Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха распаду і ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі/Францішак Багушэвіч
← Драматычныя творы Дуніна-Марцінкевіча | Францішак Багушэвіч Манаграфія Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1928 год |
Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Францішак Багушэвіч (Піятуховіч). |
ФРАНЦІШАК БАГУШЭВІЧ
Францішак Багушэвіч у гісторыі беларускае літаратуры займае асабліва выдатнае і пачэснае месца. Творчасьць поэты становіць сабой заваротны момант у разьвіцьці беларускай грамадзкай думкі і, апроч таго, прадстаўляе сабой значныя, чыста мастацкія дасягненьні. Ідэёвы бок літаратурнай спадчыны Багушэвіча асабліва зварачае на сябе ўвагу ў наш час калі пад сьцягам пролетарскай рэволюцыі закладаюцца моцныя падваліны культурна-нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня Беларусі. У думках Багушэвіча, песьняра гэтага адраджэньня, можна выявіць першапачатковае зараджэньне так сказаць, эмбрыон тых ідэалаў, якія зьяўляюцца баявым лёзунгам сёнешняга дня. Так пытаньне а Багушэвічу набывае для нас ня толькі гістарычнае, але і сьцісла актуальнае значэньне.
На правялікі жаль, ня гледзячы на ўсю вялізарнасьць гэтага значэньня, мы стаім перад фактам амаль што поўнай адсутнасьці біографічных і ўсялякіх іншых матэрыялаў, патрэбных для об'ектыўнага высьвятленьня асобы поэты і яго творчасьці. У даным пытаньні, як і наогул у галіне беларускага пісьменства, дасьледчым плугам прыходзіцца араць амаль што зусім ня вораную глебу, узьнімаць сьвежую цаліну. Зразумела, што пры гэткіх варунках адкрываецца шырокая магчымасьць гіпотэтычных пабудоў. Магчыма, што і наша першая спроба больш-менш навукова падыйсьці да пытаньня а Багушэвічу ня будзе пазбаўлена элемэнту гіпотэтычнасьці у некаторых выпадках. Але падтрыманьнем нам служыць думка, што гіпотэзамі пасоўваецца наперад усякая навука тым болей ня унікнуць іх маладой навуцы гісторыі беларускае літаратуры.
Спачатку некалькі слоў а жыцьці поэты.
Дробны шляхціц па пахаджэньні, які нарадзіўся ў 1840 г. ў Ашмяншчыне, на Віленшчыне, Францішак Багушэвіч праходзіць навуку спачатку ў Вільні, а потым у Пецярбурзе, на фізычна-матэматычным факультэце унівэрсытэту. Польскае паўстаньне 1863 г. застае яго народным настаўнікам у роднай Ашмяншчыне. Багушэвіч прымае актыўны ўдзел у паўстаньні, сур'ёзная рана ў нагу пагражае яму сьмерцю, але адзін селянін выратоўвае яго. Відаць, з мэтай замесьці свае сьляды паўстанца, Багушэвіч кідаецца на Украіну і там, у Нежынскім Юрыдычным ліцэі, атрымлівае закончаную вышэйшую асьвету. Цягнуцца потым доўгія годы службовай працы спачатку ў Канатопе, у якасьці сьледчага, а потым у Вільні, у якасьці адвоката. У 1900 г. ён у роднай Ашмяншчыне знаходзіць сабе апошні і адвечны прытулак.
Вось кароткія асадкі жыцьця Багушэвіча, якія можна устанавіць па тых надрукаваных матэрыялах, што маюцца.[1]
Гэтыя матэрыялы прадстаўляюць сабой хутчэй паслужбовы сьпіс поэты, а не біографію яго ва ўласным сэнсе. Шмат вельмі цікавых пытаньняў, зьвязаных з асобай поэты, застаюцца для нас адкрытымі. Адзінай крыніцай для характарыстыкі ідзолёгіі аўтара ды яго моральнага аблічча ў цэлым застаецца ў нас у даным выпадку літаратурная спадчына беларускага песьняра.
Некаторыя творы Багушэвіча да гэтага часу яшчэ захоўваюцца ў рукапісах, напр., "Беларуская скрыпка" (знаходзіцца ў Б. І. Эпімах-Шыпілы). З надрукаваных твораў бясспрэчна самымі выдатнымі і галоўнымі зьяўляюцца два зборнікі вершаў: „Дудка Беларуская" (Кракаў, 1891, было 5 выданьняў) і "Смык Беларускі (Пазнань, 1894, было 4 выданьні). Апроч таго, у "Нашай Ніве" за 1907 г. надрукована некалькі прозаічных апавяданьняў Багушэвіча: "Сьведка" (№ 9), "Палясоўшчык" (№ 10), "Дзядзіна" (№ 25). З больш дробных твораў можна яшчэ зазначыць надрукаваны ў "Варце", 1918 г., № 1, стар. 15-16 і паўтораны ў выданьні "Часопісь", 1920 г., № 2, верш "Ясьне Вяльможнай Пані Арэшчысе" (для альбома Оржэшкавай). З імем Багушэвіча злучаюць яшчэ два маленькія творы: невялічкае апавяданьне ў прозе "Tralalo noczka" і напісанае у форме проклямацыі апавяданьне а зачыненьні касьцёла ў Крожах у 1893 г., але пэўных вестак а прыналежнасьці гэтых твораў Багушэвічу ня маецца.[2]
Мы спынімся, галоўным чынам, на разглядзе твораў, зьмешчаных у зборніках "Дудка Беларуская і "Смык Беларускі", бо гэтыя творы вызначаюцца вялікімі вартасьцямі і з боку ідэёвага, і з боку мастацкага; імі выключна азначаецца творчая постаць поэты; іншыя творы яго-гэта драбніцы, літаратурныя бязьдзелкі.
Характар сваёй музы сам поэта вельмі трапна зазначае ў вершы "Мая Дудка", якім адкрываецца першы зборнік яго твораў. Гэты ўступны верш-прэлюдыя, у якой ужо моцна гучаць агульныя акорды сымфоніі, і ў гэтай прэлюдыі спачатку поэта выказвае замер наладзіць сваю ліру на вясёлы мажорны тон; зварачаючыся да сваёй дудкі, ён кажа:
"Заграй так вясёла, |
Але дудка ня слухае песьняра: з яе вылятаюць мінорныя гукі енку; поэта праконваецца, што яму трэба ўзяць другі лад:
"Енчыш бяз умолку. |
Га! зраблю ж другую, |
У гэтым уступным вершы мы маем каштоўны помнік творчай самасьвядомасьці поэты; Багушэвіч зазначае, што ён далёкі ад задач і мэт "чыстага мастацтва"; пэўна акрэсьлена ўстаноўка яго творчасьці на ідэёвасьць, на раскрыцьцё грамадзкіх тэм аб сконе роднага народу і аб яго долі, - адсюль вынікае пераважнае панаваньне ў творчасьці беларускага песьняра мотываў нацыянальных і соцыяльных.
Нацыянальную проблему вызваленьня беларускага народу Францішак Багушэвіч асабліва шырака ставіць у сваёй прозаічнай прадмове да "Дудкі Беларускай". У грунт нацыянальнай справы ён кладзе адраджэньне беларускай мовы. Гэта апошняя, на яго погляды, галоўная адзнака нацыі. Народ, як цэльны і самастойны організм, жыве, пакуль існуе яго мова. "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім памёрлі". Выходзячы з гэтага прынцыпу, Багушэвіч энэргічна бароніць правы беларускай мовы. У час поўнай русыфікацыі ён адважна зазначае: "Мова наша ёсьць такая-ж людзкая і панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Гэта думка, зрабіўшаяся труізмам у наш час, для часу Багушэвіча была досыць орыгінальнай і сьмелай, калі прыняць пад увагу, што тады, як зазначае і сам поэта, беларуская мова зьніжана была на ступень толькі народнага дыялекту і лічылася "мужыцкаю" моваю. З добрароднай шчырасьцю беларускі пясьняр прызнаецца, што ён і сам калісь стаяў на гэтай позыцыі тагочасных інтэлігентых: "Я сам калісь думаў, — зазначае ён, — што мова наша — мужыцкая мова і толькі таго". Цяпер, пераконаны ў высокіх вартасьцях беларускай мовы і у агромністым значэньні яе для беларусаў, поэта дае наказ: "Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі. Пазнаюць людзі ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць, о то-ж гаворка, язык і ёсьць адзежа душы". Выказаўшы гэткія погляды на беларускую мову, Багушэвіч падае яшчэ два довады аб канечнасьці адраджэньня яе. Поэта адзначае бясспрэчны факт існаваньня ў мінулым беларускай мовы, як мовы літаратурнай: "Чытаў я ці мала старых папераў па дзьвесьце, па трыста гадоў таму пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як-бы вот цяпер пісалась". І потым гэты гістарычны довад ён узмацняе яшчэ довадам этнографічным-з паказаньнем на існаваньне нацыянальнай культуры ў народаў меншых па колькасьці за беларусаў. З вялікім засмучэньнем душы наш поэта зазначае: "Якаясь маленькая Баўгарыя-са жменю таго народу, якіясь-ці харваты, чэхі, маларосы і другія пабратымцы нашыя і розныя чужыя жыды маюць па свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і сьмешныя, і сьлёзныя, і гісторыйкі, і баечкі, і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як-бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць пасвойму, дык можа-б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што піша памужыцку і, як дурня, абсьмяялі-б".
Прадмова Багушэвіча па сутнасьці сваёй — твор публіцыстычны: яна прысьвечана абароне ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня і выяўленьню ўласнага credo аўтара па гэтым пытаньні. Але ўжо і ў гэтай публіцыстыцы выяўляецца сапраўдны поэта, які мысьліць вобразамі. У Багушэвіча часта ў гэтай прадмове можна констатаваць імкненьне ня столькі лёгічна да канца разьвіць тое ці іншае паняцьце, колькі даць нам трапны і маляўнічы вобраз: поэта, як мы бачылі, падае, напрыклад, аналёгію між нацыянальным заняпадам народу, які страціць сваю мову, і сконам паасобнага індывідууму, якому мову займе перад сьмерцю; другі вобраз: "у сярэдзіне Літвы, як тое зярно у гаросе, была наша зямліца Беларусь". Асабліва гэты нахіл да маляўнічасьці выяўляецца ў тым тлумачэньні, якое Багушэвіч дае слову "Беларусь"; ён ня робіць тут філёлёгічных досьледаў адносна пахаджэньня і сапраўднага значэньні тэрміну,- для яго больш паважным зьяўляецца і тут даць нам трапны вобраз: "Спрадвеку, як наша зямелька, - піша Багушэвіч, з Літвой злучылася, як і з Польшчай зьядналася дабравольна, дык усе яе "Беларусіяй" звалі і недарма-ж гэта. Не вялікая, не малая, ня чырвоная, ня чорная яна была, а белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася".
Гэткім чынам мы бачым, што ў "Прадмове" Багушэвіча побач з элемэнтамі чыстай публіцыстыкі ёсьць і некаторыя элемэнты мастацкасьці: поэта малюе тут вобразы, якія ў цэлым выяўляюць сваяасаблівую романтыку мінулага.
Погляды на нацыянальную беларускую справу, выказаныя ў "Прадмове", Багушэвіч далей разьвівае і паглыбляе у сваіх вершах. Папершае, ён узмацняе тут сваю позыцыю дова дам псыхолёгічным. У вершы "Мая хата" поэта разьвівае думку аб глыбокай органічнай сувязі, якая ўтвараецца паміж чалавекам і айчынай.
Хата, якую малюе беларускі пясьняр, гэта сымболь усёй тагачаснай Беларусі з яе беднасьцю і разбурэньнем.
Бедная-ж мая хатка, расьселася з краю,- |
І далей поэта сьведчыць, што ён ня зьменіць гэтай хаты, гэтай роднай айчыны на іншую, хоць-бы і багацейшую.
Сваталі-ж мне ў прымы ў новую хату; |
А хоць сілай, нават, адарвалі-б з дому, |
Ня цяжка ў гэтым вершы заўважыць аўтобіографічную аснову: поэта сам бадзяўся на чужыне, доўгі час жыў на багатай Украіне, але, відаць, заўжды яго цягнула з зямлі ўраджайнай на сваю бяднейшую, але за тое родную і любую сэрцу зямельку-Беларусь, і апошні прытулак ён знайшоў у роднай Ашмяншчыне.
Сам гэтак моцна адчуваючы сувязь з роднай краінай, Багушэвіч абураецца супраць рэнэгатаў, адшчапенцаў ад роднай глебы. Помнік гэтага абурэньня-верш "Калыханка". Тут малюецца вобраз сялянкі, якая над калыскай сына марыць аб яго долі. Перад ёй разгарнаюцца розныя малюнкі магчымай будучыны дзіцëнка, паўстае думка, што можа ён зробіцца калі панам; спачатку гэта пэрспэктыва зачароўвае маці, але потым яна з ненавісьцю адхіляе гэткую магчымасьць пры думцы, што панства зьвязана з прыгнечаньнем другіх і рэнзгацтвам, адмаўленьнем ад роднага. Маці ў сваёй калыханцы сьпявае:
Можа будзеш калі панам |
Беларускі народ, страціўшы пачуцьцë нацыянальнай сьвядомасьці, сымболічна прадстаўлены ў вершы: "Хмаркі". "Хмаркі" ня ведаюць, дзе яны радзіліся, дзе "тутэйшымі" называліся, гэтак і беларускі народ ня ведае сваёй айчыны.
У апошніх двух строфах вершу мы знаходзім асабліва маляўнічы па форме і багаты на зьмест зварот поэты да хмарак:
Зямлі родненькай, знаць, няма у вас, |
У вобразна-алегорычнай форме тут выражана глыбокая па сутнасьці думка: як хмаркі, праліваючыся дажджом і самі зьнікаючы, даюць жыцьцё зямлі, гэтак і беларускі народ у процэсе сваёй дзнацыяналізацыі ўзмацняе іншыя організмы: досыць успомніць тут Адама Міцкевіча, Сыракомлю, Дастаеўскага, Глінку ды інш. Гэтыя выдатныя гэніі, беларусы па пахаджэньні, аддалі свае сілы іншым культурам.
Гэткім чынам, у творах Багушэвіча, прасякнутых нацыянальным пафосам, можна выкрыць наступныя элемэнты - разумовыя і эмоцыянальныя:
a) ідэю нацыянальнага адраджэньня Беларусі, якая грунтуецца на гістарычным, этнографічным і псыхолёгічным довадах;
б) замілаваньне да роднага краю;
в) засмучэньне над нацыянальным сконам беларусаў;
г) абурэньне супраць рэнэгацтва;
д) романтыку мінулага.
Ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальным пытаньні становіць сабой паважны момант у разьвіцьці беларускай грамадзкай думкі. Гэта ідэолёгія акрэсьлівае сабой галоўныя мотывы творчасьці новага беларускага пісьменства. Наступныя беларускія песьняры будуць пашыраць і паглыбляць тэмы, даныя ужо ў творчасьці Багушэвіча.
Вынікае пытаньне, дзе-ж крыніцы думак гэтага піонера беларускага нацыянальнага руху, як сьпелі і пад якімі ўплывамі разьвіваліся ідэалы нашага поэты.
Грунтоўная падстава ідэолёгіі Багушэвіча - гэта, бязумоўна, соцыяльныя варункі яго эпохі. 2-ая палова мінулага сталецьця, на якую прыпадае чыннасьць Багушэвіча, гэта пара ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі і разьвіцьця ў нас прамысловага капіталізму. З гэтым экономічным фактарам зьвязаны нацыянальны рух на Беларусі, як і наогул усякі нацыянальны рух. "Ва ўсім сьвеце, - кажа Ленін, - эпоха канчатковай перамогі капіталізму над фэўдалізмам была зьвязана з нацыянальнымі рухамі. Экономічную аснову гэтых рухаў становіць тое, што для поўнай перамогі таварнага вырабу неабходна заваёва ўнутранага рынку буржуазіяй, неабходна дзяржаўнае згуртаваньне тэрыторый з жыхарствам, якое гаворыць на аднэй мове, пры скасаваньні ўсялякіх перашкод разьвіцьцю гэтай мовы і замацаваньню яе ў літаратуры. Мова ёсьць найважнейшы сродак чалавечых зносін; адзінства мовы і бесьперашкоднае разьвіцьцё яе ёсьць адна з найважнейшых умоў сапраўды свабоднага і шырокага, адпавядаючага сучаснаму капіталізму, гандлёвага звароту, свабоднага і шырокага згрупаваньня жыхарства па паасобных клясах,-нарэшце, умова цеснай сувязі рынку з усякім і кожным гаспадаром і гаспадарчыкам, прадаўцом і купцом".[3] Аналёгічную думку аб залежнасьці нацыянальнага руху ад экономікі выказвае і Сталін. "Нацыя,-кажа ён,-зьяўляецца ня проста гістарычнанай катэгорыяй, але гістарычнай катэгорыяй пэўнай эпохі, эпохі ўзрастаючага капіталізму. Процес ліквідацыі феудалізму і разьвіцьця капіталізму зьяўляецца ў той-жа час процесам складваньня людзей у нацыі".[4]
Пад уплывам зазначаных соцыяльных умоў нацыянальнае пытаньне ў часы Багушэвіча робіцца актуальным ня толькі на Беларусі: разьвіваецца нацыянальны рух у іншых старонках. На Украіне, напр., у гэты час разьвіваюць сваю чыннасьць: Куліш, Кастамараў, шэўчэнка ды інш. Яны, падобна да Багушэвіча, бароняць правы роднай мовы, шырака ставяць проблему адраджэньня роднага народу. Нават сярод расійцаў, вялікадзяржаўнага тагачаснага пляменьня, зьяўляюцца людзі, якія паднімаюць свой голас у абарону прыгнечаных нацый. Герцэн, напр., бароніць правы палякаў, ён разьвівае нацыянальнае пытаньне ў напрамку фэдэралізму. Паводле яго поглядаў: "Фэдэралізм-адзіная аснова, на якой славянства павінна аб'яднацца і на якой яно будзе моцным і незалежным"[5] Герцэн выступае ў якасьці праконанага ворага тагачаснай расійскай цэнтралізацыі. Ён піша: "Цэнтралізацыя, якая прыносіць у афяру самабытнасьць частак, якая імкнецца да паліцэйскага аднастайнага фронту і забівае ўсё індывідуальнае, характарнае, мясцовае, - заўжды будзе хі стацца паміж Міколай і Банапартам.[6] Яшчэ далей ў гэтых адносінах ідзе М. Бакунін: "Я думаю, - піша Бакунін, - што ўся Украіна, і таксама і Беларусь, будуць самаістымі сябрамі агульна-славянскай сувязі. Я вымагаю толькі аднаго, каб кожнаму народу, кожнаму малому і вялікому племю былі даны магчымасьці і правы дзейнічаць згодна ўласнае волі. Жадае ён зьліцца з Расіяй ці з Польшчай-няхай зьліваецца. Хоча быць самаістым-няхай будзе гэткім. Урэшце, хоча ён зусім ад усіх аддзяліцца і жыць на варунках зусім асобна дзяржавы-бог з ім, няхай аддзяляецца"[7]
Як украінскі нацыянальны рух, гэтак і ідэі Герцэна ды Бакуніна, магчыма прадпалажыць, да пэўнай ступені маглі зрабіць свой уплыў на Францішка Багушэвіча. Сам поэта, зазначаючы зьмену сваіх поглядаў на беларускую мову, тлумачыць гэтую зьмену жыцьцёвай практыкай і ўплывам кніжок; ëн кажа: "шмат дзе я быў, шмат чаго відзеў, і чытаў і праканаўся, што мова наша ёсьць такая-ж людзкая і панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая".
З жыцьцяпісу Багушэвіча вядома, што ён доўгі час, як мы бачылі, жыў на Украіне; ёсьць весткі, што, жывучы там, беларускі пясьняр навучыўся надта добра гаварыць па украінску і дасканала пазнаёміўся з народным украінскім жыцьцём".[8] Гэткія факты сьведчаць, што ў асобе Багушэвіча Украіна мела далёка ня звычайнага казённага ўрадоўца, а мела чалавека, які ўважліва прыглядаўся да акаляўшых яго форм жыцьця. Магчыма, што пры гэткіх умовах і ідэолёгі украінскага нацыянальнага руху маглі зрабіць свой уплыў на нашага поэту. Што да ўплыву на яго ідэй Герцэна і Бакуніна, то магчымасьць гэтага ўплыву вынікае з таго факту, што Багушэвіч у пачатку 60 гадоў быў студэнтам Пецярбургскага унівэрсытэту. А гэта, як вядома, быў час, калі моцна гучэў "Колокол" Герцэна, калі студэнцтва, паводле слоў проф. М. П. Пакроўскага, прадстаўляла сабой "ніжэйшы слой расійскага рэволюцыйнага руху".[9]
Ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальным пытаньні, якая вынікла ў сувязі з пэўнымі соцыяльнымі ўплывамі і канчаткова сформавалася, можна думаць, пад рознымі пабочнымі ўплывамі, носіць на сабе выразныя сьляды клясавай псыхолёгіі поэты. Шляхціц па пахаджэньні, бязьлітасным ходам гісторыі выкінуты ў стракаты натоўп разначынцаў, Багушэвіч крэўна ўсё-ж ткі зьвязаны са сваёй клясай: сваім духоўным тварам ён зьверунты да даўно мінулага, калі яго кляса была гаспадаром жыцьця. Шукаючы ў гэтым мінулым падстаў для сучаснага, поэта шырокім пэндзалем з вялікім захапленьнем малюе нам вялікадзяржаўнасьць Літвы. "Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, - піша ён у сваёй "Прадмове",-да панаваньня князя Вітэніса на Літве, Беларусь разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьцяў, і шмат местаў, як Полацак, прызнавалі над сабой панаваньне князёў літоўскіх, а пасьля Вітэніса літоўскі князь Гэдымін злучыў зусім Беларусь з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседзяў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора удоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмана; ад Каменца-места аж да Вязьмы,-у сярэдзіне Вялікаросіі, ад Дынабургу і за Крамянчык, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно у гаросе, была наша зямліца - Беларусь".
Як зачарованы рыцар, праспаўшы цэлыя сталецьці, Багушэвіч і пад сьвіст фабрычных гудкоў усё яшчэ марыць а сваёй пекнай даме сэрца - Беларусі даўно мінулага, забываючыся, што кола гісторыі ня можа павярнуць назад.
Але побач з бязгрунтоўнай романтыкай мінулага ў ідэолёгіі Багушэвіча па нацыянальным пытаньні ёсьць бязумоўна і здаровыя элемэнты. Поэта не замыкаецца ў вузкае кола толькі нацыянальных ідэй. Ён пад нацыянальнае пытаньне падводзіць шырокі соцыяльны базіс, добра разумеючы, што ва ўмовах эксплëатацыі, соцыяльнага ўціску сякае нацыянальнае адраджэньне - гэта фікцыя.
Адсюль у творчасьці Багушэвіча мотывы нацыянальныя цесна злучаюцца з мотывамі соцыяльнымі. Падобнае злучэньне мы бачым ужо ў вершы "Калыханка"; тут панства разглядаецца ня толькі ў аспэкце нацыянальным, як рэнэгацтва, але і ў аспэкце соцыяльным, як кляса, што грунтуецца на эксплëатацыі. Адналькова разглядаецца панства і ў вершы "Ахвяра":
Маліся-ж, бабулька, да бога, |
Апроч твораў, у якіх злучаюцца мотывы нацыянальныя і соцыяльныя, у Багушэвіча ёсьць шмат твораў, працятых выключна соцыяльным зьместам.
У вершах з соцыяльным зьместам Багушэвіч малюе два станы: паноў-эксплёататараў і прыгнятальнікаў, і сялян, якія пакутуюць ва ўмовах прыгнечаньня. У адным стане - багацьце, задаваленьне, у другім-беднасьць і цемра.
Адзін ходзе у саеце, |
Часам у гумарыстычным асьвятленьні малюе пясьняр гаротную долю селяніна, але гэта горкі сьмех скрозь сьлёзы чыста гогалеўскі, душу шчэмячы сьмех:
Ці-ж ня дурань мужык гэта: |
Мяккім і пяшчотным гумарам, поўным засмучэньня і ціхай развагі, павявае ад вершаў Багушэвіча, якія малююць побыт селяніна. Наадварот, у вершах, рысуючых працілеглы соцыяльны стан, адчуваецца жоўчнасьць, заўважаюцца сатырычныя малюнкі, поўныя злосьці ды абурэньня.
Агідны і брыдкі самы знадворны выгляд пана, як малюе яго поэта:
Рукі ў яго, як падушкі, |
Агіднае па выгляду панства ня лепш і з боку унутранага: яно зьвязана з моральнай распустай, ашуканствам і паразітарным жыцьцём ("Ахвяра", "Быў у чыстцы"). Пан нават у сваіх гуманных імкненьнях аказваецца прыгнятальнікам селяніна. У вершы "Скаціная апека" пан выступае ў якасьці абаронцы жывёлы, але гэтая гуманнасьць дорага каштавала селяніну: ён быў пабіты, абабраны, кабыла яго здохла. Сумна разважае наш небарака:
Вот дык дажыўся. Узналі-б іх злыдні, |
Нават у час апошняга разьвітаньня з жыцьцём пан выяўляе сваю прагавітасьць, і яго сьмерць зусім не падобна да сьмерці селяніна. З эпічным супакоем і прастатой памірае гаротны працаўнік:
Ён дык лёгка умёр, |
Умарылася сьмерць, пан раве. |
Гэтак Багушэвіч яскравым прожэктарам сваёй сатыры імкнецца асьвятліць адмоўныя бакі панства. Але галоўным гэроем яго твораў усё-ж ткі застаецца ня пан, але селянін і вёска з яе беднасьцю і цемрай. Багушэвіч - засмучэньнік народнага гора; гэтаму гору прысьвечаны лепшыя яго песьні; панства большаю часткаю рысуецца беларускім поэтаю не само па сабе, а ў яго адносінах да селяніна.
Гэта напружная ўвага да сялянства цесна зьвязвае нашага поэту з эпохай 60 і 70 гадоў. Селяніна ў зазначаны пэрыод высоўваюць на сцэну об'ектыўныя ўмовы жыцьця. Сялянскія паўстаньні, якія з году ў год усё павялічваліся перад рэформай 19 лютага, ня спыніліся, як вядома, і пасьля гэтай рэформы. Народнае бушаваньне, як сьведчыць Пакроўскі, было цяпер па сваіх разьмерах нават больш сур'ёзным, чым абурэньні дзён Крымскай кампаніі;[10] толькі ў працягу двох гадоў (1861-1863) было 1.100 узбурэньняў.[11] Селянін гэткім чынам заяўляе а сваіх правох на жыцьцё. У тон жыцьцю і літаратура выяўляе агромністую цікавасьць да "мужыка". Беларускі поэта падзяляе гэтую цікавасьць: ён у сваёй творчасьці селяніну адводзіць пераважнае месца.
Але ня толькі гэта ўвага да сялянскіх мас цесна зьвязвае беларускага поэту з эпохай 60 і 70 гадоў: яшчэ больш органічная сувязь выяўляецца ў даных адносінах з таго, як Багушэвіч ставіць і разьвязвае соцыяльнае пытаньне.
Для ідэолёгаў эпохі 60 гадоў характарным зьяўляецца асаблівая ўвага да экономікі. Герцэн, напр., экономічную проблему кладзе ў грунт свайго соцыяльнага сьветапогляду. У стасунку да політычных пытаньняў ён выяўляе вялікі скэптыцызм і індэфэрэнтызм. Яго не захапляе лёзунг політычнай свабоды, парлямантарызму. Паводле яго поглядаў, сапраўдная свабода немагчыма без соцыяльнай і экономічнай роўнасьці. За політычнай свабодай Герцэн прызнае толькі гістарычнае значэньне. "Політычная свабода, - піша ён, - пры сваім нараджэньні дала сьвету гэрояў-волатаў, а потым вялікая асноўная думка революцыі хутка перагнула ў поліцыю, інквізыцыю, тэрор, прышла ў тупік. Зьмяніліся толькі дзяржаўныя формы, а формы жыцьця засталіся ранейшыя... Усё няшчасьце мінулых зваротаў ставіць уласнае апушчэньне экономічнага боку, які тады яшчэ ня быў настолькі сьпелым, каб заняць сваё месца. Тут адна з прычын, чаму вялікія словы ды ідэі засталіся словамі і ідэямі і-што горш таго, надакучылі".[12] Гэтак сама і Чарнышэўскі пераважнае значэньне надаваў экономіцы. Пытаньні політычнага ладу ён адсоўвае на самы задні плян і нават знаходзіў, што Сібір куды вышэй за Ангельшчыну.[13] Буржуазны лібералізм Чернышэўскі, як і Герцэн, сурова крытыкуе: "Лібэралізм разумее свабоду вельмі вузкім, чыста формальным чынам. Яна для яго заключаецца ў адцягненым праве, у дазволе на паперы, у адсутнасьці юрыдычнай забароны. Ён ня хоча зразумець, што юрыдычны дазвол мае цану толькі тады, калі ў чалавека ёсьць матэрыяльныя сродкі карыстацца з гэтага дазволу. Шасьцідзесятнік Міхайлаў у сваёй адозьве да "Маладога пакаленьня" праводзіць думку, што трэба абаперціся не на тых, хто політычна нездаволены, але па сутнасьці сыты і знаходзіцца ў дабрабыце, але на тых, хто экономічна прыгнечаны.[14]
Багушэвіч, загартаваны ў атмосфэры 60-х гадоў, гэтак сама ў аснову сваёй ідэолёгіі кладзе экономічную проблему.
Без экономічнага вызваленьня, і на яго погляд, ня можа быць сапраўднага шчасьця народу. Адсюль вынікаюць скэптычна-гіронічныя адносіны беларускага поэты да буржуазна-ліберальных рэформ Аляксандра ІІ. У сваім творы "У судзе" Багушэвіч выкпівае новы парэформены суд з удзелам прысяжных і спрэчкамі старон. Бяздушны формалізм суду і адміністрацыі, далёкасьць іх ад народных патрэб і разуменьня, становіць сабой тэму твору "У вастрозе", дзе перад намі разгарнаецца цэлая драма селяніна, які, па сваёй несьвядомасьці, спаліў межавы знак. У творы "Кепска будзе" поэта малюе нам гаротную одысэю вясковага хлапца які, будучы не запісаны ў мэтрыках, прыцягнуты быў да адказнасьці і пасаджаны ў турму за ўхіленьне ад агульнай вайсковай павіннасьці. Нават да рэформы 19 лютага беларускі поэта адносіцца вельмі скэптычна; помнік гэтага скэптыцызму - уступ да твору "Быў у чыстцы", дзе мы знаходзім гэткія разважаньні:
Іду й мяркую: ці то цяпер шчасьце, |
Творчасьць Багушэвіча, такім чынам, - гэта як-бы моцны рэфлектар, які высьвятляе заганы рэформ Аляксандра ІІ; у творчасьці беларускага песьняра, як у крывой люстры, гэтыя рэформы пераламляюцца з свайго адмоўнага боку. Малюючы розныя бакі сялянскага жыцьця, Багушэвіч вызначае грунтоўны вузел-экономічную эксплëатацыю; з гэтага вузла выпікаюць усе злыдні, тут заблытваюцца ўсе супярэчнасьці сялянскага жыцьця.
Соцыяльны патос прасякае сабой усю творчасьць Багушэвіча. Душа поэты нібы ўвабрала ў сябе ўсю злосьць і ненавісьць беларускага народу супраць нацыянальнага і соцыяльнага ўціску і засталася з гэтай прычыны глухой да іншых пяшчотных і мяккіх эмоцый: дзьве галоўныя крыніцы поэтычнага натхненьня-прырода і жаночае каханьне - амаль зусім адсутнічаюць у творчасьці беларускага песьняра. Прырода ледзь закранута ў творах поэты. У вершы "Мая хата" даецца некалькі мазкоў пэндзаля з мэтай адцяніць вялікую беднасьць беларускага селяніна. Больш выразны дотык да прыроды мы маем у вершы "Думка". Тут даецца такі малюнак:
Вунь стаіць бярозка тут для самай хаткі, |
Маленькія абразкі прыроды і тут уплецены ў верш, прасякнуты соцыяльнымі настроямі. Закранутая надта мала, прырода, гэткім чынам, не займае самастойнага месца ў творах поэты; некалькі выхапленых з яе дробных абразкоў граюць ролю толькі ілюстрацый да яго соцыяльных мотываў.
Другая крыніца натхненьня-жанчына і каханьне-у творчасьці вялізарнай масы мастакоў грае ролю пераважнага фактара. На гэтай падставе нават вынікла тэорыя эстэтычнага эросу, выказаная ўжо даўно-яшчэ нямецкімі романтыкамі-Цікам і Новалісам і ў наш час разьвітая ў працах цэлага шэрагу псыхолёгаў, псыхіатраў, фізыолёгаў ды гісторыкаў мастацтва.[15] Дантэ і Беатрычэ, Пэтрарка і Лаўра, Бальзак і Ганская, Тургенеў і Віардо ды інш.-яны як-бы цьвердзяць думку аб цеснай сувязі мастацтва і эмоцыі каханьня. Творчасьць беларускага поэты прадстаўляе сабой адмоўную інстанцыю да тэорыі эстэтычнага эросу. Das ewіg weіblіche, адвечна жаночае, адсутнічае ў гэтай творчасьці. Багушэвіч-гэта беларускі Стрынбэрг. Жанчына для яго гэта не прадмет усхваленьня, але об'ект досыць жоўчнай сатыры; напр., у творы "Быў у чыстцы", малюючы сваë вандраваньне ў па-за магільным сьвеце, поэта робіць гэткі сатырычны выпад супраць жанчыны:
А што баб і дзявок-сказаць так - |
Далей, надзвычайна характэрным зьяўляецца той факт, што з усяго вялікага багацьця беларускіх казак Багушэвіч для ўласнай мастацкай апрацоўкі выбраў толькі адну - "Чорт і баба", гэтую дзікую адрыжку сярэднявяковых легэнд а благіх жанчынах, дзе праводзіцца думка, што баба хітрейшая за чорта: ёй удаецца пасварыць чалавека з жонкай, што не удавалася самому д'ябалу.
На ліры беларускага поэты моцна гучэлі, такім чынам, толькі струны грамадзкага абурэньня, для іншых больш пяшчотных мэлёдый гэта ліра была глухая. Ня у постаці пекнай і прыгожай дзяўчыны з вянком на галаве, з пахнунучымі кветкамі ў руках прадстае перад намі муза поэты, але у постаці нейкай схімніцы, добраахвотна ўспрыняўшай на сябе вялікі ўчынак апяяньня народнага гора. Ад творчасьці Багушэвіча павявае нейкім духам мастацкага аскэтызму. У гэтых адносінах беларускі пясьняр вельмі падобны да расійскага народніка Глеба Усьпенскага, схема якога таксама была свайго роду схімай. У нас, праўда, няма фактаў, якія-б сьведчылі а беспасрэдным уплыве аднаго пісьменьніка на другога, але і бяз гэтых фактаў падабенства іх суровай музы лёгка зразумець: Глеб Усьпенскі і Багушэвіч жылі ў аднолькавых соцыяльных умовах, абодва яны былі дзеці эпохі, калі ўся ўвага была зьвернута на адзіны об'ект, якім быў народ і яго доля; абодва яны былі па сваёй клясавай прыналежнасьці розначынцы, бязьлітасным ходам гісторыі адкінутыя ад банкетнага стала жыцьця і прымушаныя змагацца за кавалак хлеба, а не аддавацца панскаму эстэтызму.
На падставе аднолькавай клясавай псыхолёгіі Багушэвіча з народніцкім рухам зьвязвае яшчэ адна рыса - "тэорыя крытычна-мысьлячай асобы". Падобна да Лаўрова, Багушэвіч высака ставіць інтэлігенцыю, як фактар прогрэсу і цывілізацыі. У сваім вершы "Ня цурайся" поэта ў вусны селяніна укладае просьбу да паніча прыйсьці яму на дапамогу:
Ня цурайся мяне, панічок, |
У далейшым селянін скардзіцца на сваю няпісьменнасьць і гаворыць, што, калі-б ëн "умеў кіраваць пяром", то апісаў-бы сваё ropa і пакуты, і гэта апісаньне можа зрабіла-б свой уплыў на паніча:
Можа-б ты прачытаў той грымзол |
Тут інтэлігенцыі выразна надаецца роля правадыра, без якога народ асуджаны, "блудзіць сярод лому і калючак".
У вершы "Ня цурайся" Багушэвіч, разначынец, але родам з шляхты, выразна гэтак сама выяўляе сваю псыхолёгію "каючагася двараніна", - сузнаньне вялікага доўгу перад народам і патрэбы заплаціць гэты доўг. Поэта яскрава праводзіць думку, што сваім матэрыяльным дабрабытам і культурнай перавагай панства абавязана выключна народу, яго працы; ад асобы селяніна, зварачаючыся да паніча, поэта кажа:
Не ўцякай ад маёй ты сярмягі, |
Прапацела яна маім сокам. |
Узятая ў цэлым, ідзолёгія Багушэвіча, агорнутая романтыкай мінулага ў пастаноўцы нацыянальнага пытаньня і прасякнутая верай у моц інтэлігенцыі ў разьвязаньні пытаньня соцыяльнага, зьяўляецца тыповай дробна-буржуазнай ідэолёгіяй. І гэта зусім зразумела. Рэволюцыйны рух 60 і 70 гадоў, - правільна кажа М. Н. Пакроўскі, - ёсьць рух дробна-буржуазнай інтэлігенцыі. Уласьне інтэлігентнасьць і зрабіла яго рэволюцыйным. Дробная буржуазія, якая па меры разьвіцьця капіталізму разбураецца, ператвараецца ў пролетарыят (рэформа 19 лютага разбурыла, між іншым, якраз дробных зямляўласьнікаў, валадаўшых дзесяткамі душ, якім выкупная сума не дала капіталу на ўтварэньне новай гаспадаркі, і толькі іх), звычайна нездаволена, абурана мармоча, бурчыць, але яе абурэньне ня заўжды накіроўваецца па належнаму шляху"...[16]
Абурэньне Багушэвіча гэтак сама ня заўжды зьяўляецца накіраваным мэтазгодна: ён часам кідае свой погляд не наперад, але назад, у глыб даўно мінулага, у яго няма сапраўднай рэволюцыйнасьці з яе верай у моц не вярхоў, а працоўных нізоў грамадзтва, якія самі зьяўляюцца кавалямі свайго шчасьця.
Але, ня гледзячы на сваю дробна-буржуазную прыроду, ідэолёгія Багушэвіча бязумоўна мае вялізнае значэньне ў гісторыі беларускай грамадзкай думкі, становячы перад сабою першы этап сьвядомага беларускага адраджэньня, даючы імпульсы творчасьці наступным беларускім поэтам і пісьменьнікам.
Значэньне ідэолёгіі Багушэвіча яшчэ больш павялічваецца ад таго, што яна выражана ня ў форме сухой публіцыстыкі, але ў высока мастацкай, поэтычнай форме. Наш поэта займае ў беларускім пісьменстве выдатнае месца ня толькі як выразьнік пэўных грамадзкіх ідэалаў, але і як поэта, зрабіўшы значныя чыста эстэтычныя дасягненьні.
Формальныя прыёмы творчасьці ў Багушэвіча досыць рознастайныя. Вышэй мы ўжо заўважылі, што нават у "Прадмове", прозаічнай ня толькі па форме, але і па сутнасьці, публіцыстычныя заданьні Багушэвіч падпарадкуе заданьням мастацкім, малюючы нам колёрытныя вобразы. У вершах поэты вобразнасьць узрастае, прычым вельмі часта вобразу ім надаецца шырока сымболічнае значэньне. Выпраўляючыся ад простага і рэальнага факту, поэта пашырае асадкі гэтага факту, надаючы яму характар сымболю. На гэткім прыёме пабудаваны творы: "Мая хатка", "Хмаркі", "Калыханка" ды інш. Хата, якую рысуе Багушэвіч, гэта вобраз усёй Беларусі - беднай, разбуранай, але любай сэрцу поэты; хмаркі-гэта сымболь усяго беларускага народу, страціўшага пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці; сялянка ў "Калыханцы"-гэта маці-Беларусь, якая аплаквае сваю гаротную долю маткі бяз сыноў. З трапнай вобразнасьцю поэта злучае значную згушчанасьць думкі і, апроч таго, уменьне некалькімі штрыхамі, часта вельмі дробнымі, даць конкрэтнае ўяўленьне. Напр., у творы „Кепска будзе", у малюнку выпытаў, рысуючы "судзебніка маладзельнага", поэта падкрэсьлівае адну дэталь пра яго:
Усё пытаецца ды піша. |
У другі раз далей гэтая драбніца паўтараецца:
Ўсё піша, піша, піша. |
Гэта маленькая дэталь яскрава рысуе нам увесь бяздушны формалізм казённага ўрадоўца, яго роўнадушнасьць да лёсу вясковага хлапчука. Другі прыклад: у тым-жа творы даецца малюнак турмы:
Дзьверы, дзьверы, у дзьверах дзюрка |
Зноў трапным падборам драбніц поэта дасягае тут колëрытнай маляўнічасьці.
Апроч зазначаных мастацкіх прыёмаў, у поэтыцы беларускага песьняра можна зазначыць цэлы шэраг мастацкіх асаблівасьцяй, якія цесна, органічна зьвязаны з яго ідэолегіяй...
Народнік па пераважнасьці, Багушэвіч, відаць, цікавіўся ня толькі народным побытам, соцыяльнымі ўмовамі сялянскага жыцьця, яго вабіла да сябе народная псыхолёгія.
Апісваючы тыя ці іншыя жыцьцёвыя зьявы, поэта імкнецца паглядзець на гэтыя зьявы вачмі селяніна, ён становіцца на сялянскі пункт погляду, падрабляецца пад народны тон. Адсюль вынікаюць прыёмы сказу ды адзіўленьня (отстранения) у творчасьці Багушэвіча.
Поэта вельмі часта вядзе апавяданьне не ад сябе, але ад асобы свайго выдуманага гэроя; ён як-бы імкнецца старанна захаваць сваё інтэлігенцкае, "я“ і выявіць , "я" народнае... На гэтай манеры сказу пабудаваны творы: "Хрэсьбіны Мацюка" (апавяданьне а гвалтоўных наварачваньнях вуніятаў у праваслаўную веру), "Кепска будзе", "У вастрозе", "Быў у чыстцы" ды інш.
Апавядаючы тую ці іншую падзею ад асобы селяніна, гледзячы на яе народнымі вачыма, поэта часам малюе гэтую падзею, як нешта вельмі дзіўнае, мала зразумелае. На гэтым прыёме адзіўленьня пабудаваны творы "У судзе", "Панскае ігрышча" ды інш.
Поэта, гэткім чынам, як-бы імкнецца зьліцца з народам духоўна, распусьціць сваё "я" ў народнай стыхіі.
Асабліва прынаднай была, відаць, для поэты, і беларуская народная творчасьць-гэты найбольш яскравы выраз сялянскай псыхолёгіі. Поэтыка Багушэвіча ў некаторых адносінах носіць на сабе сьляды народнай поэтыкі. Напр., яго "Песьні" вытрыманы ў стылі і духу народнай песьні. Так, "Калыханка", зьмешчаная ў гэтым цыклі, па сваёй композыцыі і агульнаму характару нагадвае народныя калыханкі. Вобраз ўдавы, яе задуменьне над лёсам дзяцей, увасабленьне адцягненых паняцьцяў, паралелізмы, ужываньне ласкальных і памяншальных іменьняў, - усе гэтыя малюнкі і прыёмы, што знаходзяцца ў песьнях Багушэвіча, добра знаёмы нам з народнай творчасьці. Нават самы гумар поэты нагадвае сабой мяккія і добрадушныя кпіны беларускага селяніна. Часам заўважаецца тут і падабенства ў адносінах тэматыкі: сьмех над уласнай беднасьцю і многасямейнасьцю, вывядзеньне ў ролі комічных пэрсонажаў жывёл, птушак і казявак, - усе гэтыя вядомыя мотывы беларускай народнай гумарыстыкі сустракаюцца і ў "песьнях" Багушэвіча.
Захапляе поэту і сьвет народнай фантастыкі, забабонаў. У доўгім творы "Хцівец і скарб на сьвятога Яна" перад намі выступаюць усе дзівы купальскай ночы з яе кветкай папараці, шуканьнем скарбу, чартоўшчынай ды іншымі нязьменнымі прыналежнасьцямі народнага вымыслу.
Часам поэта дае нам апрацоўку агульналюдзкіх сюжэтаў ("Баляда", "Быў ў чыстцы"). Жыцьцё Васілія Кесарыйскага, жыцьцё Фэафіла, сярэднявяковыя легенды аб Фаусьце ды інш.,-вось далёкія літаратурныя продкі, нашай "Баляды". У доўгую гісторыю мастацкага апрацаваньня яе легендарнага сюжэту, побач з іменьнямі Марло, Лесінга, Гётэ, Ленаў ды інш., упісаў сваё скромнае імя і беларускі поэта. Але ў самай трактоўцы гэтага сюжэту Багушэвіч застаецца пэўным сабе: ён пераносіць яго ў сялянскія абставіны і дае яму соцыяльную афарбоўку. У беларускага поэты мотывам запрадажу душы д'яблу служыць ня слава, не каханьне і ня веда, але жаданьне вызваліцца ад соцыяльных злыдняў. Гаротны селянін разважае ў "Балядзе":
Хіба што чорту прадам сваю душу, |
У творы "Быў у чыстцы", Багушэвіч скарыстаў легендарныя апавяданьні а па-за магільным сьвеце. Доўгая літаратура "прывідаў" ужо даўно распрацавала гэты сюжэт. "Прывіды" Паўла, Брандана, Альбэрыка, чысьцец Патрыка і нарэшце сусьветны твор Дантэ пабудаваны на тэй-жа легендарнай падставе, што і твор Багушевіча. Але і тут мы бачым падпарадкаваньне сюжэту народніцкай ідэолёгіі. Дантэ ў "Бажэственай Комедыі" на тым сьвеце помстуе сваім ворагам: ён нават папаў зьмяшчае ў пекле. Беларускі поэта ў сваім творы помстуе соцыяльным ворагам беларускага народу, зьмяшчаючы ў чыстцы паноў, духоўнікаў, прадстаўнікоў вясковай адміністрацыі. Там перад фантастычным падарожнікам раскрываецца гэткі малюнак:
З мужыкоў тут ня надта каб шмат, |
Гэтак нават у апрацоўцы агульных легендарных сюжэтаў выяўляецца творчая постаць беларускага поэты-соцыяльны патос яго музы. Багушэвіч не спаглядальнік, які аддаецца мяккім лірычным эмоцыям, ён змаганьнік за народны дабрабыт, але змаганьнік, надзелены мастацкім талентам. І свой талент беларускі пясьняр не зарыў у зямлю: ён афяраваў яго роднаму народу, барацьбе за лепшы гістарычны лёс Беларусі. Далёка ад прынцыпу "мастацтва дзеля мастацтва" Багушэвіч вынес свой падарунак музы на шырокую гістарычную арэну барацьбы. Але стыхія барацьбы не пашкодзіла эстэтызму: творчасьць беларускага поэты робіць уражаньне монолітнасьці, гармоніі паміж зьместам і формай; яна-няўмірушчы помнік здаровага сынтэзу грамадзкасьці і мастацкасьці.
- ↑ Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Карский. Белорусы. т. ІІІ., вып. 3. Петроград, 1922 г.
- ↑ Карский. Белорусы, т. ІІІ, вып. 3, стар. 194-195.
- ↑ Н. Ленин (в. Ульянов). Собрание сочинений, т. XІX, стар. 98.
- ↑ Сталин. Сборник статей. Изд. 1921 г., стар. 3.
- ↑ Кирик Левин. А. И. Герцен. Личность-идеология, стар. 79.
- ↑ Іbіd
- ↑ Іван Трызна. Кастусь Каліноўскі (гістарычны нарыс). Беларускі Сьцяг, 1922 г. № 4. стар. 13.
- ↑ Кароткі жыцьцяпіс Багушэвіча ў зборніку „Дудка беларуская". стар. 3.
- ↑ Русская история с древнейших времен. 1920 г., т. ІV, стар. 156
- ↑ Русская история с древнейших времен. 1920 г., т. 11, стар. 139.
- ↑ Пичета В. И. История крестьянских волнений в России. Минск, 1923 г. стар. 112.
- ↑ Ленин, іbіd. стар. 71.
- ↑ Плеханов Н. Г.-Чернышевский. СПБ, 1910 г., стар 319.
- ↑ Покровский М. Н., іbіd, стар. 158.
- ↑ Грузенберг. Психология творчества. Минск, 1923 г. стар 112.
- ↑ Русская история в самом сжатом очерке. Выд. 1921 г., стар. 186.
- ↑ Дудка беларуская, стар. 48.