Мужнасць (1938)/Мая сяброўка/Радасць

Прызнанне Радасць
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Вернасць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Радасьць (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАДАСЦЬ

Над галавой шумелі клёны,
І вадаспадамі лісты
Ліліся на мурог зялёны,
Дзе ціхая стаяла ты.

Канчаўся дзень.
Над зжатай нівай
Ішлі ключамі журавы.
Ты іх праводзіла маўклівым
Узмахам русай галавы.

На момант у вачах самотных
Успалыхнуў асенні сум,
І лёгкі вецер бестурботна
Развіў завітую касу.

І шкода стала маладосці
І перажытых летніх дзён…
Але, як сокам, весялосцю
Наліўся дбайнай працы плён.

Ад ярыны трашчалі гумны,
Раслі высокія стагі,
І малатарні хорам шумным
Будзілі рэчак берагі,

Дзе на калгасных агародах
Багаты бралі ураджай,
Дзе за турботы нагарода
Лілася мёдам цераз край,

Дзе ціхія рачныя тоні
Гулі ад рыб, як вір круты,
Дзе спелі познія антоны,
Гарэлі сонцам залатым…

І, моўчкі, мы гарэлі самі
Вялікай радасцю зямлі,
І над шчаслівымі над намі
Аблокі вечнасці ішлі.

1937 г.