У цёмную даль Маім братом
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 28, 26 верасьня 1924 г., б. 3
Сярод поля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXXIX.
Маім братом.

Сумна мне. Вецер гоне па небе цяжкія хмары, зрывае жоўтае лісьцьцё з дрэваў і васеньнюю песьню пяе…

Сумна мне!

Душу і сэрца скавалі думкі цяжкія, як хмары, ціснуць, гнятуць і ось, здаецца, што зараз пачую хаўтурны я звон…

А ён даўно ўжо нясецца, працяжна жудасна па ўсёй старонцы маёй, кудысь кліча, маніць абяцанкай спакою, дрыжыць ён у сэрцы маім…

Калі мы адпачынем?

Калі над нашай зямлёй будзе сьцяг толькі наш зьяць?

Калі сьмела скажам усім, што хочам жыць сваім жыцьцём, сваею, уласнаю гаспадаркаю!

Мусіць ніколі?..

Сумна мне…

Нясуцца над хатай крумкачы. Чую я сэрцам бяду…

Да каго зьвярнуцца ў гэтую пару? Маліцца — каму?..

Каб уратаваў нас ад цяжкай нядолі, каб на шлях просты выйсьці дапамог…

Той, хто абяцаў дапамогу — здрадзіў і ў крыўду на вечныя мукі нас аддаў, пакінуў лёс наш у кайданох назаўсёды!...

Ось вецер заплакаў і хмары сьлязьмі закапалі…

Эх, цяжка мне, людзі!

Дайце хоць чарку на астатку жыцьця!

Сумна мне…

Дзяргач.