Мая ліра (1924)/I/Песьня на псальм 62

Песьня на псальм 130 Песьня на псальм 62
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Ad te levavi

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ НА ПСАЛЬМ 62.

Ледзь толькі блысьне на небе зарніца,
Дух мой, о Божа, на Цябе чакае,
Душа жадае як дожджу травіца
І цела з стогнам да Цябе ўздыхае.

Ў сухой зямельцы бязводнай і труднай,
Залітай жагай палудняга сонца,
Цябе шукаю у дарозе блуднай,
Да твайго ўлоньня сумую бязконца.

Шляхам цярністым жыцьцё агартаю,
Руку цалую Твайго змілаваньня,
Твой Огляд вечны гімнам апеваю
І веру сёньня ў духа змертвыхстаньне.

І багаслаўлю, Божа, Твае дзівы
Ў формах праявы і ў зьменах часу —
І свае рукі кволы і лянівы
Ўзнашу у неба за айчыну нашу.

І бедну душу маю ажыўляе
Поўнасьць прастораў гвезднага космосу,
Цуднай мэлёдыі голас мой шукае,
Каб запяяці гімн Творчаму Лёсу.

І не забыці Цябе аніколі:
Ці ў ложы мягкім, ці цьвёрдай пасьцелі,
Адкрыці мысьлей шляхі Тваей волі
І Тваю помач спазнаці у дзеле.

Радасьць мне сэрца агнём запаляе,
Што не пазбыўся сваей я апекі:
Твой Дух прадвечны мяне атуляе,
Цябе я прагну, Божа мой, на векі.