Айчыны мілай зор на сабе чую,
Куды ня пойду з самлелай душою;
Айчыны сьлёзнай праклены лічу я:
Ратунку кліча — «Ратуйце з разбою!»
І над Айчынай і над сабой плачу,
Што памагчы ей — я хворы, бязсільны;
Што словы горкі надарма я трачу:
З душ нашых вее холад замагільны.
Зор мой дарэмна шукае выбаўцы,
Ня віджу сільных між браці паганай, —
І не чакаю з рук божага Даўцы
Ужо збаўленьня з долі апляванай.
І толькі ў самым бяздоньні няверы
Іскра надзеі у попеле тлее:
Іскра надзеі, што рана бяз меры
Долі народнай душы разагрэе.
Іскра бязвольна пажарышчам стане,
Аж твар схаваюць нябесныя зоры,
І дух народны адважна паўстане:
Раўняці будзе даліны і горы.
Будаваць будзе на зломах айчыну
Рукой магутнай з агнём Промэтэя,
А сам як згіне, дасьць тэстамэнт сыну,
Каб не змалела Айчыны ідэя…
|