрываючыся часам сільней, варушыць былінку траву і падымае сухія лісточкі. Ціш таёмная, неадгадная, наводзіць на кожнага дрыготу. Селянішча жыўшых… Тысячы, міліёны… Жылі, любілі, шукалі праўды, хараства, шчасьця… Няўжо кончылася ўсё толькі жменяй попелу? Няўжо-ж бытаваньне валадара Зямлі так марнае і бязмэтнае?.. Месяц спакойна паглядае навакол зімным вокам сваім. Ціхі пагляд кідае ён у кожны куточак, да кожнай зацені: як-бы сваім слабым сьвятлом хочыць разьясьніць — адкрыць тайніцу быту. На магільнай каменнай пліце відаць напіс:

«Не памёр: нарадзіўся».