Даўно аб краі я гэтым марыў,
Хацеў я бачыць край чар — Каўказ,
Дзе Дэмон колісь з красой-Тамарай
Вялі аб жыцьці чароўны сказ.
Цяпер стаю я на вышы ўзгор‘я
З красой абшараў, нібы абрус,
Адкуль відзён мне ўзор Пяцьгор‘я,
Адкуль відзён мне сівы Эльбрус.
Я повен сілы ў чароўным краі,
Дзе зырка сонца ўдзень пячэ,
А ўночы вецер зурной іграе
Ды месяц полаг празрысты тчэ.
Прастор цудоўны шмат родзіць думак,
Улівае ў сэрца ён сілы шмат.
Між гор бруіцца, журчыць Падкумак —
Ніколі ўпынку яму няма.
З-пад гораў рвуцца упартай плыньню
Руччы-крыніцы жывой вады, —
Калі нап‘ешся — боль сэрца гіне
І гіне змрочнасьць нямой жуды.
І вось я повен усім сугуччам,
Што тут разьліта, што тут жыве.
І сьпее, сьпее напеў жывучы,
А радасьць песьні сьпяваць заве.
Заве і кліча, як постаць жніва.
Здаецца, колас паклон мне б‘е.
Вярнуся хутка я к роднай ніве
І к новай працы й барацьбе.
Кіславодзк, 1925 г.
|