Зьнікла зялёная траўка у полі,
Зьніклі ўсе кветкі ў лугу.
Рвецца душа мая, рвецца да волі:
Зімна мне тут — не магу!..
Неба схавалася ў цёмныя хмары,
Дождж у вакно ўсё сячэ,
Сьвету ня відна ў далёкім абшары;
Боль маё сэрца пячэ.
Ліст пажаўцелы шасьціць і нясецца,
Сумна ляціць на зямлю;
Вецер гудзіць, не — ён плача, здаецца,
Душу сьціскае маю.
Мілая птушка, вясеньняя кветка;
Ты хоць кінь жальбу сваю,
Лепш засьпявай, як калісь было улетку, —
Разам і я запяю:
Ўспомнім з табой нашу, радасьць былую.
Пей-жа мне песьні свае:
Веру, што згоняць нуду яны злую;
Песьня нам душы зьліе!
|