Зорным шляхам (1932)/Напевы і думы/Музыка

⁂ (Вагні ярчэйшыя…) Музыка
Абразок
Аўтар: Хведар Ільяшэвіч
1932 год
⁂ (Дрэвы шапочуць у боскай драмоце…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЗЫКА.

Ўзьняліся лёгкакрылыя птушкі… шыбаюць у высь… Над сонечным полем…
Зазьвінелі…
Залацяцца іх крыльлі пад сонцам… у сінім, крыштальным прасторы… далёка… далёка… зьвіняць…
Узьляцелі палахлівымі ўзмахамі… пудкія, шыбкія птушкі…


Дрэмле маліцьвенна лес…
Пявуча-салодка шумяць сосны…
Праз вецьце залацяцца зоры… мігцяць…
Ціха, ціха праз сон шапацяць хвоі…
Шум баравы…
У возеры — люстры купаецца месяц —
Срэбрыста іскрыцца
А зоры пылаюць… пылаюць… дрыжаць… заміраюць… мігцяць… Маліцьвенны лес…


Чуецца плач у размроеных гуках…
Хапае за сэрца лядзянай рукою…
Вось яна! Сьмерць!
І сумна…
Жаласна скардзяцца струны…
Плачуць, енчаць, галосяць, смуткуюць…
Сусьветны сум…


Музыка!
Недзе далёка… бязьмерна далёка…
І молатам б‘е ў сэрца кліч — барабан…
Недзе далёка гучыць вясеньні марш… плыве… крапчэе… расьце… аглушаець… вясеньняя хваля імчыць… Грымуча, пераможна льле з гулам шумлівыя, грозныя хвалі… і вясеньняю хваляй льлецца ў сэрца рытм…

1930.