Над рэчкай Мой край
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Да гусьляў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой край (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV

МОЙ КРАЙ

Край мой там, дзе рэчак хвалі
І плюскочуць і плывуць, —
Што далей — да новых даляў
Мяне клічуць і завуць.

Край мой там, дзе шэпчуць сосны,
Шумяць волаты-дубы…
Гэты шэпт і шум галосны
Ўсяму сьвету кажуць быль.

Край мой там, дзе поўны колас
За паклонам б‘е паклон,
І жняі шчасьлівы голас
Заглушае сэрца звон.

Край мой там, дзе каля хаты
Аж да неба ўзьняўся сад;
Там, дзе хлопцы і дзяўчаты
Апяваюць згоду, лад.

Край мой там, дзе Нёман льлецца
Срэбра-плыннай паласой,
Там, дзе ўсё, усё сьмяецца,
Шчасьцем хваліцца, красой!

Ніжні-Ноўгарад.
1921 г.