Напевы ліры Янкі Купалы: Публічная лекцыя
← Якуб Колас: Жыцьцё і творчасьць | Напевы ліры Янкі Купалы: Публічная лекцыя Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 6.І.1929 Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929 |
Максім Багдановіч: У дзясятыя угодкі сьмерці Яго → |
Ужо з самае істоты лірычнае творчасьці наагул вынікае незвычайна цесная сувязь між тым, што творыць паэта, і ягоным жыцьцём, ягонымі перажываньнямі. Як народ у сваіх песьнях ад вякоў выліваў усё тое, што найбольш востра адбіваецца ў яго душы, так і паэта ў сваіх лірычных творах выяўляе ўсё, што зяўляецца найбольш істотным у жыцьці яго — перадусім у ўнутраным, духовым жыцьці. І ў меру таго, як расьце й разьвіваецца духова сам паэта, адбываецца несупыннае ўзбагачваньне творчасьці яго, узьвялічваецца важкасьць і разнабочнасьць твораных ім цэннасьцяў.
Сярод нашых лірыкаў, наагул найбольш чысьленых сярод беларускіх „парнасьнікаў“, справядлівасьць вышэйсказанага найбольш ярка выяўляецца у найвялікшага зь іх — у Янкі Купалы, які, трэ тут адзначыць, займае адначасна пачэснае месца і ў нашай драматургіі, і ў эпасе. Вось жа, каб зразумець і растлумачыць сабе правільна характар творчасьці Купалы і незвычайна цікаўную эвалюцыю ў ёй, неабходна пазнаёміцца перад усім з галоўнымі мамэнтамі ягонае біяграфіі.
* * *
Янка Купала (праўдзівае прозьвішча — Іван Луцэвіч) нарадзіўся ў 1882 годзе ў фальварку Вязынцы, каля Радашкавіч, на тэрыторыі былое Менскае губэрні. Бацька яго гаспадарыў як пасэсар, на чужой зямлі, і малы Янка рос і разьвіваўся на вёсцы ажно да 1908 году, ня лічачы аднаго году, праведзенага разам з бацькам у Менску, калі быў яшчэ невялікім хлапчуком. Але й жыцьцё на вёсцы ня ўвесь час было аднолькавае. Сьпярша Янка быў пры бацькох на гаспадарцы. У хаце ён навучыўся чытаць, пасьля яго падгатаўляў да гімназіі вандроўны вучыцель — „дырэктар“, але думка аб навуцы ў сярэдняй школе ня зьдзейсьнілася, і адукацыя яго абмежылася сканчэньнем народнае школы. На 19 годзе жыцьця яго памер ягоны бацька. І вось Янка кідае працу на ральлі, памятную яму бадзяньнем зь месца на месца па арэндах, памятную цяжкім фізычным трудом усей сям’і і сталым пачуцьцём неабясьпечанасьці і залежнасьці ад волі „пана“ — уласьніка зямлі. З гэтага пэрыяду ў яго асталіся добрыя ўспаміны толькі з часу жыцьця ў ф. Селішчах, у Барысаўшчыне. Тут у суседзтве быў двор Бясяды Чаховіча, уласьнік якога прадстаўляў тып рамантыкарэвалюцыянэра, які за ўчасьце ў паўстаньні 1863 году быў у ссылцы ў Сібіры і, вярнуўшыся, захаваў у поўнасьці свае рэвалюцыйныя ідэалы. У Чаховіча была добрая бібліятэка з падборам кніжак, адпавядаючым ідэалёгіі ўласьніка; былі тут і кніжкі „рэвалюцыйныя“, як сьцьвярджае М. Гарэцкі ў сваей „Гісторыі беларускае літаратуры“, не даючы, аднак, больш выразнага азначэньня, якога роду была іх рэвалюцыйнасьць. Вось з гэтае бібліятэкі і чарпаў Янка „кніжную мудрасьць“ і новыя думкі-ідэі, сьлед ад якіх захаваўся ў душы яго на ўсё жыцьцё. Пэўне ж і гутаркі з Чаховічам рабілі сваё. А тут давялося Янцы пазнаёміцца і з нашым пісьменьнікам Антонам Лявіцкім (Ядвігін Ш.), у якога першы раз пабачыў беларускія друкі. Дык і з гэтае сустрэчы мусіў вынесьці нешта новае, — нешта, што ў далейшым жыцьці ня счэзла, а, наадварот, разьвілося ў зусім новы сьветапагляд.
З такім ідэйным і навуковым багажом Янка кідае саху і займае месца пры не ў бровары, як практыкант, выпаўняючы ўсе абавязкі броварнага работніка. І тут, пад рытмічны грукат машыны, пачаў хваляваўшыя яго думкі й абразы запісваць на паперы ў форме рытмічнай — вершамі. Сям’я яго была напалову спольшчаная, з дробнашляхоцкімі традыцыямі, дык першыя спробы пісаць вершы былі ў польскай мове, а пасьля і ў расейскай. Але вось падыходзяць гады вялікага грамадзкага ўзварушэньня: выбухае ў 1904 годзе расейска-японская вайна, выкліканая праступнымі спэкуляцыямі царскае камарыльлі на Далёкім Усходзе. І ўсё, што было чэснага ў Расеі, з абурэньнем паўстае проці бязмыснага нішчэньня людзей у гэтай наперад засуджанай на няўдачу вайне. З агульнага настрою карыстаюць рэвалюцыйныя партыі, заклікаючы масы да барацьбы з царскай уладай. Выступае на арэну і Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, якая да агульнарэвалюцыйных лёзунгаў далучае і беларускія нацыянальныя ідэалы. І вось па вёсках беларускіх пачынаюць пашырацца „доўгенькія паперкі“ — праклямацыі ў беларускай мове. Яны даходзяць і да Янкі Луцэвіча, які працуе то ў адным, то ў другім дворным бровары і ўсё больш знаёміцца з работніцкай доляй. Беларускія праклямацыі давяршаюць тое, што йшчэ напаўсьвядома таілася ў ягонай душы ад часу першага знаёмства зь беларускай кніжкай. І Янка пачынае пісаць свае вершыкі — „папросту“, па-беларуску. А тут яму давялося паказаць свае творы — польскія, расейскія і беларускія — людзям, якія як сьлед ацанілі тыя і другія: і Ўладзімір Самойла ў Менску, і д-р Ян Офэнбэрг у Радашковічах — у вадзін голас кажуць яму, што толькі ў роднай, беларускай стыхіі могуць разьвіцца зачаткі бясспрэчнага таленту. На тую ж тэму гутарыў зь ім і аўтар гэтых радкоў, калі ў 1905 годзе давялося яму першы раз спаткацца з гэтым скромным, вельмі нясьмелым і няпэўным сябе дзецюком у Менску. Дык Янка Луцэвіч кідае зусім пісаньне польскіх і расейскіх вершаў, якія — у сувязі зь вельмі слабым веданьнем польскае і расейскае мовы — не вытрымлівалі крытыкі, і вось родзіцца беларускі пясьняр Янка Купала.
У 1906, 7 і 8 годзе Купала ўжо многа піша па-беларуску, а моцным імпульсам для яго зьяўляецца выхад у Вільні першых легальных беларускіх газэт — „Нашае Долі“ і „Нашае Нівы“ — у канцы 1906 году. Рэдакцыя зразу ж ацаніла здольнасьці паэты і пачала на пачэсным месцы зьмяшчаць яго творы — побач з творамі Якуба Коласа. Урэшце рэдакцыя „Нашае Нівы“ выклікае Купалу зь вёскі ў Вільню, расстараўшыся для яго працу памоцніка бібліятэкара ў бібліятэцы „Знание“, уласьнік якое, Барыс Даніловіч, быў вельмі блізкі чалавек да нашаніўскае групы і пасьля прымаў чыннае ўчасьце ў беларускім руху ажно да часу сусьветнае вайны, якая адарвала яго ад Вільні і закінула — пасьля дэмабілізацыі — у Адэсу.
Папрацаваўшы год у Вільні і выкарыстаўшы для сябе — з аднаго боку — кніжныя скарбы бібліятэкі, а з другога — бліжэйшае знаёмства з нашаніўцамі, Купала ўвосені 1909 году перабіраецца ў Пецярбург, дзе праф. Эпімах-Шыпіла бярэцца дапамагчы яму здабыць сыстэматычную адукацыю. У працягу чатырох гадоў Купала ходзе на агульнаасьветныя курсы Чарняева і працуе ў выдавецкай суполцы „Загляне сонца і ў наша ваконца“. Тут, у Пецярбурзе, ён жыве супольным жыцьцём зь беларускай студэнцкай сям’ёй, якая гуртуецца навакол дзьвюх асобаў: праф. Эпімаха-Шыпілы і студэнта тэхналёгіі Вацлава Іваноўскага (цяперашняга прафэсара Варшаўскае палітэхнікі). У 1913 годзе Купала ізноў у Вільні, дзе працуе ў Беларускім выдавецкім т-ве ды займае адказнае становішча рэдактара „Нашае Нівы“ ажно да эвакуацыі Вільні расейцамі ўвосені 1915 году.
Пакінуўшы Вільню, як „бежанец“, Купала паехаў сьпярша ў Менск, а стуль — у Арол, дзе жыў сьвядомы беларус Жывапісцаў, чалавек даволі заможны, які й угаварыў Купале, каб ехаў у Маскву дапоўніць сваю адукацыю ў вольным унівэрсытэце Шаняўскага. Жывапісцаў на гэта дакляраваў даць дапамогу грашмі. Ды вучыўся там Купала нядоўга, бо ўжо ў 1916 годзе быў узяты ў войска і працаваў у тылавых установах сьпярша ў Менску, пасьля ў Полацку, дзе й застала яго разам з жонкай ягонай (у 1916 г. ён ажаніўся зь беларускай вучыцелькай Уладзіславай Станкевічанкай) — рэвалюцыя. З Полацку яго перавялі ў Смаленск, дзе правёў найцяжэйшы пасьлярэвалюцыйны час. У 1920 годзе Купала ўрэшце перабіраецца ў Менск, дзе знаходзе шырокую магчымасьць дзеля сваей літаратурнай працы — асабліва пасьля таго, як урад Радавае Беларусі абвяшчае яго „Народным Паэтам“ і забясьпечвае яму жыцьцё эмэрытурай. Там, у Менску, Купала жыве й творыць і сягоньня.
Вось жа ўсе гэтыя жыцьцёвыя зьмены, гэты выхад ізь вескі ў места і ўсё перажытае ў месьце — у сям’і актыўных беларускіх адраджэнцаў, урэшце — вайна і рэвалюцыя — усё гэта вельмі ярка адбілася на творчасьці Купалы наагул ды выявілася перадусім у ягонай лірыцы. І мы — у сувязі з гэтым — можам падзяліць наш агляд лірыкі Янкі Купалы на чатыры пэрыяды: першы адбіўся ў першым томіку вершаў ягоных „Жалейка“ (Пецярбург, 1908) і абыймае пачатковую творчасьць — пераважна з часу жыцьця ў вёсцы; другі — пэрыяд пераходны — зыходзіцца з выпускам у сьвет „Гусьляра“ (Пецярбург, 1910), дзе Купала стаўляе першыя самастойныя крокі на мястовым бруку; трэці — зборнікі „Шляхам жыцьця“ (Пецярбург, 1913) і „Спадчына“ (Менск, 1922) — абыймае пэрыяд поўнае сьвядомасьці паэты як мастака і павадыра свайго народу і заканчваецца мамэнтам будаваньня самастойнае Беларусі; нарэшце чацьвёрты — зборнік „Безназоўнае“ (Менск, 1924) — апошні пэрыяд аканчальнага сацыяльнага самавызначэньня паэты. У такім парадку і разгледзім літаратурную творчасьць Янкі Купалы.
* * *
Свой выдатны талент пясьнярскі выяўляў Янка Купала зь першых жа вершыкаў. Глыбака схоплены народны дух, здольнасьць схопліваць самае істотнае ў рэчах і зьявішчах, утоены юмор — усё гэта злучалася ў Купалы ад самага пачатку зь лёгкасьцяй мовы, пачуцьцём рытму, сілай экспрэсіі і музыкальнасьцяй. А з агульным разьвіцьцём Купалы, з знаёмствам з чужымі літаратурамі (— сваей жа блізка як і не было!), з вырабленьнем смаку й сьвядомага пачуцьця красы — ішло ў Купалы наперад і ўзбагачваньне формы, бо новыя думкі, перажываньні, настроі вымагалі новага спосабу выяўленьня.
„Жалейка“ абыймае той пэрыяд творчасьці Купалы, калі ён, жывучы на вёсцы, ня маючы адпаведных узораў прад вачыма, тварыў ізь сябе дзякуючы тэй „іскры божай“, якая й вызначыла яму ў жыцьці цярністы, але слаўны шлях мастака. Бачачы навакол сябе абмежаны лік зьявішчаў, Купала, які пачаў з выяўленьня ў вершах нягод і злыбед сваіх уласных і падобных да яго прадстаўнікоў фізычнае працы, з пункту гледжаньня багацьця матываў на пачатку сваей паэтыцкай творчасьці не ўзьнімаецца па-над Мацея Бурачка, перавышаючы яго, ведама, з пункту гледжаньня формы, паэтыцкае тэхнікі. Нараканьне на нядолю хлебароба-беларуса, які гэтак часта ня мае куска сваей зямлі і прымушаны арандаваць варштат дзеля працы, пачуцьцё вялікае сацыяльнае крыўды — гэта ж тое, аб чым пяяў і Бурачок. Але ў Купалы апрацоўка тых жа матываў, што і ў Бурачка, інакшая: ён сам перажывае гэтыя нягоды і крыўды — пад той час, як Бурачок узіраецца на іх звонку, дык і перажываньні Купалы шмат глыбейшыя, паўнейшыя. „Зь песьняў аб сваей старонцы“, „Зь песьняў беларускага мужыка“, „Ах! ці доўга…“, „Хоць ты сэрца…“ — гэта паглыбленыя перапевы „Беларускае дудкі“ ў больш мастацкай форме. Але ёсьць тут і нешта новае, раўнуючы да Бурачковых твораў.
Вось хаця бы верш „Пажалей мужыка“. Тэма — тая самая, што ў Бурачковым вершу „Не цурайся мяне, панічок, Што далонь пакрываюць мазолі…“ Але Купалава „пажалей“ зварачаецца да тых, хто „адзеты і сыты“, не як просьба аб ласку, не як просьба наагул: гэта — трэбаваньне, гэта — заклік, за неспаўненьне якога Купала хавае запазухай пагрозу:
Пажалей ты яго, сіраты, —
Бо на сьвет многа прыйдзе бяды,
Бо за крыўду сваю адамсьціць.
Сьвіньням будзе крыві не пабраць! —
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць!
Вось тое, да чаго ніколі не даходзіў Бурачок. Вось тое, што выплывае ў Купалы як сябры многамільённае сялянскае грамады, з пачуцьця свае ўласнае моцы:
Я багач, я магнат!
кліча Купала ў пачуваньні гэтае моцы сваей у такім блізкім да Бурачковага вершу „Зь песьняў беларускага мужыка“.
Я мужык беларус, —
Пан сахі і касы!
зь сілай кажа Купала і йзноў папераджае, што пачуцьцё чалавечае годнасьці ўжо збудзілася ў ягонай душы, што і ён — Чалавек, што й яму „гараваць надаела ўвесь век!“
Гэтак — пэўне ж, пад уплывам рэвалюцыйных падзеяў 1905 году — Купала не абмежыўся плачам і нараканьнем на ліхую долю, не абмежыўся, як Бурачок, джэньнем жудасных фактаў з мужыцкага жыцьця, але зрабіў крок далей: крок да барацьбы, да здабываньня сілай лепшае долі, бо яе ніхто з ласкі яму ня дасьць.
У цэлым радзе вершаў Купалавых сустракаем перапевы тых жа думак. Але ўва ўсіх у іх бачым яшчэ як быццам пэрсаніфікацыю сацыяльнае крыўды беларускага мужыка ў асобе самога аўтара: няма йшчэ таго сынтэзу сацыяльнае праблемы, які гэтак ярка выяўляецца ў канцавым, сучасным нам пэрыядзе творчасьці Купалы.
Пры ўсей грамадзкасьці агульнага кірунку Купалы інтарэсы свайго „Я“ ўсё-ж такі у той час займаюць у творчасьці яго выдатнае месца. І характэрна тут тое, што паэта, які йшчэ ня шмат вырас па-над духовы ровень сваей вясковай сфэры, падчырківае гэта шляхам нейкага самапаніжаньня, у чым, праўда, чуецца і нотка насьмешкі над тымі, хто — слушна ці няслушна — лічыць сябе вышэйшым за яго. З гэтага пункту гледжаньня цікаўны ўступны верш „Жалейкі“ пад загалоўкам „Я не паэта“:
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Ня рвуся я к славе гэткай ні мала.
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі — Янка Купала.
Славу паэтаў разносяць па сьвеце,
Вянкі ускладаюць і звоняць пахвалай;
Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?
Ат! ведама, зь вёскі — Янка Купала!
Пасколькі ў гэтай „ціхасьці“ прачуваецца ўжо веліч песьняра, пастолькі ў асабістых сваіх імкненьнях і жыцьцёвых ідэалах Купала ў тым першым пэрыядзе запраўды ўсё яшчэ зьяўляецца звычайным дзецюком вясковым, Іванам Луцэвічам. Паняцьце яго аб шчасьці — тыповае дробнамяшчанскае; любоў — галоўны мамэнт у гэтым шчасьці — бедная, някрасачная. Так, у вершу „Дзяўчынка, галубка мая!“ Купала летуціць аб такім зацішным, супакойным жыцьці зь ёю ўдваёх, аб такім ціхім гнязьдзечку, якое было бы далёка ад бурлівага грамадзкага жыцьця, ад вялікіх і магутных парываньняў, пры якіх асабістае шчасьце здаецца страшэнна малым, нікчэмным, пустым…
Але і ў тую пачатную пару Купалавае творчасьці, калі йшчэ браў верх вясковы дзяцюк Іван Луцэвіч, два імпульсы асабліва ўзварушаюць душу паэты і вырываюць яго із сфэры ягоных вясковых сяброў: гэта — краса прыроды і — ідэя нацыянальнага адраджэньня. Яны — гэтыя імпульсы — дужэйшыя за ўсе праявы асабістага шчасьця, ведамыя і даступныя Янцы Луцэвічу; яны падымаюць Янку Луцэвіча на тую вышыню, дзе ўжо непадзельна пануе Янка Купала.
Аднак у лірыцы прыродаапісаўчай няма у Купалы захапленьня красой прыроды дзеля самае красы: лішне блізка зьявішчы ў жыцьці навакольным зьвязаны з жыцьцём селяніна, каб ён, апяваючы прыроду й красу яе, мог усё гэта аддзяліць ад свайго ўласнага жыцьця. І зіма пужае Купалу тым, што мароз жыцьцё скаваў і ў полі, і ў вёсцы; зіма — гэта для яго перадусім сімвал няволі роднае старонкі, і ён чакае вясны, калі родны край, выпіўшы мучэньні да дна, урэшце ўскрэсьне ізноў. Краса лета прыцьмяваецца цяжарам працы ў полі пад палючымі праменьнямі сонца („Песьня жнеяў“). Восень сумам сваім напамінае паэце, што
…восень на сьвеце,
І восень на сэрцы…
што
… вясны на сэрцы
Ня знаў я ніколі.
А вясна, якую ён перажывае ў той пэрыяд на вёсцы, хоць і будзіць усё да ЖЫЦЬЦЯ, хоць
Вясна холад змагла, вясна сьвет ажывіла,
Зь вясной меней на сьвеце і смутку і сьлёз,
— усё ж і яна напамінае Купале аб пачатку працавітага гаспадарчага году, аб тэй жа працы цяжкой, толькі больш радаснай, больш ахвочай, бо зьвязанай з пачуцьцём магутнае жыцьцёвае сілы, зьвязанай з надзеяй,
Што вясна наша гора, як сьнег і завею,
Пахавае ў рацэ, спале сонца агнём!..
І толькі зрэдка ў нейкім апісаньні ліпы, што, быццам свацьця, шырока й разложыста расьселася пры хаце, у апісаньні вольхі маркотнай над рэчкаю бурлівай бачым малюнкі, ня зьвязаныя гэтак шчыльна з грамадзкімі ці асабістымі перажываньнямі Купалы.
Нацыянальная ідэя больш за ўсё кратае струны сэрца Купалы. На яе адгукаецца ён найбольш ярка, у вершах на адраджэнскія тэмы — найбольш дынамічнае сілы. Страшным трагізмам веець ад Купалавага вершу „Над сваей айчызнай“, дзе паэта кідае раз-паразу пытаньне:
Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд?
Дзе айчызна мая?
Жудаснымі колерамі малюе ён жыцьцё Беларусі ў вершу „Гэта крык, што жыве Беларусь!..“ А ўрэшце дае спробу першага беларускага нацыянальнага гімну: „А хто там ідзе?“.
Верш „А хто там ідзе?“ ў даваенныя і дарэвалюцыйныя часы і быў прыняты беларускім грамадзянствам за гімн нацыянальны і пяяўся на матыў Людаміра Рагоўскага. Ён вельмі цікаўны і характэрны для беларускіх адраджэнцаў, бо ў ім — сынтэз іх імкненьняў і ідэалаў. Паэце адраджэнскі рух прадстаўляецца пад пастацяй нейкага паходу ўсенароднага (гэта паўтараецца і пазьней неаднакротна). Вось, ідзе грамада людзей. Хто яны? Беларусы. На сваіх худых плячах, на нагах, у лапці абутых, на акрываўленых руках нясуць яны сваю векавечную крыўду — сацыяльную і нацыянальную — на паказ усяму сьвету.
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
Так, „людзьмі звацца“, людзьмі стацца — гэта ж і быў галоўны лёзунг беларускага адраджэнскага руху: беларусы былі прымушаны пачаць з адваёўваньня сабе права на адпаведнае месца ў сям’і народаў, права на людзкае жыцьцё, якога быў пазбаўлены працоўны люд сялянскі. І ў гэтым вершу-гімне Купала — сілай сваей творчай інтуіцыі — даў сынтэз усіх нашых нацыянальных і сацыяльных імкненьняў.
* * *
Калі „Жалейка“ адбівае настроі й перажываньні Купалы ў час ягонага жыцьця на вёсцы, дык „Гусьляр“, які выйшаў цераз два гады пасьля пярэбараў Купалы да места, мусіў бы даць нешта зусім новае, тое, што зрадзілася на мястовым бруку. Але не зусім яно ёсьць так, як, лягічна разважаючы, мусіла б быць. Бо Купале ня так лёгка адарвацца ад прывабнае красы роднае прыроды, якую і ў месьце апявае; бо Купала, асеўшы ў месьце, яшчэ доўга жыве настроямі вёскі, яшчэ доўга пяе пра яе нуду і гора, яшчэ доўга плача горкімі сьлязьмі над доляй-нядоляй мужыкабезьзямельніка. І большасьць лірычных вершаў „Гусьляра“ мае настрой сумны, пэсімістычны: бо сумна было і ў месьце ў гады жорсткае палітычнае рэакцыі, калі царская ўлада, перамогшы выбух Рэвалюцыі 1905 году, паказвала народу сваю нязломную сілу і моц. Дык нас не павінен дзівіць пераход Купалы ад вясьнянае веры ў перамогу з 1905 і пачатку 1906 году — да суму й безнадзейнасьці, да шуканьня адказу на загадку быту сусьвету („За годам год“) і чалавека ў ім, на пытаньне: дзеля чаго чалавек гэтак доўга мучыцца й гаруе, каб урэшце знайсьці супачынак — у магіле („Я як мы з хаткі выходзім…“). І толькі два-тры вершы ў зборніку „Гусьляр“ (праўдападобна, напісаныя апошнімі!) гавораць нам, што Купала ўжо нашчупвае для сябе новы шлях, што перад ім — „сказ новых дзён“, які выявіцца поўнасьцяй у далейшых этапах духовага і мастацкага росту Купалы.
Купала, бясспрэчна, робіць вялікі поступ перадусім у сваім мастацкім разьвіцьці. Форма вершаў яго дасканаліцца. Верш робіцца ўсё больш музыкальным, больш узварушаючым і захопліваючым! А разам з гэтым паэта ўсьведамляе сабе ўсю вагу і значэньне сваей творчасьці для народу беларускага, для нашага нацыянальнага адраджэньня. Гэта ўжо ня той „зь вёскі — Янка Купала“, што глядзіць на сябе, як на некага, хто можа лічыцца нечага вартым адно толькі для такога загнанага, нешчасьлівага народу, як беларусы. У ўступным вершу паэта з поўнай сьвядомасьцяй гавора, што нясе свайму народу вялікі дар:
Божы дар, сэрца жар,
Вольных, звонкіх песень чар.
Купала пазнаў чароўную сілу мастацкае творчасьці сваей: ён, як той гусьляр, па струнах душы сваей ударае, і плыве зь іх цудоўная мэлёдыя, несучы з сабой „дум вялікіх чар“, паказваючы „к сонцу зорны шлях“. Ён — паэта — „слуга і цар“ для свайго народу: слуга, бо дзеля ясьнейшае долі народнае сілы свае аддае, як верны раб; цар — бо над думкамі народнымі хараством слова свайго пануе ўладарна, бо звонам струн сваіх выжывае „перавалы хмар, цемру, зводы мар…“
Даволі прачытаць два гэтыя першыя вершы „Гусьляра“, каб сьцьвердзіць, што ў мамэнт выхаду ў сьвет гэтага зборніку, даўшага ня вельмі шмат новага, Купала раптам знайшоў самога сябе. Але, паўтараем, гэта выявілася на дзеле пасьля надрукаваньня „Гусьляра“ — у зборніку „Шляхам жыцьця“, які ўбачыў сьвет цераз тры гады — у 1913 годзе.
* * *
Чатыры гады жыцьця ў Пецярбурзе — у зусім новых абставінах, сярод моладзі вышэйшых школаў, сярод яе парываньняў у вышу, да вялікіх ідэалаў, сярод гутарак і спорак аб найнавейшых шэдэўрах сусьветнае літаратуры і г. д. — гэтыя чатыры гады мелі вялізарную вагу для духовага разьвіцьця Купалы і прысьпешылі эвалюцыю, якая пачалася ў Купалы на віленскім бруку йшчэ да выезду ў сталічнае места Расеі. А далей — адказная і самастойная праца на становішчы рэдактара „Нашае Нівы“, а далей — выбух вайны, бежанства, праца ў Маскве над пашырэньнем і паглыбленьнем адукацыі, урэшце — Рэвалюцыя! Вось чым запоўніўся той пэрыяд жыцьця Купалы, у якім ён выступае як зусім сьвядомы сваей сілы, пэўны сябе пясьняр-павадыр свайго народу. І хаця ў працягу гэтага пэрыяду сталася многа важкіх здарэньняў, хаця яго ў свой чарод можна было б падзяліць на часткі, ад якіх ляглі розныя наслаеньні на душу паэты, — мы гэты пэрыяд — пэрыяд, абняты зборнікамі „Шляхам жыцьця“ і „Спадчына“, — будзем разглядаць, як нешта суцэльнае, з увагі на вышэйсказанае. Тым болей, што добрая жменя вершаў „Спадчыны“, якая выйшла ў сьвет праз 9 гадоў пасьля „Шляхам жыцьця“, належыць храналягічна да старэйшага з гэтых зборнікаў і не ўвайшла ў яго ці то дзеля існаваўшых у 1913 годзе цэнзурных перашкодаў, ці дзеля зусім прыпадковых прычын.
Ужо Вільня ў першую бытнасьць у ёй, а пасьля Пецярбург і йзноў Вільня зьвязалі Купалу з сусьветнай літаратурай, а перадусім — зь літаратурай польскай ды расейскай, творы якіх былі даступны яму ў арыгіналах. Бясспрэчна, вялізны ўплыў на Купалу зрабілі польскія рамантыкі, у першы чарод — Адам Міцкевіч, пераклады зь якога бачым ужо ў „Гусьляры“. Калі б па лічбе перакладаў зь Міцкевіча судзіць аб уплыве гэтага неадроднага сына нашага краю на Купалу, дык трэба сказаць, што ўплыў гэты быў дужа важкі. Відаць сьляды і ўплыву Славацкага: зьмешчаны ў зб. „Шляхам жыцьця“ верш „Сумна мне, Божа“ сваім настроем вельмі прыгадвае верш Славацкага пад тым жа назовам. Захопліваецца Купала і йшчэ больш нашым з псыхалягічнага боку, чым гэтыя два паэты, „лірнікам вясковым“ — Сыракомляй, зь якога шмат перакладае. А далей магутны ўплыў на Купалу аказвае Канапніцкая, у якой чутны гэтак блізкія Купале тоны агульналюдзкія, у якой чуваць пратэст гарачы проці ўсякага гвалту чалавека над чалавекам, проці ўціску працоўных масаў „сільнымі гэтага сьвету“. Ідзем далей: тут, у Вільні, Купала знаёміцца з творчасьцяй такіх волатаў слова, як Пшыбышэўскі і Каспровіч. Глыбака пранікае ў душу ягоную „пшыбышэўшчына“ з усімі яе нэрвовымі настроямі, і пад уплывам бачанага на сцэне „Сьнегу“ Пшыбышэўскага піша Купала сваю імправізацыю „Сьнег“ — верш высокай мастацкай вартасьці. У тым жа часе Купала перакладае верш Каспровіча „W њwiat“, зьмешчаны значна пазьней ужо ў зборніку „Безназоўнае“. Тут жа, у Вільні, Купала знаёміцца асабіста з такімі карыфэямі расейскае літаратуры, як Бальмонт і Валеры Брусаў, якія вельмі цікавяцца паэзіяй адраджаючагася „мужыцкага“ народу і даюць рад расейскіх перакладаў з Купалы. Асабліва цікавіцца нашым паэтам Брусаў, які праводзе ў гутарках зь ім не адну гадзіну падчас сваіх прыездаў у Вільню ў пачатку сусьветнае вайны. Купала ўжо раней быў знаёмы з творамі Бальмонта і Брусава, а асабістыя спатканьні йшчэ ўзмацняюць цікавасьць да гэтых твораў, шмат выясьняюць Купале і ўзмацняюць уплыў на яго паэзіі найвыдатнейшых расейскіх песьняроў. Урэшце, Купала ў гэтым часе глыбей учытываецца ў украінскія творы Шаўчэнкі і пасьвячае апошняму рад вершаў.
Ад польскіх рамантыкаў Купала навучыўся глядзець у мінуўшчыну, шукаць хараства ў народных легендах, у аповесьцях з даўно мінулых дзён ды з усяго гэтага вельмі многа чарпаў для сваей творчасьці. Навейшыя паэты далі яму новыя формы верша, навучылі зьвязваць форму з зьместам і гэтым узмацоўваць уражаньне ад твораў, навучылі, якую вялікую вагу ў паэзіі іграе рытм і як ім карыстацца. І гэтым — побач з агульным духовым ростам Купалы — тлумачыцца вялізарны поступ у творчасьці нашага песьняра, які сьцьвярджае і „Шляхам жыцьця“, і — пазьней — „Спадчына“.
Пад уплывам рамантыкаў у Купалы вытварыўся новы погляд на прыроду — новы падыход да яе. Ён адухатварае яе. Ён апявае яе зь нейкім рэлігійным захапленьнем і — мо пад уплывам Бальмонта? — быццам старадаўны жрэц, пяе ўсенародна гімны богу-сонцу („Песьня сонцу“), шукаючы ў яго патолі для сваей заняпалай, паняволенай Бацькаўшчыны. Нейкім рэлігійным экстазам веець ад яго апісаньня жніва („Жніво“). Як прашчуры нашыя, насяліў ён лясы й бары нейкімі страхоцьцямі, хохлікамі і інш. („У вечным боры“), і ўваччу у яго паланее „Чорны бог“ (у вершу пад гэткім загалоўкам). Купалу вабіць хараство народных легенд, вабіць мохам парослая крушня — памятка сівое даўніны, даючы заўсёды багатыя настроі. Паглыбілася душа песьнярова. Перад ім разгарнуліся новыя кругазоры. Ён ужо інакш убірае ў сваю сьвядомасьць красу, знаходзе яе там, дзе раней не шукаў і не спадзяваўся знайсьці. Любоў — гэтае магутнае пацуцьцё — цяпер у Купалы зусім не падобна да тае, аб якой летуцеў той даўнейшы „зь вёскі — Янка Купала“ ў вершыку „Дзяўчынка“ ў „Жалейцы“. Цяпер для Купалы любоў — гэта імпульс, пабуджэньне да тварэньня красы: ён для „Яе“ тчэ цудоўныя шаты „з зорак усходніх, заходніх, з бліскучай маланкі“, ён славіць „сваю маладую, сьвятую песьняй няпетай“, ён творыць зь ёй „казку залатую“ і ўжо забыўся аб ранейшым дробнамяшчанскім ідэале „шчасьлівага гнязьдзечка“: ён з хмараў палацы для яе будуе! А новым настроям адпавядае новая форма, і Купала ў „Шл. ж.“ складае сваю песьню „Для Яе“ цудоўным сваей рытмікай белым вершам.
Выбухнуўшая ў 1914 годзе сусьветная вайна закранула новыя струны ў песьняровай душы. І ў „Песьнях вайны“, і ў вершу, пасьвячоным адыходзячаму 1914 году, Купала перажывае з усім народам усе страшэнствы й жахі крывавае барацьбы цэлых народаў — за інтарэсы тых, хто, як смоўж, прысмактаўся да цела гэтых народаў і крывёй іх ды потам жыве. Але „ваенныя“ настроі пануюць у Купалы нядоўга: пасьля вершаў, у якіх адбіліся першыя водрухі Купалы на вайну, паэта наш прымаўкае, а калі вайна канчаецца, выбухае нешта йшчэ больш яркае, яшчэ крапчэй дзеючае на чуткую душу песьнярову — Рэвалюцыя. І Рэвалюцыя, пашырыўшы сацыяльныя пагляды Купалы, аканчальна выводзе яго з сфэры Багушэвічавых сацыяльных балячак на новы, шырокі шлях сацыяльнае барацьбы, шлях будаваньня новага сацыяльнага ладу.
Ня будзем пакуль што задзержывацца на гэтым мамэнце, бо ён выявіўся ў Купалы найярчэй у зборніку „Безназоўнае“, які разгледзім асобна. Затрымаемся тутака над тэй роляй, якую Купала — згодна з запаведзяй „Гусьляра“ — іграе ў беларускім жыцьці. Гэта роля ярка зазначана паэтам і ў „Шл. ж.“, і ў „Спадчыне“.
Купала тут — прарок свайго народу, прарок перамогі ідэі Адраджэньня. Сьпярша ён як быццам толькі прачувае гэту перамогу ў вельмі характэрным вершу-заклінаньні „Песьня-байка“. Далей у яго ўсё крапчэе вера ў адраджэнскую ідэю („Ужо днее…“ — „Шл. ж.“), і ён сьвядома выступае ў ролі прарока („Прарок“— „Шл. ж.“), граміць тых, што ня хочуць ісьці ў імя ідэі і шукаюць адно толькі сымбалічных „чырвонцаў“, моцай уладарнай песьні сваей пагражае крыўдзіцелям свайго народу („Наша песьня“). Купала выступае ад імя свайго народу проці ўвасабленьня тэй вышэйшай істоты, што нібы мае сьвядома кіраваць жыцьцём людзей і народаў: проці Бога — „Цара неба і зямлі“, дакараючы яго за нядолю беларусаў, заклікаючы паслаць праведны суд на зямлю і вярнуць нам Бацькаўшчыну (верш „Цару неба й зямлі“ — „Сп.“). Высказываючы свой шчыры спогад усім братнім народам, стагнаўшым у маскоўскай няволі, Купала рашуча сьцьвярджае, што ён, як і ўвесь беларускі адраджэнскі рух, вельмі далёк ад зьвярынага нацыяналізму і нацыянальнае нянавісьці. Не: ён роўна лічыць братамі і жыдоў („Жыды!“), і украінцаў (вершы, пасьвячоныя Шаўчэнцы, — „Шл. ж.“), і палякаў — у той час паднявольных („Памяці [М.] Канапніцкай“ — „Шл. ж.“). Але гневам палае паэта проці кожнага, хто ярмо няволі хоча накінуць на народ беларускі: у вострых, рэзкіх словах дае ім Купала адправу і ў „Шл. ж.“ („Чужым“), і ў „Спадчыне“ („Апекуном“).
Але быць толькі прарокам-вешчуном, Купала ня можа: народныя масы Беларусі будзяцца зосну, варушацца і патрабуюць павадыроў. І Купала сьвядома ўзыходзе на шлях павадырскі і кліча народ да актыўнасьці, да чыннае барацьбы за волю („Сваякам па гутарцы“, „Гэй, наперад“ — у „Шл. ж.“; „Час!“, „На Сход“, „Свайму Народу“ — „Сп.“). І ізноў, як у мамэнт тварэньня гімну „А хто там ідзе?“, Купале рух масаў прадстаўляецца ў абразе ці то паходу, ці то нарады — „вялікага сходу“, на які йшчэ у 1913 г. клікаў гарамыкаў Зяблікаў Незнаёмы ў драме „Раскіданае гняздо“. Прадбачаньне Купалы зьдзяйсьняецца: беларускія масы скрануліся зь месца, беларускія масы зьбіраюцца на вялізарныя зьезды вайсковых-беларусаў на ўсіх адрэзках ваеннага фронту ў часе Рэвалюцыі, беларускія масы шлюць сваіх дэлегатаў на Усебеларускі Кангрэс — бяспрыкладную па сваей лічэбнасьці Канстытуанту ў Менску з 2000 дэлегатаў! І зьдзяйсьняецца другое прароцтва Купалы: „бяда, гора“, сацыяльны уціск будзяць у беларускім народзе сьвядомасьць ня толькі сацыяльную, але й нацыянальную, і ідэя беларускага адраджэньня рэалізуецца як сынтэз вызваленьня і духа і цела народу, вызваленьня беларускіх працоўных масаў з нацыянальнай і сацыяльнай няволі. А гледзячы на тое, як магутнай сілай мазолістых далоняў збуджаных к жыцьцю сялян і работнікаў беларускіх будуецца на зямлі Беларускай новы лад, Купала выракаецца сваей старой веры ў помач „Цара неба і зямлі“ і верыць толькі ў свой народ і самога сябе („Мая вера“ — „Сп.“).
* * *
Вось настроі Купалы к пачатку Рэвалюцыі. Але Рэвалюцыя, зламаўшы магутным ударам усю хітрую будоўлю старое царскае і капіталістычнае Расеі, сама сабой мусіла назаўтра ад руйнаваньня перайсьці да будаваньня. І гэтае рэвалюцыйнае будаўніцтва жыцьця Беларусі на новых падвалінах выклікае ў Купалы новыя настроі — настроі вольнага чалавека, пэўнага ў сваей сіле, будаўніка лепшае будучыны для свайго народу. Гэтым можам ахарактарызаваць новы і апошні пэрыяд у жыцьці і творчасьці Купалы, якому адпавядае зборнік вершаў яго „Безназоўнае“.
Ясна, што ў тым новым ладзе, які настаў у Ўсходняй Беларусі, жыцьцё мусіла навяваць і новыя думкі Купале. І вось новыя песьні ліюцца з душы ягонай. Аглядаючы ўвесь цярністы шлях, які прайшло Адраджэньне нашага народу, Купала з энтузіязмам сьцьвярджае факт, што „збудзіўся гаспадар“ зямлі Беларускай, што патрэбаваў заплаты ў тых няпрошаных „бяседнікаў“, якія лішне ўжо былі разгасьціліся за сталом народным, што „гоні ўжо узораны“ — і трэба сеяць зярняты будучыні. Перад нашым народам — вольны творчы шляхі! І з глыбокай верай у апошняй песьні „Безназоўнага“ заяўляе Купала:
Пакінем спадчыну мы для патомкаў
Інакшую ад тэй,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваей.
А ў апошніх радках кажа з поўным перакананьнем:
… мы пакінем песьню вызваленьня
і вольны бацькаў кут.
І ўжо не аб хлебе будным летуціць Купала для свайго працоўнага народу: у вырай ён кліча „саколіх дзяцей“ — „да сонца вясёлкавым шляхам“. Бо ўжо настаў час дзеля магутнага размаху ў тварэньні красы, хараства, бо ўжо „час сонца схапіці і сонцам ірдзеці“. І заклікае наш паэта дружыну Пясьнярскую — „уладарнікаў песьні“ — „на шляхі пад сьцягі красы і свабоды“:
Час вылецець к славе з пагібельнай плесьні
І песьняй агністай дзівіці народы.
(„У вырай!“)
І запраўды, дзівіць ужо народы гэтая самая Беларусь, што йшчэ ўчора няведамай была для нікога, — дзівіць сілай неспажытай сваей творчасьці. І глядзяць седзі і дзіву даюцца:
— То ж яна з мужыкоў,
А як выйшла ў людзі!
Як міне больш гадкоў,
Што ж тады ўжо будзе?!.
(„Безназоўнае“)
Сіла — усюды пануе ў роднай старонцы збуджаная сіла працоўных. І ў захапленьні гэтай сілай Купала — гэты сын зямлі, сын беларускае вёскі, які распачаў сваю пясьнярскую працу сумаваньнем па сваей зямлі — сваім загоне ўласным, — узыходзе на шлях пралетарскі і зь велічэзнай гордасьцяй абвяшчае сваё найнавейшае „Сгеdо“:
…О так! Я — пралетар!..
Яшчэ учорах раб пакутны —
Сягоньня, я зямлі уладар
І над царамі цар магутны!
Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся…
Адно… ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі.
„Сны аб Беларусі“… — Што за сны, аб якой Беларусі? Чаму яны залічаны Купалай да бед? — Бо парэзана Беларусь гранічнымі межамі, бо ёсьць сягоньня не адна суцэльная вольная Беларусь, а дзьве розныя Беларусі — з такой рознай доляй…
* * *
І жыцьцёвы і пясьнярскі шлях Купалы вызначыўся ўжо хіба даканца. Трудна спадзявацца ад яго нечага нечаканага, што з сучасным духоўным воблікам Купалы магло б аказацца ў супярэчнасьці: бо тое, да чаго ён сягоньня дайшоў, — гэта ж вытвар больш як 20-гадовае эвалюцыі Купалы. Зь вясковага хлопца вырас вялікі паэта — волат слова, вырас павадыр свайго народу. Ён — адбіцьцё душы свайго народу. Але ён ня проста адбівае праменьні з душ мужычых, якія ў ягонай душы зыйшліся: бо ў індывідуальнасьці паэты праменьні гэтыя заламываюцца, зьмяняюць часткова сваю дарогу, і вось з душы песьняровае ліюцца на паперу новыя абразы, думкі, пачуцьці, перажываньні, заўсёды багацейшыя, заўсёды вышэйшыя, заўсёды магутнейшыя, чым у тых, хто зьяўляецца крыніцай іх. Мала таго: усё нашае нацыянальнае сілай творчага таленту свайго Купала падыймае на вышыню агульналюдзкага разуменьня, знаходзячы ў ім і адбіраючы цэннасьці агульналюдзкае вагі. Гэта перадусім — вялікая краса й дух волі, гэта — магутны парыў да вызваленьня і цела і духа народу, гэта — імкненьне да чалавечнасьці.
Вялікі мастак слова, ён усе гэтыя скарбы душы сваей і народнай апранае ў высокамастацкую форму. Магутнасьці і яркасьці абразоў адпавядае багацьце формы. І ў гэтай гармоніі формы й зьместу, рытму й перажываньняў — разгадка тэй чароўнай сілы, якой вабяць да сябе вершы Купалы. У вершах гэтых — сама музыка. І ня толькі музыка слоў — то пяшчотных і гібкіх, то цьвёрдых, важкіх і поўных моцы, быццам з граніту каваных: у Купалавых вершах многа музыкі гукаў. Ці то возьмем ягонае „Адцьвітаньне“, дзе прост чуецца шуршаньне пад нагамі асыпаўшыхся з дрэў сухіх лісьцяў, ці то яго імправізацыю „Сьнег“ — асабліва самы пачатак яе, дзе, здаецца, чуваць, як сьцелецца „лебядзіная бель“ сьнегавая, ці які іншы зь вершаў Купалы, — усюды знойдзем тое самае. Вялікі тварэц думак і настрояў, вялікі тварэц мастацкае формы верша, Купала ўрэшце зьяўляецца і вялікім тварцом новых слоў, якімі ўзбагачвае нашу мову і дае магчымасьць высказаць найбольш няўхопныя адценкі пачуцьця, найбольш зложныя паняцьці і абразы, твораныя яго фантазіяй.
Краса — той супольны язык народаў, які іх зьвязвае ў вадну сям’ю. І гэтым языком прамовіў Купала на ўвесь сьвет — ад імя Беларускага Народу.