Межы (1929)/III/Сялянка-студэнтка

У зімовы вечар Сялянка-студэнтка
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Песьня малатоў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сялянка-студэнтка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯЛЯНКА-СТУДЭНТКА

Сюды у Менск я прышла за навукай
Ад сялянскіх, ад родных мне ніў,
Бо зрабілася цемра дакукай,
А прынадай — асьветы агні…

Адчуралася, кажуць, палеткаў, —
Захацелася на панскі хлеб!
Не! Зімою я толькі студэнтка,
А вясною — ізноў на сяле.

Ня чураюся цяжкае працы,
Ня чураюся мазольных рук:
Мне ня хочацца час дарма траціць
У зімовую ў вёсцы пару!

Тачыць лясы ды толькі галёкаць
Па закутках, куткох кожны дзень, —
Калі хочацца к мэце высокай,
Сем‘янінам каб быць ў грамадзе.

Праўда, вёска па многіх з нас плача,
Што раскіданы недзе, як мак;
Можа, думае, ўжо не пабачыць…
Ня усхліпвай-жа, вёска, дарма!

Прыдзе лета — я выйду на ніву,
Буду лепей ранейшага жаць.
Была некалі я палахлівай,
Бо падточвала цемры іржа.

Маё сэрца, уздымы пачуцьцяў,
Былі зьмяты, зьняважаны — страх:
Гадавалася я у пакуце,
Бо няволя была мне сястра.

А цяпер адчыніліся вочы,
Захацелася знаць чаго шмат;
І за тоўстаю кніжкаю ночы
Я праводжу вось тут недарма.

І з другімі пасьля падзялюся,
Што сама атрымаць я магла.
Падсабіць я хачу Беларусі,
Чым магу, будаваць новы лад.

А ты, вёска, ня скардзься, што зьнікла,
І мяне зьбегляцом не заві:
Ад цябе я яшчэ не адвыкла —
Не хачу я душою крывіць!

Ты мне міла! Сумую па полі,
Сьвярбіць ня раз па сярпу рука.
Не зракуся цябе я ніколі,
А вярнуся! Крыху пачакай!

Я пакінула ўвосень палеткі,
Каб вярнуцца вясною да іх.
Я — сялянка, а разам — студэнтка:
Мяне вабяць асьветы агні!