Што занадта — нездарова Вось як (Прыпеўкі)
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Шляхам цярністым

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЬ ЯК. (Прыпеўкі).

А у цёмным лесе,
Дзед бабулю весе,
За рукі — за ногі,
Сьмяюцца ўсе богі.

А у полі чыстым,
Ў жыце залацістым,
Дзеўка штось гадае,
Ў прыпал паглядае.

А ў лузе за рэчкай,
Пасьвіў Стась авечкі,
Франка памагала,
Пакуль жонкай стала,

На паповай ніве
Бот вісеў на іве,
А бабы шапталі,
Цуды ўспаміналі.

А ў гаі зялёным,
Сонцам залачоным,
Дзяцюк дзеўку соча,
А яна рагоча.

Сьмяіцеся людзі,
Што вясельле будзе,
Цыбука ды з люлькай,
Цыпрука з Ганулькай.