Сярод поля
← Маім братом | Сярод поля Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 28, 26 верасьня 1924 г., б. 3 |
Я адзін сярод поля, толькі адзін…
Наколькі хапае вока, нікога ня відаць.
Сьнег, паўсюль сьнег…
А на небе высокім толькі зоркі гараць…
Я адзін, толькі адзін, сярод поля…
Не, няпраўда, думкі, як хмары, заўсёды пры мне!
Мае думкі, думкі цяжкія, жудасныя думкі!
Яны заўсёды са мной…
Сьнег, толькі сьнег і зоркі на небе…
Я і думкі і больш нікога…
Буду маліцца сярод поля, буду да сябе клікаць Бога!..
Хай прыдзе цяпер да мяне, хай прыдзе!..
Бо застаўся я адзін, адзін сярод поля, людзі пакінулі мяне аднаго.
Але я не баюся! Хай, я адзін сярод поля, хай адайшлі ад мяне ўсе, але неба засталося і Бог прыдзе да мяне!..
Я веру, што хутка малітва мая да яго даляціць…
Ен пачуе яе, і жаль, жудасны жаль душы мае, зразумее і скажа словы свае, якія я ў сэрцы сваім захаваю…
Я хутка з поля прыйду да тых, якія ўцяклі ад мяне, з Божым словам…
Тады ня будуць уцякаць, тады будуць шукаць мяне…
А цяпер, цяпер я адзін сярод поля з малітвай сваей.
Сьнег, толькі сьнег і зоркі на небе…
Думкі, малітва і я…
Дзяргач.
Вёска Мілкавічы, на Палесьсі.