Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі/Максім Багдановіч

Алесь Гарун Максім Багдановіч
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Нарадзіўся поэта ў 1891 г. ў Менску, у сям'і настаўніка і досыць вядомага этнографа Адама Юравіча Багдановіча. Лінія соцыяльнай спадчыннасьці песьняра зьяўляецца досыць ламанай; продкамі яго з боку бацькі былі сяляне, а з боку маткі ўрадоўцы і часткова асобы духоўнага стану. Багатай была псыхічная спадчыннасьць поэты: ад маткі і яе продкаў ён атрымаў жывасьць пачуцьця і выабражэньня, нахіл да поэтычнай творчасьці і асабліва да мастацкага фольклёрызму; ад бацькі яму дасталіся багатыя інтэлектуальныя здольнасьці і нахіл да напружнай разумовай працы. Горш стаяла справа са спадчыннасьцю па лініі фізычнай: ад маткі і яе продкаў Максім Багдановіч атрымаў слабое здароўе і нахіл да сухот.

Раньняе маленства поэта правёў ня у Менску, а ў Горадні (1892—1896), куды ён быў перавезены 6 месяцаў ад роду. Абставіны раньняга маленства былі досыць спрыяльнымі для поэты: блізкасьць да прыроды, фрэбэлеўская сыстэма выхаваньня, якую праводзіла маці, клопаты і сталае выхаваўчае кіраўніцтва з боку бацькі — усё гэта дапамагала раньняму раскрыцьцю багатых ад прыроды духоўных здольнасьцяй поэты.

У раньнім маленстве, на 5 годзе ад роду, Максім Багдановіч страціў маці, якая памерла ад сухот; быў ён разлучаны хутка і з другою маткаю—айчынай—ды перавезены ў Вялікарусь. Тут спачатку ў Ніжнім-Ноўгарадзе (1896-1908), а потым у Яраслаўлі (1908-1916) poc і гадаваўся пясьняр. Дашкольныя гады вучэньня яго прайшлі пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі, які асабліва дбаў аб мастацкім разьвіцьці дзяцей, далучыўшы да свае сыстэмы выхаваньня шырокае азнаямленьне іх з творамі сусьветных клясыкаў і продуктамі мастацкага фольклёру, у першую чаргу беларускага; адначасна ён імкнуўся да разьвіцьця эстэтычнага пачуцьця мастацкай формы і да азнаямленьня дзяцей з поэтычнай тэхнікай.

Вучыўся Максім Багдановіч спачатку ў Ніжагародзкай гімназіі (1902-1908), а потым, пачынаючы з шостай клясы, у Яраслаўскай (1908-1911). У гімназічныя гады, апроч бацькі, на разьвіцьцё поэты зрабілі значны ўплыў настаўнікі: Кабанаў, паглыбіўшы вынесеную Багдановічам яшчэ з сям'і "любасьць да Беларусі і цікавасьць да беларусікі" (паводле выразу Адама Юравіча); Белавусаў, дапамагаўшы выучэньню песьняром чужаземных моў (грэцкай, італьлянскай, францускай) і чужаземных літаратур. Не прайшла бясьсьледна для маладога гімназістага і рэволюцыя 1905 году, абудзіўшая ў ім грамадзкія інтарэсы: Багдановіч бярэ ўдзел у вучнёўскіх мітынгах і школьных непарадках, закідае вучобу, захапляецца анархізмам, нават робіць спробу стварыць у сваёй клясе (4-ай) гурток юных анархістых і г. д. У сэнсе ўзбагачэньня рознымі ўражаньнямі ад экзотычнай прыроды былі вельмі карыснымі для Максіма Багдановіча і яго паездкі на кумыс (1900-1904 г.) і ў Крым (1909 г.) для лячэньня.

У цэнтры інтарэсаў Багдановіча, у яго гімназічныя гады, асабліва пачынаючы ўжо з сярэдніх і з старэйшых кляс, стаяла беларусазнаўства, сталае выўчэньне розных пытаньняў, зьвязаных з роднай краінай. Можа напружнасьцю гэтых і падобных да іх пазашкольных інтарэсаў і тлумачыцца тое што посьпехі яго ў гімназічным вучэньні былі сярэднія.

Яшчэ на парозе свайго студэнцтва, адразу пасьля сканчэньня гімназіі, улетку 1911 г. Багдановіч езьдзіў на Беларусь, дзе ён наведаў Вільню і каля месяца пажыў у беларускай вёсцы. Гэта было першае за час сьвядомага жыцьця непасрэднае знаёмства Багдановіча са сваёй айчынай; да гэтага моманту пясьняр знаёміўся з Беларусьсю на падставе сямейных традыцый і выключна праз кнігу; пераважна па кніжках выўчаў ён і родную мову, робячы ўласныя спробы пісаньня ў гэтай мове; з 1909 г. Багдановіч быў ужо сталым супрацоўнікам "Нашай Нівы".

Студэнцкія гады (1911-1916) прадстаўляюць найбольш цікавы кругабег у жыцьці Багдановіча. Гэтыя гады прайшлі ў тым-жа Яраслаўлі, дзе поэта знадворнымі акалічнасьцямі, супроць свайго жаданьня, вымушаны быў вучыцца ў Дзямідаўскім Юрыдычным Ліцэі. Будучы студэнтам, ён вёў габінэтны спосаб жыцьця; у яго пераважалі кніжныя інтарэсы. Яшчэ з большым захапленьнем аддаецца ён цяпер літаратурным заняткам, выўчаючы сусьветную, славянскую і асабліва беларускую літаратуры; значна паглыбляюцца і заняткі поэты ў галіне беларусазнаўства. Гаворачы наогул, "Максім-кніжнік" ня быў актыўным грамадзкім дзеячом і ня быў нават звычайным абавязковым заўсягдальнікам таго ці іншага грамадзкага асяродзьдзя, таму што ён вельмі аддаваўся сваім габінэтным заняткам"[1].

Пасьля сканчэньня Ліцэю ўвосені 1916 г. М. Багдановіч пераехаў у Менск, дзе адразу быў прыняты на службу ў Губэрскі Харчовы Камітэт. Але ў Менск пясьняр прыехаў ужо з надарванымі сіламі, хворы на сухоты. Цяжкія ўмовы жыцьця, прыкрыя політычныя абставіны таго часу ў Менску яшчэ больш падарвалі яго ўжо і без таго надламанае здароўе. У канцы лютага 1917 г. паехаў поэта ў Крым палячыцца, але было ўжо позна... 25 мая ў Ялце пясьняр памёр. На ўбогіх брацкіх могілках, на ўскраіне гораду знаходзіцца адзінокая магіла поэты. Сярод разбураных жабрацкіх крыжоў здалёк відаць над ёй пастаўлены інстытутам Беларускае Культуры невялічкі помнік, але ня родная бяроза схіляецца над ёй сваімі прыветнымі галінамі—недалёка глядзяцца ў самае неба высокія зграбныя кіпарысы: нібы вартаўнікі, адны яны ахоўваюць магільны супакой беларускага песьняра.

Бязьлітасная сьмерць падсьцерагла М. Багдановіча, такім чынам, на парозе залатога юнацтва і сьпелага муства. Пясьняр адышоў у нябыт у самым росквіце сваіх мастацкіх сіл і магчымасьцяй. Але і тая літаратурная спадчына, якую пакінуў ён нам, мае ў сабе сапраўдня дыямэнты поэзіі.

Творчасьць Багдановіча дзівіць нас, папершае, багацьцем і рознастайнасьцю сваёй тэматыкі[2].

Беларускі пясьняр з захапленьнем цытуе расійскага поэту Фета: "Оглянись—и мир вседневный многоцветен и чудесен". І сам ён сапраўды імкнуўся ўвабраваць у сябе гэтую квяцістасьць наўкольнага сьвету; на ліры песьняра пераліваюцца шматкалёрныя фарбы, на яе струнах гучаць цудоўныя акорды рознастайных мотываў.

Тонкія нюансы захованых душэўных перажываньняў, філёзофска-разумовыя развагі і адначасна эмоцыяльныя захапленьні хараством жыцьця наогул і асабліва хараством прыроды, малюнкі соцыяльныя і нават бытавыя, сьвет унутраны і сьвет знадворны—усё гэта ў пляне нейкага вышэйшага сынтэзу злучаецца ў поэзіі Багдановіча, сплятаючы сабою цудоўна-пахнучыя гірлянды няўмірушчага хараства.

Тонкі і глыбокі лірык па сутнасьці свае мастацкае здольнасьці, М. Багдановіч раскрывае перад намі, папершае, свае суб'ектыўныя перажываньні, якія большаю часьцю афарбованы ў змрочны колер. Яшчэ ў раньніх гімназічных вершах Багдановіча выяўляюцца настроі скаргі і енку. Паводле яго ўласнага прызнаньня поэта сьпявае "песьні сумныя" (2),[3] "смутак дзьме душу" яго (3); ён "бальны, бяскрыдлаты поэт" (8); песьні яго "цёмныя, як вугаль чорны" (32); цемра і ў душы поэты; ён скардзіцца:

Над зямлёю імгла, у душы маёй змрок.
О як пуста у ей! Як холадна жыць! (32).

Усё гэта прызнаньні ў вершах 1908-1909 г. Мінорныя тоны не зьмяншаюцца і надалей. Абхоплены нудой нямой (150), ён ставіць безнадзейнае пытаньне: "куды-ж ісьці і што рабіць?" (199); вечар для яго гэта

Час, калі трэба журыцца
Душою на сьвежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў (132)

Поэта скардзіцца на ўбогасьць свайго жыцьця; Парка тчэ шэрую нітку гэтага жыцьця:

Ціха гудзіць і пяе у яе верацёнца,
Цягнецца, цягнецца доўгая, шэрая нітка;
Цягнуцца шэрыя дні без прасьвету, бяз сонца,
І не пабачыш, здаецца, ні шчасьця, ні ўжытку (101).

Вельмі часта пясьняр выяўляе філёзофскую рэфлексыю; у сваім "лісьце да Ластоўскага" (51-52) ён выказвае надзвычай характарны для яго погляд, што мысьль, "спакойная дума" ёсьць галоўная падстава творчасьці і адначасна яе вышэйшая аздоба. Становячыся на такі пункт погляду, ён нават імкнецца апраўдаць Сальеры, даводзячы, што "астатні атрымаў несправядлівы суд". У творчасьці самога Багдановіча вельмі шырака выяўлены элемэнт разумовасьці, ціхіх філёзофскіх разваг; яго мучаюць розныя загадкі быцьця. Свой малюнак "Хаўтур" ён, напрыклад, канчае такім вывадам:

Так таінственна ўсё, так знаёма,
Ўсё так проста і так неразгадана... (57)

Задумляючыся над бязьмежнасьцю і няскончанасьцю жыцьця, поэта даходзіць да ідэі колазвароту рэчаў ("Дзябольскаму", 44). У другім месцы ён выказвае думку аб тым, што людзі гэта толькі падарожныя, але злучаныя з агульным рытмам косьмічнага жыцьця: яны "папутнікі нябёс" (90). Ня раз поэта ў сваіх вершах задумляецца над проблемай сьмерці, яна асабліва не дае яму супакою; перад яе халодна-бязьлітасным тварам поэта аддаецца сумным развагам аб нікчэмнасьці жыцьця ("Над магілай мужыка").

Але побач з такімі разумовымі адносінамі да жыцьця, поэта выяўляе і іншыя, поўныя непасрэднасьці і захапленьня.

У адным з сваіх вершаў ён са шчырым патосам зазначае:

Ах, колькі ёсьць красы цудоўнай поруч з намі,
Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі... (42)

Гэта прызнаньне зьяўляецца вельмі характарным для Багдановіча; пясьняр ведаў увесь цяжар бясплённай рэфлексіі; згінаючыся пад гэтым цяжарам, ён аддаецца змрочным перажываньням. Але вельмі часта поэта, вызваліўшыся ад усё разбураючага разумовага аналізу, скінуўшы з сябе яго ўладу, выяўляе чыста эмоцыяльныя адносіны да рачаіснасьці, імкнецца паглядзець на яе сапраўды дзіцячымі вачыма, і тады ён бачыць у ёй пэрлі захованага хараства. Вершы поэты робяцца тады цудоўнай прызмай, концэнтруючай у сабе і адначасна раскладаючай на сустаўныя элемэнты розныя шматфарбныя праменьні, што адкідае ад сябе жыцьцё. І прайшоўшы скрозь гэтую цудоўную прызму, жыцьцёвыя праменьні пераліваюцца ўсімі колерамі прыгожай вясёлкі.

Поэта часам захапляецца хараством каханьня; жыцьцё праходзіць тады для яго, як лёгкая завея (46); яму ўласьцівы романтычна-пяшчотныя настроі; ён гатоў прыпасьці нават да сьлядоў сваёй каханай (41); пачуцьцё радасьці выклікае ў яго від алеі, дзе пад ліпаў гук яму парасонкам на пяску штось ручкі мілыя пісалі (66); романтычнай дымкай агорнуты ў песьняра пералівы сьветлага юнацкага пачуцьця ("Вероніка", 219-225). Зачараваны хараством каханьня, ён сьпявае радасны гымн моладасьці:

Маладыя гады,
Маладыя жаданьні.
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасьце каханьня.
Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы... (98)

Улюбёны ў жыцьцё, поэта ўсхваляе хараство маці, якая носіць у сабе пачатак новага жыцьця. Гэта біолёгічная тэма прасякае сабою увесь цыкль "Каханьне і сьмерць". Але асабліва зачароўвае поэту хараство Мадонны. Рысы Мадонны ён з захапленьнем заўважае ў вобразе вясковай дзяўчыны, якая нянчыць хлопчыка:

І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою.
І помню, я на міг пахарашэў душою.
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз маці божай лікі... (217-218)

Той-жа вобраз Мадонны прадстае перад поэтай і ў постаці каханай дзяўчыны, якая любоўна схілілася да яго з поглядам маці ў вачох ("Вэроніка").

Другой крыніцай поэтычнага натхненьня зьяўлялася для поэты прырода. Лірычны пэйзаж—асноўны яго жанр. Гэты пэйзаж уводзіць нас у нейкі свой асобны сьвет, дзе рачаіснасьць і вымысел, сапраўднасьць і поэзія сплятаюцца ў адзінае цэлае. Мы сапраўды аказваемся ў нейкім "зачараваным царстве", як называе сам поэта нізку вершаў, прысьвечаных пераважна прыродзе.

Але побач з такой чыста эстэтычнай плыньню ў поэзіі Багдановіча выяўляецца і другая плынь—плынь грамадзкіх настрояў. Беларускі пясьняр ня толькі філёзоф і эстэт, які аддаецца мэтафізычным развагам і пяшчотным эмоцыям хараства, адначасна ён і поэта-грамадзянін. З гэтых грамадзкіх настрояў вынікаюць у яго тэмы нацыянальныя і соцыяльныя. Беларусь дарэволюцыйнага часу ў сваёй жалобнай вопратцы смутку і гора ярка прадстае перад намі ў некаторых творах Багдановіча. Яму належыць, напр., вядомы вобраз беларускай вёскі, які адбівае суровую перадрэволюцыйную рачаіснасьць:

Поруч раскідалісь родныя вёскі,
Жалем сьціскаюцца грудзі.
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Усюды панурыя людзі...
Шмат што зрабілі іх чорныя рукі;
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны...
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла.

Гора народнае, якое затапляла нівы роднага краю ў дарэволюцыйныя часы, абмалёўваецца ў творах Багдановіча ў падвойным аспэкце, як гора нацыянальнага заняпаду і coцыяльнага ўціску. Поэта сумуе над нацыянальным гібеньнем роднага народу, і, зьвяртаючыся да яго, кажа:

Народ, беларускі народ!
Ты—цёмны, сьляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе ня пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі,
І ёй нават мовы няма... (56)

Поэта злосна абураецца супроць рэнэгатаў, якія зрадзілі роднай краіне; ён пасвойму тлумачыць сэнс Літоўскай Пагоні; успамінаючы пра гэты старадаўні гэрб Вільні, які прадстаўляў сабою "Ваякаў на грозных канях", пясьняр задумляецца над тым, куды сьпяшаюцца гэтыя ваякі; ён пытае:

Мо' яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон.
Бійце ў сэрцы іх—бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай краіне баліць... (106)

Ня раз поэта вылівае перад намі гэты боль свайго сэрца па айчыне і адначасна ён выказвае сваю глыбокую веру ў беларускі народ, у яго потэнцыяльна багатыя духоўныя сілы.

Народ беларускі—гэта дыямэнт каштоўны, які засьвеціць усімі праменьнямі вясёлкі, калі ўстане сонца і "прачнецца дух народны" (182); у другім месцы жыватворчая сіла народнага організму прыпадабняецца да насеньня, якое захоўвалася "сярод пяскоў Эгіпэцкай зямлі" і праз тысячы год выявіла сваю жыцьцёвую сілу (204).

У грамадзкім аспэкце лірыкі Багдановіча мотывы нацыянальныя, як і ў творчасьці іншых нашаніўцаў, злучаюцца з соцыяльнымі. Увага песьняра ня раз спыняецца на ўсіх прыгнечаных і абяздоленых. Душы прыціснутых лёсам для яго гэта—студні са сьлязамі (197). Маляўніча зарысоўвае ён эканамічнае разбурэньне вёскі дарэволюцыйнага часу:

...Панураю чаргой
З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі—шэрыя, струхнеўшыя; як латы,
Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх.
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсе руйнавалася, старэла, адмірала,
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду... (216-217)

Пясьняр выказвае абурэньне супроць нягоднага соцыяльнага ладу, які ўсюды правёў межы і платы; за гэтымі платамі туліцца галодны і абдзëрты народ, бязвыхадны стан

якога не адпавядае яго надмернай працы:

Правёў ён скібы на ральлі,
Ён рэйкі пралажыў чыгунак,
Заводаў коміны падняў у выш нябес,
А сам даўно сьляпы ад сьлёз
І ўжо забыўся аб ратунак... (70)

Побач з гэткай антытэзай працы і жабрацтва, Багдановіч раскрывае і іншую антытэзу соцыяльна-клясавага парадку; у вершы "3 песьняў беларускага мужыка" ён абмалёўвае вялікую прорву, якая аддзяляе пануючую клясу ад прыгнечанай: замест хлеба багатыя даюць бедным каменьні, з якіх вырастае вялікая сьцяна. І поэта, яшчэ будучы 18-гадовым юнаком[4], ужо глыбока задумляецца над лёсам гэтай сьцяны:

Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае? (19)

Падслухоўвае поэта і другую грозную песьню, якая "долю горкую мужыцкую кляне" (3). Нават з гукамі прыроды ён часам злучае прадстаўленьні соцыяльнага характаpy; у гуках васеньняй песьні чуецца яму сум:

Аб радзімай старонцы глухой
Аб долі няшчаснай яе.

Поэта жадае, каб вецер сваімі сьпевамі адбудзіў пачуцьцё сораму ў сэрцах ды імкненьне ісьці на змаганьне з няпраўкадай (29).

Адгукаецца крыху пясьняр і на падзеі імпэрыялістычнай вайны. Ён рысуе нам усю глыбіню гора і трагічнасьць перажываньняў, якія вынікаюць пры паведамленьні аб страце роднага і блізкага чалавека. Чорная рамка ў газэце робіцца "бяздоннай студняй, ушчэрць поўнай гора і сьлёз" (71); у падобных-жа трагічна сумных фарбах рысуюцца і перажываньньні ў сялянскай хаце пры атрыманьні весткі аб новай ахвяры вайны (88); трапна зарысоўвае поэта вобраз Базыля, які канае на полі бойкі, ахоплены ўспамінамі аб роднай краіне (89).

Асобнае месца ў творчасьці Багдановіча займаюць мотывы фольклёрныя і літаратурныя. Поэта шырокай рукой чэрпаў з багатых крыніц народнай беларускай слоўнасьці. Ён, папершае, выкарыстоўвае вобразы ніжэйшай народнай міталёгіі (лясун, вадзянік, зьмяіны цар, Падвей ды інш.), дае творы ў духу народных легенд ("Страцім-Лебедзь"); адбіваючы народную забабоннасьць, падае узоры замоў ("Ціхі вечар"). Такім чынам, М. Багдановіч ахапляе амаль усе жанры народнай творчасьці. Шырока адгукаецца ён і на творы сусьветнай літаратуры. Ім падаюцца эпіграфы з шматлікіх аўтараў (Дантэ, Буалё, Вэрлэн, Гюго, Сюліл і Прудон, Гэйнэ, Міцкевіч, Фет, Пушкін, Фафанаў ды інш.). Апроч таго, беларускі пясьняр часам у сваіх вершах выяўляе глыбокае разуменьне чужаземных поэтаў. Ён, напрыклад, выказывае замілаваньне да лірыкі Парні (64); трапна схапляе дух творчасьці Анакрэона, характарызуючы яго "мудры і кіпучы" верш у наступных рысах:

Ён у жылах кроу хвалюе,
У ім жыцьцё струёю плешча, вее хмелем ён.
Верш такі, як дар прыроды.
Вінаграднае, густое, цëмнае віно:
Дні ідуць, праходзяць годы,—
Але ўсё крапчэй, хмяльняе робіцца яно... (187)

Аб шырыні літаратурнага кругавіду М. Багдановіча сьведчаць таксама і досыць шматлікія яго пераклады твораў сусьветных корыфэяў. У данай перакладнай творчасьці прад. стаўлены літаратуры: антычная (Горацы, Овідзі), нямецкая (Шылер, Гэйнэ), Француская (Арвэр, Верхарн, асабліва Вэрлен), руская (Пушкін, Майкаў, Розэнгэйм), фінская (Рунэбэрг). Прадстаўлены таксама і чужаземны фольклёр, у галіне якога даны розныя насьлядавальныя песьні (скандынаўская, гішпанская, сэрбская, украінская, расійская, пэрсыдзкая, японская).

Рознастайнасьці тэматыкі М. Багдановіча адпавядаюць і рознастайныя формальна-мастацкія прыëмы яго творчасьці. У данай галіне асабліва адзначаюцца юнацкія шуканьні поэты. Ён нібы прабуе розныя тоны і струны сваёй ліры у поэзіі яго перакрыжоўваюцца розныя мастацкія лініі. Папершае, мы сустракаем тут зарысоўкі ў чыста рэалістычным стылі; муза песьняра імкнецца ўвабраць у сябе колёрытныя фарбы наўкольнай рачаіснасьці, ад вострага зроку поэты не захоўваюцца часам самыя дробныя дэталі бытавога або соцыяльна-псыхолёгічнага малюнку. Ён, напр., абрысоўваючы долю мужыка, занатоўвае цёмную яго хатку, на ёй "плесьню з моху", заўважае адрыну, якая збудавана з гнільля (303). На фоне агульнай вясковай нуды яго ўвагу спыняюць на сабе рознакалёрныя цьвяткі, якія мак "у градах высыпаў і цешыў імі душу"; умее поэта далей трапна перадаць гэту цішыню і бязлюднасьць вёскі ў рабочую пару:

...З людзей ня відна нікаго, —
Яны на полі ўсе: не мельканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жарабка,
І песьня сумная не пальлецца звонка... (217)

У чыста рэалістычных хварбах поэта перадае нам і глыбіню ўнутраных перажываньняў. Ён, напр., маляўніча рысуе нам, як глыбокае гора страты дарагога чалавека на вайне спараджае нярухомасьць і скамянеласьць, як разам з гэнай чорнай зданьню няшчасьця ўваходзіць цішыня жудасьці:

І чутна у цішы было,
Як стукае гадзіньнік мерна,
Як дробны дожд сячэ халодныя шыбы,
І як у капяжы бяжыць струя вады."
("За газэтай", 71)

Так у творчасьці М. Багдановіча выяўляецца рэалістычны метод назіраньня наўкольнага жыцьця і абмалёўкі яго зьяў у конкрэтна-тыповых рысах. Але адначасна Багдановічу ўласьцівы і іншы мэтод романтычна-фантастычнага ператварэньня сьвету; у творчасьці песьняра выступае плынь нэоромантычнага стылю. Асабліва яго малюнкі прыроды, як мы бачылі вышэй, разгарнаюцца ў падвойным пляне, рэальным і звышрэальным. У романтычнай поэзіі, правільна зазначае Жырмунскі,—сьвет зьяўляецца нам поэтычна ператвораным і прасьвятлёным. Асноўным прыёмам романтычнага ператварэньня сьвету служыць мэтафора. Таму, з пункту погляду гісторыі стылю, романтызм ёсьць поэтыка метафоры".[5] З такой агульнай імкнёнасьці да мэтафорычнага стылю вынікае ў романтыкаў і неоромантыкаў шырокае ўжываньне сымболяў. „Романтычная поэзія, зазначае Жырмунскі,—у гэтым сэнсе заўжды была поэзіяй сымболяў, існуючыя сымболістыя толькі працягваюць поэтычную традыцыю, якая ідзе з глыбіні вякоў"[6].

У М. Багдановіча сродкам мастацкага ператварэньня сьвету таксама, як у романтыкаў і неоромантыкаў, зьяўляецца метафора і сымболь—характарныя адзнакі яго поэтычнага стылю. Мэтафоры ў беларускага поэты вызнаюцца сваёй яркасьцю; большаю часткаю гэта анімістычныя мэтафоры. Вось некаторыя прыклады такой анімізацыі:

1) Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла... (132)
2) Ужо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае... (131)
3) Вечар на захадзе ў попелі тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля... (133)
4) Месяц белы заплаканы сьвеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці... (122)

Часам у Багдановіча цэлыя творы прадстаўляюць сабою разгорнутую мэтафору.

Прыкладам можа быць абмалёўка песьняром зорнага неба:

Упалі з грудзей пана бога,
Парваўшыся, пацеркі зор.
Яны раскаціліся ў небі,
Усыпалі сіні прастор
І стуль так маркотна і пільна
На край мой радзімы глядзяць. (173)

Разгарнае поэта ў сваіх творах і цэлы шэраг трапных сымболяў: дыямэнт каштоўны бярэцца, як сымболь народнай душы (182); другім такім-жа сымболем зьяўляецца жменька збожжа (204); Страцім-лебедзь разрастаецца ў сымболь гордай індывідуальнасьці (108—110) і г. д.

Адначасна з яркасьцю вобразаў поэзія Багдановіча вызначаецца вялікім мастацтвам вершаванай тэхнікі; у яго твоpax ужываюцца рознастайныя мэтры і рытмы, ён дае дасканалыя ўзоры так званых канонічных формаў вершу (сонэт, рондо, пэнтамэтры, трыолет ды інш.)[7]

Але ўбіраючы на шляху сваіх формальна-мастацкіх шуканьняў усе дасягненьні сучасных яму эўропэйскіх і славянскіх літаратур, М. Багдановіч не адрываўся ад роднай яму беларускай глебы. У яго творчасьці ярка выявілася і плынь мастацкага фольклёрызму: стылізацыя народнай песьні і легенды займае значнае месца ў поэзіі Багдановіча ("Мушка-зелянушка", „Максім і Магдалена", „Апокрыф", "Страцім-лебедзь" і інш.).

Прыёмамі рэалістычнага, нэоромантычнага і фольклёрнага стылю творчасьць М. Багдановіча ўліваецца ў агульнае рэчышча нашаніўскае поэзіі: гэтыя прыёмы ў рознай пропорцыі ўласьцівы і другім песьняром Беларусі таго часу (Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля ды інш.). Але адначасна ў мастацкіх шуканьнях юнака-поэты выявілася і свая асобная творчая спэцыфіка, якая ў першую чаргу азначаецца сваяасаблівымі соцыяльнымі абставінамі, у якіх разгарналася жыцьцё поэты...

Найноўшыя песьняры Беларусі ў большай сваёй частцы паходзяць з клясы сялянскай ці пролетарскай; наш поэта па сваім пахаджэньні належыць да паміжклясавай групы працоўнай інтэлігенцыі. Далей, шмат якія поэты Беларусі, як, напр., Алесь Гарун, Янка Купала, Зьм. Бядуля, Цішка Гартны ды інш., набывалі разьвіцьцё шляхам самадукацыі; крыніцамі іх натхненьня была блізкасьць да народнай глебы; ад дачыненьня з гэтай глебай яны атрымлівалі сваю моц і сілу. Жывучы на ўлоньні прыроды, першыя свае песьні яны складалі ва ўнісон з завываньнем глухога беларускага бору, укалыханыя ціхім шэптам родных ніў, зачараваныя сумнымі, хапаючымі за душу мэлёдыямі родных песьняў... Зусім інакш склаўся жыцьцёвы лёс М. Багдановіча. Ён атрымлівае сыстэматычную адукацыю, набывае веду чужаземных моў, грунтоўна знаёміцца з творамі корыфэяў сусьветнай літаратуры. У якасьці эпіграфаў да сваіх твораў, наш поэта часта падае ў орыгінале выняткі з Дантэ, Гюго, Вэрлена, Гэйнэ, Пушкіна, Брусава ды інш. Такі шырокі быў літаратурны кругавід М. Багдановіча.

Зусім іншыя, як у большасьці беларускіх поэтаў, былі і знадворныя ўмовы яго жыцьця. Лёс надта рана, яшчэ ў дзіцячыя гады, адрывае яго ад роднай глебы Беларусі і ставіць яго ў абставіны гарадзкога жыцьця. М. Багдановіч выхоўваецца спачатку ў Ніжнім-Ноўгарадзе, а потым у Яраслаўлі. Замест сталага, вякамі ўтворанага быту беларускай вёскі, з якой зьвязана муза большасьці беларускіх поэтаў, песьняра акружае стракаты быт буйных гандлёвых цэнтраў Паваложжа; замест аднастайных уражаньняў вясковага жыцьця, ён з маленства ўспрыймае, прасякаецца ўражаньнямі кіпучага жыцьця гораду з яго нэрвовасьцю, шматкалёрнасьцю, рухавасьцю... У вёсцы, дзе выхоўваліся Янка Купала, Якуб Колас ды іншыя песьняры Беларусі, жыцьцё цякло павольна, адліўшыся ў пэўныя рамкі, закасьцянеўшы ў рамках традыцыі таго, што вякамі складаўся, быту. Як на паверхні соннага ляснога возера, ледзь відаць хвалі гэтага жыцьця, ад усяго тут павявала супакоем і цішшу, усё схіляла тут да ціхай задуменасьці, разважнасьці. Атмосфэра места зусім іншая. З кінэматографічнай хуткасьцю тут адны праявы зьмяняюцца другімі, віруюць і шумуюць тут хвалі жыцьця, душа не пасьпявае перарабляць усіх знадворных уражаньняў, яны коўзаюцца на яе паверхні, адны саступаючы месца другім. У гэткай атмосфэры жыў М. Багдановіч, асабліва ў Ніжнім-Ноўгарадзе. Перад ім не адзін раз прайшоў шумны Ніжагародзкі кірмаш з яго нэрвовасьцю і кіпучасьцю. Першыя поэтычныя задумы ў душы М. Багдановіча сьпелі не пад салодкія пералівы беларускага салаўя, а пад аглушаючы шум трамваю, пад штучным сьвятлом газу і электрычнасьці замест бледага беларускага месяца.

Рознасьць соцыяльных умоў жыцьця спарадзіла ў Максіма Багдановіча і асобнасьць яго літаратурнага кірунку у параўнаньні з іншымі беларускімі поэтамі.

Пры памянёнай наяўнасьці ўхілаў у бок нэоромантычнага і фольклёрнага стылю, пануючы кірунак у беларускай літаратуры—гэта рэалізм. Беларускія пісьменьнікі і поэты шырокім памазком малююць родную прыроду, жыцьцё роднае вёскі. Ад гэтых малюнкаў павявае пахам скошанай сенажаці, яны поўны супакою тэй вясковай ідыліі, якую яны адбіваюць сабой.

Іншы характар мае муза М. Багдановіча. Гэта нэрвовая муза гораду, яна ня ведае супакою і цішы, яна ўся—рух і зьменнасьць. У той час, калі беларускія поэты-народнікі шырока ахапляюць жыцьцë; у той час, калі іх малюнкі падобны да шырокіх палотнаў Рэмбрандта,—Максім Багдановіч дае толькі пабежныя накідкі рачаіснасьці, адбівае асобныя яе моманты, якія зьмяняюцца і ўступаюць сваё месца іншым момантам і ўражаньням. Там статыка жыцьця, тут—яго дынаміка. Там—пераважна рэалізм, тут у М. Багдановіча-пераважна імпрэсыянізм, фіксаваньне паасобных мімалётных момантаў і ўражаньняў.

У зборніку вершаў М. Багдановіча ёсьць асобны аддзел, азагалоўлены—"Нізка вершаў... Места". Тут поэта рысуе праявы гарадзкога жыцьця, але не дае шырокіх малюнкаў гэтага жыцьця-накіданы толькі пабежныя штрыхі:

Ліхтарняў сьвет у сіняй вышыні...
—Вітрыны... мора вывесак... як плямы,
Анонсы і плякаты на сьцяне.
Кіпіць натоўп на жорсткім вулак дне!
Снуюць хлапцы, суюшчыя рэклямы...
Разношчыкі крычаць ля кожнай брамы...
Грук, гоман, гул, —усе ракой імкне.
А дальш—за радам кас, лёмбардаў, банкаў—
Агні вакзалу... павадка хурманкаў...
Віры людзей... сіпячы паравоз...
Зялёны семафор... пакгауз... склады...
Заводаў коміны пад цьмой нябёс...
О, гораду чароўныя прынады! (164)

Ці вось, напрыклад, другі шэраг гарадзкіх уражаньняў:

Ад сьпёкі пышуць дахі і асьфальт,
На вуліцы уецца пыл, і грукаціць фурманка;
"Каробушку" пяе дзіцячы альт,
І надрываецца абрыдлая шарманка.
Мо' на бульвар пайсьці, сесьць на далёкай лаўцы,
Хаця-бы крышку часу адпачыць!
Здрамнуць, газэту сьвежую купіць
І прачытаць усё да імені выдаўцы? (169)

Гэты прыём фіксаваць мімалётныя ўражаньні мястовага жыцьця нагадвае ўсім вядомую манеру Бодлера, Верхарна ды інш.

Але ня толькі як апісальнік гарадзкога жыцьця, М. Багдановіч выступае перад намі ў якасьці поэты-імпрэсыяністага. Гэта манера творчасьці ў яго зьяўляецца пануючай, яна вытрымана ў яго досыць стала.

Калі наш поэта кідае свой погляд на гістарычнае мінулае айчыны, то ён ніколі не дае нам шырокіх малюнкаў гэтага мінулага. Мы ня знойдзем у яго ніводнага твору, які-бы хоць здалёку напамінаў нам Купалаўскае "Над Нёмнам", дзе дадзена шырокая панорама гістарычнай беларускай прошласьці, ахопленай з многіх бакоў. М. Багдановіч і ў гэтай вобласьці застаецца пэўным сабе. У яго абрысоўцы малюнак мінулага Беларусі разьбіваецца на цэлы шэраг асобных дробных кавалачкаў, ён дае нам асобныя мініятуры, узятыя з гэтай прошласьці.

Вось, напрыклад, наш поэта рысуе нам вобраз летапісца-чарняца, які, зачыніўшыся ў манастырскіх мурох, другі год ужо працуе над складаньнем летапісу. Адзіная мэта яго жыцьця-перадаць патомкам праз паперу аб роднай зямлі.

Што тут чынілася у даўныя гады. Што думалі, чаго бажалі мы тады, За што змагаліся... (152)

Думкі а значэньні летапісаў для патомкаў разгарняюцца тут у суб'ектыўны сымболічны вобраз: летапіс падобна той вестцы, якую ўтапаючыя ў моры людзі шлюць аб сабе ў лісьце, апушчаным у бутэльку. І вось —

Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць,
І, як трапляецца, быць мо' у ёй знайдуць
Ліста...
І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх,
Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі (153).

Трэба сказаць, гэты сымболь напамінае нам аналёгічны вобраз францускага романтыка Альфрэда дэ-Віньі, які ў творы "La bouteіlle à la mer" разьвівае параўнаньне чалавечай думкі з бутэлькай, кінутай у мора.

У тым-жа аддзеле вершаў пад назвай „Старая Беларусь“ поэта даў і іншыя беглыя накіды мінулага Беларусі. Вось прад намі абрысоўваецца фігура перапішчыка, які ноч і дзень заняты сваёй працай.

На чыстым аркушы прад вузенькім вакном
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь — даволі ёсьць знароўкі —
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, і
Загалоўкі ўсё-няма куды сьпяшыць! (154).

Перапішчык-мастак надта захоплен процэсам сваёй працы; ён не заўважвае нічога, што робіцца навакол яго, ён не прымячае, што з увасходам сонца ўся прырода ажывае.

Вобразы летапісца і перапішчыка зьмяняюцца вабразам слуцкіх ткачых… Яны адарваны ад родных ніў, ад роднай хаты і ўзяты на панскі двор, дзе пад прымусам займаюцца тканьнем паясоў на пэрсыдзкі лад. За цяжкай аднастайнай працай ўспамінаецца ім родная абстаноўка. У іх памяці ўсплывае радзімая ніва, хвалі срэбранай рэчкі, цямнеючы бор. Успаміны ўзварушваюць душу паднявольных працоўніц, і поэта схапляе самы жаласны і драматычны момант, калі ў іх

Тчэ, забыўшыся, рука.
Замест пэрсідзкага узору,
Цьвяток радзімы васілька (156).

Беларускі пясьняр, такім чынам, выяўляе здольнасьць інтуіцыйна схапіць і мастацка прадставіць нам унутраны бок людзей прошлага: яму даступны перажываньні старажытнага летапісца і перапішчыка, ён умее заглянуць у душу невядомых слуцкіх ткальляў і ў гэтай душы заўважыць бесьсьвядомыя смутак і журбу па роднаму і далёкаму. Вобразы мінулага праломлены тут скрозь прызму суб’ектыўнага ўсьведамленьня іх поэтай.

Як апісальнік прыроды, М. Багдановіч гэтак сама не дае нам шырокіх пэйзажаў; ён зарысоўвае толькі асобныя штрыхі і галоўным чынам іх суб’ектыўнае праламленьне ва ўласнай душы.

Поэта падслухоўвае гул тонкаствольных соснаў у лесе, яму здаецца, што "гэта сумны маркотны Лясун пачынае няголасна граць",і пясьняр сьпяшыцца ў пекным вершы падзяліцца з намі сваім уражаньнем (120)... Адзінокае возера, якое калісь то акружаў глухі бор, наводзіць поэту на думку, што гэта сьлед лясуна, які зьнік разам з зьніштажэньнем бору, але пакінуў сваё люстэрка-возера, хаваючае ў сваёй глыбіні ўсё, што згінула даўно(121).

Сонная рэчка, на беразе якой над вадой "ціха сьпіць асока, ды лаза зялёная жаліцца, шуміць", сваёй цішынёй навявае ўражаньне, быццам тут на дне між цінай сьпіць вадзянік — і зноў усяго ў дзьвюх страфах поэта адбівае сваё суб'ектыўнае ўспрыйманьне (123).

Гэтак з кінэматографічнай хуткасьцю ў поэты адны ўражаньні прыроды зьмяняюцца другімі і, пратварыўшыся ў суб'ектыўныя яго адчуваньні, ствараюць ілюзію, што мы сапраўды знаходзімся ў зачарованым царстве. Апраўдваецца назва, якую поэта дае нізцы вершаў, пасьвячоных беларускай прыродзе.

Уся рэчаіснасьць гэткім чынам у вачох поэты раскладаецца на шэраг асобных момантаў, мігаў, якія ён, як сапраўдны імпрэсыяністы, і зарысоўвае ў сваіх мініятурах.

Але ўражаньні і адчуваньні рэчаіснасьці наогул вызначаюцца сваім багацьцем, шматкалёрнасьцю, пералівам фарбаў, усе тонкія адценкі каторых наша слова часта бывае бясьсільна абрысаваць. Адсюль вынікла для імпрэсыяністскай поэзіі патрэба карыстацца сродкамі суседніх мастацтваў – музыкі і малярства.

М. Багдановіч з захапленьнем цытуе выраз Вэрлена ―"De la musique avant toute chose", і ў сваёй творчасьці ён сцьвярджае даны прынцып: у гэтай творчасьці мы знаходзім выразныя адзнакі поэтыкі, якая набліжаецца да музыкі. У беларускага песьняра часта злучаньне гукаў, самы рытм перадае настрой, тэму вершу. У гэтых адносінах сапраўдны дыямант мастацтва ўяўляе яго "Завіруха".

У бубны дахаў вецер б‘е,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
І сьпеў ліецца ўсѐ мацней, —
Гулянку справіў пан Падвей.

У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе,
Ўскіпела сьнежнае віно
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць спьянелая мяцель.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.(167)

Тут самыя гукі і рытм перадаюць тэмп завірухі. Гэты прыём музыкальнай лірыкі набліжае нашага паэту да Вэрлена, Вэрхарна і, асабліва да Бальмонта, які надта часта ўжывае ў вершах сродкі музыкі.

З другога боку, шмат вершаў Багдановіча вызначаецца такой плястычнасьцю і конкрэтнасьцю вобразаў, якая радніць іх з малярствам.

Туман, падымаючыся над возерам, гэта ня туман, а срэбраныя сеці, якія цягне ў вышыню "белы заплаканы" месяц, і ў якіх русалкі заблуталі сваі косы (122). Дождж – гэта павуціна, якую снуюць павукі, што жывуць у хмарах (136), і самая хмара фантазіяй поэта ўвасабляецца ў вобразе панурай вялізнай жывёлы, якая марудна па шыры неба праплывае ў дом. Маланка – гэта агністы меч, гром – удары гэтага мяча па жывёле, а дождж ня што іншае, як халодныя бічы крыві, сьцякаючыя ўніз.(125)

Ня цяжка заўважыць, што гэтыя і падобныя да іх вершы М. Багдановіча ў аснове сваёй прадстаўляюць міфы. Гэты дар міфатворчасьці ў некаторых адносінах нагадвае прыём Віктара Гюго, якога цытуе ў адным эпіграфе наш поэта, і пра якога Лянсон кажа: "Міт ёсьць істотная форма яго розуму... Кожнае адчуваньне імкнецца ў яго зрабіцца сымболем, кожны сымболь ― разгарнуцца ў міт".[8]

Нарэшце па самому складу сваёй думкі, па сваёй філёзофіі М. Багдановіч зьяўляецца тыповым прадстаўніком імпрэсыянізму. Як вядома, кожны літаратурны кірунак мае сваёй падставай тую ці іншую філёзофскую сыстэму, бяручы ў сваю аснову яе тэзісы і галоўныя мэтоды. Францускі клясыцызм зьвязан, напрыклад, з філёзофіяй Дэкарта, вялікія сыстэмы Шэлінга і Фіхтэ стварылі сабою філёзофскі грунт романтызму, разьвіцьцё рэзлізму ў літаратуры супадае з позітывізмам у філёзофіі.

Філёзофскай асновай імпрэсыянізму, як даводзіць гэта Оскар Вальцэль[9], служыць тэорыя рэлятывізму, якая асабліва была разьвіта аўстрыйскім фізыкам Э. Махам. Для абодвух кірункаў – літаратурнага імпрэсыянізму і філёзофскага рэлятывізму – сталым зьяўляецца толькі ўражаньне, толькі адбітак так званых рэчаў у нашых адчуваньнях. Рэлятывізм і імпрэсыянізм імкнуцца як мага дакладней фіксаваць гэты адбітак – знадворныя ўражаньні, бо імі для гэтых кірункаў вычарпваецца ўсё істнуючае, ніякіх "рэчаў у сабе" пазадзі зьявішчаў няма, як няма ніякіх адвечных ісьцін.

Мы ўжо бачылі, якую пераважную ролю ў поэзіі М. Багдановіча граюць адчуваньні зроку і слуху – але, апроч таго, у сваѐй поэзіі ён адводзіць месца нават адчуваньням ніжэйшых пачуцьцяў. У гэтых адносінах мы знаходзім у яго надта характарны верш "Дзьве сьмерці". Тут рысуецца сьмерць патрыцыя, адчыніўшага сабе жылы, і сьмерць нейкай Івановай, атруціўшайся сінільным квасам. Два такія розныя па абстаноўцы факты злучаюцца тут у вадзін малюнак з прычыны таго, што пылкаму выабражэньню поэты і ў тым і ў другім выпадку прадстаўляецца мігдалёвы горкі пах, як дадатковы аксэсуар самагубства. На гэтым адчуваньні грунтуецца тут ассоцыацыя прадстаўленьняў.

Грунтуючыся выключна на адчуваньнях у сваёй поэзіі, М. Багдановіч і ў сваёй філёзофіі зьяўляецца тыповым рэлятывістым. Не адвечнага шукае, не да адвечнага імкнецца яго душа. Вышэй усяго ён ставіць міг яркага і моцнага ўражаньня. У сваім вершы Палуяну ён гаворыць: У сваім вершы Палуяну ён гаворыць:

Так свабодна, так ярка пражыць –
Лепшай долі няма на зямлі.
Ўсе кругом на мамэнт асьвяціць
I пагаснуць у цёмнай імгле...(171)

У другім месцы ён дае наказ:

Жывеш ня вечна, чалавек, —
Перажыві ў момант век".(188)

Але нямінучым спадарожнікам такой настраёвасьці зьяўляецца скэптыцызм і пэсымізм. Скэптыкам і пэсымістым вельмі часта выступае перад намі і Максім Багдановіч. Здараецца, што ён нават сумняваецца ў каштоўнасьці моцных момантаў і ўражаньняў, якія часам ён так высака ставіць. Тады з яго грудзёў вырываецца скарга: "усё зьнікае... праходзіць, як дым".

Уся трагэдыя чалавечага жыцьця для яго гэта—пагоня за мыльнымі бурбалкамі: здалёку яны прывабныя, песьцяць вока, але пасьля іх у руцэ застаецца адна толькі слата.

У сьветаадчуваньні поэты ёсьць некаторыя элемэнты байронізму, калі разумець апошні ня ў сэнсе гістарычна-культурным, але грамадзка-псыхолёгічным. У гэтым сэнсе, як грамадзка-псыхолёгічная праява, байронізм нямінуча вынікае там, дзе ёсьць для гэтага належныя соцыяльныя ўмовы. "Гэта розуманастраëвасьць, — кажа проф. Коган, — заўжды зьвязана з крызісам пануючай клясы ў больш шырокім сэнсе, з крызісам таго ці іншага сьветапогляду. Гэта плынь чыста інтэлігенцкая. Смутак Байрона—гэта, перш за ўсё, трагедыя мысьлі, трагедыя людзей, якія, дзякуючы сваёй профэсіі, засуджаны шукаць выйсьця у межах сьвядомасьці, а ня быцьця. Можна сказаць, кажа далей Коган, што элемэнты байронізму нямінучы ў сьветаадчуваньні тых клясаў, якія ня ўдзельнічаюць непасрэдна ў вытворчасьці. Кожная зьмена, выкліканая законамерным разьвіцьцём тэхнікі і грамадзкіх адносін, застае зьнянацку сьвядомасьць, якая адарвалася ад быцьця, ня помніць сваёй матэрыяльнай крыніцы"[10].

Марксыцкая крытыка, такім чынам, правільна разглядае байронізм, як крызіс мысьлі, які вынікае на падставе крызісу грамадзкага. Характарнымі адзнакамі данага крызісу ў галіне інтэлектуальнай, на думку проф. Розанава, зьяўляюцца тры мотывы: нялад чалавека з самім сабою, нялад яго з грамадзтвам, і, нарэшце, нялад яго з агульным сьветапарадкам.

На ліры М. Багдановіча моцна гучаць гэтыя хваравітыя енкі няладу ўнутранага, соцыяльнага і філëзофскага.

Праз усю творчасьць беларускага поэты, папершае, чырвонай пасмай праходзіць мотыў разладу паміж вострым разумовым аналізам і пачуцьцёвым захапленьнем. Халодны скэптыцызм думальніка і энтузіязм поэты — вось тыя два полюсы, паміж якімі хістаюцца чароўныя вершы беларускага песьняра. З аднаго боку, чыста разумовы пысымізм, мысьлі на тэму: "суета сует", "всяческая суета"; з другога боку, шчырае эмоцыянальнае захапленьне пекнасьцю прыроды, прыгаством душы чалавека ў некаторых момантах яе перажываньняў, як, напр., вобраз Мадонны ў творы "Вэроніка". Сам поэта хваравіта адчуваў сваю дваістасьць; ён сам сьведчыць, што душа яго ня ведала супакою:

Грудзі ныюць, цела вяне.
А спачыць ня можна мне:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьцё з душы бяжыць.(184)

У такіх простых словах поэта вылівае сумную скаргу на сваю душэўную дваістасьць. Сам, ня ведаўшы душэўнай гармоніі, ён дае наказ другім імкнуцца да яе. Ён гаворыць:

Жыві і цэльнасьці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай... (188)

Нялад з людзьмі, наўкольным грамадзтвам царскай Расіі гэтак сама яскрава выяўлены ў М. Багдановіча. У яго нярэдка вырываюцца горкія ноткі расчараваньня і сумленьня адносна людзей. Ён лічыць патрэбным напомніць песьняру гэтую сумную ісьціну:

Ведай, брат малады, што ў грудаёх у людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня,
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Ня збудзіўшы сьвятога сумленьня... (193)

Поэта прасякнуты высокімі ідэаламі нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня айчыны, але ў яго душу закрадваецца мрачная думка аб тым, ці здужае яго пакаленьне выканаць гэтую гістарычную місію; ён зварачаецца да беларускага грамадзтва з горкім запытаньнем:

Таварышы-брацьця! Калі наша родзіна-маць
Ў змаганьні з нядоляй патраціць апошнія сілы,
Ці хваце нам духу ў час гэты жыцьцё ёй аддаць.
Бяз скаргі легчы ў магілу?

У другім сваім вядомым вершы "О, краю мой родны", нарысаваўшы трагічны малюнак соцыяльнага заняпаду Беларусі, малюнак гора, якое ў яго часы шырокай хваляй затапляла родныя нівы, Багдановіч ставіць усё тое-ж пытаньне, поўнае безнадзейнасьці і балючага сумненьня ў людзях:

Брацыя! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы? (175)

Ад гэтага сумнага разладу з рачаіснасьцю М. Багдановіч шукае ратунку ў галіне прошлага і ў галіне мары. У сваіх тэрцынах беларускі поэта яскрава выказвае сваё замілаваньне да мінулага, кажучы:

Ёсьць чары ў забытым, старадаўнім,
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць.
Пажыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным,
Быцьцё дзядоў у смутку ўспамянуць,
Мы сквапна цягнемся к старым поэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.(210)

Добра ведаў гэтак сама пясьняр і панаваньне над сабой усямоцнай мары, гэты асобны стан, калі, асабліва пад уплывам сузіраньня блакітнай вышыні неба,

У душы адрасьце пара крыл, —
Узьляціць яна ў сінюю вышу
І ў струях яе змые свой пыл.
Там ня трэба ні шчасьця, ні ласкі,
Там няма ні нуды ні клапот.
Ты―царэвіч цудоўнае казкі.
Гэта хмара―дыван-самалёт.

Нарэшце, элемэнты філёзофскіх разважаньняў гэтак сама выяўлены ў творчасьці Багдановіча. Яго "Вянок", уласьціва кажучы, уяўляе сабой досыць зграбную і цэльную сыстэму думак, дзе адна за другой разбурваюцца ілюзіі чалавечага жыцьця.

3 людзей некаторыя імкнуцца яшчэ знайсьці супакой у рэлігіі, ускладаюць свае надзеі на неба, чакаючы адтуль дапамогі і падтрыманьня. Беларускі пясьняр ускрывае ўсю ілюзорнасьць гэтых надзей у вершы „Ян і маці". Ён дае нам трагічны малюнак: маці моліцца за свайго хворага сына, паставіўшы сьвечку перад абразамі, але па думцы поэты дарэмны гэтыя надзеі і малітвы:

Сьвечка сьвеціць, сьвечка зьзяе, сьвечка дагарае,
І ў панурай цеснай хаце хлопец памірае.

Побач з гэтым, у філёзофскім сьветаадчуваньні поэты ёсьць і іншыя хваравітыя бакі безнадзейнага пэсымізму, дзе ён прабуе паказаць нікчэмнасьць розных праяў чалавечага жыцьця.

Шмат ёсьць людзей, для якіх каханьне―прыгажэйшая кветка жыцьця, але поэта халодным нажом аналізу зрывае пялёсткі і з гэтай кветкі; ён паказвае, што і ў каханьні цяжка знайсьці родную душу, што і ў гэтых перажываньнях цяжка пазбавіцца ад адзіноты; спачатку поэтычныя клятвы "да сьмерці ядынае меці каханьне", але потым суровая проза жыцьця зьніштажае гэтыя клятвы, потым разыходзіны:


На іншыя сьцежкі жыцьцё нас зьвяртае,
Пасвойму кожны свой век пражывае.
У кожнага неба і сонца сваё.
Супольнай-жа праўды крыніца ня б'е. (213)

Іншых вабіць да сябе ціхі прытулак сямейнага шчасьця, але поэта не захапляецца і гэта ілюзіяй; пекнае знадворку сямейнае жыцьцё часта ўнутры заключае ў сабе шмат пошласьці і жыцьцёвага бруду; адсюль вынікае мэфістофельская іронія "Гутаркі з паненкамі" (195):

Нарэшце, вышэйшая асалода і ўкраса жыцьця―мастацтва. Романтыкі лічылі, што поэта-гэта "прарок", вышэйшы жрэц, у грудзёх якога гарыць нейкі вышэйшы, нябесны агонь. Максім Багдановіч разбурвае і гэтую романтычную концэпцыю мастацтва; ён паказвае, што дар "пекна сьпяваць" уласьцівы і ніжэйшым жывёлам (196).

Так і рэлігійная вера, і пачуцьцё каханьня, і сямейнае жыцьцё, і нават мастацкая творчасьць,―усё гэта праходзіць прад судом халоднага і ўсё разбураючага розуму поэты. Над жыцьцёвымі зьявамі распасьцірае ў яго свае мрачныя скрыдлы царыца-сьмерць. Поэта зазначае: "усё зьнікае, праходзіць, як дым". У другім месцы ён кажа:

Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог
А вядуць яны ўсе да магілы,
І бяз ясных надзей, бяз трывог,
Загубіўшы апошнія сілы,
Мы сайдземся, спаткаемся там.
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока ішлі ў край невядомы?
І чаму пасьпяшаліся так,
Напружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха паўзушчы чарвяк
Усё-ж дагнаў нас ля самай магілы? (201)

Перад тварам сьмерці блякне нават пекнасьць напружанага і шырокага жыцьця, і да свайго тастаманту―жыць, шукаць цэльнасьці і дбаць аб шырыні духоўнай―поэта не прамінуў дадаць сваё "memento morі", ён кажа:

І ў напружанасьці паўнаты
Свайго шырокага жыцьця
Бяз болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцьця. (188)

У другім вершы мысьль аб сьмерці злучаецца ў Багдановіча з думкай аб роднай краіне. Ён цешыць сябе марай:

Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой... (185)

Гэтак нават з думкай аб любай айчыне злучаецца ў М. Багдановіча філёзофія нірваны, нябыцьця.

Думка аб сьмерці асабліва часта ахапляла хворага целам, і, па яго ўласным прызнаньні, хворага душой беларускага поэты (185).

У адносінах да сьмерці магчымы тры становішчы: магчыма філёзофскае прымірэньне з ёй, супакаеньне ў думцы, што хоць усё індывідуальнае гіне, але агульнае—прырода і жыцьцё—адвечны. Такія адносіны да сьмерці мы знаходзім, напрыклад, у Пушкіна, які знаходзіў прымірэньне са сьмерцю ў думцы, што "у гробового входа младая будет жизнь играть, и равнодушная прырода красою вечною сиять".

Ён-жа ў вусны Ленскага ўкладае гэтыя вядомыя словы, якія дышуць глыбокай бадзёрасьцю і жыцьцёрадасьцю:

Все благо: бдения и сна
Приходит час определенный.
Благословен и день забот,
Благословен и тьмы приход.

З другога боку, у сувязі з думкай аб сьмерці магчыма філёзофская трывога духа, паколькі сьмерць надае дысонансу у агульную гармонію сьветабудовы. І нарэшце, сьмерць можа спараджаць лірычны смутак і лірычную журбу, паколькі яна пагражае нашаму індывідуальнаму існаваньню.

Такі смутак і журбу мы знаходзім і ў М. Багдановіча, які гаворыць:

Ня кувай ты, шэрая зязюля,
Сумным гукам у бары,
Mo і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары.
Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,
Грудзі хворыя мае;
кqы да Боль у іх мне душу агартае,
Думцы голас падае.
Кажа, што нядоўга пажыву я,
Што загіну без пары...
Прыляці-ж тады ты на магілу,
Закувай, як у бары. (148)

Але ў духоўнай постаці беларускага песьняра, апроч смутнага пэсымістага, выяўляўся часам і другі бок—бадзёрасьці і ўзьнятасьці. Адсюль у творчасьці поэты чуюцца ня толькі сумныя мэлёдыі хаўтурнага "requіem", але часам моцна гучаць і настрої барацьбы, узьнятасьці. Яму належыць гэты бадзёры заклік:

Рушымся, брацьця, хутчэй
У бой з жыцьцём, пакідаючы жах;
Крыкі пужлівых людзей
Ня стрымаюць хай бітвы размах...
Проці цячэньня вады
Зможа толькі жывое паплыць,
Хвалі-ж ракі заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць. (179)

Так барацьба, на думку поэты, ёсьць істотная адзнака жыцьця; дзе яе няма, там гніль, супакой магілы. Барацьба каштоўна ня толькі з боку біолёгічнага; яна каштоўна і з боку соцыяльнага, яна паважна сваімі вынікамі: можа прынесьці плён перамогі над злом „пэрлаў горы“. Вось чаму поэта з любасьцю вітае гэту стыхію барацьбы.

Устань, навальніца, мкні нанова,
Узвый, вецер, з ёю заадно!
У віхры ўляціць палова,
Пакіне чыстае зярно.
Удар, цыклон, удар на мора,
Цалуй яго ў глухое дно,
Усплясьні ваду-і парлау горы
На бераг выкіне яно. (181)

Пясьняр у другім месцы заклікае пасьледваць прыкладу дзядоў, якія ўмелі змагацца з прыродай; іх душылі абшары лясоў, а яны агнём церабілі пушчы, цяпер „на попелі буйна ўзрасьлі каласы“. На думку поэты, трэба:

З гэтых дзедаў суворых прыклад нам-бы узяць, —
Ня хіліцца з бяды, ня пужацца агня,
Бо мы толькі тады дакачаема дня,
Калі нас не здалее змаганьне зьлякаць… (180)

І поэта бадзёра верыць, што гэты радасны дзень надыйдзе, што айчына адбудзіцца ад сну.

Ня згасла сонца! Сонца гляне,
Усіх падыйме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане,
— І ачуняе старана!
Я пад яе зімовай маскай,—
Пад сьнегам—бачу твар вясны,
І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны… (177)

Поэта моцна верыць, што народ хавае ў сябе потэнцыяльна вялізныя сілы, якія толькі чакаюць свайго выяўленьня. Гэтую веру пясьняр выразіў у пекнай форме сонэту, ахвярованага А. Пагодзіну (204).

Акрылены такімі магутнымі настроямі барацьбы і веры ў бацькаўшчыну, М. Багдановіч стварае сваю чароўную легэнду, "Страцім-лебедзь", у якой ужо гучаць настроі богазмаганьня. У гэтым творы, на фоне біблейнай легенды аб патопе, даецца сымболічны вобраз магутнай істоты, якая ня хоча пакарыцца боскай волі: для яе сьмерць лепш, чым рабства, згіненьне―вышэй пакоры... Па загаду бога ў каўчэг Ноя, каб ратаваць сябе ад патопу, сьцякаюцца ўсе жывёлы і птушкі.

Птахі ў небе стаяў лётаюць.
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць.
Выглядаюць стуль прытулачку.

Адзін толькі горды Страцім-лебедзь ня хоча скарыцца перад агульным лёсам:

Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Узмахне крылом―быццам бор шуміць,
Узмахне другім―як мяцель гудзіць... (109)

Страцім-лебедзь―гэта як-бы сымболічны вобраз самога поэты. І сам поэта ўяўляў з сябе магутную індывідуальнасьць з настроямі барацьбы і протэсту. Але няспрыяючыя ўмовы жыцьця не далі мажлівасьці разгарнуцца ва ўсёй сіле гэтай індывідуальнасьці.

Другі сымболічны вобраз перажываньня поэты даны ў яго пекным вершы "Астры". У шэрую восень пекныя астры марылі і чакалі вясны, але іх марам ня суджана было зьдзейсьніцца:

А ранак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І убачылі астры, што ўкруг іх турма,
Убачылі астры, што жыць ім дарма.
І ўмерлі яны. Але тут, як на сьмех,
Паднялося сонца, цалуючы ўсіх. (215)

Так і поэта асуджан быў жыць у шэрым тумане нацыянальнага і соцыяльнага ўціску, і навокал яго была турма―турма царскай Расіі, і ён як на сьмех, толькі ўжо на самым закаце сваіх дзён убачыў вялікае сонца рэволюцыі.

Інтэлігент па пахаджэньню, адарваны ад вытворчых сіл і працоўных мас, Максім Багдановіч асабліва паддаўся адмоўным уплывам акружаючай яго няспрыяючай рачаіснасьці. Адсюль вынік — яго пэсымізм і хваравітая дваістасьць.

Другой спадчынай соцыяльнай абстаноўкі, апроч пэсымізму, зьявіўся эстэтызм поэты.

У сваім прозаічным творы "Апокрыф" пясьняр выступае перад намі ў якасьці прыхільніка тэорыі "мастацтва для мастацтва". Па яго думцы, патрэбна ўсё тое, што абслугоўвае матэрыяльныя інтарэсы людзей, мае утылітарную каштоўнасьць. Але значна вышэй за ўсё―гэта пекнасьць, хараство: "Добра быць коласам, але шчасьліў той, каму давялось быць васільком, бо нашто каласы, калі няма васількоў".

Плеханаў правільна зазначае, што „нахіл мастакоў і людзей, якія жыва цікавяцца мастацкай творчасьцю, к мастацтву для мастацтва, вынікае на грунце безнадзейнага разладу іх з наўкольным грамадзкім асяродзішчам". Эстэтызм Багдановіча гэта ёсьць скутак гэтага нязладу.

Так, у творчасьці беларускага песьняра мы знаходзім значныя цені, але з гэтымі ценямі злучаецца і сьвятло: настроі барацьбы, глыбіня думкі, якая выяўлена ў сапраўды мастацкай форме.


  1. Проф. І. Замоцін. М. Багдановіч. Крытычна-біографічны нарыс. "Узвышша" № 2, стар. 121. З гэтага нарысу і ўзята намі агульная біографічная канва.
  2. Інстытутам Беларускае Культуры выданы ў 1927 г. І том збору твораў Багдановіча; зараз у рыхтуецца ўжо ІІ том, куды ўвойдуць крытычныя і публіцыстычныя артыкулы песьняра.
  3. У дужках паказаны старонкі вышэйзазначанага І тому, дзе сабраны мастацкія творы пісьменьніка.
  4. Верш "3 песьняў беларускага мужыка" напісаны ў 1909 г.
  5. Поэзия Александра Блока. Петербург, 1922, стар. 41.
  6. Поэзия Александра Блока. Петербург, 1922, ст. 62 1 63.
  7. Гл. па гэтым пытаньні: Дзяржынскі "Максім Багдановіч, як стылізатар беларускага вершу". "Адраджэньне", Менск, 1922 г., стар. 204-219.
  8. Histoire de la littérature française, Paris 1909, p. 1055.
  9. Импрессионизм и экспрессионизм. Петербург, 1922
  10. Байрон. 1824-1924. "Светоч*. М.-Л. 1924, стар. 16.