Межы (1929)/III/У зімовы вечар

У швальні У зімовы вечар
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Сялянка-студэнтка
Іншыя публікацыі гэтага твора: У зімовы вечар (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЗІМОВЫ ВЕЧАР

На дварэ пануе люты:
Вецер дзьме, трашчыць мароз;
Выйсьці ў двор, як на пакуту,
Як напіцца горкіх сьлёз.

Але што-ж, часамі выйдзеш —
Рана класьціся ў пасьцель, —
А мяцеліца, як злыдзень,
Ўсё мяце, мяце, мяце.

Часам, бліснуць зоры-сьвечкі,
Зачаруюць зрок ігрой;
Воўчы вый дзесь недалечка
Пранясецца, нібы гром.

Сад стаіць у сьнежнай белі,
Часам з холаду ўздрыгне.
Ад яго дрыгот ў пасьцелю
Вельмі хочацца і мне.

Вайду ў хату. Гоман, сьпевы
Незмаўканым роем пчол,
Як чаканыя спадзевы,
Ўюцца весела наўкол;

Ў такт ім звоняць верацёны.
Стала цёпла, зьнік і сон.
Звоняць звонаў перазвоны
Сну і дрэме ў унісон.

І дрыжыць ад гукаў хата.
Песьня родная чутна.
І мяцеліц сьпеў заўзяты
Глушыць сьвіст верацяна.