Ах, зурна! Гэта — тая-ж жалейка
У непадкупным яе харастве.
Вабіць соладам, шчырасьцю нейкай,
Зыкам новым, нязнаным заве.
Нешта лезе знаёмае ў вушы,
Мне здаецца — жалейка з лазы
Расчыняе прад кімсь сваю душу.
Ах, люблю і цяпер гэты зык!
Многа часу ужо прамінула,
Многа плыні унесьлі вады.
Разьвітаўся я з вёскаю чула
І пашоў вандраваць ў гарады.
Ўжо ня чую жалейчыных сьпеваў я,
На жалейцы забыў іграць сам,
Ўжо ня шэпчуць калосьсі мне сьпелыя,
Ня зьвініць мне у лузе каса.
Давялося мне быць ў краі чараў,
Дзе узвышшы усьнежаных гор
Зорка сочаць нямыя абшары.
Тут пачуў я зурны перабор.
Ён мне здаўся прыгожым і блізкім,
Як жалейка ў губах пастуха,
Калі ён, як натхнёны музыка,
Можа разам іграць і ўздыхаць.
Кіславодзк, 1925 г.
|