Мужнасць (1938)/Вінтоўка і песня/Ноч у вайсковых лагерах

На варце Ноч у вайсковых лагерах
Паэма
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Апошняя стрэча
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноч у вайсковых лягерах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ У ВАЙСКОВЫХ ЛАГЕРАХ

Быў вечар і вецер.
Вяршаліны гор
пярэстая хмара
займала упарта:
ішла навальніца…
А мы —
насупор —
спявалі,
смяяліся,
строілі жарты.
Утому штодзённую
сівер сагнаў,
і дрэвы пад ёю
цяжэлі паволі,
гарністы ігралі
трывожны сігнал
на цёмную ноч
і на выхад у поле.
Звінелі падковы,
шумела трава,
грымелі тачанкі,
і бразгалі цуглі.
Чатыры палкі,
як адна галава,
прайшлі скрыжаваннямі
лагерных вуліц.
І вось,
калі зніклі,
палатак уздоўж —
праз поле,
праз нетры,
праз цёмную буру —
таварыш Ганчарык —
наш лепшы яздок —
прамчаўся,
як віхар,
шалёным алюрам.
Мы змоўклі
і чулі:
гудуць капыты —
далёка,
як зоры,
трывожна,
як нервы.
і мы прыгадалі
былыя гады,
каторых ніхто
і ніколі
не верне.
і вось
маладзейшая
з нашых гасцей
(такая танклявая,
быццам травінка,
а вочы
як сонца,
усмешка —
як дзень!)
спытала ў камдыва
надзвычай наіўна:
— Скажыце,
які-ж быў
шалёны алюр,
якою падучкаю
курчыўся вецер,
калі цераз горы,
ваду
і зямлю
вы неслі
жыццё маладое
планеце?

Пярэстая хмара
даўно заняла
увесь небакрай
і прастору над намі,
вятры ацяжэлі
і цемра лягла —
густая,
як стоптаны
жвір пад нагамі.
І мы не падолелі
цемры падняць,
і мы не заўважылі
сполаху вырыс,
мы чулі адно,
як прайшла цішыня,
як стомлены голас
падняўся
і вырас.
Ён сумнай
іроніяй смеху
звінеў,
адценнем пяшчоты
ласкавай на дзіва.
І мы,
аж пакуль
не ўзялося віднець —
Уважліва слухалі
словы камдзіва:

— Вам —
семнаццаты год…
Маладосць!
І таму
дзе-ж вам
наша юнацтва
— жабрацкае —
помніць!
З-пад фабрычных ярэм
нас запрэглі ў хамут,
засупоніўшы туга
салдацкай супоняй.
Дваццаць год…
Гэта-ж толькі —
краса і лятункі!
Але-ж сціснула
жорсткай рукою
вайна,
і з дзесятка
набітых у Туле
ладункаў
кожны першы
быў супраць
юнацтва і нас.
І калі
страсянулі гарматы
паветра,
дык не мы
выбівалі чаканку
з-пад ног:
гэта йшлі на расстрэл
толькі нашы шкілеты,
бо юнацтва было
расстраляна даўно.
Так прымалі мы
горкую
ісціну смерці,
але-ж нам
да вар‘яцтва
хацелася жыць,
ненавідзець,
любіць,
колькі выстарчыць сэрца,
і п‘янець ад вясны,
ад смалістых ажын.
Вось чаму
з першым поступам
маршавай роты,
калі з вокан,
балконаў,
кафэ й кабарэ
асыпалі нас цветам,
пад крыкі
і рогат, —
узялася ненавісць
ізноўку гарэць.

І пазней,
у акопах,
залітых вадою
і засыпаных градам
азызлых галоў,
яна вырасла
— наша нянавісць —
прыбоем
і пайшла
ад салдата
к салдату
без слоў.
Дзе-ж тут занізі
вашай
І рамантыкі кволай,
дзе-ж тут ваш,
маладая,
шалёны алюр?!

Мы на нервах сваіх
перавешалі сволач,
у каторай забралі
і нетры й зямлю.
І здабыткі свае
баранілі не крыкам:
калі куль не было
і клінок быў тупы —
пад варожымі кулямі
клаліся крыжам,
а ніхто не хацеў
і не мог адступіць.

Прыгадалася мне
Астраханская стэп…
З тых сыпучых пяскоў,
праз бураны калючыя,
толькі наша упартасць,
падняўшы пратэст,
мужна вынесла
сцяг баявой рэволюцыі.
От які абыдзённы
і шэры
быў лёс,
што цвятлівіў смугу
нашых дзён маладосці,
але кожны яго
быццам песню
пранёс,
і на ваша юнацтва
яна не зайздросціць.

Так вучыла жыццё:
каб адолю дастаць —
мала мчацца,
як віхар,
шалёным алюрам,
трэба маршам
праз ноч
перайсці й не прыстаць…

І вось гэтую сціпласць
мы вам і даруем!
Ёсць такое жаданне:
калі загрыміць
непадкупнай расправы
бунтоўная песня,
каб вы так-жа упарта,
як некалі мы,
роўны сонцу
штандар рэволюцыі
неслі.

Так скончыў камдзіў.
І, як чорны вяшчун,
пярэстая хмара
ўзмахнула крыламі,
халодныя кроплі
буйнога дажджу
забомкалі
звонка
па гонтах
над намі.
Наўсцяж
скалыхнуліся бурна
лясы,
і вецер зайграў
вербалозавым тэмбрам,
маланкі шпурлялі
наніз
паясы,
і ўсё неадступна
згушчалася цемра.
І мы не падолелі
цемры падняць,
І мы не сказалі
камдзіву
ні слова,
мы чулі адно,
як ішла цішыня,
як дзесьці
далёка
звінелі падковы.
І толькі пасля, —
калі чорная сінь,
і гром
і маланкі
спаўзлі за адхоны;
мы чулі выразна,
што блізка зусім
храпуць неспакойна
і цокаюць коні.

З паходу вярталіся
нашы палкі,
прайшоўшы
праз ноч,
кілометры
і плягу,
пранёсшы
вінтоўкі свае
і клінкі,
няўтомнасць,
юнацкі задор
і адвагу.

Яны запявалі
будзёнаўскі марш,
і песня
шумела,
як рокаты мора,
і песня
расла галасамі
да хмар,
І ёй адгукаліся
белыя зоры.
Тады мы й пазналі
сваю маладосць,
каторая,
вотлю
адкінуўшы жарты.
у гэткую ноч
і праз гэтакі дождж
ішла у паходзе
нястомна
і ўпарта.
І мы —
непакорнага класа
сыны —
сказалі такое
звычайнае слова:

— Таварыш камдзіў!
На пагрозу вайны —
адказ маладосці:
„заўсёды гатовы!“
Мы добра умеем
лятункі снаваць,
мы так-жа умеем
за права змагацца,
і мы
абаронім
ад чорных навал
адзіную ў свеце
рэспубліку працы.
Праменнае сонца
і дзень малады
былі задаволены
нашым адказам,
яны небакрай
абагнулі круты
і весела
з намі
смяяліся разам.

1932 г.