Частка чацьвертая Частка пятая
Вершаваны раман
Аўтар: Андрэй Александровіч
1931 год
Эпілёг

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА

5

1

Ад варштатаў, ад машын
Дэлегаты краю.
Сыгнал. Спакойна. Пачынаем.
(Пауза)
— Та
ва
ры
шы!
Пад сонцам
Два варожых сьветы:
Агняцьветны
Край Саветаў,
І другі, —
Дзе разьнята
Зямля на краіны,
І, як краіна, —
На штаты.
Па штату
Краіна
Там
Мець павінна
Бронемашыны,
I казэматы.
„Сыты галоднаму
Не спагадае“ —
Векавая
Пагаворка.
Церпяць рабочыя
І ў Шанхаі,
І ў Бэрліне,
І ў Нью-Ёрку.
За завесаю констытуцый
Скрыгань і шквал барацьбы.
„Паны між сабою б‘юцца,
А трасуцца
Ў мужыкоў чубы“.
Сокалу крыльлі абрэзаць,
Сокал ня будзе лётаць.
Ня стрымаць пролетарскіх узьлётаў
Hi мітральезай,
Hi кулямётам.
Ад зор і да зор — суткі,
Дваццаць чатыры гадзіны.
Дзяржавы на Захадзе,
Як простытуткі,
Прабіваюцца на рынак.

Рабочы бяз працы.
Чуеш,
Ў муках народзіцца радасьць.
Галодны паход будуе
Рэволюцыі
Людзкую
Барыкаду.
Якая розьніца?
Адна-ж бяда-пакута
У ткачоў і Беластоку,
І Ліёну,
І Калькуты.
Якая розьніца?
(Хоць шлях змаганьня свой там).
Ці токар з Токіо,
Ці з Вены,
Ці з Дэтройту.
Адным агнём гараць,
Агнём нязгасным,
Вочы.
Ніякай розьніцы. І там
I там
Рабочыя!
На фронт, таварышы!
На фронт, энтузіасты!
Такія дні
Стракаюцца
Ня часта!
У барацьбе, за працаю
Што дзень сабе прыблізім,
Заваёваны
Ў баёх
Соцыялізм.

2

Прамова скончана.
Раскатам
Выбух воплескаў, як шквал.
І ў залі
Дружна, так узьнята,
Сьпявалі
Інтэрнацыянал.

Вялікі сход. Рабочых шмат.
Пытаньне важнае бяз краю.
Пра міжнароднае становішча даклад,
Конфэрэнцыя агульна-гарадзкая.

Рабочых шмат. Вялікі сход.
Няма, здаецца, вольных шчылін.

Жыцьця нястрымна-быстры ход
Сваім крылом крануў Марылю.
Мы прыглядаемся, — як многа перамен!
Суровай сталасьцю налітыя маршчыны.
І сьцелецца ў вачох, як веснавы прамень,
Агонь імклівасьці народжанай уздымны.

І кожны рух — удумлівы і просты.
I кожны крок — упэўнены, жывы.

А сьлед мінулага
Віе ў пярсьцёнкі россып
Валасоў разрадкаю сівых.
Шлях заваёваны. Не шкадаваць сябе,
А творчым акрынічыцца прыбоем,
І будаваць жыцьцё, і будаваць такое,
Як радасьць перамогі ў барацьбе.

3

Быў дзень — як вар, як важкі ўдар забою.
Быў дзень — апалены распаленай рудою.
Быў дзень — як волат бурай гартаваны.
Быў дзень — як думка творчасьці прызнанай.
Быў дзень — народжаны ў агні.
Былі
Такія
Дні!

І кожны дзень краіна маладая,
Ўздыхнуўшы раніцай ірдзянаю глыбока,
Скарб здабыты пільна аглядае
Гаспадарскім
Шматмільённым вокам.

Не аднаму зьвярнуць гатова шыю
Карчамі хто — дарогі ганіць.
Як чэрві хто — грызе берагавыя
Заставы ўмацаваньні.

А горда павыростывалі гмахі,
Напоеныя водарам праменным.
І жыцьцё, як на варштаты-плахі,
Склалі дні, ўмураваныя ў сьцены.

Тугой не засьцілаюцца агляды.
Географія свой зьмест зьмяняе ўпарта:
Дарогі новыя, жытнёвыя прысады
Замест дрыгвы — зялёных плям на картах.

Сабраны ў вузел, злучаны, зьяднаны
Разгубленая сіла і напорнасьць.
Мы зноў крануліся паходам гартаваным
З прастораў
Заваёўваць шыр-прасторы!

…Былі сталецьцямі ў карытах-сутарэньнях
Майстэрні дробныя раскіданы ў завулках.
Ці то кравец, ці штэпар — час збавеньня
Чакаў спаткаць сьмяротнасьцю сутулай.

Ці то шавец, шнуруючы поволі,
Пад енк дзяцей замардаваных страшна,
Трываў сабе з сваёй тандэтнай доляй,
Душу ўкладаючы ў юхтовыя камашы.

Вясна разьлівам выгнала з падвалаў,
Усходам росквіту трухло сяліб скрышыла.
І пераплётная (з прыватным капіталам)
На развалінах
Сваю знайшла магілу.
..............
Фабрыка кніг. Пераплётны цэх.
Брашуравальня. І тут за працай
Марыля Надзьвіліна з кваліфікацы
Яй першага раду ў руцэ.

Як ветраным вечарам лес шуршыць,
Шылам сшываюць брашур аркушы.

Цокае чотка, разьмерана, роўна
Самасшывалка. І, бязумоўна,

Раз пераплётная — значыць стапнее
Пах петлеванага клею.
..............
Новая дарога, Вырастаюць стромай
На дарозе новай новыя настроі.

На рабфак ня выпала, але глянуў золак
Ветлаю вясьнянкаю, вогненым разьлівам.
Ціха дні праходзілі на праменных колах,
Вечары зачэсвалі зараніцы-грывы.

З сутарэньня — кузьні зайздрасьці і скрагі,
Як з палону, вышла, вышла на прасьцягі.

Плынь звонкагалосую давяць два ўзьбярэжжы,
Векавыя ворагі — іх ня злучыш мостам.
Так жыцьцё расколата: як вужакі — межы —
Дзьве дарогі поруч — заняпад і поступ.

Узрасла Марыля, сэрца ў хваляваньнях
За дарогу поступу
Заўтрашняга раньня.

4

Распалены дзень разьліваў
Кроплі агню з небасхілу,
Зямля з прагавітасьцю Льва
Сьнежаньскай сьцюжай студзіла.

Сьнег пад нагамі хрушчыць.
Колецца змрок застыўшы.
Як палкая кроў, гарыць
Зазыўнае зорнае ўзвышша.

Паветра, Як сталь. Вартавой
Сумятлівасьцю дыхае горад.
Нябачанаю рукой
На вокнах расьпісаны ўзоры.

Разьбіўшы сутонную муць,
На крыльлях сьцюдзённага ветру,
Коўзаюцца і плывуць
Гарачыя гукі оркестру.

Сівы запалонен прасьцяг;
На лёдавых зрэзаных сьцежках
Зьвіняць маладосьцю жыцьця
Жвавыя канькабежцы…

На вуглях распаленых сьцюжы,
Праз цені зьняволеных ліп,
З катаньня — вясёлых і дужых —
Іх двое да дому ішлі.

Іх двое — Марыля і Павал.
Іх двое, як лунь, сівых.
А вецер абуджваў праявы
Ў карусэлях сьнегавых.

Рупліва, на перагонкі,
Усьлед за ступой ступа.
Марыля адстала — і звонкі
Сьмех акунаецца ў пар…

На скрыжаваньні вуліц
Разьвітваліся і
Абодвы ўхмыляліся, чулі
Штось затрымоўвае іх.

— Яшчэ і ня позна, да дому
Звычайна прыходзім пазьней.
Мо‘ зойдзеш пагрэцца, на момант,
Мо‘ зойдзеш да мяне?

І за рукаў пацягнула.
— Вып‘ем гарбаты…
А сьнег,
Ветрам узьняты,
Ў завулках
Завірушваў свой начлег.

5

Пакой, як пакой, чатырохкантовы.
Заманьліва-ўтульная ціш.
— Сілкуйся, а ўжо і гарбата гатова.
Страхніся, чаго маўчыш?

Павал глядзіць на портрэт і на зломе
Брывей павіс успамінаў шнур.
— Ня ведаеш хто? Магу пазнаёміць —
Люксэмбург Роза, жанчына віхур.

— Жанчына віхур, гэта праўда, ахвяра
Уздыбленых дзён Спартака…

Гісторыя проста, жыла-была пара,
Іх доля ў палоне, у чужых руках.

Жыла-была пара, — а голадна, туга.
Працуюць, працуюць, а толку няма.
Кроў на прадвесьні, нібы валацуга,
Блудзіла па жылах, — спрабуй, стрымай!

Шукаючы працы, дабрыў ён у горад,
Стаў на работу — вартаўніком.
Асвойтаўся крыху — і скора, скора
Складваў чырвонцы — рубель за рублём.
I вось, гэтак сама над ложкам павесіў
У рамку апраўлены Розы портрэт.
Затым на другі ці на трэці месяц
Выклікаў жонку праз сельсавет.

З дзіцем і клумкаў вялікаю ношай,
Дарогай ледзь сіл не растраціла ўсіх.
Заходзіць у хату, глядзіць — над ложкам
Жаночая картка вісіць.
Як на бяду — у кватэры нікога.
Няўтульнасьць халодная сьцен.
— Здрадзіў, зманіў, не ўбаяўся бога,
Знайшоў гарадзкую… Енк.
I надрывала ў роспачы грудзі,
Стулілася на дзіцё:
— Саколік, мой любы, мы тут-ка ня будзем
Загублена наша жыцьцё!..
Раскрыліся дзьверы, глядзіць ён — вые
Ягоная жонка, галосіць малы.
— Што з вамі, што? А мае дарагія…
— Ах, каб табе смалы!
Шась за портрэт, паламала, падзёрла:
— Кралю знайшоў сабе, га?
Знайшоў, каб табе пад грудзямі сьпёрла,
Сукін ты сын, гад!..
Дзе там было разабрацца адразу,
Толькі спусьціўшы гадзіну,
Гарбаты сагрэў і доўга расказваў
Што гэта — о-го! — жанчына.
З Леніным разам яна працавала.
— А зараз, працуе яна?
— Дурань, яе нямчура ўкатавала.
— Значыць нябожчыца?
Гнеў мінаў…

Марыля ў далонях скроні сьціскала,
Тугой забінтованы твар.
Мінулае перад вачыма ўстала
I зацягвае, як дрыгва.

— Жанчына — забітая горам, бядою,
Цёмная, што зямля.
Скуль-жа ёй ведаць? I я-ж такою
Да скону застацца магла.

Тут сьмешнага мала, тут сьлёзнага болей,
Крыўдна, што не кажы.
А ў сэрцы дзяўчыніным чуласьці колькі!
А жьшь, так хочацца жыць!

Эх, кінем развагі, прайшло, прамінула…
Гарбаты гарачай наліць?
— Ты кажаш дзявочае сэрца чулае?
Як гэта ўчуць і калі?

Ухвальнай ухмылкай дапытваў адказу,
Паклаў ёй на голаву ветла далонь.
Гарэзныя думкі ў вачох, як блазны,
Распальвалі палкі агонь.

Спаяліся рукі.
Моцна і сьмела
I весела ўзьвіліся крыльлі ласк.
I… як на ліха, якраз
Лямпачка перагарэла.

6

I ярасна ўпяршыню,
За працай сагнуўшыся ў плечах,
Не заўважыла, як дню
Ў вочы цярушыцца вечар.

Наўкола гара аркушоў,
Іх тысячы ў сьвет выпускаюць.
Назаўтрае тысячы зноў
Новых лістоў вырастае.

З брашуроўкай ня важны толк,
Аўтары ходзяць, як здані,
I кожны на кожны стол
З надзеяй трывожнаю гляне.

Патыліцу паскрабе,
Шугае ў кантору мігам:
Работы нястрымны разьбег,
Яго-ж марынуецца кніга.

Пакуль надрукуюць, затым
Пакуль і сфальцуюць і сшыюць —
Дум поэтычных уздым
У выдавецтве зломіць шыю!

Марыля чацьверты дзень
Ужо ля качалкі, што дротам
Кнігі сшывае. Ідзе
Хутка і нудна работа.

І ёй за машынай цяпер,
Здаецца, жывое ўсё нікне.
— Ці трэба крыху пацярпець,
А пацярпеўшы прывыкнеш?

Гарэзны званок праляціць
Па цэхавых шэрых пакоях —
Скончана праца. Заціх
Шум брашуроўкі. Затое

Гул пачынае кружыць
Вясёлы і сумятлівы…
А глянеш, гарой тыражы
У крыўдзе ляжаць сіратліва.

7

Цьмяны вечар і цьмяны сьвет
Сытных вітрын магазынаў.
Неба застыўшае вецер рве,
Каб сьнегам засыпаць вітрыны.

Гул замарожаны раскалоў
Вылазкай сіплай газэтчык.
Клопатам гораду, як і было,
Вуліцы гнулі плечы.

Якраз на шматлюдным рагу
(У вачох мітусіцца іней)
Згубілася і адшукаць не магу
Марыля, мая героіня.

Дарэчы — сягоньня чацьвер,
Гурток політычны а пятай,
Напэўна Марыля цяпер
Сьпяшалася на заняткі.

А я завярнуў уніз,
Ссутуліўся, як звычайна.
Іду. Ў сутарэньнях агні
З маімі падумкамі спаяны.

8

Дарэмна у нашых здагадках
Таяла прозалаць слоў.
Учора ў гуртку на занятках
Марылі зусім ня было.

А сёньня чагось за варштатам:
Каромысла стомленых век
Склейваюцца, што скурлаты;
Клоніцца сну чалавек.

Спачатку сябе намагала,
Затым і зусім ня відно, —
Што сёньня Марыля ня спала
Пралётам цалюткую ноч.

Павал хварэе, а дома
За хворым каму даглядзець?
Учора ён страціў прытомнасьць,
Не пазнаваў людзей.

У клопатах і турботах
Прайшла агнязорая ноч.
Пайсьці, адпачыць, — за работай
Цяпер пажаданьне адно.

Прышоў старшыня фабкому
I голасна ўсім абвясьціў:
— Таварышы,
Сёньня да дому
Ня прыдзецца нам пайсьці.
На зьмену начную застацца —
Да раніцы скончыць тыраж.
Гуртом паднатужыцца,
Ўзяцца
I ў тэрмін выканаць працу —
Гонар грамадзкі наш.

Марыля праслухала, — рада
Застацца, а ў думках яе:
Ён хворы, адзін, без дагляду,
I сіл у самой не стае.

Працуе ўсяго сорак восем,
Да дому-ж зьбіраюцца шмат,
Бо ў іншых бяз догляду дзеці галосяць,
У Марылі — нікога няма.

Пакінуць ня мае права.
Сябры застаюцца, і ёй
Выбар суровы — ці Павал,
Ці з рабочаю грамадой.

А векі, як змрок, асядаюць,
Стома ліецца з вачэй.
Хто знойдзецца, хто параіць?
Няўстойлівасьць крыўду тчэ.

Сыгнала-звон, цокатам медзі,
Цэхавы шум расьсек.
Марыля глядзіць — суседзі
Ўсё-ж застаюцца ўсе.

Ня спала адну і другая
Шуміць хай, як вадаспад.
Часамі і горай бывае,
Што значыць дзьве ночы ня спаць!?

9

За горадам верацяніцай
Баракі сталічнай бальніцы.

I ноччу і ў холадзе дня
Жахлівая цішыня.

Кароткай прыймовай парой
Захлынаецца ціша-спакой —

У тлуме людзкіх клапот
Каля вартаўчых варот.

Праменьні зьлятуцца гурбой
На свой чаргавы вадапой, —

І сьлёзы трывогі, надзей
Глытаюць з глыбокіх вачэй.

— Няўжо ён ужо ачуняў?
Голас знаёмы спытаў,
А вочы, як бліскавіцы.
… Павал ляжаў у бальніцы.

10

Сьпяшаецца ўстрывожана
На сход прысьці ў пару.
Пазьніцца не паложана
Шэфком-сакратару.

Дзівосная, патрачаны
Амаль і сілы ўсе.
— Калі на 6 прызначана,
Пачнуць звычайна ў 7.
..........
— Нашу шэфскую нараду
Мы пачнем бяз лішніх слоў.
Набліжаюцца каляды,
Трэба вылучыць брыгаду
Для пасылкі у сяло.

Алавок трымаючы ў прыгоршчы,
Гаварыў стары наборшчык.

— Як вядома, сход фабрычны
Шэфства ўэяў над вёскай Пні.
Там мясцовасьць — прыгранічча.
А зрабілі што практычна?
Як ні сорам — а-ні-ні.

— У мяне — Марыля просіць слова, —
Пра-па-но-ва:

Трэба вылучыць мацнейшых
Трох таварышаў, ня менш.
Прапаную: Кругарэшны,
Забруліцкая і Тлейшын,
I паслаць іх не на дзень.

— Так, — дадаў клішар, — пры гэтым
Даць з сабой бібліотэку.
— Мы ў ячэйцы талкавалі
Больш чым трох паслаць цяпер.
Так: Надзьвіліна, Прычалін,
Кругарэшны, Тлейшын, далей
Ігнатковіч-піонэр.

— У мяне нагрузкі досыць,
Хай другі… — Марыля просіць.

— Знаеш, братка, што скажу —
Лепш рыхтуй сабе кажух,
I дарма ня варта біцца…
Зьмены ёсьць?
— Няма!
— Згадзіцца!

… Ехаць нават і цікава,
Гэта праўда, толькі… Павал.
Іскры думак мільганулі
I пагасьлі
У дымным гуле.

11

Зарніца каменшчык з пляча
Драбіла сінь на небакраі.
I змрок, як срэбная парча,
На грудзі вуліц асядае.

Пераклікаюцца па вечарам
Гудкі фабрычныя ў прасторах.
Так шчыра з Павалам бальнічная сястра
Разгаварылася ў бальнічным калідоры.

Парой людзкі, як боль, працяжны стогн,
Абудзіць зноў бальніцы юдаль.
… — Бяду — далей расказваў ён, —
Зьмяняла сьмерці жудасьць.

Магіла матчына нявысахшай была,
Зламала бацьку п‘яная агонія.
Сястра… ня ведаю. Мо‘ справіцца змагла, —
Выслана ў папраўчую колёнію.
.................
Расказваў спакойна.
А ветраны шчоз
За вокнамі вые-байдосуе.
Галубіць Марылю
Румянцамі шчок
Вясёлая сьнежная россып.

Выедзе рана,
Ледзь зоймецца дзень,
У раён на грамадзкую працу.
Таму, хоць і позна,
Да Паўла ідзе
Праведаць і разьвітацца.
..............
Напоены цішынёй
Белы бальнічны пакой.

Сястра, спачуваючы Паўлу,
Па-сяброўску апавядала:
— Стынь успамінаў крану,
Труціцца сэрца журбой.
Трывала зьнявагу, ману,
Закінутая, сіратой.

I вось, выпадкова аднойчы,
Са мной пазнаёміўся лётчык.

Я песьціла радасьць сустрэчы,
Пяшчотамі думкі снавала.
Помню, быў чэрвенскі вечар,
Доля нас моцна зьвязала.
I поступам звонкагалосым
Жыцьцё зьністажала прапоны.

Змоўкла. Ухмылкай саромнай
На Паўла глянула скоса.
I хто-ж утрымаецца, хто
Ня ўславіць арліныя ўзьлёты?
Дастала конвэрт з паліто,
Мужа паказвае фото.
Кожнае слова — гонар
Народжаны ў бурах-пажарах.

— Быў на вайне заслужоны,
I зараз — адказны таварыш.
Як сонца, мой любы пілот,
Ордэн у променях бліскаў.
Дырэктарам на завод
Пісаць і адпісваць запіскі
Паслалі з губкому, а ён
Выкручваўся мёртвай пятлёю,
І ўсё-ж загадалі! —
Закон!
Аддаўся заводу душою…
Вось гляньце на картку яго,
Дзівецеся, ордэн, як зорка.
… У трох мы жывем — Рыгор,
Я і сыночак Рыгорка.
Зноў глянула, як ваўчыца,
Праз чорную ціну брывей.
А вецер за вокнамі рве
Атрутную юдаль бальніцы.
...........
Зданьню здаецца парой,
Стаіць ля бальнічных варот,
Як ветрам нагнаны сумёт,
Настарожлівасьцю вартавой
Хатка (былая капліца)
Вартаўніка бальніцы.

Марыля зайшла. У жарыльні
Тлее малінавы прысак.
Просіць старожку Марыля
Да Паўла занесьці запіску.

Старожка
Бурчлівым скрогатам:
— Тут не радзільня,
Што гэта…

Марыля старожку прасіла,
Словам пакорным прасіла,
Як родную маці прасіла,
Упартасьці рвала завесы.

Марыля прасіла старожку,
Марыля скарыла старожку,
Запаланіла старожку,
Старожка запіску панесла.

12

Рань у зорах ляскае,
Зарэе ў зорах рань.
Сьнежаньская, ясная,
Зазыўная зара.

Небаспад абвязаны
Бурштынавай каймой.
Зоры, быццам блазны,
Ўцякаюць чахардой.

Даўгою вераніцаю
Шнуруецца абшар:
Шумліва поезд мчыцца,
Усхліпвае дымар.

Дым цыгар, як лёканы,
Ў вагоне гоман-звон.
А вецер б‘ецца ў вокны,
Ён просіцца ў вагон.

Марыля, як прыпаяна,
Паглядвае ў вакно.
У вёсны — як была яна
Ледзь помніцца, — даўно.

— Цяпер зусім інакшаю,
Другой, зусім другой,
Вёска саламяшная,
Спаткаюся з табой!

Колькі сіл, напорнасьці
Заве ў грудзёх маіх —
Гарэць, тварыць, да зор расьці
Адвеку агнявых.

Поступам гартованым
Іду ў жыцьцё, далей.
Шлях мой заваёваны;
Давай, цягнік, хутчэй!..