Колькі вытаптана сцежак,
Колькі выбіта дарог!..
Па цяпло тваіх усмешак
Шмат хадзіла на парог.
Камандзір высокі танка,
Трактарысты,
кавалі.
Кожны вечар каля ганку
За цябе вайну вялі.
Там вясной
шумелі травы,
у кастрычніку —
лісты…
Ты смяялася ласкава
Звонкім смехам залатым.
З кожным
добрых і суровых
Гаварыла колькі слоў;
Аднаму ў тваіх размовах —
Мне
увагі не было.
Хіба-ж нашая брыгада
Першых месц не заняла?!
Хіба-ж мы на ўсіх парадах
Не праславілі сяла?! Хіба сам я,
асабіста,
Не пад густ тваёй красе,
Не высокі,
не плячысты,
не прыгожы,
як усе?!
Адкажы-ж мне,
толькі шчыра,
што за прыхамаць была,
калі моўчкі брыгадзіра
ты увагай абышла?
Толькі раз пры нашай стрэчы
Усміхнулася няўзнак…
Што-ж мне думаць
пра той вечар?..
Разумець цябе мне як?
і дзяўчына адказала:
— Я шчаслівая была
І з усімі жартавала,
А з табою не магла.
І не дарам біты сцежкі
Непракладзеных дарог,
І не дарам па усмешкі
Ты хадзіў на мой парог.
1937 г.
|