Мужнасць (1938)/Слова краіне/Пачатак вясны

На прадвесні Пачатак вясны
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Перамога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пачатак вясны (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЧАТАК ВЯСНЫ

Вясна прыходзіла звычайна:
на берагі глухіх нізін
сачыліся з узгоркаў тайна
крывавыя вены ручаін.
Пасля з грымотамі і звонам
вада шчапала крохкі лёд;
складалі кайстры плытагоны
і шыкаваліся ў паход,
Тады ішоў за сонцам сівер —
быльнёг праветрыць на мяжы;
са стрэх,
бядою даўняй сівых,
плылі да долу капяжы.
Галодныя каровы гвалтам
будзілі вусціш веснавы,
ламалі дзверы на кавалкі
і ў поле йшлі шукаць травы.
Чародамі хадзілі дзеці
бацькоў сваіх заўважыць след,
што дзесьці там,
на белым свеце,
рупліва здабывалі хлеб.
Нарэшце, скрозь дарогі сохлі,
вярталіся бацькі дамоў,
аглядвалі старыя сохі
пад шэпты дзедаўскіх замоў.
І, клянучы і так пракляты:
свой лёс
і чорны смутак дум,
на вузкія палосы з хаты
вывозілі сваю бяду.
Дзяўчаты клікалі вяснянак,
але напеў самотны быў…
Так пачынаўся першы ранак
І дзень вясновае сяўбы,
так пачыналася звычайна
згрызота думак,
і яна —
мізерная людская дбайнасць, —
так пачыналася вясна.
Даўнейшыя адпеты песні,
вясна бярэ інакшы шлях:
адменнае зусім прадвесне
мая рэспубліка прайшла.
Узняўшы струджаныя сілы
на стоптаных абшарах скрозь,
яна ў змаганні нарадзіла
і ўзгадавала дужы рост.
Яна старанна так і дбайна
да мэты высцілала шлях,
і на палі прышлі камбайны,
і радасць новая прышла.
Зруйнованы дашчэнту межы,
прастораў зрокам не абняць,
да іх навальна з ветрам свежым
прыходзіць бурная вясна.
Яшчэ грыміць з лясоў паводка,
а поле смагне скрозь і схне:
надзвычай вызяачан кароткі
і клапатлівы час вясне.
І трэба выйсці дружным строем —
раней ад ранняе зары, —
вясны навальныя настроі
магутнай сіле пакарыць,
каб адплаціла добра глеба
за наш калішні горкі пот
арудамі цяжкога хлеба,
стократ узняўшы умалот;
каб весялейшы ад вяснянак
мажор калгаснай песні быў…
Так пачынацца мусіць ранак
і дзень вясновае сяўбы,
так пачынацца скрозь павінна
вялікай працы шырыня,
руплівая людская пільнасць
і большэвіцкая вясна.

1933 г.