Мая ліра (1924)/V/Шляхам цярністым

Вось як (Прыпеўкі) Шляхам цярністым
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Мурашка і галубка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХАМ ЦЯРНІСТЫМ…

Пасьвячаю N. N.

Шляхам цярністым, набітым каменьня,
Між жудаснай, цяжкай пары,
Пусьціўся ты, брат, на дарогу цярпеньня,
Шпырнуўшы трывогу з-гары…

А сьмешныя людзі — праўдзівыя хамы —
Як толькі пачулі, што ты
Пайшоў ў падарож, каб дайсьці тае брамы,
Агонь гдзе запален сьвяты,

Скрыгочуць зубамі, крыўляюць сумленьне,
І хочуць ўсім даказаць,
Што ў іхных руках супачыла збаўленьне,
Што дарма прывольля шукаць,

Каму-ж бо ня ясныя нашыя думкі,
Шчэ трэба мо’ іх паўтараць:
Мы Белу-Русь будзім з нядолі і мукі,
Бо годзе ўжо лёс праклінаць.

Хто можа — чым можа будуем Айчыну,
Душу ажывіў ўжо сам Бог,
А мы, у трудах і ў мальбе без спачыну,
Ей цела збуджаем з знямог.

Заеліся здобай на гэту работу,
Зварушан бо іхны спакой:
Вякамі сьвяцілі яны ўжо суботу,
Хоць сьлёзы ліліся ракой.

Панкі і ксянжочкі і ўсе хто „вучоны!“
Вы праўду усе панялі!
Аўтары сьвяцілі, паддзержылі троны!
З народам-жа вы ня былі!

Народ быў асобна, тварыў сваю сіу, —
Культуры ня меў, а тварыў;
А вы мімаволі капалі магілу,
Бо дух ваш з раскошы ўжо гніў.

Цяпер, калі голас народу раздаўся,
А просты і ясны як дзень,
Так вы схамянулісь і дух ваш спужаўся,
Як бытцам ад сну целяпень.

Вы ведайце добра, чаго нам патрэба:
Нам трэба зямлю мець сваей,
Мы хочым па-просту дастацца да неба,
А не міма панскіх дзьвярэй.

Ня цяміце гэта, прасьцей яшчэ скажу:
Ня верым мы вашай брахні,
Што нам спагадайце… Ішчэ штось пакажу:
Вы Бога ужо акпілі.

Бо Хрыстус казаў-жа ўсім людзям вольным
Слугамі быць мест панаваць:
А вы панавалі — а нам безпатольным
Нельга было-й лёс праклінаць.

Тамаш сьвяты піша, што „збытак ад стравы,
Ад рэчы канечнай ў жыцьці,
Ісці мае бедным, а йначай крывавы
Зладзея назоў трэ нясьці.

І хто-ж гэта споўніў — сьмяіцеся людзі —
Хоць мо’ — й хрысьціяне былі,
Аднак-жа казалі: „Па сьмерці што-ж будзе?“
І самі для бруха жылі.

А Хрыстус ўзяў вітку на гордыя плечы,
І так як калісьці жыдоў,
Прагнаў із сьвятыні натоўп той авечы,
Што крыўдзіць заўсёды гатоў.

Культуру стварылі з навукай глыбокай,
Дурманіць, каб розум людзей,
Каб плутацца думкай ад працы далёкай,
Каб сьмешыць старых і дзяцей.

Вучыліся многа — куды-ж нам зраўняцца —
Дазналі, што ў сьвеце на дне,
Забыліся-ж ўрэшці у сэрцы спытацца,
Ці ёсьціка Бог там, ці не?

Бо есьлі-бы Бог там здабыў селянішча,
Жылі-бы іначай зусім,
Жыцьцё гэта труд — ня гульба, ня ігрышча —
І Хрыстус казаў гэта ўсім.

Так вось дзе навука: народ наш убогі,
Пазбаўлены сьвету і долі адзін,
Аднак ўхаваў шмат з Хрыстовай дарогі,
І верны Яму быў, як сын.

Вучоныя-ж сьвету, надутыя вельмі,
Сваім пустадумствам ліхім,
Гулялі „задушкі“ — як гэныя шэльмы,
Што зьнюхалісь з духам благім.

Народ мой ты бедны, падзякуй ты Богу,
Што можыш цяпер паказаць,
Сабраную сілу на тую дарогу,
Гдзе можна свабоду спазнаць.

Хто сын твой — сын вёскі — няхай хутчэй ўстане,
Пратрэць свае вочы на дзень,
Ідзець бо пара — пара змертвыхстаньня —
„Паложан тапор на карэнь“.

У хаце тваей запладзіліся гніды,
Што могуць твой лёс пабрудзіць:
Пазбыцца ты мусіш вось гэнай агіды,
Бо хоча трудом тваім жыць.

Адважна-ж, мой браце, ты праўду ад Бога
Нясі ў сьвет шырокі на край,
А хоць і цярніста твая шлях-дарога,
Яна завядзець аж у рай!