Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі/Цётка (Алоіза Пашкевіч-Кейрыс)

Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі Цётка (Алоіза Пашкевіч-Кейрыс)
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦЁТКА (АЛОІЗА ПАШКЕВІЧ-КЕЙРЫС)

Ужо самае жыцьцё пясьняркі прадстаўляе вялікую цікавасьць. Нарадзілася яна ў шляхоцкай сям'і, у Лідзкім павеце, на Віленшчыне ў 1876 г. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Віленскай жаночай гімназіі. Зараз-жа пасьля сканчэньня гімназіі яна горача ўзялася за грамадзкую працу. З імем Цёткі, — сьведчыць Антон Навіна, — злучаюцца першыя пачаткі беларускай работы у Вільні—у 1905-1906 г., калі, поруч з рэволюцыйным рухам па ўсёй Расіі, пачаўся ў шырокіх масах народных рух беларускі. Пад той час у Вільні пачалі ладзіцца беларускія работніцкія організацыі-гурткі Беларускай Соцыялістычнай Грамады, і тут Цётка выказала свае організатарскія здольнасьці. Яе можна было бачыць на ўсіх вялікшых работніцкіх сходах, а калі настаў час вялікіх публічных мітынгаў, Цётка выступала ўсюды, будзячы агульны спогад сваімі шчырымі, гарачымі беларускімі прамовамі".[1] Потым, калі пачала выходзіць газэта "Наша Доля", Цётка прыняла у ёй актыўны ўдзел, злучаючы з рэволюцыйнай дзейнасьцю і дзейнасьць літаратурную.

Рэволюцыйная праца не прайшла для нашай дзеячкі дарма; з узмацненьнем рэакцыі, яна была прыцягнута да суду і прымушана была ўцякаць за граніцу. У якасьці політычнай эмігранткі яна асталявалася ў Львове, знайшоўшы сабе гасьцінны прытулак сярод украінцаў. Надзвычайна характарна, што і тут, на чужыне, Цётка імкнецца працаваць на карысьць бацькаўшчыны ўжо ў іншым кірунку, на глебе навуковай чыннасьці. Вядома, што яна, будучы студэнткай Львоўскага унівэрсытэту, у якасьці тэмы для докторату ўзяла пытаньне аб беларускай батлейцы і, працуючы ў гэтай галіне, сабрала шмат матэрыялу.

У Галіччыне Цётка вышла замуж за літвіна інжынэра Кейрыса. Зьмяніўшы сваё прозьвішча, яна атрымала магчымасьць вярнуцца на бацькаўшчыну. Тут, у Вільні, яна цягне далей сваю працу на беларускай ніве: дапамагае ўтварэньню беларускага тэатру, шмат сіл аддае школьнай справе, выпускае у сьвет сваё "Першае чытаньне", зьмяшчае свае творы ў "Маладой Беларусі", рэдагуе часопіс для моладзі "Лучынку" ды інш. Пэўны час Цётка жыла ў Пецярбурзе, вучылася на курсах Лесгафта. У часе імпэрыялістычнае вайны яна паступіла ў міласэрныя сёстры і пад кулямі, на палёх боек, — кажа Навіна, — дапамагала параненым, не зьвяртаючы ўвагі на небясьпечнасьць. Потым, працуючы ў Віленскім тыфусовым бараку, Цётка вядзе беларускую работу сярод салдат.

У часе нямецкай окупацыі яна зноў разгарнае сваю дзейнасьць у галіне школьнай справы, гуртуе беларускія настаўніцкія сілы, зьбірае дзяцей, сама працуе на беларускіх настаўніцкіх курсах у якасьці выкладчыцы. Сярод гэтай працы яе спаткала вялікае асабістае гopa—сьмерць бацькі. Нават перажываючы гэта гора, яна ня кідае грамадзкай працы—аб'яжджае вёскі і знаёміцца з станам сялян. У часе гэтага аб'езду яна заразілася на тыфус, ня вытрымала гэтае хваробы і 5-га лютага 1916 году памерла.

У беларускай літаратуры Алоіза Пашкевіч выступала пад рознымі псэўдонімамі: Гаўрыла з Полацку, Мацей Крапіўка, Тымчасовы, але найбольш часта пад псэўдонімам Цёткі. Творы яе раскіданы ў розных пэрыодычных выданьнях ("Наша доля", "Наша Ніва", "Маладая Беларусь", „Лучынка" ды інш.). Апроч таго, маюцца два невялічкія паасобныя зборнікі яе вершаў: "Хрэст на свабоду" і "Скрыпка Беларуская".

Узятая ў цэлым, творчасьць поэтэсы прадстаўляе сабою непасрэдны адбітак яе асобы. У гэтай асобе сумяшчаліся два пачаткі: з аднаго боку, у ёй яскрава выяўлены былі загартаванасьць волі, энэргія ды імкненьне да барацьбы, з другога боку, у яе грудзёх білася пяшчотнае, мяккае сэрца жанчыны, спараджаўшае сабою нахіл да ідыліі, ціхі смутак па асабістаму шчасьцю.

Першы пачатак знайшоў сабе выраз у рэволюцыйнай дзейнасьці Цёткі. Мы бачылі, што гэнай дзейнасьці яна ахвяравала лепшыя гады сваёй маладосьці, з-за яе яна была выкінута за межы айчыны, прымушана была бадзяцца па чужыне ў якасьці эмігранткі; эпоха рэакцыі, якая надышла усьлед за рэволюцыяй 1905-1906 г., крыху абрэзала скрыдлы яе юнацкіх парываньняў, прымусіла яе дзейнасьць рэволюцыянэркі зьмяніць на больш супакойную грамадзкую і культурна-асьветную дзейнасьць, але і гэтай дзейнасьці яна аддаецца з вялікай напружнасьцю волі і вялікім захапленьнем; мы бачылі, што, нават перажываючы асабістае гора, яна не пакідае сваёй працы сярод сялян.

У галіне мастацкай помнікам рэволюцыйнага пафосу Цёткі зьяўляецца яе невялічкі зборнічак вершаў „Хрэст на свабоду"; зборнічак выйшаў 1906 г., у ім адбіваюцца падзеі першай рэволюцыі. Уздым і спад рэволюцыйнай хвалі знайшлі сабе тут досыць сакавітую абмалёўку, якая абагрэта шчырым рэволюцыйным запалам. У імпэце гэтага запалу поэтэса часам дасягае вялікай мастацкай вобразнасьці. Лепшым у даным стасунку, бясспрэчна, зьяўляецца тут верш "Мора“, дзе ў выглядзе разбушаванай морскай стыхіі накідаецца агульна-сынтэтычны малюнак народнай рэволюцыі:

Не такое цяпер мора,
Не такі у хвілях шум:
Цяпер бурна, страшна мора
Хвіля поўна дзікіх дум.
Мора углям цяпер стала.
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
З дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць кругом у мілі.
З мора брызгі ў неба б'юць...

У гэтым вершы добра схоплены характар першай рэволюцыі. Сапраўды, разбушаваная народная стыхія ў 1905 г. была падобна да морскай стыхіі; здавалася, усе перашкоды магло здолець гэтае народнае мора, горы і скалы былі яму ніпачом; зроблены быў закід вышэйшым сілам: "аж дрыжыць нябесны трон", паводле слоў Цёткі. Такая атмосфэра барацьбы зьяўляецца роднай для поэтэсы; яна кажа:

Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасьць,
Ў таком толькі грэцца,
Ў таком баю толькі пасьць.

Высокі ўздым рэволюцыйнай хвалі магчымы пры ўмове адзінства і солідарнасьці народных мас; абрысоўка гэтага адзінства і здольнасьці на самаахвяраваньне дана у вершы "Добрыя весьці", дзе мы чытаем:

Усіх злучыла чароўна слова;
Жалезны обруч скуў нам далонь.
І матка сына даць нам гатова
І жонка мужа вышле ў агонь.
І дзед старэнькі бяжыць у дружыну
І ўнучак сьледам дзеда сьпяшыць.
Хлапец, абняўшы любу дзяўчыну,
На барыкадах сьмела стаіць.

Вось, напр., у вершы "Пад штандарам" разгорнуты малюнак паўстаньня, ахвярай якога зрабіўся Вінцуль, нëсшы чырвоны штандар перад народам і крычаўшы: "гасудар, ці наеўся ты сьлёз". Поэтэса заклінае ня плакаць над трупам ахвяры, бо яе кроў пралілася недарма; яна злучыла ваякаў ў адзіным пачуцьці помсты:

А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На ворага цара
Крэпку руку нясе.
Нясе доўг у грудзях
Для тыранаў цара
І прыказ у вачох:
"Цару згінуць пара".

Верш "Хрэст на свабоду" абхапляе падзеі 9 студзеня; перад намі маляўніча разгарнаецца гэта жудасная трагедыя, калі цар замест хлеба дау рабочым кулі:

У Пецярбургу зьмерлі людзі:
Ім прашылі куляй грудзі;
Бо то з песьняй і алтарам
Пашлі з папом перад царам:
А цар сыпнуў як-бы з неба
Тысяч куляў. Так і трэба.

Поэтэса ў гэтым вершы ўзвышаецца да сапраўднага гістарызму; яна ня плача над ахвярамі зрады, але разглядае падзеі ў гістарычным аспэкце і прызнае патрэбнасьць страт.

Пралілася бязьвінная кроў, але яна падарвала апошні крэдыт самаўладзтва, сярод працоўных мас яшчэ больш пашырылася і ўзмоцнілася думка аб непатрэбнасьці, "цара-зладзея":

З тэй пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоніць вон цара зладзея:
Народ чуе гоман з неба,
Што больш цара непатраба.

Гэтак змаганьне выклікае кроў, але дае свае вынікі. Яно ўсытняе ніву, на якой усходзяць парасткі свабоды. Тут мы бачым, такім чынам, здольнасьць нашай поэтэсы глядзець у даль, падняцца вышэй сëнешняга дня. Яна выяўляе рысы сапраўднага правадыра; звычайны змагальнік з абмежаваным кругавідам рэдка прадбачыць вынікі падзей; толькі правадыр можа ўзважыць і ацаніць гэтыя вынікі.

Гэткім правадыром па свайму гістарычнаму учуцьцю здольна была зрабіцца і Цётка; у часе аплакваньня няшчасных ахвяр 9 студзеня яна мела рашучасьць сказаць "Так і трэба"—пралітая нявінная кроў у яе вачох гэта "хрэст на свабоду".

Адводзячы месца революцыйным падзеям у горадзе, Цётка, сама сялянка па пахаджэньні, часта пераносіцца ў вёску, абураную настроямі барацьбы. У вершы "Бунтаўнік" рысуецца жаласьлівы малюнак разьвітаньня рэволюцыянэра з роднай сям'ёй. У творы выступае скромны гарапашны гэрой; у яго пяшчотнае сэрца, якое прымушае яго ў зімовую марозную ночку ехаць да хаты, каб хоць на момант пабачыць крэўных, — пабачыць можа ужо ў астатні раз. Але гэрой-барацьбіт вышэй сямейных сувязяй; ён адмаўляецца ад іх у імя барацьбы за агульны дабрабыт. Колькі сапраўды рэволюцыя высунула гэткіх сярмяжных герояў, колькі яна дала барацьбітоў, якія ў імя ідэалу, у імя шчасьця будучых пакаленьняў адмаўляліся ад ціхага сямейнага вогнішча і ад асабістага шчасьця!.. Тыповы вобраз якраз такога барацьбіта і зарысаваны Цёткай у вершы "Бунтаўнік".

Як-бы агульныя вынікі барацьбы ў 1905 г. падводзіць твор "Пад новым годам". Поэтэса тут, на рубяжы двух гадоў, аддаецца ўспамінам аб мінулым годзе, перад ёй праносяцца

малюнкі расправы з паўстаўшым народам, — малюнкі жудасныя, крывавыя:

З кутоў глядзяць мярцоў шкілеты.
Па косткі плюшчыць цёпла кроў.
Ах страшны, страшны быў год гэты,
Яшчэ страшнейшы будзе зноў.
Праз вокны бачу поўна поле
Старых, малых. Ах чую крыкі!
Салдат людзей там рэжа, коле,
Казак дзяцей падняў на пікі.
Ляціць, як віхар, матка ў болю,
Хватае труп малога сына,
А тут і ёй якраз на долю
Пападзе гострая шраціна.
Бабулю сіву топчуць коні...

Ня толькі гэтыя зданьні нядаўнага мінулага праносяцца перад вачыма поэтэсы; яна імкнецца прыадкрыць таемную заслону будучыны; новы год будзе добры год; ён дасьць свае плёны, "будзе велькі ўраджай", гаворыць Цётка. Прогноз адносна бліжэйшага году ня зьдзейсьніўся, хутка якраз пачаўся спад рэволюцыйнай хвалі, пачалася рэакцыя. Пясьнярка як-бы сама прадчувае магчымую няўдачу барацьбы. Верш яе "Ласы" прасякнуты абурэньнем супраць прыгнятальнікаў працоўных, асабліва прыгнятальнікаў з народу, якім тут зьяўляецца стражнік з Запола, але адначасна ў даным творы об'ектыўна раскрываецца трагічная па сутнасьці колізія: з аднаго боку, узброены царскі кулак, з другога—народ бяз зброі, і Цётка, ад асобы гэроя твору Пятрука, выражае скаргу на гэта бязвыхаднае становішча:

Прыходзяць сіцылісты, пісулькі прыносяць,
Бунтавацца просяць.
А каб там далі хаця пораху жменьку, пісталет, дубяльтоўку.
Аддаў-бы апошнюю залатоўку
За кулі і шрот.

Адбылася часовая перамога царскага кулака, пацягнулася нудная пара рэакцыі, якую пясьнярка маляўніча апісвае ў

сваім вершы "Нябывалыя часы", дзе яна кажа:

І песьні заціхлі, і сьмеху ня відна,
І дзеці старэнькімі сталі.
І ноты вясёлы музыкам браць стыдна,
Радасны струны парвалі.
І хварбы артыстаў смутна рысуюць,
І цені ясны зьміраюць.
І вершы поэты з жалем рымуюць,
І сэрцы кроўю сплываюць.

Але пясьнярка добра разумела, што гэта зацішша не надоўга, за ім зноў „бура ідзе": пад такім загалоўкам яна піша маленькі верш, у якім рысуе бязупыннасьць рэволюцыі.

Ня толькі струны змаганьня моцна гучаць на ліры Цёткі; ёй аднолькава ўласьцівы мяккія, пяшчотныя перажываньні. Поэтэса сама зазначае розныя магчымасьці мастацтва; у сваім вершы, уступным да другога зборніку "Скрыпка беларуская", яна кажа:

У песьню можна пераліці
Усё найлепша, наймілейша,
У песьні можна даць пяруны,
Песьняй сэрцы рваць на часьці.
Толькі крэпкі былі-б струны,
Я зайграла-бы аб шчасьці,
Я зайграла-б сьмехам кветак,
Нівак шэптам залацістых.
Звонам серпа, касы ўлетак,
Мёдам ліп з садоў пушыстых.

Пяруны барацьбы грымяць у зборніку "Хрэст на свабоду" і наадварот, у зборніку "Скрыпка беларуская" сапраўды адчуваецца шэпт ніў залацістых, звон сярпа і касы; тут як-бы разьліты пах ліпавага мёду. У даным зборніку пераважаюць мяккія ідылічныя таны. У ідылічным асьвятленьні малюе пясьнярка, папершае, прыроду. Вось, напр., які дае яна абразок беларускага лета:

Ніва шуміць каласамі
Жыта сьпелага, аўса,
Уся прыбрана васількамі,
Як дзяўчына да вянца.
Вецярок па ёй гуляе,
Клоніць колас да зямлі,
Сонца зерне налівае,
Бусл клякоча на гумне.
Гаспадар бяжыць з касою
На зялёну сенажаць,
Сьпяшыць выкасіць з расою,
Смачней, гладчэй траву сьцяць.

Тут верш Цёткі гэткі мяккі і пяшчотны, як мяккі і пяшчотны фарбы беларускай прыроды. Часам у сваіх апісаньнях поэтэса дасягае колёрытнай вобразнасьці, напр., у малюнку лесу яна шчодрай рукой рассыпае бляск трапных мэтафор і параўнаньняў; у яе

Лес махае галавою;
Дуб, нахмурыўшыся, сьпіць,
Вольха шэпча з лашчыною,
Беразьняк кусты сьмяшыць.
Мухаморы, як жаўнеры,
Ля дарогі сталі ў рад,
Жарам гараць іх каўнеры,
Шанкі блішчаць у супад.
Баравік—грыб над грыбамі.
Аб пень сьпёрся, злы стаіць,
Робіць суд ён над братамі,
Годзіць, просіць згодна жыць.

Асаблівая задушэўнасьць адчуваецца ў Цёткі ў яе малюнках восені. Восень для яе—гэта старасьць прыроды, ад якой павявае смуткам. Спаглядаючы гэту "старасьць", яна пытае:

А дзе-ж зелень, а дзе стужкі?
А дзе-ж песьні, а дзе-ж птушкі?

Ня можа абмінуць яна сумны караван гэтых птушак, якія накіроўваюцца ў вырай; да іх яна зварачаецца з ласкавымі словамі шчырага прывітаньня і парады:

Птушкі мілыя, не кляніце,
А малітву гаварыце,
Каб вас хвіля не забіла,
Каб акула ня ўкусіла,
Каб вярнуцца клекатаці,
Пастушочкаў забаўляці.

У гэтых і да іх падобных абразкох Цётка прадстае перад намі зусім у іншай постаці, чым у зборніку „Хрэст на свабоду". Там, закутая ў броню барацьбіта, яна над трупамі ахвяр 9 студзеня вымаўляе сваё рашучае і жорсткае "так і трэба"; тут яе сэрца як-бы распушчаецца ў пекнаце прыроды, яна паддаецца нават некаторым сантыментальным адчуваньням, зварачаючыся да мілых птушак, успамінаючы пастушкоў, якіх трэба забаўляць.

Мяккія таны пераважаюць у Цёткі і ў яе малюнках вясковага побыту. Тут яна дае нам сапраўдныя ідыліі, але ідыліі з рэальным зьместам. Вядомы нахіл ідылікаў рысаваць падфарбованую рачаіснасьць, пад відам сялян выводзіць свайго роду аркадзкіх пастушкоў, якія на улоньні прыроды плятуць і перажываюць цудоўную казку каханьня. Цётка ня ведае гэтай фальшывай салодкасьці; яна не заплюшчвае вачэй на працоўны бок сялянскага жыцьця; але гэтая праца рысуецца ёй у поэтычным асьвятленьні; ад яе малюнку жніва павявае бадзёрасьцю, праца ў абмалёўцы Цёткі гэта не пакута, але асалода, ігрышча, і ў самой пясьняркі пры відзе працючых сялян зьяўляецца жаданьне працаваць, і яна з захапленьнем кажа:

Мушу ўзяцца за работу,
Мушу мець мазоль за знак,
Мушу ліць і я так поты,
Каб пазналі, што сваяк.
Дайце, жнейка, серп займісты.
Дайце гострую касу —
Зьмяту з нівы хлеб зярністы,
З травы белую расу.
Дайце хусту мне пікову,
Кіньце беленькі фартух!

Так захапляючыся сялянскай працай і жыцьцём, Цётка аднак мала закранае тэму сялянскай беднасьці. Сама паходзячы, відаць, з досыць заможнай шляхецкай сям'і, якая магла вучыць яе нават у жаночнай гімназіі, пясьнярка пераважна адбівае сярэдні слой параўнальна заможнага насельніцтва. Сакавіта малюе яна, напр., тое задаваленьне і дабрабыт, якія прыносіць з сабой восень уласьне гэтаму слою жыхарства:

Восень міла гаспадыня:
Дзе ні глянеш, поўна скрыня,
То арэхаў, то пшаніцы
Па куточках у сьвятліцы.

Можа ў гэтай сувязі Цёткі пераважна з заможнай часткай насельніцтва і хаваюцца вызнакі ідылічна-эстэтычнага кірунку яе поэзіі: і беларуская прырода, і самы побыт селяніна бяруцца ёй, галоўным чынам, у іх дадатных адзнаках хараства і маляўнічай колёрытнасьці. Але пры такім адчуваньні пекнаты прыроды і побыту роднай краіны тым цясьней была сувязь пясьняркі з айчынай. Усімі сваімі думкамі і пачуцьцямі яна зьліваецца з Беларусьсю; без яе яна адчувае сябе лішнім чалавекам. У вершы "На чужой старонцы" поэтэса так рысуе свае перажываньні, — яна кажа:

Маркотна мне. Чужы я людзям:
Цесна душы. Цесна грудзям.
Бягу думкай ў край далёкі.
У лес цёмны, ў бор высокі,
Ў сваю вёску, ў сваю ніўку.
Бачу выган, бачу сіўку,
Вун кароўкі бягуць з поля...
Ой, да хаткі! Кінь мне, доля,
Хоць расінку з нашай вёскі,
Хоць пылінку, хоць дзьве крошкі
Ад палудня майго брата.
Ой, як люба родна хата!
Ой, як мілы родны рай!
Паляцець-бы, як у край.
Раднюсенька мне сярмяжка,
Шнурок, лапці, каптан, дзяжка...
Ўсё там міла, бо мне родна,
На'т сьмяцінка сэрцу годна.

Цётка крэўна зьвязана ня толькі з беларускай прыродай і абставінамі беларускага побыту: яна адчувае сваю opгaнічную сувязь і з носьбітам гэтага побыту, беларускім народам; апошні рысуецца ёй об'ектыўна, бесстаронна. Пясьнярка ўсьведамляе адарванасьць народных нізоў ад культуры. Прогрэс усё больш і больш мацнее, робіць усё новыя заваёвы, але мужык не зьмяніўся. Адбыліся геолёгічныя зрухі, — "пашні, горы долам, а далы гарамі"; прайшоў цэлы шэраг вынаходак: адкрыты новыя землі, знойдзены порах, кніга, друк, выступіў Копэрнік са сваім адкрыцьцем, але ўсё гэта пранеслася міма селяніна: "мужык не зьмяніўся"; ён, кажа Цётка ў вершы пад гэтай назвай:

...Астаўся цёмны,
Як той бор зялёны.
Астаўся "хамула",
Усімі прыцясьнёны.

І ўсё-ткі моральная перавага на баку гэтага цёмнага мужыка; пры ўсім нявысокім культурным узроўні ён вышэй ад іншых па ўнутраных сваіх якасьцях. Цётка зазначае:

Людзі папсавалі
Свае душы, сэрцы,
Толькі "хам" астаўся
У чыстай спанцэрцы.

Так у поэзіі Цёткі зноў ажывае ідэолёгія народнікаў з іх верай у мужыка, з іх імкненьнем аддаваць яму перавагу перад усімі іншымі клясамі.

Як у сапраўднай народніцы, усе думкі поэтэсы накіраваны на тое, каб палепшыць дабрабыт селяніна. У вершы "Мае думкі" яна, раскрываючы перад намі свае запаведныя ідэалы, кажа:

Хацела-б я быць зярнём пшаніцы,
Упасьць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца без мятліцы,
Даць хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела-б быць я рэчкай быстрай,
Аббегчы родны край!
Дзе напаіць, а дзе скупаць,
А дзе ўтуліцца ў гай.
То зашумець, то зашаптаць.
То спаць ў салодкім сьне,
То зноў сарвацца, зноў гуляць,
Агнём кіпець у дне.

Верш канчаецца сумным прызнаньнем, што Беларусь — край цёмны, што тут "ад цемнаты людзі сьпяць": усе спробы разбудзіць край аказаліся дарэмнымі. Гэта прызнаньне навеяна, бязумоўна, эпохай рэакцыі; аўтар тут як-бы робіць падагуленьне канчатковых вынікаў сваёй рэволюцыйнай дзейнасьці і прыходзіць да сумнага вываду:

Я там б'юся, я там у'юся,
Я ім хаты паламаў,
А ўсё-ж такі не даб'юся.
Каб народ свой голас даў.

Але нават у часы рэакцыі Цётка ніколі не даходзіла да абсолютнай роспачы; у ёй жыла бадзёрая ўпэўненасьць, што ідэалы рэволюцыі будуць мець канчатковую перамогу, і ў сваім вершы "Вера беларуса" яна кажа:

Веру, братцы, людзьмі станем.
Хутка скончым мы свой сон.
На сьвет божы шчырэй глянем.
Век напіша нам закон...
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт.

Поэзія Цёткі, такім чынам, прайшла пад знакам волюнтарызму: у яе вершах сапраўды адчуваецца "волі гарт", напружнае кіпеньне жыцьцёвых сіл, бадзёрая энэргія і ўзьнятасьць, асабліва ў зборніку „Хрэст на свабоду"

Некалькі іншы характар носіць мастацкая проза Цёткі: тут пераважаюць сумныя настроі, ціхі лірызм і засмучэньне па хутка прайшоўшаму жыцьцю.

Лепшымі зьяўляюцца апавяданьні "Асеньнія лісты", „Лішняя" ("Маладая Беларусь", І, 1) і "Зялёнка“ („М. Б." І, 3). У першым апавяданьні малюецца спатканьне двох старых сялян — Сымона і Сьцяпана, якія, прадстаўляючы з сябе сапраўдныя асеньнія лісьці, дзеляцца адзін з адным успамінамі аб уласным жыцьці. На фоне гэтага лірычнага па сутнасьці сужэту выяўлены дзьве галоўныя тэмы. Папершае, малюецца сумная доля селяніна, сымболем якой зьяўляецца крыж—гэты знак пакуты. Падругое, на падставе бытавой тут паказаны псыхолёгічны элемэнт: апісана духоўнае адзіноцтва і сіроцтва, злучанае з шкадаваньнем хутка прабегшага юнацтва. У вусны сялян Цётка ўкладае тут глыбока лірычныя развагі, якія мала адпавядаюць цэльнасьці сялянскай псыхікі. Магчыма прадпалажыць, што псыхолёгічны элемэнт тут да пэўнай ступені зьяўляецца элемэнтам аўтобіографічным. Цётка ўсе сілы свае аддала грамадзкай працы. Але ў ёй была моцнай і смага асабістага шчасьця, якога, відаць, было мала ў яе жыцьці, поўным бязупыннай барацьбы і надмернай працы. Адсюль гэтыя горкія лірычныя думы ў апавяданьні "Асеньнія лісты"; і і сама пісьменьніца магла сказаць аб сабе словамі свайго гэроя: "жыцьцё, як тая муха, бзз... і праляцела". У вусны сялян, відаць, тут укладзены ўласныя адчуваньні; тут у прозаічнай форме дана лірыка індывідуальных перажываньняў. Тая-ж лірыка індывідуальных перажываньняў заўважаецца і ў апавяданьні "Лішняя". Тут ужо зусім адсутнічае соцыяльна-бытавы элемэнт; усё апавяданьне, псыхолёгічнае па сутнасьці, агорнута нейкай романтычнай дымкай няпэўнасьці і нявыразнасьці сваіх контураў... У творы расказана трагічная гісторыя самагубства дзяўчыны, якая, страціўшы свайго каханага, не знаходзіць сабе месца ў жыцьці, адчувае сябе лішняй у сьвеце і непасрэдна пасьля шлюбу яе любага з другой топіць сваё гора ў хвалях ракі. У самым пачатку апавяданьня на фоне пышнай касьцельнай абраднасьці чорнай плямай вырысоўваецца фігура гэтай адзінокай, пакінутай дзяўчыны. Фарбы яшчэ мрачнейшыя пасьля сканчэньня рытуалу. "Разьбіралі мірты, тушылі сьвечкі. Пакрысе выступаў шкілет пышнага хараства. Байка таяла ў тумані". У душы героіні пякельная мука. Яна "ішла і хісталася, ставала, глядзела расшыранымі вачыма ў немату ночы і пытала: ... А мне? ...а я? А маё дзе месца ў жыцьцю? Ламала рукі, а з памятых губ рвалася ні то пытаньне, ні то пракляцьце: ось і сьвет, хвалёны вялікім, прасторным, а мне некуды дзецца на ëм, забыцца...". Ня досыць рэльефна выяўлены мотывы гэтай роспачы; мы ведаем жаданьне ўбачыць яго, сказаць усё, усё; героіню ахапляюць успаміны аб мінулым. "Мілыя, бяз конца багатыя мінуты сьмяяліся да яе, ласкаліся вясьнянымі ўздохамі, апляталі чаромхі шэптам змучаны мозг. Перажыты рай ставаў цяперашнім". Але ўсё гэта ў мінулым. На зьмену ўспамінам "зноў праўда вужак з дзікім рогатам прыступіла да ахвяры". У апавяданьні абмалёвана, такім чынам, паступовае нарастаньне адчаю ў душы „лішняй", якое заканчваецца катастрофай. "На заўтра па сіняй рацэ плыў труп; у спакойных яго вачох іграла сонейка. Сьледам за ім быстра надбягала рэха тужлівай песьні плытніка. Гнаў дубы, сьпяваў і думаў, што там у хаце мілай сумна... А на дне русалкам-сёстрам нова госьця былі складала".

Калі паданае апавяданьне зьяўляецца выключна псыхолëгічным па свайму характару, то у творы "Зялёнка" таксама, як і ў першым апавяданьні "Асеньнıя лісты", мы зноў бачым злучэньне быту і псыхолёгіі. Тут даны абразкі з жыцьця студэнцтва і на фоне побыту выяўлены перажываньні курсісткі Зялёнкі, якая стаіць у цэнтры апавяданьня. Яна хварэе на сухоты, вызначаецца душэўнай замкнёнасьцю, скрытнасьцю; знаходзіцца ўвесь час у цяжкім задуменьні. Пераважаюць у яе сумныя васеньнія настроі. Побач з псыхолëгічнымі накідамі досыць колёрытна паказаны побыт студэнцтва; прадстаўлены гэтыя прыяцельскія сходы, вечарынкі па суботах у Зялёнкі. Добра схоплена тут надворнае імкненьне да вясёласьці побач з унутранымі трывожнымі думкамі аб лёсе прыяцелькі: "п'юць гарбату, сьмяюцца, але сьмех нейкі недасьмеены; гоман недагамонены". Некалькімі штрыхамі мастацкага пэндзля тут добра акрэсьлены характары студэнтаў. Перад намі выступаюць украінец Хведарчук, эмоцыянальная натура, які любіць пад акомпанімэнт бандуры сьпяваць: "Ах мамко, мамко, нашто мене народила", так галосіць шчыра, што быццам сапраўды сірата ўбіваецца на помінках роднай мацеры". Выступаюць перад намі далей Барабейка—музычная натура, Кульгач—сірата, які вясёла сьпявае "любви все возрасты покорны" і марыць аб Шаляпіну; Сібіра—вялы, апатычны чалавек; студэнт Шмулька, іdèe fіxe якога зьяўляецца мара аб тым, каб яўрэі зьвярнулі з дарогі асыміляцыі. Кожны вобраз тут добра і памастацку выяўлены. Ня гледзячы на трывогі аб здароўі Зялёнкі, у гэтай студэнцкай кампаніі адчуваецца заразьлівы настрой юнацтва; сыплюцца жарты, вастроты. Але ня толькі забаўляцца ўмее гэта моладзь; адначасна яна выказвае і гуманныя грамадзкія пачуцьці. На вечарынцы робіцца паведамленьне, што ссыльныя ў Якуцку галадуюць, "зіма ідзе, а іх адзеньне хоць па ветру пускай". І ў адзін момант без усялякіх гутарак і разважаньняў у моладзі гатова рашэньне: "ну што-ж, трэба нам падаткам сябе аблажыць і зараз выслаць хаця крыху... Хто пры сабе меў грошы, зараз палез да кішэні".

Фінал апавяданьня, як зазвычай у прозе Цёткі, трагічна сумны. Героіня памірае на концэрце, куды яна ідзе, ня глядзячы на сваю цяжкую хваробу. Асабліва трапна пераданы перадсьмяротныя адчуваньні Зялёнкі, навеяныя музыкай. "Смычок чуць-чуць даткнуўся, азваліся струны... ціхая мэлёдыя, як першы ўздох дзіцяці, палілася; ідзе, вядзе некудысь у засьветныя разлогі чыстага лірызму. Маладая душа верыць у шчасьлівыя далі, узьнімаецца, рвецца да іх сьмелым лётам... у яе адзін за другім громы абману, зла... Змагаецца з цёмнымі сіламі прозы, б'е скрыдламі ў нябесныя скляпеньні поэзіі. Бой даходзіць фазы сьмерці і жыцьця. Белая шата паволі пакрываецца крывавай расой. Скрыдлы апускаюцца, і ужо сьмяртэльна ранена моладасьць плача, скуліўшысь у варот шчыльна зачыненага раю шчасьця"...

Узятая ў цэлым, мастацкая проза Цёткі прадстаўляе сабой гэтак сама парываньне "ў засьветныя разлогі чыстага лірызму". Разгледжаныя тры апавяданьні яе па сутнасьці зьяўляюцца лірычнымі імпрэсыямі. Дынамічная фабула ў іх адсутнічае; яны насычаны абмалёўкай душэўных настрояў; самая форма іх у некаторых месцах прадстаўляе сабой разьмерана-рытмічную, музычную прозу, якая так адпавядае выяўленьню лірычных эмоцый. Праз усе імпрэсіі, як мы бачылі, чырвонай пасмай праходзіць адна гэта тэма душэўнага адзіноцтва і сіроцтва. Але ў кожнай даецца свая асобная проэкцыя магчымай разьвязкі гэтага душэўнага стану. У адным выпадку перад намі адзінокая старасьць з яе мэлянхолічнымі ўспамінамі аб прошласьці і смутным шкадаваньнем юнацтва ("Асеньнія лісты"); у другім выпадку востры прыступ роспачы, які прыводзіць да трагічнай катастрофы ("Лішняя"); нарэшце, намячаецца і трэцяе выйсьце з стану моральнай дэпрэсіі—романтычныя ўцёкі ад жыцьця ў галіну мары і мастацтва.

Так пісьменьніца проэктавала ў знадворны сьвет розныя магчымыя варыяцыі свайго ўласнага стану, які, відаць, абхапіў яе ў гады мрачнай рэакцыі 1912 і 1913 г. г., калі надрукаваны былі зазначаныя апавяданьні.

Крытык Ант. Навіна разглядае трагедыю душы Цёткі выключна ў роўніцы асабістага шчасьця. У часы заняпаду душэўных сіл у пісьменьніцы,—кажа ён,—"выступае жаль па зьнішчанаму жыцьці—жаль, што ў няўстаннай рабоце дзеля ідэалу так мала было ясных праменяў асабістага шчасьця, шчасьця для сябе і праз сябе. Слабее гарт душы і панаваць хоча цела,—але цела ужо бясьсільнае".[2] Для нас трагедыя душы Цёткі мае і свой іншы бок—бок грамадзкі. Акідаючы агульным поглядам творчасьць пясьняркі, ня цяжка заўважыць, што настраёвасьць яе ўтварае сабой рэзка падаючую крывую лінію. У першым зборніку "Хрэст на свабоду" поэтэса ўся гарыць вялікім полымем рэволюцыйнага ўздыму; у другім зборніку "Скрыпка беларуская" гэта полымя часам крыху пакрываецца шэрым попелам супакойнай ідылічнасьці, але канчаткова бадзёрасьць не пакідае яшчэ пясьнярку ("Вера беларуса" ды інш. вершы); нарэшце ў пазьнейшых прозаічных творах ужо чуюцца хаўтурныя мэлёдыі асабістага смутку і расчараваньня. Характарна, што паралельна зьменам настраёвасьці Цёткі зьмяняецца і самая форма яе твораў. У зборніку "Хрэст на свабоду" стыль дэклямацыйны, багаты на воклічы, рыторычныя пытаньні і звароты, у якіх выліваецца пафос барацьбы; Цётка як-бы выступае тут у ролі мітынговага прамоўцы, які хоча запаліць сваю аўдыторыю агнём рэвалюцыі. Вершы першага зборніка, гэта публіцыстыка, прыкрытая нязграбнымі рытмамі. У другім зборніку стыль яскрава эмоцыянальны; ён пярэсьціцца ласкавымі эпітэтамі, пяшчотнымі мэтафорамі і сакавітымі параўнаньнямі: у гэтых стылістычных сродках выяўляецца пяшчотна-ідылічны настрой пясьняркі. У апавяданьнях яе паасобныя часткі прадстаўляюць сабой узоры музычна-рытмічнай прозы, бо ў такой лірычнай форме лягчэй за ўсё выказаць скаргі хваравітай душы; у падобнай форме, напр., Новаліс у сваіх "Гімнах ночы" вылівае романтычны смутак сваёй душы, Тургенеў у сваіх "Стихотворениях в прозе" разьбівае ілюзіі чалавечага жыцьця і поглядам мрачнага пэсымістага акідае сьветабудову.

У зьмене настрояу Цёткі, якой адпавядае зьмена знадворнай формы яе творчасьці, можна заўважыць пэўную законамернасьць. Уздым рэволюцыйнай хвалі ў 1905 г. спараджае адпаведны настрой сугучнасьці і ў поэзіі беларускай пясьняркі. Мутныя плыні рэакцыі, якая затапіла сабой першую рэволюцыю, адкідаюць ад сябе мрачныя цені і ў душу Цёткі. Распад асобы, адрыў яе ад колектыву, якія наглядаюцца заўжды ў эпохі бесчасоўя, спараджаюць у поэтэсы настроі гамлетызму з яго рэфлексыяй і цяжкой мэлянхоліяй. Бадзёры вокліч "мы сіла, мы права" — вокліч, які кінуты Цёткай у першым нумары "Нашай Долі", у якім сконцэнтравалася воля мас, у часы рэакцыі замяняецца ў яе маркотнымі нотамі ныцьця і шкадаваньня па асабістых уцехах. Гордая арліца, узьмятнуўшая сваімі скрыдламі ў блакітную высь рэволюцыйнага ідэалу, абарачаецца, нарэшце, у нудную чайку, якая стогне і енчыць перад бурай...


  1. Нашы песьняры Вільня. 1918 г., стар. 58.
  2. Op. cіt. Cтар. 68.