Кожны дзень — толькі раніцы змрочнасьць
Прыадчыніць завесу дню —
Ў швальні чуецца голас дзявочы
Або песьня — запал агню.
Што-квадранец за гукам гук новы
Нараджае машынны бег;
Нітка з ніткай кладзецца ў аснову, —
Дзе іголка дзюру праб‘е.
Па, сукне, па прыгожым паркалі
Расьцілаюцца сьцежкі-швы
І паўзуць, і паўзуць стройна ў далі
Па адзнаках — клетках канвы.
Рукадзельле кладзе каляровасьць
Нейкай новай для ўсіх красы:
Спадабаўся малюнак вясковы
Беларусі жар-паясы.
Тут нямала кладзецца ў дзень працы,
Завіхаецца многа рук!
Шыюць тут падарунак сялянцы
Ды чырвоны сьцяг змагару.
Шыюць тут для працоўных адзеньне,
Для штодзеннага іх жыцьця;
Тут, у швальні, ўсіх прац завяршэньне,
Тут для працы новай куцьця.
Праца тых, хто араў голы, босы,
Хто палоў, потым праў хто лён,
Грукатаў хто паставамі кросен, —
Набывае ўжо новы плён.
Гэты плён — усіх працоўных здабытак,
І загэтым ён — важны дар:
Хто раней быў бядою прыбіты,
Цяпер стаў сам сабе гаспадар.
Вось загэтым, хоць праца цяжкая,
А удубальт пасьпешна ідзе;
Зык машын на мамэнт не змаўкае,
І ў ім чуецца шмат надзей.
Вось загэтым кладуцца так роўна
Швы за швамі ў пекны узор,
Вось загэтым так песьня чароўна
Льлецца з раньніх да змрочных зор…
|