II. Дваццаць адзін III. Голас краіны
Аповесьць
Аўтар: Барыс Мікуліч
1932 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. ГОЛАС КРАІНЫ


А если нет, — нам нечего терять,
И нам доступно вероломство.
Ал. Блок

1

Спецыфічна пахне гэта. Яно ўцалёўваецца ў безьліч дэталяў. Іх спачатку не заўважаеш, але аднойчы — раніцою — (узыходзіць сонца, і пад ягонымі промнямі ажывае організм вуліц: ідуць трамваі, што адсюль, з вакна, нібы наамальгаваны, жактаўскія дворнікі з вялізарнымі метламі зьбіраюцца пад вокнамі пакурыць, — гледзячы на гэтыя метлы, на розум прыходзіць — чамусьці — Гулівэр; гайдаючы буйным сваім тулавам, праходзіць маладая малочніца, — на цукерках (цянучках) намалявана якраз такая самая чырвонашчокая дзеўчына; ля крамы варушыцца зігзаг чаргі; праз шэры натоўп мільганула блакітная майка, неба апранулася ў такую-ж майку, — але аднойчы раніцою ўбачыш у люстры, што на грудзях пасівелі валасы, новыя зморшчыны за ноч нарадзіліся пад вачыма; ля рукамыйніку чакае няпрыемнасьць: «Одоль» не ачышчае жаўцізны зубоў, дый вада трапіла ў зуб — вввух! — забаліць зуб, і гэтым вось зубным болем пачынаецца, пачынаецца…

— Што, уласна, пачынаецца? — упарта думае профэсар Шастакоў, трымаючы ў руках махнаты ручнік. — Ну, вядома!.. Гэтае… Як яго? Вядомае ўсім… старасьць?..
Профэсар Шастакоў апранаецца доўга, зашпільваючы гузікі тонкімі, з барвовай пухлінай, пальцамі: гузікі ўпарта, — нібы хочуць ушчэнт раззлаваць профэсара, ня слухаюць яго.

— Старасьць? Гм… Старасьць пачалася даўно… А гэта… Як яно? Вядомае ўсім… Раньне! — Профэсар нават усьміхнууся ў люстра гэтай новай сваёй думцы. — Проста пачынаецца раньне, дзень…

Апрануўшыся, ён выходзіць у сталовую. На стале чакае яго імбрычак, сьвежы хлеб, малако і масла. Знаёмым голасам вітае яго гадзіньнік — восем гадзін, дакляруючы профэсару смачнае сьнеданьне. Хлеб пахне цяплынёй. У эмалевай імбрычкавай паверхні перакуліўся адлюстровак вакна.

Профэсар п’е чай.

— Добры дзень, татусь, — з газэтамі ў руках прыходзіць Анатоль. — Як спалася? — садзіцца насупраць бацькі. — Сёньня хіба ня чытаеш?

— Не, не… Толькі на паседжаньне зьезжу… потым, — да болю марудна перажоўваючы скарынку, адказвае профэсар.

— А я сёньня са сваімі хлапцамі ў Ждановічы паеду. Культвылазку робім…

— Так, так, — пакіўвае галавой профэсар.

Потым яны разьвітваюцца, разыходзяцца, каб ня бачыцца аж да позьняга вечару. Профэсар ідзе на вуліцу, згаджае рамізьніка, той дапамагае профэсару сесьці, і яны едуць у інстытут. У дарозе ідзе гаворка:

Завярнеце направа… Там менш народу… Чаго добрага пад трамвай трапіш…

— Эээ, таварыш, ня ўпяршыню еду… Эгэгээ, сьцеражыся там!.. Вось было ўчора такое, — павярнуўся рамізьнік тварам да профэсара. — Здарэньне… Ехаў нейкі малады чалавек. А якраз трамвай праходзіў… Чалавек гэты прыпыніў рамізьніка дый — бац! — пад самы трамвай… Весялей, весялей, буланы! Так яго і разанула па самай сярэдзіне… З чаго-б гэта яно, таварыш, га?

— Гм, — паціскае плячыма профэсар. — Можа з голаду…

— Неээ… Цяперашнім часам з голаду не паміраюць… Ціка-а-ава!..

Адыходзіць на Ждановічы ранішні цягнік.

— Хлопцы, хутчэй там варушыся, бяз нас цягнік пойдзе.

— Нічога, да пераезду дагонім! — жартуе нехта.

У вагоне — поўна народу. Каля дзьвярэй, курачы, сабраліся культработнікі.

— Гэты начны налёт можна зрабіць у суботу, — кажа Несьцярэнка, прытрымліваючы рукой буйныя свае валасы, у якія трапіў вецер і гуляе, раскідае іх. — Рабкораў заўсёды можна сабраць. Дый ня гэта галоўнае. Трэба-ж неяк організаваць гэты налёт так, каб рэальныя вынікі адчуваліся.

— Санька! а, Санька! Грымані «Гвардыю», чаго там. Эй, вы! Кіньце хоць сёньня аб сур’ёзных сваіх справах гаварыць, заўтра пасьпееце!

— Не бярэцеся за дзела, як вош за цела!

— Сьпявайма, братва!

Рытмічна ідзе цягнік і ідуць паабапал яго хацінкі менскіх ваколіц, садкі, нагруджанае бярвеньне, штабэлі каменю.

Карновіч праціскаецца паміж людзьмі ў вагон. Яму ня дужа весела, бо гарманіст Санька ашчэрвае свае белыя зубы ў Лёльчын зачырванелы твар, нешта жартоўнае кажа ёй, і яны ўдвох рагочуць на ўвесь вагон. Ня дужа весела Карновічу, бо Лёлька — «ягоная», бо нейкая няпрыязьнь — чорт-бы яе пабраў! — да гарманіста-зубаскала калыхнулася. І каб заглушыць, перамагчы гэтую няпрыязьнь, Карновіч крычыць культработнікам:

— Дапраўды, таварышы, ідзеце ў вагон. А ты, Санька, шпар. Давай «Гвардыю».

Пасунуліся на лавах, зрабілася цесна і горача. Ірвануў свой гармонік гарманіст Санька, грудзьмі на яго налёг, і гукі гармоніка, увязаўшыся ў лязгатаньне колаў, вырваліся праз вагонныя вокны і паляцелі ў прасьцягі па свае водгульлі.

Плыло навакольнае. Плылі і сьпявалі, п’янелі, загараліся, мацнелі баявой сваёй песьняю —

Мы маладая гвардыя
Рабочых і сялян —

хмялелі ад песьні, напаўнялі прасьцягі маладымі і моцнымі галасамі сваімі комсамольцы.

2

І — ноч.

Усхапіўся. Прыслухаўся да шуму, што даносіўся з вуліцы. Уздрыгваў пад самым вакном аўто.

— Вось пазванеце, адчыняць, — казаў унізе нейчы заспаны голас. — Пазванеце некалькі разоў, сьпяць-жа…

Усьлед за гэтымі, прыхлупленымі адлегласьцю, словамі пачуўся — ужо тут, наверсе — званок. Накінуў на сябе халат, засьвяціў электрычнасьць, падбег да стала і ўбачыў разгорнутую тэлеграму на ім:

„пнкт грошы не патрэбны пнкт“

Сударгава скамячыў тэлеграму, сунуў у кішэню. Потым вышаў у габінет і пастукаў у сьцяну.

— Толя… Слухай, Толя! Ідзі там, адчыні, да нас звоняць.

І тады, як пайшоў адчыняць Анатоль дзьверы, мятнуўся ў ягоны пакой, выхапіў з паліцы кнігу і ў правал гэты сунуў папяровы пачок. Супакоіўся. Вышаў у калідор.

— Выбачайце, профэсар… Мне загадана зрабіць у вас вобыск… Вось дакуманты…

— Кккалі ласка, — захрасьлі ў горле словы, і Анатоль аж засьмяяўся ад гэткай бацькавай ветлівасьці.

— Пройдзем у габінет.

Вобыск адбываўся нядоўга. Старанна агледзеўшы бібліотэку, профэсару прапанавалі падпісаць протокол. Дрыжучы ўсім целам, профэсар узяўся за асадку.

— Кнігі, таварыш… ну, вы разумееце? гэта для навуковай работы… У мяне дазвол ёсьць.

— Не, не, — ветліва засьпяшаўся той. — Кнігі мы вам, профэсар, пакідаем… Яны нам непатрэбны. А там, за сьцяной, жывеце вы? — Вачыма нацэліўся ў Анатоля. — Ну, бывайце, спакойнага сну.

У цёмным габінэце чакаў Іларыён Даменікавіч на сына. І не памыліўся. Анатоль прышоў і моўчкі стаяў у дзьвярох, нібы чакаючы ад бацькі тлумачэньняў, нібы ведаў загадзя, што бацька хоча нешта сказаць.

— Гэта непаразуменьне, Толя… Проста непаразуменьне…

— А тэлеграма, татусь?

Профэсар машынальна захіснуў халат і зрабіў колькі крокаў па габінэце.

— Тэлеграма? Гэта глупства… Грошы…

— Каму гэта вы грошы павінны былі? Дзіўная штука!

Профэсар засьмяяўся. А ўсьлед за гэтым — закашляўся надламаным кашлем.

— Ты, Толя, нібы сьледчы… Сьмешна, ведаеш… Ну, я пайду спаць… Гэта ўсё непаразуменьне, Толя, проста памылка…

Ён не заснуў. Яшчэ доўга стагналі спружыны ложку. Ён у цемры намацаў на століку бляшанку з мятнымі цукеркамі. Ён смактаў іх. Ён думаў. Думаў аб тым, што бяда прабіла над імі, над ім, над яго пакаленьнем ракавыя дванаццаць гадзін. Колькі разоў за гэтыя гады намагаўся жыцьцёвы гадзіньнік падцягнуць да дванаццаці вусы стрэлак, але ўсё неяк абыходзілася добра і гладка. Прыехаў профэсар у Савецкі Саюз, атрымаўшы запрашэньне ад ураду, зноў з галавой у навуку — у пыл залістаных стагодзьдзяў — акунуўся ён. Старонка за старонкай пісалася гадамі ягоная монографія аб сярэднявяковых дойлідах, старонкі напаўняліся монускрыптамі памершых геніяў, зьдзівіць увесь сьвет навуковы зьбіраўся Іларыён Даменікавіч гэтай сваёй кнігай. Гады праходзілі ў вятрох, густой страмнінай ішлі яны — гэтыя вятры, і ён, яны, іхняе пакаленьне позірк у вятры кінуць надумаліся, каб мёртвы гені, каб дойлід іхніх жаданьняў, іхніх мараў у жмут скруціў вятры гадоў. Прыблізна так — алегорычна — думаў профэсар аб перажытым.

— Цззын… цззын… цззын… —

Дванаццаць гадзін яго, іх, іхнага пакаленьня вызвоньваў гадзіньнік гадоў, гадзіньнік жыцьця — і тады нэрвовая сьцюдзёнасьць апаноўвала цела, білася нутраной турботай да болю выразная думка: калі гадзіньнік апошні ўдарыць раз — што тады станецца, што тады будзе?

— Цззын… цззын… цззын… — —


— — Круты ягоны лоб перакрэсьліла глыбокая зморшчына, думкі варочаліся з такой хуткасьцю, што выступаў халодны буйнымі кроплямі — пот.

— Але, профэсар, вы-ж разумееце, што гэта нікому цяпер непатрэбна. Ну, добра. Я напішу сваю работу на тэму, якую прапаноўваеце вы. А што потым? Абразы? Гэта-ж, профэсар, усё аджыўшае, спарахнелае… Ну? непатрэбнае.

Пакіўваў галавой профэсар Шастакоў — «Айяя, айяя!» — усьміхаўся дробненькай сваёй, маладушнай — і журботнай чамусьці — усьмешкай.

— Ах, малады чалавек! — Ах, Бурлак… ээ… таварыш Бурлак! — Пакіўваў галавой і патрасаў тоненькімі — з барвовай пухлінай — пальцамі. — Гэтага патрабуе наша навука, этнографія, гісторыя… Наша этнографія, ээ… таварыш Бурлак. Як ваш настаўнік скажу вам — і гэта запомніце цьвёрда! у далейшай рабоце спатрэбіцца! — не падыходзьце да навукі нашай, да нашай профэсіі з вузка ўтылітарнай задачай… Не забывайце… гм… што навука, Бурлак, ээ… таварыш Бурлак, што навука — для ўсіх і для ўсякага.

— Баюся, што з гэтай тэмы нічога не атрымаецца, — сказаў Бурлак, і гэтыя словы — прасьцей — разумець трэба было так: не атрымаецца, бо ня хачу, каб атрымлівалася. — —


— — на гардзінах ляжалі сьветлыя чатырохкутнікі, народжаныя сьвітаньнем; рыпела, уздыхала, скуголіла цішыня безьліччу незразумелых гукаў, а праз гэтую тканіну ішлі ў пакой, на ложак, пад коўдру, біліся ў вушы —
— Цззын… цззын… цззын… —
бомы гадзіньнікавыя.

3

Пасьля таго дню, калі пакінуў Анатоль стаходзкіх сваіх таварышоў, прайшло часу шмат. Скончыўся гадавы водпуск і зноў вярнуўся Анатоль да вучобы, да унівэрсытэту, зноў вярнуўся да партыйных сваіх нагрузак — паслаў райком яго на завод. Быў завод новым, нядаўна пушчаным у ход, і прышло на завод шмат людзей, што ніколі ў жыцьці і не стаялі за варштатамі, — большасьць людзей прышла з палёў: яшчэ млелі гарачынёй рукі, натруджаныя касой.

Былі ў Анатоля два сьветы. Намагаўся ён аб’яднаць, зьлітаваць іх гэтыя сьветы — у адзін, аб якім дбала развага, дбаў розум, аб якім сьпявала сэрца юнацкае. Як прыехаў у горад, спаткаўся з бацькам — і плакаў пасівелы профэсар на сыновых каленях, скардзіўся на вырок жыцьцёвы свой.

— Памылка была, Толя, марыва… Думаў, спадзяваўся, каб як знайсьці месца, варункі для свайго… для працы сваёй… Ня верыў я ў скіфскі набег гэты… Мужыкоў толькі і бачыў, руйнаваньне, аплёўваньне культуры, скарбаў яе, здабытых стагодзьдзямі… Вось, Толя… — нэрвічнай чырваньню наліваліся бацькавы вочы. — Страціў Лёву… Так… А ты, ты таксама пойдзеш ад бацькі?..

І — два сьветы ў Анатоля зрабіліся праз яго-ж слабасьць (ён гэта разумеў добра): адзін сьвет быў, праўда, маленькім і нязначным — ён пачынаўся за дзьвярыма Анатолевага пакою, у кватэры бацькі, у габінэце і сталовай пачынаўся ён. Ня варта было-б і думаць аб ім, але гэта-б азначала — ня лічыцца з бацькам, а крыўдзіць старога профэсара, «татуся» — гэта было-б жорсткасьцю, жорсткасьцю моцнага (— таму што была маладосьць) да слабога. І гэтую слабасьць бацькаву любіў Анатоль, але любіў сваяасаблівай любоўю, бо бацьку зразумеў, пазнаў яго толькі цяпер, пазнаў праз уласную сваю-ж слабасьць.

Маладосьцю, віхурнай моцаю, агнямі заводзкіх карпусоў, песьнямі таварышоў і працай, працай, працай п’яніў, хмяліў Анатоль другі сьвет, сьвет ягоны.

У той дзень прышоў Анатоль дадому позна. — Адразу пасьля унівэрсытэту, пасьля, гарачай дзелавой сьпешкі чарговага паседжаньня, дзе ён адстойваў свае прынцыпы, ён паехаў у заводзкі клюб. Ішоў кіно-сэанс. На экране, проста на гледача, ішлі танкі, імчаліся коні, на экране жылі прыгожым сваім жыцьцём, змагаліся і паміралі людзі. Умовіўся аб рабкораўскім налёце і, ушчэнт змораны, прыехаў дахаты.

Профэсар быў у габінэце. Анатоль прайшоў у свой пакой і быў зьдзіўлены тым, што ў ім — у пакоі — гарэла сьвятло. «Здаецца, удзень не гарэла»… Але новая — праўда, дробная — нечаканасьць сустрэла яго: працягнутая да паліцы рука не намацала патрэбнае кніжкі, — кніжку — том Мэрынга — знайшоў на падлозе.

— Чорт пабяры, — траха што ня ўголас зьдзівіўся Анатоль. — Няўжо тут бацька быў?

У дзьверы пастукала работніца (клікалі яе Марынай, але стары профэсар упарта называў яе Нэняй, — Марыля прывыкла да дзівака-профэсара) — і, бяз дай прычыны зачырванеўшыся, сказала:

— Чай гатовы… Ідзеце вячэраць…

Сядзелі адзін насупраць аднаго. Як толькі зірнуў Анатоль у бацькаў твар, дык адразу прыкмеціў нейкую няёмкую вінаватасьць на ім. Але што мог рабіць бацька ў ягоным пакоі? Не па Мэрынга-ж ён прыходзіў!.. Моцна ў Анатолевай галаве засела здагадка, другі Анатолеў сьвет — ён пачынаецца за дзьвярыма ягонага пакою — апанаваў думкамі.

— Гм… — першым падаў голас профэсар, намазваючы маслам хлеб і разразаючы яго на маленькія кавалкі.

— Я чуў, татусь што арыштавалі профэсара Загржыцкага… Ты гэта ведаеш?

І сын заўважыў, як зьбялелі бацькавы вусны, як на адзін момант, толькі на адзін, перастаў профэсараў рот перажоўваць хлеб. Але потым — ураз — Іларыён Даменікавіч, злавіўшы на сябе Анатоліяў позірк, схаваў глыбака сваю заклапочанасьць, нацягнуў на твар грымасу бязуважнасьці і пуставаценькай зацікаўленасьці.

— Нну? Ня чуў, ня чуў… А я вось грошы…

Позірк быў упарты і профэсар зьлёгку пачырванеў, і гэта канчаткова пераканала Анатоля, што бацька маніць.

— … грошы яму вінаваты, — гусьцела чырвань профэсаравага твару.

І таму, што добра разумеў Анатоль бацькаву ману, добра бачыў, што бацька хоча ня выказаць перад ім таго, што прымусіла пасінець губы і потым усьлед за гэтым — пачырванець у твары, не распытваў яго і, дапіўшы чай, сьпехам пайшоў да сябе.

Адчуваньнем прыкрасьці захлынаўся Іларыён Даменікавіч. А за гэтым усім — за прыкрасьцю, за пакутлівымі здагадкамі, што сын убачыў ягоную раптоўную здэтанаванасьць, за зубным болем — за гэтым усім паўставаў маленькі, туманны яшчэ — але паўставаў упарта — жах. Быў такі выпадак у профэсаравым жыцьці. Пасьля «гістарычнага» конгрэсу Рады, вяртаючыся з Бэрліну ў Чэхію, ён, Іларыён Даменікавіч Шастакоў, пайшоў у вагонную прыбіральню. Адчыніў дзьверы і паддаўся назад: у прыбіральні ён убачыў два тупыя абліччы мужчыны і жанчыны, занятых сваёй справай. У замяшаньні профэсар бяссэнсава прамармытаў:
— Entschuldigen Sie, ich habe mich geirrt…[1] — —
і паўстала прыкрасьць, што тупыя абліччы не пачырванелі ад далікатнага яго прабачэньня, а вуграстае аблічча, што належала мужчыне, нават ашчэрылася на яго залачонымі грабянямі роту. Адчуў профэсар Шастакоў тады ў вагоне «Бэрлін—Прага», што няма на сьвеце нічога больш прыкрага за далікатную ману: профэсар ня думаў памыляцца, ідучы ў прыбіральню…

— Нэня… эээ… Марыля, слухайце, — паклікаў профэсар работніцу. — Адчынеце ў печцы уюшку…

Уся постаць работніцы Марылі ўдавалася з сябе вялізарны пытальнік, а ў вачох быў такі выраз, нібы зьбіралася Марыля сказаць старому профэсару: «Ці не ашалелі вы?»

— Эээ… раматус, раматус, бясспрэчна і ішыяс… — растлумачыў ён раптоўнае сваё дзівацтва. — Халодна, ведаеце, эээ…

Ён пайшоў да дзьвярэй.

— … Марыля…

А потым праз колькі часу сядзеў перад печкай і кідаў у агонь паперку за паперкай, прыслухоўваючыся да шархатаньня ў Анатолевым пакоі.

4

Над уваходам цьмяна паблісквала, туга аплеценая драцяным каптурком, электрычная лямпка. Як адчынілі дзьверы — Анатоль аж зжахнуўся: ён ніколі ня быў у цаху ўначы, ня прывык бачыць яго маўклівым і мёртвым. Менавіта мёртвым, бо якое-ж яшчэ можа прыйсьці параўнаньне на розум, калі бачыш новыя, нядаўна пастаўленыя варштаты бяз руху, ня чуеш прарэзьлівага, стогну, верашчэньня жалеза, ня бачыш заклапочаных людзей за гэтымі варштатамі. І такія-ж лямпкі, аплеценыя лямпкі, аплеценыя драцяным каптурком, кідалі згары — са столі — мутнае сьвятло, і ў гэтым сьвятле халодным бляскам паблісквалі целы варштатаў.

— Тааак, — здэтанавана працягнуў Анатоль, уваходзячы ў мэханічны.

— Ніколі хіба ня бачыў? — засьмяяўся сакратар комсамольскай ячэйкі Пятрусь Карновіч, і сьмех ягоны рассыпаўся водгульлем па пустым корпусе — вось тут наша і бяда. Завод пусьцілі, а рабочых рук не хапае. Добра яшчэ, што ліцейны ідзе на тры зьмены, а то-б зусім макам селі. Ну, хлопцы, пачынай агляд, — зьвярнуўся ён да рабкораў.

Па два рассыпаліся па цаху. У канторцы — за шклянымі сьценамі яе — засьвяцілі лямпку.

— Малюй, Сімка, плакат. Варштат Стоўпнэра выведзены са строю сёньня. Вінаваты Стоўпнэр, які пусьціў варштат на іншую скорасьць.

— Пачакай, пачакай! А хіба гэта Стоўпнэр вінаваты?

Напоўслове прыпыніўся, зірнуў пытліва на Карновіча і разьвёў рукамі.

— Ну а хто-ж?

Карновіч браў мастака Сімку за плячо і тлумачыў яму:

— Тут ня ў Стоўпнэры адным справа, браток. Гэта-ж трэба разумець! Колькі ў нас Стоўпнэр працуе?

— Здаецца, месяц!

Прыцмокнуў губамі Карновіч, і гэта зразумелі ўсе прысутныя так, што нешта большае ведае Карновіч.

— Не здаецца, а месяц, галава ты разумная. Адкуль-жа яму ведаць, як з варштатам абыходзіцца?

— А майстар навошта?

— Во, во! Ты так і пішы на плакаце. Майстар Гойка, дзе ты быў?

Спрытна запрацавалі рукі мастака Сімкі і з-пад прымітыўнай яго прылады для маляваньня адно за адным пачалі нараджацца словы: «Майстар Гойка, дзе ты быў? Ці ня ў «Мамы» піва піў?»

Навокала дружна зарагаталі.

— Абавязкова да Шыхтэра скардзіцца пабяжыць.

Калі плакат прымайстравалі ля сапсаванага варштату, усе адыйшліся ў бок і пачалі разглядаць яго.

— Чагосьці вось не хапае, хлопцы, — сказаў русявы, апрануты ў дзяжурку.

— Праўду кажаш, — згадзіўся мастак. — Трэба так зрабіць, каб адразу ў вочы кінуўся, — і ён, доўга не разважаючы, вывеў на плакаце вялізарны пытальнік. — Ну, лепш цяпер?

— Хоць у выдавецтва нясі друкуй!

У гэты самы час паклікаў Анатоль. Ён стаяў ля шафы, дзе вешалася вопратка, і трымаў у руках пляцёны кошык. Усе пабеглі да яго.

— Пад якім нумарам вісеў?

— Пад 85. А ў сярэдзіне тут… — ён палез у кошык і ўрачыста выцяг адтуль напоўапарожненую палітроўку.

— Ааах, сволачы! — вылаяўся нехта так смачна, што ўсе іншыя нават пазайздросьцілі яму. — Чый гэта 85?

— Саладзенкаў, — адказаў, знайшоўшы ў табельным сьпісу 85 нумар.

Паўлітроўка якраз і дапамагла.

У бутэльку ўваткнулі кій з плакатам, на якім красавалася маленечкае падабенства чалавечка, якога гарачая фантазія мастака пасадзіла ў такую самую паўлітроўку.

— Разарвецца ад сораму!

Анатоль вышаў за Карновічам на двор пакурыць. Над ліцейным цэхам — над шырокім дымаром — стаяла марыва бліскаў дый іскр, няспынная плойма іх — гэтых іскр дый бліскаў — з грозным вурчаньнем выбівалася з дымаровай пласткі, білася аб цёмную палуду неба і, неадолеўшы ў гэтым змаганьні, іскры ападалі, зьнясіленыя, на зямлю, пакідаючы ў паветры вузкую сьцежку сьвятла.

— Дрэнная справа, Шастакоў, — прыкурваючы, сказаў Карновіч.

— Я гэта бачыў сам, — намацваючы рукой скрыню ды сеўшы на яе, адказаў той.

Потым яны колькі хвілін маўчалі, услухваючыся ў начны шум заводзкага панадворку. Праз верашчэньне дынамо — (дынамо ніколі ня вухкае, ня гудзіць і ня чохкае, як думаюць часта поэты; наадварот: у голасе дынамо ёсьць пяшчотны гук, што чалавечым голасам можна перадаць як нешта сярэдняе паміж «в» і «ф», ад гэтага сярэдняга паміж «в» і «ф» пачынаецца разьбег галосных, — гэта амаль што стогн, але стогн не адчаю, а стогн рашучасьці), — праз лязг мэханічнага крану, праз звар’яваныя ад тэмпу галасы чуў — ня чуў, а здавалася, што чуе — чуў Анатоль чалавечы крык. Было шмат чалавечых галасоў у начной музыцы завода, але гэты крык быў нейкім сваяасаблівым, ён — гэта моцна адчуваў Анатоль — не належаў ніводнаму з людзей, што працавалі ў гэты час.

— Слухай, Пятрусь, хто гэта крычыць так?

— Здаецца… ніхто. Здалося табе… Ты вячэраў сёньня?

Анатолю зрабілася сьмешна ад таварышовага запытаньня, але прышлося прызнаца, што павячэраць не пасьпеў.

— Ну, вось… Змарыўся, і табе здаецца… Але ты лепш парай, што з цэхам рабіць? Рабочых і так няма, а тыя, што ёсьць, не рабочыя, а… ну, хіба можна выконваць програму?

— Трэба перад Шыхтарам паставіць пытаньне рубам. Гойку трэба зволіць і справе канец.

— Яно так, зразумела, — паківаў галавой Карновіч і запаліў новую папяросу. — А хто замест яго рабіць будзе? Хіба бяз майстра з гэтымі «навабранцамі» будзеш працаваць?

— Дык спагнаньне на Гойку накласьці. Ужо досыць Шыхтэру ня бачыць Гойкавых учынкаў. Стаўце пытаньне аб ім на сходзе. А галоўнае — ударніцтва разгарнуць трэба, каб кожны рабочы адчуваў адказнасьць пэўную.

— Прыдзецца паспрабаваць, а то… чорт ведае, што будзе! мэханічны зарэжа завод, няйначай.

З цэху вышлі рабкоры. Адзін аднаго перапыняючы, расказвалі аб тых непарадках, што выкрылі пры налёце, аб тым, якія будуць рэальныя вынікі ад гэтага налёту.

— Наўрад ці прышыбеш плакатамі Гойку, — сказаў адзін з рабкораў з сумненьнем.

— Дарма, — перапыніў яго Шастакоў. — Калі на яго ня ўзьдзейнічаюць плакаты, дык моладзь падцягнецца. Хіба ў адным Гойцы справа?

— Гэта правільна. Аб чым казаць.

… Як ішоў Анатоль дахаты, усё чулася яму, што ў начных гуках гораду крычыць чалавечы голас: стогн, хрыпеньне, зазыў да лютасьці і рогат, пераможны рогат былі ў гэтым голасе. Узнэрваваны і ўшчэнт змораны, Анатоль перапыніў рамізьніка, што соладка спаў на фаетоне, уткнуўшы нос у рукаў, назваў хатні адрас і — паціскаючыся ад холаду — сказаў:

— Гані толькі хутчэй…

Зацокалі капыты аб брук, і ў гэтым цокаце Анатолю пачуўся халерычны рогат нявідочнага — «Ах, як замарыўся за дзень!» — чалавека. І тады, як пад’ехалі да дому, Анатоль нават не чакаў ад рамізьніка рэшты і падняўся па ўсходцах. Доўга шукаў па кішэнях ключа, увайшоў і —

5

— Гэта небясьпечная рэч, профэсар! Не, вы павінны згадзіцца, што мне лепш заставацца на-нач у вас…

— Я вас разумею… эээ… надзвычайна добра разумею, але скажэце на ласку, хіба мая кватэра застрахавана?

— Да вас ня прыдуць… Вы… — голас дайшоў да шэпту, потым пачулася бяссэнсоўнае мычаньне Іларыёна Даменікавіча.

— Ну… і сын…

Ля дзьвярэй, трымаючыся за порт’еру, стаў Анатоль.

— Добры вечар, доктар!

Вочы былі захаваны пад акулярамі і разгледзіць іх Анатолю не ўдалося. Але па тым, як увабраў доктар галаву ў плечы, як засьпяшаўся, устаючы з-за стала, павітацца і — вось гэта галоўнае, бо доктар трымаўся заўсёды асноўных азоў гігіены — працягнуў руку, — па ўсім гэтым зразумеў Анатоль, што сьпешкай, рухамі хацеў захаваць доктар сваю ўстурбаванасьць.

— А я думаў, татусь, што ты сьпіш… Другая гадзіна.

— Эээ… — адно здолеў прамармытаць Іларыён Даменікавіч.

— Вы так позна… — зазначыў доктар, выцягваючы з кішэні насоўку.

Анатоль наліў шклянку малака і, сёрбаючы яго, рэзка адказаў:

— Для мяне заўсёды рана!..

Доктар стрэліў акулярамі ў профэсараў твар і той пасьпяшаўся ўсьміхнуцца ветлівай і спачувальнай усьмешкай.

— Гэта па вашай маладосьці, Анатоль Іларыёнавіч, вам так здаецца. Ёсьць анэкдоцец вясёленькі пра яўрэя, які на цягнік апазьніўся… Кхе, кхе…

Піў малако Анатоль, і чуў, крычыць чалавек, стогн, хрыпеньне, зазыў да лютасьці і рогат, пераможны рогат у гэтым голасе нявідочнага чалавека. Ня вытрымаў Анатоль, рэзка ўстаў з-за стала, адставіўшы з шумам крэсла.

— Анэкдот гэты да вас прыстасаваць зусім няцяжка, доктар!

Хваравітай ружовасьцю заліўся доктараў твар, захваляваўся профэсар і заклапочана зазначыў сыну.

— Будзь, Толя, хоць крыху корэктным да госьця… Ты змарыўся за дзень, ідзі адпачні. А мы пасядзім з гадзінку яшчэ… Справы ёсьць.

— Справы? — У Анатолевым голасе прагучэла пагроза. — Справы? — Ракавое пытаньне сваё паўтарыў у другое, ломячы папяросу. — Ведаю вашы справы… зладзейскія! Не схаваеце!..

Профэсар глядзеў здэтанавана на сына, колькі хвілін панавала ў сталовай глыбокая — амаль драматычная — паўза, цішыню першым парушыў доктар.

— Што вы ведаеце? — першым парушыў цышыню доктар, і гэтае неасьцярожнае запытаньне было недарэчы, здрадзіла гэтае запытаньне самому-ж доктару.

— Толя, Толя! — ледзьве чутна акамянелымі вуснамі прашаптаў профэсар. — Ты хворы?

— Так, хворы, татусь!.. Табою хворы — і вышаў з пакою, адбіваючы гучна — адзін-за-адным — свае крокі.

Пасьля ўсяго гэтага ён сядзеў на канапе, паціраючы спацелы свой лоб, чуў, як там, у сталовай, устурбавана гаварыў профэсар, пярэчыў яму агідным пісклявым фальцэтам доктар, чуў, а слоў зразумець ня мог, улавіць іхны сэнс не ўдавалася.

Думаў Анатоль так:

— «Бязумоўна, я хворы… Нэрвовае нешта… Але бацька? Бацька застойвае ад мяне нешта дужа важнае… А тут… тут гэтыя арышты… учорашні вобыск»…

Поўз у вокны ружовы туман, нібы пенка варэньня, поўз у вокны ружовы туман сьвітаньня. У пакоі — на падлозе і столі — нарадзіліся празрыстыя блікі, і ў трумо — у люстраным ягоным абліччы — убачыў Анатоль бледы свой твар з прыпухлымі кругамі пад вачыма.

— «Удзень пагавару з бацькам канчаткова. Або—або» — ён падышоў да вакна і апусьціў штору.

6

«У царкве Кірылаўскага манастыру фасады падзяляліся пры дапамозе плоскіх, простакутных у разрэзе лапатак. Такога самага тыпу лапаткі і наогул былі больш пашыраны ў будынках бізантыцкага тыпу, пачынаючы з солунскіх і афонскіх цэркваў і канчаючы ўзорамі славянскіх адменьнікаў бізантыцкага архітэктурнага стылю; у большасьці кіеўскіх будоў, за малымі выняткамі, а таксама ў ноўгародзкай і пскоўскай архітэктуры ўсюды для падзелу муроў ужываліся амаль што выключна» — —

— Мой новы роман, спадзяюся, будзе адпавядаць нашым надзеям і жаданьням!

— Ооо! Я заўсёды ведаў, што вашае пёрка будзе служыць бацькаўшчыне!

— — «плоскія лапаткі, і толькі ў некаторых валадзімера-суздальскіх тыпах яны ажыўляліся тонкімі пілястрамі. Тымчасам, у сьмядынскай царкве сьляды надворнае апрацоўкі фасаду маюць крыху іншы» — —

— Што профэсару Шастакову даручыць, не, не! Я катэгорычна протэстую!

— Чаму, доктар? Ён-жа цалкам з намі.

— Вельмі добра, усё вельмі добра. Але пост міністра народнай асьветы ў нашай рэспубліцы — гэта вельмі цяжкая штука. Тут трэба элястычнасьць… а ён гатоў за сваю этнографію дзяржаву прадаць.

— Ну, што вы, што вы! Ён чалавек… ідэёвы.

— Так, так, так! Якраз трапілі пальцам у неба!.. Недалёкі яшчэ той час, калі Шастакоў лётаў з Бэрліну ў Прагу, а з Прагі ў Львоў, шукаючы выдаўцоў для сваёй «Орнамэнтацыі»… Не, панове, няхай ён будзе вучоны, няхай займаецца гэтай самай этнографіяй. Хіба гэта нам не карысна?

— — «характар: плоскія лапаткі, як мы ўжо зазначылі, зьмяшчаліся толькі па рагох, самыя-ж муры падзяліліся лапаткамі, у разрэзе паўкруглымі, у відзе шырокіх палавінных калюмн на маленькіх плоскіх выступах. Падобная апрацоўка муроў пры дапамозе паўкруглых лапатак, якая толькі як выключэньне»— —

— Такім чынам, пост міністра народнай асьветы мы даручым Загржыцкаму. А вайсковым міністрам…

— Панове! Успомнім нашага слаўнага Булак-Балаховіча! Ён для бацькаўшчыны паслужыць ніколі не адмовіцца. Дай і замежжа падтрымае гэта…
— О! Гэта ідэя, за якую варта ўхапіцца!..

— — «сустракаецца на Украіне, можа лічыцца тыповай для смаленскай архітэктуры XII сталецьця, і ўжываецца, апроч таго, і ў некаторых іншых беларускіх помніках, як, напрыклад…»— —

— Што з вамі?

— Вы яшчэ тут? Загрыжыцкага арыштавалі, у Пэкеліса вобыск, да Шастакова прыходзілі і…

— Забралі яго? А дакуманты?

— Фуу! Замарыўся як! Дакуманты? Дакуманты ён пасьпеў схаваць у сына… Вось яны.

— Давайце сюды. А цяпер разыходзьцеся… Яшчэ чаго добрага сюды…

— Зыгмусь! Садзіся за рояль. Пашлі, пашлі!..

— Спакойнага сну. Не забудзьце паведаміць Носіка, яго чамусьці ня было сёньня…

— Можа і яго…

— Бяз панікі, бяз панікі, таварышы!..

— — … «у першую чаргу трэба высьветліць характар найбольш старадаўняга пэрыоду гістарычнага разьвіцьця»… — —

— Ну, ідзі… заяўляй на бацьку… Цябе-ж нічога ад гэтага ня прыбудзе, карысьць невялікая…

Ірвануўся ўсім тулавам да яго, але стрымаўся, бо зразумеў, што рух гэты бяссэнсавы. Адкінуў назад валасы, што назальліва лезьлі ў вочы. Крыкнуў:

— І гэта твая чыстая навука? Ах, бацька, бацька! Значыцца, ты і твая навука толькі шыльда для контррэволюцыйнай работы! — у хваляваньні хадзіў па пакоі, адкідаў валасы, сьціскаў сударгава рукі. — Які я дурань, ах, які я дурань! Як гэта я раней ня бачыў, не разумеў, што мы з табой… чужыя, што ты — труп, жывы мярцьвяк…

— Анатоль! Ты… Глядзі, каб не шкадаваў потым.

— Чаго гэта? — Абарваў свае нэрвовыя крокі. — Чаго гэта шкадаваць? Хіба ты думаеш, што мерцьвякі, такія, як ты, здолеюць перадужыць жывых людзей, маладосьць? Які ты нікчэмны, сьляпы!..

Вось гэтае хваляваньне, што перарасло ў нянавісьць (у нянавісьць да сына!) раптам акрыяла старога профэсара, сілы надало, і не здавацца, а наступаць, наступаць, наступаць штырхала яно — гэтае хваляваньне.

— Ты не сваімі словамі кажаш, Анатоль, чужымі словамі! Так мне дрэнна і цяжка жыць, так, нам дрэнна і цяжка. І хіба мы ня маем права стаць на чале нашай нацыі?

— У вас няма нацыі. У вас нічога няма… Разумееш? Нічога! Вы прадажніцкія душы, вы гатовы нацыю сваю прадаць за злоты… Ты зірні ў газэту, ты паглядзі, чым жыве наша краіна. Хіба ёй патрэбна твая царкоўная орнамэнтацыя? Ты, бацька, прызнайся, колькі людзей ты скалечыў у інстытуце, колькі людзей ты выпусьціў, якія ня ведаюць, што ім рабіць у жыцьці, як ім жыць!

Профэсар абціраў вялізарнай насоўкай спацелы свой твар.

— Газэты, кажаш? — Ён усьміхнуўся. — Хто гэта ня ведае, што цягнікі павінны адыходзіць без спазьненьня. Навошта аб гэтым пісаць у газетах? А людзей… людзей я не калечу. Я выхоўваю іх так, каб яны маглі заняцца навуковаю працаю…

— І вывучаць заімшэлыя абразы?!

— Эт, — махнуў рукой профэсар Шастакоў. — Вось і асьпірант мой… Бурлак… тое-ж самае кажа. Вы маладыя завельмі, галубочкі мае, і ня вам вучыць мяне. Так, навуковая праца для ўсяго чалавецтва!

— А выкананьне прамфінпляну?

Профэсар ня вытрымаў. Ён падышоў да вакна і расчыніў яго. У пакой уварваўся вулічны гуд; ішлі трамваі, азначаючы звонам сваю хаду, крычалі газэтчыкі і рамізьнікі, а здалёк — з рабочай ускраіны — гула сырэна.

— Хопіць, Анатоль. Адно скажу… Калі ты супраць мяне, дык можаш ісьці заяўляць… Можа ўзнагароду і атрымаеш.

Уздрыгануў усім целам Анатоль, кінуў на маленькую бацькаву постаць позірк (— у позірку гэтым была пагарда —) і, выбягаючы з пакою, кінуў:

— Ты — мярцьвяк бацька… А я жывы, разумееш? — жывы і… і буду жыць! Ты — мярцвяк! Ты да ўсяго — вар’ят! І ты мне ня бацька, вораг, мой вораг. Усё!

7

Шыхтэр сядзеў у сваім габінэце, чытаў вынікі рабкораўскага налёту на мэханічны цэх, курыў папяросу за папяросай і яго падмывала хваляваньне. Ён некалькі разоў намагаўся кінуць гэтыя вынікі, заняцца чым хаця іншым, але тон вынікаў быў катэгорычным, трывога была ў іх, і Шыхтэр паўз волю чытаў, перачытваў, нанова.

Нарэшце ён рэзка адсунуў крэсла, на якім сядзеў, устаў і падышоў да тэлефону. Выклікаў Карновіча, а яго ня было на заводзе, і дырэктару паабяцалі знайсьці яго. Ушчэнт раззлаваны, ён бразнуў тэлефоннай трубкай і пайшоў у механічны. Тут, здавалася ўсё было звычайным. Людзі за варштатамі рабілі сваю справу, як і належала ім, майстар Гойка хадзіў ад варштата да варштата з заклапочаным выразам твару, — майстар Гойка працаваў, а зусім не прагульваў, зусім ня лодырнічаў, як пісалі аб гэтым рабкоры.

— Добры дзень, таварыш Гойка, — прывітаўся з ім Шыхтэр. — Як справы?

Ледзь прыкметны цень прабег па Гойкавым твары, усьлед за гэтым ён хітраваценька ўсьміхнуўся і ў вачох застыў на момант адлюстровак сьвятла.

— Справы, таварыш дырэктар, эвань як… ідуць. Толькі… эвань… перашкаджаюць працаваць, і ён міргнуў на плакат.

Пад вялікім пытальнікам на плакаце тым красаваўся надпіс: «Майстар Гойка дзе ты быў?» —

— Хто перашкаджае? — нібы не разумеючы Гойкавага паміргваньня, зноў запытаўся Шыхтэр.

Тады Гойка агледзеўся па бакох, бліжэй прысунуўся да дырэктара — Шыхтэр адчуў пах віннага перагару — і ціха сказаў:

— Падшыванцы… эвань… перашкаджаюць. Мне цяпер па цэху прайсьці… эвань… сорамна. Кожны, здаецца, пальцам ткне.

— Ааа! — дырэктар кіўнуў галавою. — Ну, гэта мы праверым.

Ён пайшоў з цэху, і вось каля самых дзьвярэй натыкнуўся нагой на нешта цьвярдое, ледзь не аступіўся і, раззлаваўшыся, паклікаў Гойку:

— Слухайце, што гэта такое?

Гойка падбег да яго і ўбачыў пад дырэктаравай нагой нядаўна зробленую дэталь для агрэгату: майстар Гойка нават пачырванеў ад нечаканасьці.

— Хто гэта кінуў… іх маць! — зароў ён на ўвесь цэх. Але ніхто не азваўся на грозны ягоны вокліч, і Гойка прамармытаў у дырэктараў твар: — Ну, гэта мы праверым…

Абураны Шыхтэр выляцеў з цэху. Абурэньне вырасла яшчэ больш ад таго, што паўтарыў Гойка дырэктаравы словы і ў гэтым паўтарэньні ўчуў Шыхтэр гіронію. Ён бег да ліцейнага, лаючы ўсё навакольнае, як раптам яго перапынілі. Ён адарваў ад зямлі вочы і ўбачыў перад сабою Карновіча і Несьцярэнку.

— Ты мяне шукаў, Шыхтэр?

— Так, я цябе шукаў. Добры дзень, таварыш Несьцярэнка! Да вас яшчэ ходзіць гэты самы?..

— Шастакоў?

— Так… ён?

— А чаму-ж яму не хадзіць? Ходзіць, і райком зусім задаволены ягонай работай.

— Задаволены? — перадзёрнуў плячыма Шыхтэр. — А я не задаволены! І табой, Несьцярэнка, не задаволены, і ўсёй вашай сыстэмай работы.

Постаці Карновіча і Несьцярэнкі ўдавалі з сябе два — аднальковага памеру — пытальнікі: Карновіч паднасіў да роту папяросу дый гэтак і застыў на палове руху, а Несьцярэнка ссунуў на паталіцу шапку і пытліва ўпяў у дырэктара свой позірк.

— Вы сваім налётам, таварышы, дэзорганізавалі цэх! Вось што. Я буду аб гэтым гаварыць на бюро колектыву.

І хлопцы зарагаталі ў дырэктараў твар, і надыйшла чарга здэтанавана пазіраць за дырэктарам.

— Чаго вы выскаліліся?

Карновіч аж заходзіўся ад рогату. Апаноўвала яго весялосьць. Ён ляпнуў рукой па Несьцярэнкавым плячы і той — нібы ў адказ — зарагатаў яшчэ мацней.

— Ну?

Потым узлаваў, не дачакаўшыся на адказ, і пабег, кінуўшы нахаду:

— На бюро парагочаце! Я вам яшчэ давяду!..

— Гэта ён сур’ёзна?

— А чорт яго ведае! — адказаў Карновіч, абціраючы спацелы твар. — Ён давядзе! Трасцу ён давядзе. Ну, шпарма!

Яны пайшлі ў мэханічны праводзіць з другой зьменай мітынг. І ведалі абодвы, што мітынг будзе бурным, бо стаяла на ім пытаньне аб ударніцтве і спаборніцтве. Трывожна было, але заспакойвала Несьцярэнку адно: у ягонным блёкноце быў сьпіс тых комсамольцаў, якія організаваліся першымі — яшчэ да мітынгу — ва ўдарную комсамольскую брыгаду.

А Шыхтэр тымчасам, смокчучы кончык алаўка, пісаў тэзісы для выступленьня на бюро партколектыву. Уласна кажучы, справа была яснай, але моцна ў Шыхтэраву прывычку ўвайшло пісаньне тэзісаў.

— Чорт ведае, што яны думаюць! — злаваў Шыхтэр. — Дэзорганізацыя, поўная дэзорганізацыя! Вось і працуй тут…

Бралася на вечар, і габінет афарбоўваўся ў сурык: сонца кідала праз вокны касыя промні.

8

Па хісткіх лесках пайшлі людзі: адзін за адным ішлі яны, падаўшыся тулавам уперад, а на плячох несьлі яны цэглу, — лескі паскрыпвалі, падкідалі рытмічна чалавечыя целы, цэгла ціснула, а людзі ішлі, ішлі вышэй і вышэй — на пабудову.

Прайшоў трамвай, перагружаны да максімуму, і калі падыйшоў ён да астаноўкі, захваляваўся паставы міліцыянэр, людзі ў трамвай шчыльна прыціснуліся адзін да аднаго, і шчыльным зрабілася паветра.

Здрыгануўся брук ад хады грузавікоў, са скрыпеньнем, рогатам, стогнам сырэн паплылі яны — трохтонкі, пяцітонкі — па вуліцах.

Закрычаў на рагу газэтчык, зазываючы праходжых інтрыгуючымі сэнсацыямі: «Вот пераварот! Вот пераварот!»

Са скогатам прарабілі магазынныя жалезныя шторы ранішні традыцыйны свой палёт угару, каб адкрыць цікаўнаму воку багацьце вітрын.

А над усім гэтым — над лескавым рыпам, над звонам трамваяў, над гудам грузавіковых сырэн, над гаманой, дзелавой заклапочанасьцю, над скогатам, лязгатаньнем, віттавай пляскай жалеза — над гэтым усім вырас: —

Усьпешчаны ускраінамі сталіцы, для жыхароў неад’емны ў жыцьці, адменны гадзіньнік, што ўведзены цьвёрда ў побыт —

вырас гудкоў — тэмбру густога — гуд: сем гадзін раньня Рэспублікі.

І праз усё: —

праз лязг мэханічнага крану, праз звар’яваныя ад тэмпу галасы чуу — ня чуў, а здавалася, што чуе — чуў Анатоль чалавечы крык, —

а хворасьць прайшла, нэрвы спынілі блёкаду цягліц, а ўсё-ж такі чуў — нутром, развагай, розумам чуў гэты крык —

але гэты крык быў нейкім сваяасаблівым, ён — гэта моцна адчуваў Анатоль — не належаў ніводнаму з людзей, што працавалі ў гэты час.

Купіў газэты. Потым зірнуў на гадзіньнік, нават зьдзівіўся, што так яшчэ рана, зноў у думках — у сувязі з стрэлкай гадзіньнікавай — кранулася: «Лепш так, чым сустракацца, быць побач, пад адной страхой з бацькам»… Седзячы на сквэры, разгарнуў газэту. І адразу ў вочы густой друкарскаю фарбай — тое, што чакаў, аб чым гаварылі ў горадзе некалькі дзён узапар, — убачыў і нешта адчулася лёгка ва ўсёй ягоннай істоце, адчулася лёгка, нібы рука нявідочная камень цяжкі — нявідочны таксама — зьняла з яго. Пераканаўшыся ў тым, што газэта чаканьні спраўдзіла, пацьвердзіла чутае ад таварышоў і знаёмых, і — нават! — ня зьдзівіўшыся, што знайшоў сярод іншых імён і прозьвішча бацькі гатоў быў засунуць газэту ў кішэню, але — —


— — там узыходзіць сонца тым-жа часам, але ўсход сонцавы чысты і празрысты, незатуманены гарадзкой мятусьнёй;

там цьвітуць па-ранейшаму буйныя купавы на хвалях Гайны;

там вечарамі славяць дзяўчаты месяц, падобны на пасыпаны макам кухан;

там стукаюць зынгеры і падпяваюць работніцы калёсцам;

там— —

Бегла рака, нібы вялізарны статак зьвярыны ад ляснога пажару, — вось якраз так, апраўдваючы параўнаньне, вылі, лемантавалі, стагналі, скуголілі хвалі, ішлі над ракой, б’ючы яе, у розных кірунках вятры, ішлі, находзячы адна на адну, нібы крыгі, валатоўкі — хмары, бегла рака, губляючы сваё рэчышча…

— (Туга зафіксавана ў памяці) —

У напрамку мосту бег Мікола Длугач, шырака, нібы крылы раскідаў рукі. —
— Павінен вытрымаць. Разумееш? — павінен!

— — там: Стаход, цэнтр раёну суцэльнай колектывізацыі; комсамольцы — мілыя Патапенкавы комсамаляты, — там! Гэта там! А тут — у газэце — кавалак таго, стаходзкага, таго, што «там», таго, што болем азвалася па ўсёй істоце (— нават больш, чым прозьвішча бацькі — роднага бацькі! — сярод імён ворагаў рэволюцыі), кавалак чорнага корпусу:

… «быў забіты пасьля сходу жыхароў м. Стаход, на якім організаваўся колгас «Чырвоная Гайна» і на якім першым выступіў супраць кулакоў Кранцэвічаў. Кулакі вырвалі з комсамольскіх рагаў адданага барацьбіта, радавога героя нашай соцыялістычнай будоўлі, добрага організатара»…

І боль узмацняўся, павялічваўся, а мацней за яго, дужэй, акрэсьленей — нянавісьць. Ня верыў. Перачытаў яшчэ раз скупыя радкі чорнага корпусу:

«Мікола Длугач быў забіты пасьля сходу»…

І тады зразумеў Анатоль гэты крык чалавека, што чуў нутром, развагай, розумам, зразумеў гэты крык, бо быў крык — крыкам навакольнага, крыкам Краіны, крыкам Рэспублікі, крыкам трывогі:

на франтох Рэспублікі ёсьць прарывы, — мацней, таварыш, паддай плячом, мацней сьціскай у руках вінтоўку і стырно!

Крычыць Рэспубліка маладому свайму пакаленьню:

— Трывога! На франты пяцігодкі!

Усхапіўся. І пайшоў — праз вуліцу, праз пляцы, праз натоўпы — пайшоў туды, адкуль даносіўся гуд заводзкае сырэны.

9

На трыбуне быў Анатоль.

Ёсьць нешта грознае ў прыхлупленай напружнасьці цішыні вялізарнай аўдыторыі: сотні людзей, стаіўшы дыханьне, слухаюць цябе аднаго, і — ведаеш ты: сотні людзей гэтых табе падначалены ў дадзены момант, ты — кормчы іхны, ты — іхны стырнавы. Ёсьць вялікая радасьць чалавечая ў адчуваньні гэтым, і тады як адчуеш радасьць кормчага, стырнавога — тады мацнеюць цягліцы, тады голас — што сталь тугаплаўкая: скрані, аддолееш!

— І ў адказ на інтэрвэнцыю, у адказ контррэволюцыйным нацдэмократам, што намагаліся задушыць маладую нашу Рэспубліку, у адказ клясаваму ворагу, які разьлічваецца перад судом пролетараў, мы яшчэ мацней павінны напружыць сілы на ўзмацненьне таго вучастку соцыялістычнага будаўніцтва, на які краіна нас паставіла, які краіна нам даручыла, таварышы!

Яшчэ да мітынгу — раньнем — бегаў па заводзе заклапочаны Карновіч, прыліпала да цела мокрая ад поту кашуля, бегаў Карновіч і — прыпыняючыся каля комсамольцаў — сьпехам казаў ім:

— Хлопцы! Сёньня мітынг будзе, а значыцца нам выступіць трэба, паказаць, што ўмеем мы (— неадхільна стаялі ў галаве словы любімага поэта —) плянэтамі перакідацца! Во, хлопцы!

І тады як скалынулася аўдыторыя навалай воплескаў, падышоў да трыбуны Несьцярэнка і папрасіў слова.

— Братцы! — хваляваўся ён. — Слухайце, комсамольцы, і… наогул усе! Мы ворага клясавага чым пераможам? Пераможам мы нашай зьяднанасьцю, нашай энэргіяй, якую кіньма на фронт выкананьня прамфінпляну. Факт, братцы!.. А ў нас на заводзе што ёсьць? Прарыў ёсьць! Мэханічны цэх можа ўгробіць весь завод.

— Несьцярэнка! — крыкнуў усхваляваны ўшчэнт Шыхтэр. — Гэта не да часу!

— Ціха! —

— Дай гаварыць! —

— Якраз да часу! — галасы пакрылі ягонныя словы, і адчуў раптам у гэтых галасох Несьцярэнка таварыскае падмацаваньне сабе, адчуў сваю праўду. І дыхнуў ён на поўныя грудзі:

— Шыхтэр нам пагражаў на бюро давесьці нешта. Дармо! Няхай мы — комсамольцы робім памылку, што выступаем бяз згоды бюро, але тое, што мы кажам, што сыгналізуем — праўда, — і гэтая праўда за нас, гэтая праўда нашу памылку рэабілітуе… Што мы маем у мэханічным?

— Развал, чысты развал!

— Панаваньне п’янага Гойкі!

— А хто ня робіць, як рабіць сьлед, той ня вораг?

— Правільна! Вораг!..

Ішлі да трыбуны — з розных канцоў залі ішлі да трыбуны комсамольцы. І кожны сказаць хацеў, выказаць сваё, набалеўшае. Агульнае, за што выступалі, за што грудзьмі станавіліся, зьяднала іх, і вырасла я гэтай зьяднанасьці — дысцыпліна масы, дысцыпліна колектыву.

— Рабочых мала. Гэта ведаюць усе, — сказаў адзін з іх. — Але гэта яшчэ не азначае, што трэба рабіць дрэнна.

— Мы патрабуем ад дырэкцыі звальненьня Гойкі, звальненьня і пакараньня прагульшчыкаў, гультаёў, — было слова другога.

— Досыць дырэктару пакладацца на гэтага майстра — сказаў трэці.

Побач з Несьцярэнкам вырасла постаць Карновіча, гарманіст Санька ішоў на сцэну, крычачы нешта Шастакову. І тады Шастакоў, перамагаючы гуд галасоў, крыкнуў:

— Цішэй, таварышы! Слова даю…

— Комсамольцы мэханічнага цэху абвяшчаюць сябе ўдарнікамі. Каб зьліквідаваць прарыў, які пагражае з кожнай гадзінай павялічыцца, — чытаў Санька, — мы будзем працаваць без выхадных дзён, а дваццаць чатыры чалавекі будуць працаваць тры дні ў пяцідзёнку па дзьве зьмены. Усё!

У роіле чалавечых целаў убачыў Шастакоў расчырванелае дырэктарава аблічча і крыкнуў да яго:

— Калі ўжо я зрабіўся старшынёю сходу, дык прапаную, каб выказаўся Шыхтэр.

Сьціх натоўп. Гарачая цішыня ў жмут зьвязала паветра. І Шыхтэр, ушчэнт зьдзіўлены нязнанай яшчэ на заводзкіх сходах дысцыплінаванасьцю, адно і сказаў:

— Нічога ня маю… Я, прызнаюся, зьдзіўлены ўсім, што чую і бачу. Калі можна, падпішэце маё прозьвішча пад пастановай комсамольцаў.

Адказам былі: усяўладныя воплескі, апісаць якія дужа цяжка, бо слоў ня знойдзеш, а хоць і знойдзеш, дык усё-ж іх будзе мала.

10

Першы раз у жыцьці прышлося профэсару кінуць «чыстую» сваю навуку і заняцца політыкай. І заняўся профэсар ёю — здрадлівай фортунай, заняўся, а целам профэсаравым заняліся хваробы.

— Раматус, раматус… Бязумоўна і ішыяс…

І тады, як пісаў сваё пакаяньне, успомніў на сына — (зашчаміла сэрца — ад болю, ад сораму?) — і патрэба пільная прышла ўбачыцца з ім.

Ён чакаў позна, але Анатоль прышоў не адзін: профэсар чуў з Анатолявага пакою ўзбуджаныя галасы. Профэсар пазнаў: у Анатоля быў Бурлак. І, адганяючы сорам, шчыльна вухам прыпаў да сьцяны профэсар, прыпаў і чуў:

— Мы разьмеркавалі ў інстытуце ўсе тэмы, — казаў Бурлак. — І вось засталася адна. Аб нацдэмаўскай концэпцыі гісторыі мастацтва, — і далей нібы растлумачыў: — аб Шастакове.

— Ты бярэш? — азваўся Анатоль.

Пасьля караценькае паузы:

— Не магу ўзяць, бо еду праз тыдзень адсюль. Ніяк не магу. Вось варта-б было…

— Мне? — усхвалявана запытаў Анатоль, і профэсар тут, за сьцяной, захваляваўся таксама.

— Так, табе трэба ўзяць, Анатоль. Кажаш, бацька? Тым лепш, тым больш пераконваць будзе. Бяры.

Адчуў профэсар, што замуціла ў галаве і сьвятло ў ваччу затанцавала рытмічнымі кругамі. Ён наважыўся адыйсьці ад сьцяны, ступіў раз, другі, і — здрадзілі сілы профэсару.

— Раматус, раматус… Бязумоўна і ішыяс… — мільгнула ў слабеючых думках, а ў голас сказаў — вярней: прахрыпеў ён:

— Нэня!…

Разам з прафэсаравым целам бразнулася аб падлогу крэсла, і рэхам азвалася гэта падзеньне па прыціхшых пакоях.

Кінуўся Анатоль да дзьвярэй, прабег праз сталовую і…

— Вам тут ня месца, малады чалавек.

— Адкуль вы ўзяліся?

Перад ім стаяла старая жанчына, з пагорбленым крышачку станам, але за ахонам гадоў, за мярэжнай хусьцінкай, ушчэнт накрухмаленай, усё-ж спазнаў Анатоль Эну Карлаўну.

— Адкуль вы ўзяліся?

Старая выпрастала стан, і ўбачыў Анатоль: знаёмым сьвятлом — пагарды і нянавісьці — бліснулі яе вочы.

— Я з профэсарам заўсёды ў цяжкія моманты яго жыцьця. Гэта час ведаць, малады чалавек.

З-за сьпіны Эны Карлаўны зірнула на Анатоля перапалоханая Марыля, і тады Анатоль пакончыў са сваёю здэтанаванасьцю:

— Што з бацькам?

Ён зноў наважыўся прайсьці ў бацькаў пакой, але на дарозе стаяла — ня кратаючыся — Эна Карлаўна.

— Малады чалавек, словы раняць сэрца, а нож — цела… Помніце гэта? — і ў самыя Анатолевы вочы ткнула яна аголеную па локаць руку: на ёй — на гэтай руцэ — быў сіняваты рубец. — Анатоль адхіснуўся.

— Што з бацькам?

— Ідзеце адсюль! — валадарчым голасам — рэзка — сказала старая. — Ідзеце і ня прыходзьце, бацькапрадавец.

І Анатоль вышаў. Вышаў і зразумеў:
Калі крычыць Рэспубліка маладому свайму пакаленьню:
— Трывога! На франты пяцігодкі! —
калі б’ецца Краіна за выкананьне плянаў індустрыі —
тады мізэрнай павінна быць туга па роднай, сваёй крыві, тады няма родных, сваіх — а ёсьць: кляса.

— Таварыш Бурлак! Ведаеш, неяк цяжка падпісваць прысуд роднаму па крыві чалавеку, але я згодзен… Скажы ў інстытуце, што даклад аб Іларыёне Шастакове буду рабіць я — былы яго сын. Скажы, што — —

FINIS

Старамодны пакрой хмар —

над палямі, над лугамі, над лясамі, над імшарамі, пад сыпучым пяском — вецер павее — і сьцяной ідзе пясок, хіліць сухотны лазьняк прыгінае да зямлі: і тады здаецца — на пясчаным целе набраклі крывёю вены-лазьняк), над балацьвяньнем, над густым хмельным чорназемам —

старамодны пакрой хмар нязьменны над зямлёй.

І раптам: з-за хмар, як расьселіну дадуць яны, выплыве барвовае сонца — і промні на зямлю палятуць, і будзе купацца ў промнях гэтых зямля.


— — будзе для нас — для людзей маладое краіны — сьвяціць сонца мацней і зырчэй: бо — промні сонечныя ў нашых цягліцах у нашых нэрвах, дый намі-ж — насельнікамі плянэты пролетараў — усьпешчана гэтае наша сонца!

Чэрвень—кастрычнік, 1931.
Менск—Цераховічы.


  1. Прабачце, я памыліўся…