Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці

Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці
Артыкул
Аўтар: Леў Цвяткоў
1926 год
Крыніца: Маладняк. — 1926. — №12 (3). — бач. 122-137

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Л. Цьвяткоў

Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі
ў літаратурным адбіцьці

(Рысы народніцтва на беларускай глебе ў творчасьці Сыракомлі)

Маючы на ўвазе паказаць рысы народніцкага сьветапогляду ў творчасьці Кандратовіча Сыракомлі, можна было-б, як гэта цяпер робіць большасьць дасьледцаў грамадзкага жыцьця, выявіць супярэчнасьць паміж народніцкім дуалізмам і марксыцкім монізмам.

Але ня гэта зьяўляецца нашаю мэтаю.

Мы хочам даведацца, наколькі сьветапогляд Сыракомлі блізкі да народніцтва. Дзеля гэтага мы павінны мець на ўвазе галоўныя падставы ідэолёгіі народніцтва.

Перш за ўсё — што такое „народ?“

Гэта ня тое самае, што нацыя, бо ў яе склад уваходзяць, напрыклад, усе беларусы, а народнікі адрозьніваюць „народную“ частку жыхарства ад „ненароднай“.

Гэта таксама не зьяўляецца й клясаю ў соцыолёгічным сэнсе, бо кляса — група з аднолькаваю рольлю ў вытворчасьці, а тут мы гэта не заўсёды бачым.

Дакладней за ўсё „народ“ (паводле народніцкае ідэолёгіі) можна прыраўнаваць да аднаго стану — да стану сялянскага.

Але сялянства, знаходзячыся ў розных экономічных умовах, ня мае адзінства, суцэльнасьці, ніякае супольнасьці інтарэсаў і мэт ад таго часу, як ня існуе прыгону.

Вясковыя заможнікі ды бедната — вось два варожыя групаваньні ў адным і тым самым „народзе“.

Літаратура як навуковая, таксама й мастацкая даўно заўважыла гэты факт, бо ён відавочны, але пісьменьнікі-народнікі не заўсёды бачаць яго вынікі, ня часта адзначаюць бязумоўную супярэчнасьць інтарэсаў дзьвёх сялянскіх кляс. Народнік, на падставе свайго дуалістычнага сьветапогляду, поруч з экономічным фактарам, ставіць фактар псыхічны, а дзеля гэтага верыць, што частка нацыі мацнейшая з моральнага боку павінна перамагчы сваіх ворагаў у хуткім часе, хаця-ж бы яны мелі вялікую экономічную перавагу.

Блізасьць да прыроды, „чорназемнае імкненьне“ („черноземная тяга“, як гаварылі расійскія народнікі), земляробскі інстынкт, „улада зямлі“ і г. д. даюць працаўніку-хлебаробу перавагу над кулаком, бо гэты апошні раней ці пазьней адарвецца ад зямлі і, як той Антэй у казцы, згубіць сваю моц. Апроч гэтага, кулак — індывідуалісты, тады як хлебароб жыве ў грамадзе, і яна ўратуе яго ад моральнага й матэрыяльнага заняпаду. Уласна кажучы, кулакі нават зусім не зьяўляюцца часткаю „народу“, а толькі нейкаю хваробаю, болькаю на яго целе, ненормальным новаўтварэньнем на яго організьме.

Дзеля гэтага захаваньне сялянскае грамады, чаго-б гэта ні каштавала, — вось галоўны пункт народніцкае програмы, цесна зьвязаны з усёю ідэолёгіяй народніцтва.

Маючы на ўвазе высокія моральныя рысы „народу“, абавязкова трэба ўтварыць з ім найцясьнейшую сувязь, атрымаць ад яго ўсю моральную карысьць, якую ён можа даць інтэлігенцыі, а за гэта прынесьці яму ў дар пакуль што хаця-б толькі простую пісьменнасьць,

Урэшце „хаджэньне ў народ“ магло мець на ўвазе й паважныя навуковыя мэты — зьбіраньне фактаў народнае творчасьці, вывучэньне асаблівасьцяй быту і г. д. Гэта мела значэньне і для нацыянальнае сьвядомасьці.

У мінулым сталецьці шмат якія народы прачнуліся для сьвядомага нацыянальнага жыцьця.

У Беларусі ды Украіне сярод тых кляс грамадзтва, якія былі згубіўшы нацыянальнае самапачуцьцё, зьяўляецца зноў цікавасьць да ўсяго свайго, роднага, блізкага, пачынаецца „збліжэньне з народам“.

Інтэлігенты ня толькі носяць сялянскую вопратку, ня толькі гамоняць з мужыкамі аб іх справах і цікавяцца песьнямі ды казкамі, але ўжываюць народную мову ў літаратуры.

Людвіг Кандратовіч, які пісаў пад імем Уладыслава Сыракомлі польскія вершы, карыстаўся й роднаю беларускаю моваю. Адзін яго верш рэволюцыйнага зьместу пачынаецца такімі словамі:

Заходзіць сонца пагоднага лета,
Вее вецер з Заходніх нябёс;
Здароў будзь, вецер! з далёкага сьвету
Добрыя-ж весьці ты да нас прынёс!
Здаровыя-ж будзьце, эй, добрыя весьці:
Там, на Заходзе, праліваюць кроў,
Б‘юцца для славы, свабоды і чэсьці
І робяць вольных людзей з мужыкоў.

Гэты верш, які, магчыма, меў на ўвазе паўстаньне францускіх народных мас, прыдушанае генэралам Кавеньякам у моры крыві ў 1848 годзе, быў надрукаваны толькі ў 1862 годзе, у якасьці дадатку да рэволюцыйнае брошуры „Гутарка старога дзеда“.

Мы цікавімся цяпер ня толькі політычным зьместам гэтага твору, а таксама й тым фактам, што ён напісаны чыстаю й прыгожаю народнаю беларускаю моваю.

У большасьці сваіх твораў Кандратовіч Сыракомля хацеў даць чытачом усебаковы малюнак вясковага жыцьця з яго добрымі й дрэннымі зьявамі.

Агляд гэтага малюнку найзручней, найвыгадней будзе пачаць з поэмы „Янка Магільнік“[1] („Janko Cmentarnik“).

Гэты Янка — найлепшы прадстаўнік беларускага сялянства, найлепшы сябра вясковае грамады.

„Год пяцьдзесят ці больш таму жыў у ваднэй вёсцы багаты дзяцюк, прыгожы, вясёлы, адзін з тых людзей у якіх сэрца заўсёды б‘ецца горача, якія ўрадзіліся не гультаямі. Калі яны кахаюць, дык шчыра, калі працуюць, дык ахвотна, з прыемнасьню пацеюць над плугам, усім чыста на сьвеце цікавяцца, усіх гатовы абняць, усім падаць руку, каб дапамагчы…

Дык вось усе і глядзелі на Янку, як на роднага брата, а ён бязупынку быў заняты: заўсёды знаходзілася тая ці іншая праца ў вясковай грамадзе.

Ён кахаў сваю родную вёску, гэта была яго гордасьць; кахаў сваіх бацькоў ад шчырага сэрца, кахаў свае палі й сенажаці, рэчку, якая ўецца там, свае лясы й дымкі над хатамі. Родным братам быў ён для парабкоў…“

Далей аўтар дадае сваю ўвагу: „заўсёды прыемна бывае падзяляць з грамадою долю й нядолю, жыць супольным жыцьцём з усімі, адчуваць братняе адзінства“.

Мы бачым, што потым, адарваны ад гэтага адзінства, закінуты на чужыну, Янка ўвесь чае нудзіцца ды мучыцца і знаходзіць сабе толькі адну радасьць — сумленнае выкананьне сваіх моральных абавязкаў. „Грамада“, як адзіная суцэльнасьць, — вось прадмет каханьня Янкі.

„Бывала, памрэ хто ў вёсцы, — Янка шчыра заплача, як малое дзіцянё. У чужым чалавеку, што зышоў з гэтага сьвету, Янка губляў быццам роднага бацьку ці брата. Ён зробіць і магілу і труну, сьпяе жалобныя сьпевы, а калі блізкія ў нябожчыка небагатыя, дык яшчэ заплаціць і за пахаваньне“…

„Ён і на вясельлі дружка, ён-жа й першы аратай і касец, ніколі ня бывае ў яго недахопу сіл і ахвоты“…

Правы Янкі на пяршынства ў вёсцы прызнаюць усе, бо гэтыя правы ўгрунтаваны на яго шчырым каханьні й рупнасьці аб усёй грамадзе, бо ён гатоў заўсёды бараніць агульныя інтарэсы. Дзеля гэтага ён можа весьці за сабою грамаду туды, куды лічыць патрэбным.

Але, на жаль, інтарэсы розных грамад не аднолькавыя. Вось чаму Янка бывае ня толькі кіраўніком агульнае вытворчае працы, але й правадыром бою на кіях (grzmotni na kije). „І б‘е ён ды б‘е, пакуль ня зваліць ворага на зямлю“. Ды як-жа й можа быць інакш, калі чужая грамада адважваецца захапіць сенажаць або ворную зямлю ў яго вёскі?

Грамадзе Янка патрэбны, пакуль ён прыдатны да працы ды бою. Але вось гэты самы Янка прыходзіць у родную вёску ўжо стары. Новае пакаленьне, новыя сябры грамады ўжо толькі сьмяюцца, гаворачы з ім. Праўда, калі Янка паабяцаў ім набіць сьпіны так, як б‘юць недасьпелае горкае яблыка, каб яно зрабілася больш мяккім ды смачным, моладзь крыху апамяталася. А ўсё-ткі Янка для яе чалавек чужы й зусім няцікавы, і адносіны да яго гіронічныя, як, праўда, і да іншых старых людзей.

Сябелюбных неспагадных людзей шмат, і шчыры, добры, самаахвярны Янка, які гэтак рупіцца і аб жывых і нават аб нябожчыках, — зьява даволі рэдкая.

Людзі бяз высокіх імкненьняў, бяз яснага сьветапогляду, бяз цьвёрдых падстаў для дзейнасьці, людзі „мяшчанскага духу“, „буржуазнай псыхолёгіі“ колькасьцю пераважваюць пакуль што ўсюды, а ў тым ліку й на вёсцы, а рэдкія „рыцары духу“ выразна выдзяляюцца на гэтым шэрым грунце.

Сыракомля ня дзеліць сваіх герояў на мяшчан і рыцараў духу, у яго падзел інакшы: добрыя тыпы ў яго або належаць да сялянства, або жывуць выключна інтарэсамі гэтага стану; наадварот, тыпы адмоўныя, нават вышаўшы з народу, заўсёды цураюцца яго.

Значыцца, у творах Сыракомлі ёсьць два галоўныя тыпы: дэмофілы й дэмофобы — прыяцелі й ворагі „народу“.

Адарвацца ад роднае глебы, быць неспагадным для народу — гэта здаецца Сыракомлі найгоршаю бядою, якая толькі можа здарыцца з чалавекам. У выніку гэтай адсутнасьці грунту зьяўляецца беспрынцыповасьць, а потым ужо недалёка й да злачынства.

Адзіным лекам ад гэтае хваробы можа быць праца над самым сабою й сувязь з простымі сумленнымі людзьмі.

У поэме „Начлег гетмана“ („Nocleg hetmański“) Сыракомля апавядае нам гісторыю беднага хлопца, які зусім выпадкова вышаў з вёскі ў шырокі сьвет, атрымаў добрую адукацыю і заняў у грамадзтве не апошняе месца.

Гетман заначаваў у хаце лясьніка і зьвярнуў сваю ўвагу на яго сынка — малога Грыгорку.

Грыгор Суліма — адважны хлапец. Узімку, у мяцеліцу бярэ ён дубіну, каб абараняцца ад ваўка, і весела бяжыць у лес шукаць бацьку:

Грыгорку бяруць ад бацькоў і рупна ды старанна займаюцца яго адукацыяю і выхаваньнем.

Настаўнік Грыгора ў ваеннай навуцы, стары вайсковец Дэршняк, тлумачыць яму, што значыць кахаць сваю бацькаўшчыну, — у наступных словах:

„Бараніць сваю бацькаўшчыну! А ці ведаеш ты, малы, што такое бацькаўшчына? Дык вось я табе скажу. Старыя людзі звалі яе сваім жыцьцём, здароўем і служылі ёй шчыра ў долі і ў нядолі. Што такое бацькаўшчына? Гэта сьцены тваёй хаты, гэта яе старая страха з саломы, гэта гоні, засеяныя жытам, якое не дае табе загінуць з голаду, гэта вада роднай рэчкі, якая асьвяжае тваё цела ўлетку, гэта прыгожасьць дзяўчыны, любай твайму сэрцу, гэта тваё неба найбольш прыгожае ў цэлым сьвеце, гэта смак твайго яблыка й цень тваёй яблыні“… „Дык вось, адным словам, бацькаўшчына ва ўсім гэтым: і часткамі і ўся разам. Гэтую бацькаўшчыну мы баронім ад татараў, яе кахаем, яна — наша гордасьць“.

На вялікі жаль, Дэршняк у хуткім часе памёр. А потым маладыя, вясёлыя таварышы адарвалі Грыгора ад паважнае працы, ад кніжак, ад размоў з сталымі, разумнымі людзьмі, ня далі яму магчымасьці выпрацаваць сьветапогляду. „Пры іх забыўся ён аб старым праз поўгода. Часта Грыгор гаварыў: „Працуйма для славы ды для хлеба. Толькі дзьве рэчы патрэбны чалавеку: добрая шабля й адважнае сэрца. А пад прыхільнаю апекаю гетмана можна, выконваючы свае абавязкі, ня вельмі рупіцца аб тым, што напішуць аб нас гісторыкі“.

Грыгор губляе сувязь з „народам“. Яму цяпер ужо нішто не замінае прыгнятаць народ.

Грамадзянскае пачуцьцё, грамадзянскі сьветапогляд цяпер ужо для яго ня існуюць.

Але яны вельмі разьвітыя ў багатай ды вяльможнай панны Бэаты, у якую закахаўся Грыгор. Яго думкі вельмі не падабаюцца Бэаце.

Не паважаючы сваіх бедных бацькоў, Грыгор вельмі шанаваў прыгожую, багатую, вяльможную панну Бэату, але не заўсёды захоўваў належную вернасьць і ёй. Зусім выпадкова Грыгор здрадзіў і сваю бацькаўшчыну, выдаў вайсковы сакрэт ворагам Беларусі — Лівонскім крыжаком. Панна Бэата памерла з гора. Усе адцураліся ад Грыгора Сулімы.

Адарваны ад роднае глебы, адкінуты тэю вышэйшаю клясаю, з якою ён быў стварыў цесную сувязь, Грыгор Суліма шукаў выхаду з немагчымага, цяжкага становішча.

Гэты выхад ён знаходзіць, адмовіўшыся ад сябелюбства, прылучыўшыся зноў да „грамады“.

На прыкладзе Грыгора Сулімы Сыракомля хоча нам паказаць, як небясьпечна бывае адарвацца ад „народнае“ глебы.

Ксёндз дафінітар (у поэме „Ян Дэмборуг“, „Jan Dęboróg“) і шляхціч Піліп з Канопляў (Filip z Konopi) зьяўляюцца, паводле думкі Сыракомлі, прыкладамі тэй карысьці, якую маюць прадстаўнікі іншых станаў грамадзтва ад цеснай сувязі з „народам“.

„Калі прыдзе шэры змрок, дафінітар ходзіць да сялян; ідзе пехатою“… „Падпіраецца ён кіем, ідзе сабе паволі й зьбірае кветкі. Ён і ў палацы, і ў простай хаце дапамагаў, раіў, ўзмацняў дух; з панам і з мужыком быў па-просту — быццам ланцугом якім зьвязваў усіх у вадну братнюю сям‘ю“.

Ён прывучыў і маладога Яна ня цурацца сялянскае працы, не ганьбаваць простымі людзьмі, а апроч гэтага яшчэ даў яму шырокія й глыбокія веды ў розных навуках.

У поэме „Луста хлеба“ („Kęs chleba“) зьяўляецца прыяцель „народу“ шляхціч Лагода, які зжыўся з сялянамі, уваходзіў у іх інтарэсы, і яны шчыра яго любілі й павяралі яму. Наадварот, яго сусед, эксплёататар Забора, быў агідны й ненавісны ўсім. „Народалюбства“ Лагоды аднак-жа было органічнае, інстынктыўнае, а не сьвядомае.

Мы тут не разглядаем пытаньне, наколькі згаджаюцца з жыцьцёваю праўдаю, з фактычным станам рэчаў вобразы ксяндза й шляхціча — „народалюбцаў“.

Клясавыя інтарэсы духавенства й шляхты не дазвалялі, каб падобныя зьявы былі тыповымі.

Але мы цікавімся цяпер ідэолёгіяю самога аўтара.

Пабачым зараз, як ён малюе зусім сьвядомага „народніка“ старажытных часоў у васобе пана Піліпа з Канопляў. (Pan Filip z Konopi).

Пана Піліпа выбралі паслом у сойм. Ён выпрацаваў проект роўнапраўнасьці для ўсіх станаў, жадаючы, каб кожны грамадзянін мог атрымаць адукацыю, каб прымаў удзел у законадаўчай працы, каб плаціў падаткі на адных і тых самых падставах, каб ня было ніякіх прывілей і г. д.

Адзін дваранін пытаецца ў пана Піліпа, ці можа хто-небудзь зраўнацца з шляхтаю, калі другога такога самага стану няма й быць не павінна.

Піліп адказвае яму: „Нам роўныя — мужыкі, якіх Рэч Паспалітая трымае паніжанымі. Калі мы баронім дзяржаўныя межы, шаноўны колега, яны запасаюць хлеб для нас, сьцерагуць нашых дзетак. На хлебароднай глебе іх сякеры ды косы вартыя найлепшага гербу. Васпан, здаецца, рыцар — а, на жаль, вашая шабля зайржавела, мо‘ яшчэ ад прадзедаўскіх часоў. А паглядзі толькі на іх плугі, ці ня больш яны вартыя, бо зьзяюць яскрава ад штодзеннага ўжываньня. Яны ў сваім дастойным, хаця й бедным, стане заслугоўваюць больш, чым мы з нашымі справамі; яны вартыя быць роўнымі з намі!.. Сягоньня, калі мяне выбралі ў сойм, глядзеце, які проект я ўнясу — гэта будзе мая першая дапамога мужычком — роўнапраўнасьць“.

Гэтая прамова загубіла пана Піліпа.

Дваране зазлаваліся, кінуліся на яго з шаблямі й цяжка паранілі. Ад гэтых ран ён і памёр.

Але перад сьмерцю пан Піліп пасьпеў яшчэ прагневаць ксяндза, які прышоў да яго ў апошнюю хвіліну, — сказаў духаўніку, што ўсе людзі роўныя, што нядобра бывае дзерці з бедака-мужыка апошні грош, што пасты нічога ня значаць,а трэба мець чыстае сумленьне.

Ксёндз зазлаваўся ды сказаў, што нага яго больш ня будзе ў гэтай хаце, і пакінуў пана Піліпа.

Нават паміраючы, пан Піліп думаў і рупіўся не аб сабе, а толькі аб народзе. Усё-ткі яму хацелася яшчэ пажыць, папрацаваць на народную карысьць. — „Шкада, што прыходзіцца пакінуць гэты сьвет“, кажа ён перад сьмерцю. Гэтак любіў пан Піліп сваю дзейнасьць на дабро народу.

Народнікі з шляхецкага стану (як пан Піліп або дафінітар) добра ведаюць, што вышэйшыя станы маюць вялізарны доўг, які павінны заплаціць народу. Гэтая сьвядомасьць сваёй віны змушае іх працаваць бязупынку на карысьць народу; яны імкнуцца адпакутаваць за ўсе грахі цёмнае мінуўшчыны свайго ўласнага стану.

Пан Піліп хоча несьці цяжар падаткаў роўна з сялянамі. І ён і дафінітар нясуць на сваіх плячох нялёгкае бярэмя земляробскае працы. Яны рады, што не карыстаюцца чужою працаю, што самі займаюцца сваёй гаспадаркаю: Дафінітар нават арэ й жне сам, асабіста.

Жыцьцё здаецца ім закароткім; яго не хапае, каб зрабіць усё тое, што павінны зрабіць вышэйшыя станы для сялянства, бо яны зашмат ад яго атрымалі і нічым яму не заплацілі.

І сапраўды, не адзін чалавек, а толькі шмат пакаленьняў могуць прывесьці ўсё ў роўнавагу. Толькі шматгадовая праца можа зьніштожыць апошнія ўспаміны аб прыгнечаным, нялюдзкім становішчы сялянства ў нядобрыя часы панаваньня эксплёататараў. Але такія паважныя зьмены, аб якіх думалі народнікі, могуць зьявіцца выключна ў выніку рэволюцыі. А для рэволюцыі патрэбны пэўныя ўмовы.

Пры панаваньні натуральнае гаспадаркі, пры малым значэньні сярэдняга, гандлярскага, купецкага стану, перавага шляхты павінна была трываць вельмі доўга. Такім чынам ня толькі сяляне, але й буржуазія яшчэ пакуль што не магла мець улады.

Гутаркі аб роўнапраўнасьці станаў здаваліся ўсім вельмі дзіўнымі ў часох пана Піліпа (XVI, XVII сталецьці).

Аднак-жа кожная, хаця-б і вельмі няўдалая, спроба мае сваё значэньне ў гісторыі. Вызначыць новы шлях бывае надта важна. Па ім яшчэ ня езьдзяць, але, калі будзе магчымасьць, яго выкарыстаюць. Новую думку грамадзтва прызнае раней ці пазьней.

Вось чаму вялікае пашаны заслугоўваюць тыя людзі, якія мелі грамадзянскую адвагу выказаць свае новыя думкі, ня гледзячы на кпінкі ды лаянкі сваіх сучасьнікаў.

Па гэтым пытаньні аўтар гаворыць (Fragmenty o Filipie z Konopi, p. II.) наступнае:

„Добра было-б на гэтым сьвеце быць такім чалавекам, як усе іншыя — сталыя нявольнікі звычаяў ды моралі. Іхнія думкі ня йдуць нейкім дзіўным шляхам, а могуць трымацца бітае дарогі. Такія людзі ніколі ня будуць адзінокімі сярод масы. Яны разумеюць гэты сьвет, і ён іх таксама зразумее.

Але сустракаецца часам і іншы чалавек, сапраўдны ўлюбенец лёсу.

Калі ў яго зьявіцца новая думка, дык выкажа ён яе надта ўдала ў належным месцы й часе сярод спагадных людзей. Вось тады яго словы захопяць людзкія душы, пасыплюцца зерняткі найлепшага севу.

Але зноў такі паміж тысяч людзей спатыкаюцца й асобы з шалёнаю галавою, а гарачым сэрцам. Яны, ня гледзячы, дзе й каму гавораць, ня ўстрымліваюць слоў свайго сардэчнага перакананьня.

Такі чалавек яшчэ ня досыць моцны, каб зваліць стары парадак рэчаў, але ён на ўсё нападае, усяму пярэчыць.

У навальніцу грамадзянскіх нязгод, якая нясецца ў магугным руху, ён дзьмухае, усё роўна, як быццам проціў ветру, каб той павеяў у іншы бок. Надарэмна з усяе сілы ўбірае ён у сябе паветра, але раней разарвуцца ў яго грудзі, чым ён тут што-колечы выдзьмухае.

А сьмеху-ж будзе, а рогату з беднага вар'ята. Хто пальцам тыкае, а хто дык проста зьдзекуецца: „Чуеце, што ён прыдумаў? Глядзеце, куды ён прыблытаўся!“.

Эх! Піліп з Канопляў!“

Зразумела, што падобны чалавек не дачакаеша добрых вынікаў сваёй пропаганды.

Толькі шмат пазьней, шмат гадоў пасьля яго сьмерці яго думкі могуць зьдзейсьніцца.

Сыракомля пісаў у саракавых, пяцідзесятых і ў пачатку шасьцідзесятых гадоў XIX-га сталецьця.

Пазьней за яго, але, бязумоўна, зусім ад яго незалежна, прадстаўнік расійскага крытычнага народніцтва Мікола Кастусёў Міхайлоўскі, прыстасоўваючы да соцыолёгіі тэорыю натуралістых Снэлла ды Геккеля адносна „ідэальных і практычных тыпаў“, даходзіць да вельмі цікавых вынікаў:

Існуюць ў жыцьці тры тыпы: практычны, сярэдні й ідэальны.

Практычны тып — гэта вынік поўнага, бязумоўнага прыстасаваньня да акружаючага жыцьця: ён ня мае магчымасьці далейшага разьвіцьця, эволюцыі, бо ня мае яскравых індывідуальных рыс.

Ідэальны тып здольны да эволюцыі; яго натура, багатая індывідуальнымі, рэзка вызначанымі рысамі, дае яму надта добрую падставу для далейшага разьвіцьця. Але барацьба з акружаючым жыцьцём для яго нязвычайна цяжка.

Сярэдні тып, дапасаваны да гэтага жыцьця настолькі, каб не загінуць у безнадзейнай барацьбе, у дарэмным змаганьні з ім, мае ў сабе даволі індывідуальных асаблівасьцяй, каб унесьці нешта сваё ўласнае ў агульны ход эволюцыі.

Герцэн заве „мяшчанскім“ той тып, які вышэйпрыведзеная тэорыя называе „практычным“.

Процівалежны гэтаму тып „ідэальны“ можна назваць інакш „індывідуалістычным“. Можна гаварыць аб тыпах „стадным“ і „асабістым“.

Але ўжо вышэй мы гаварылі аб „рыцарах“ ды „мяшчанах“ духу. У сутнасьці рэчаў тэрмінолёгія нічога рашуча не зьмяняе.

У сваім сапраўдным выглядзе „ідэальны“ тып заўсёды гіне, хаця й не бясьсьледна. „Мяшчане“ загрызаюцыь яго на сьмерць.

Такі лёс спаткаў, як мы ўжо бачылі, Піліпа з Канопляў. Змагаючыся з цёмнымі зьявамі жыцьця, выступаючы проціў рэлігійнага фанатызму, проціў катаваньня жыдоў, проціў уціску слабых людзей моцнымі, проціў подкупаў ды гвалтаў на выбарах, проціў няроўнапраўнасьці станаў і г. д. Піліп нажыў сабе шмат ворагаў, якія ўрэшце яго й загубілі.

Дафінітара мы можам лічыць сярэднім тыпам. Ён ў значнай меры прымае пад увагу ўмовы месца ды часу.

Тактоўна, умела змушае ён парахвян шанаваць яго перакананьні й пакрысе іх прымаць у свае душы. У сваіх казаньнях ён ня ўжываў рэзкіх слоў, але ўмеў бяз гэтакіх моцных сродкаў дайсьці да пажаданых вынікаў.

Стары Дэмборуг чуе ад дафінітара ня толькі агульнага характару моральныя ўвагі адносна неабходнасьці задаволіць пакрыўджаных суседзяў, але яшчэ й спэцыяльна-дваранскія мотывы аб чыстаце гэрба й шляхецкім гонары. Дафінітар — тонкі псыхолёг; ён стаіць на грунце сапраўднасьці; ён гатоў нават забабоны свайго суразмоўцы (напрыклад, яго веру ў існаваньне нейкай спэцыяльна дваранскай чэсьці) выкарыстаць для сваёй справы.

У вершы „Зарана“ („Zawcześnie“) Сыракомля з шчырым спагаданьнем гаворыць аб лёсе тых людзей, якія адышлі далёка ўперад ад сваіх сучасьнікаў, аб лёсе тых „рыцараў духу“, якіх задушыла халоднае, эгоістычнае абкружаючае жыцьцё.

Але нявымоўна страшэннаю зьяўляецца духоўная сьмерць, моральнае зьніштажэньне цэлага стану, які разарваў сувязь з большасьцю нацыі.

У вершы „Lalka“ маленькая дзяўчынка гаворыць: „У свята… мамачка дасьць мне новую вопратку і ружовую стужку ў касу. Тады я буду ведаць напамяць францускія малітвы, і мы паедзем у касьцёл. Вось будзе дзівіцца ўся грамада простых людзей, бо яны не разумеюць гэтых замежных слоў… памалюся я аб тым, каб мне хутчэй расьці ды прыгажэць“.

Хоча яна памаліцца і аб тым, каб бацькі яе мелі шмат грошай“.

— „За гэтыя грошы, кажа яна, мы купім чатыры вёскі мужыкоў, каб яны для нас і жалі й касілі… — „Учора“, апавядае далей дзяўчынка, татка паабедаў ды паклаўся спаць, а яны зусім няпрыгожа й непатрэбна ўвашлі, запэцкалі падлогу, крычаць, як быццам нейкія мядзьведзі: „Хлеба, паночак, дай хлеба!“ Зразумела, загадалі іх біць… і зусім справядліва“.

Шляхта вельмі часта зьяўляецца лютым, бязьлітасным ворагам народу:

— „Бараніць нізкія вясковыя стрэхі, пабіць на галаву крымскіх бандытаў — вось як уяўляў сабе плян усяе справы вяльможны гетман польнае булавы. Але, забясьпечаны ў сталёвым панцыры, ня кожны рыцар бывае сумленным. Панцырная шляхта й слугі цэлым атрадам пашлі па вёсцы; рабуюць яны братнія хаты й сусекі; рабочых валоў рэжуць сабе на вячэру; крыўдзяць прыгожых вясковых дзяўчат і яшчэ б‘юць, калі якая-небудзь заплача. Толькі сьмяецца з крыкаў і стогнаў вяльможны гетман польнае булавы“.

Бязумоўна, ня толькі ў заможных клясах сустракаецца „мяшчанская“ псыхолёгія. Гэта — зьява штодзенная, яе можна ўсюды лічыць вельмі звычайнаю.

Герцэн гаварыў нават, што „ў самой прыродзе шмат мяшчанства“.

Большасьць народнікаў прызнавала гэтую паўсюдную перавагу „мяшчанства“, хаця Герцэн пэўны час верыў, што „мужыцкі кажух“ не паддаеца гэтай заразе.

Сыракомля ў сваім вершы „Нявіннай душачцы“ („Niewinnej duszyczce“) апісвае мяшчан ня вельмі шкадлівых, зусім неакрутных, а ўсё-ткі ні да якое справы няздольных. „Старосветские помещики“ Гоголя, або „Сон Обломова“ Ганчарова могуць даць нам уяўленьне аб падобных тыпах. Гэтыя людзі прынцыпова ня цікавіліся нічым рашуча, апроч сну, яды й гарэлкі. Але й гэтая няцікавасьць зьяўляецца прычынаю шмат чаго дрэннага.

Часта бывае, што панская забава каштуе горкіх сьлёз мужыком. Вось, напрыклад, мядзьвежы загоншчык Хадыка (у поэме „Chodyka“) забыўся высачыць ды загнаць мядзьведзя для панскіх ловаў. З гэтае прычыны ён зрабіўся зусім бяздольным чалавекам і дашоў да злачынства.

Вось, далей, урачыстае сьвята ў Нясьвіжы, імяніны князя Кароля Радзівіла. Кабета з простага народу павінна зрабіць у сваёй хаце ілюмінацыю ў чэсьць панскага сямейнага сьвята, але ў яе ўласнай сям‘і вялікая трывога ды гора — памірае дзіцятка. А чалавек ад гарадзкога магістрату, прысланы з загадам адносна ілюмінацыі, стукнуў так моцна ў акно, што разьбіў шыбу; сьцюдзёнае паветра ўвашло ў хату і дзіця памёрла.

— Вецер праз разьбітую шыбу дзьме ў калыску майго малойчыка, сьмерць з ветрам прыляцела, бярэ яго, абнімае, а матка выконвае загад. Але не магу сьпяшацца, бо агонь гасьне… а слуга пільнуе… У дванаццатай гадзіне з вежаў замку загучэлі гарматы. Там крычаць: „Vivat“ і п‘юць вэнгерскае віно шмат гасьцей, а тут агонь запальвае ды клапаціцца аб сынку сама зусім хворая матка.

А калі ўсе закрычалі: „Vivat! міласьцівы князь, хай ідзе далей шляхам посьпехаў!“ я сьпяшаюся хутчэй да калыскі, да майго роднага дзіцяткі… але знаходжу ўжо толькі труп!

І доўга, доўга яшчэ буду я помніць усе гэтыя гукі буду я помніць жоўты, як воск, тварык, жоўтыя ручкі, якія здранцьвелі й скасьцянелі“.

Добрыя, спагадныя людзі, прыяцелі „простага народу“ рэдка сустракаюцца сярод вышэйшых станаў.

Аднак-жа і сярод самога „народу“ такія тыпы, як Янка Магільнік, гатовыя служыць ня толькі сялянскай грамадзе, але і ўсякаму бяздольнаму, пакрыўджанаму, прыдушанаму горам чалавеку — спатыкаюцца нячаста; Мы ўжо бачылі, якое прыймо чакала Янку ў роднай вёсцы, калі ён прышоў туды нікому непатрэбным, старым, адстаўным вайскоўцам.

На чым-жа тады ўгрунтаваў Сыракомля сваю веру ў вялікую духоўную моц народу?

У народзе ёсьць яшчэ шмат здольнасьці, якія пакуль што нявыкарыстаны. Народ нявучоны, няпісьменны, але ён больш ня хоча заставацца ў гэтай цемнаце. Яго духоўная моц патрабуе працы, яго душа хоча духоўнае стравы. Гэтакі тып простага чалавека, поўны потэнцыяльнае энэргіі, тып бязумоўна ідэальны, прадставіў Сыракомля ў сваім вершы: „Няпісьменны“ („Niepiśmienny“);:

„мне не зайздросна нікаму іні ў чым на сьвеце.

У вадным толькі я магу позайдросьціць вам, гэта ў тым, што вы, панове, умееце пісаць. Калі я навучуся добра пісаць, дайце мне пяро ды аркуш белае паперы, — вось-бы яно лятала ды лятала, усё роўна як маланка па цёмным небе“.

Няпісьменны хацеў-бы апісаць усе зьявы жыцьця ва ўсёй яго шматкалёрнасьці: і радасьць, і гора, і наагул усю душу чалавека, і ўвесь прыгожы бязьмерны сьвет. Але ўсе гэтыя прыгожыя мастацкія імкненьні гінуць цяпер задарма, бо ён чалавек просты, нявучоны.

Непапсаваныя ненормальнымі ўмовамі гарадзкога жыцьця, сьвежыя, здаровыя народныя сілы павінны разьвіць нязвычайную энэргію, як толькі будуць мець вольны доступ да багацьцяў культуры. Уся захаваная ў працягу шматвяковага сну потэнцыяльная энэргія народных мас павінна будзе перайсьці ў кінэтычны стан і ўтварыць вялізарны росквіт культуры.

У тых галінах мастацкае творчасьці, якія й цяпер даступны народу, ён дашоў да дасканаласьці як у сэнсе тэхнікі мастацтва, гэтак сама і ў сэнсе яго ідэёвасьці.

Гэта мы бачым, напрыклад, у народных сьпевах ды, наагул, у народнай музыцы.

У вершы „Вясковы скрыпач“ („skrzypak wioskowy“) мы знаходзім народныя погляды на мэты й сутнасьць мастацтва.

— „Раней, чым я аддам у твае рукі гэтую скрыпку, кажа скрыпач свайму ўнуку, я… яе пасьвячу, каб ты ня сьмеў зрабіць з песьні нешта агіднае. Хаця часам табе прыдзецца есьці толькі сухі хлеб, будзь скрыпачом для сумленных вясковых бедакоў, як і я быў столькі гадоў“.

Скрыпач іграе на радасьць людзям, а зусім ня выключна з мэтаю атрымаць грошы.

У вершы „Вясковы гусьляр“ („Lirnik wioskowy“) Сыракомля паказвае нам эстэтычную радасьць самога мастака й яго гордасьць:

— „Я адчуваю нейкую радасьць, як быццам нешта йграе ў маім сэрцы адразу і смутна і весела. Я шчасьлівы, багаты, калі ад хаты да хаты праходжу праз усё сяло!“

Калі слухачы адносяцца да мастацтва павярхоўна, не разумеюць яго, мастак усё такі пацяшае сябе думкаю, што яго ацэняць наступныя пакаленьні, што настане час, і яго песьні дойдуць да Дуная й да старога Кіева.

Мастацтва, паводле народнага сьветапагляду, мае ня толькі эстэтычную, але, апроч таго, яшчэ й высокую моральную цану. У вершы „Каралёвы гусьляры“ („Królewscy Lutniści“) мы бачым, як сьпявака пацяшае змучанага горам чалавека й дае яму магчымасьць зноў энэргічна пачаць агульнакарысную дзейнасьць, якая дапамагае ня думаць аб згубленай асабістай долі.

Сыракомля мастацкія імкненьні знаходзіць і ў вясковых рамясьнікоў.

У вершы „Плотнік“ („Cieśla“) мы бачым рамясьніка, які адначасна і плотнік і сталяр. Грамада адносіцца да яго ня надта добра. Удзячнасьці за сваю сумленную працу ён ніколі ня бачыць. Але ён пацяшаецца, папершае, сваёю карыснасьцю для вёскі, а падругое, прыемнасьцю самое працы, бо ў гэтую працу ён уводзіць некаторыя мастацкія рысы. Ён „працуе з прыемнасьцю“. І гэтая прыемнасьць працы (rozkosz pracy) — адзнака сапраўднага мастака.

У цяжкім жыцьці народу адно мастацтва не магло-б перамагчы ўсяго цяжару шматвяковага гора. Патрэбны яшчэ азначаны, сталы сьветапагляд. Гэты сьветапагляд мы ўжо ведаем — гэта ідэолёгія грамады, імкненьне да працы на яе карысьць.

Але найшырэйшае абагульненьне, самую сутнасьць народнае філёзофіі мы бачым у вершы „Далакоп“ („Grabarz“).

Далакоп, наглядаючы кругазварот матэрыі ў сьвеце, думае, што сьмерць яшчэ ня надта вялікая бяда, бо труп дае спажыўныя сокі для расьлін:

„Што адзін згубіць, атрымае другі“. Далакоп глядзіць на ўсё жывое, як на адзіны вялізарны колектыў — „Дружыну“.

Мы ведаем цяпер, што Сыракомля знаходзіць у глыбіні народнае глебы шмат моральнага ды інтэлектуальнага багацьця.

Чаго-ж не хапае народу, што яшчэ яму трэба даць?

Сыракомля думае, што народу трэба даць правы; тую роўнапраўнасьць, аб якой гаварыў Піліп з Канопляў.

Тады народ атрымае адукацыю, грамадзянскія навыкі і ўсебакова разаўе свае сілы й здольнасьці.

У вершы „Старапольскія Каляды“ („Staropolskie Roraty“) Сыракомля тлумачыць заняпад Рэчы Паспалітай у наступных словах:

„Лёс сям‘і станаў зьмяніўся: на каралёў паклалі моцныя ланцугі, духавенства ня мае захапленьня сваёй справаю сэнатары — напойваюць сваіх брацьцяў, шляхта занята бязупыннымі конфэдэрацыямі, вайсковец прыгнятае тых, каго ён бараніў, купец у ліхвярства пусьціў свае грошы, мужычок — падданы гіне ў панскім дварэ”. За ўсе гэтыя грахі страшная труба кліча папсаваную дзяржаву на справядлівы суд“.

Гаворачы аб правох народу, Сыракомля асаблівую ўвагу зьвяртаў на права атрымаць адукацыю.

У 1862 годзе Сыракомля напісаў верш, поўны глыбокага натхненьня; у гэтым вершы ён з захапленьнем апавядае аб адчыненьні вясковае школы, ад якое чакае шмат карысьці для свае бацькаўшчыны.

Атрымаўшы асьвету, зямлю, грамадзянскія і політычныя правы, народ, па думцы Сыракомлі, выдзеліць з сябе шмат дзеячоў, якія й павінны будуць весьці яго па шляху далейшага разьвіцьця.

Як і ўсе народнікі, Сыракомля вялікае значэньне дадаваў ролі асабістага фактара ў гістарычных падзеях. Аб гэтым мы ўжо гаварылі, калі разглядалі Піліпа з Канопляў.

Цяпер, выявіўшы агульныя народніцкія рысы нашага песьняра, зьвернем увагу на чыста-беларускія асаблівасьці ў яго творах.

Народніцва мае пэўную генэтычную сувязь з романтызмам, а гэты апошні заўсёды цікавіўся нацыянальнымі асаблівасьцямі. Значыцца, нават a priori мы павінны думаць, што гэтая цікавасьць ёсьць і ў Сыракомлі.

Мы ведаем, што некаторыя песьні ён апрацоўваў у хаўрусе з композытарам Кажынскім. (Wlazł kotek na płotek, Krakowiak na Litwie, Pieśń myśliwska, Korale, Kruk, Dola). „Kruk і Dola“ напісаны пад моцным уплывам беларускае народнае творчасьці. „Krakowiak na Litwie“ — гэта праслаўленьне беларускага народу. „Хаця там хлеб і чарнейшы, але сэрца залатое“. Гэты народ мае „моцны гарт“… Калі бачыш гэтых людзей… нешта такое адчуваеш, як быццам плачаш з радасьці“.

Piośnka wieśniaczki litewskiej“ знаходзіцца ў сувязі з беларускаю народнаю творчасьцю: зьмест песьні — гора дзяўчыны аб тым, што яе ніхто не разумее й не шкадуе, апроч яе любага. „Gawędy“ маюць у сабе шмат беларускасьці. Яны й прысьвечаны беларусам: „Браты мае з-над Вяльлі і з-над Нёмна!“ кажа аўтар: „калі вам родныя апавяданьні прыемны, дык сядзьма ў круг, а я з вамі пагутару… будзем рады адзін аднаму… але хай хто-небудзь замкне дзьверы на ключ, каб ня прышоў нейкі панок ці поўпанак і ня кпіў з нашых размоў“.

„Янка Магільнік“ (Janko Cmentarnik), як нам ужо вядома, апісвае жыцьцё беларускае вясковае грамады й лёс Янкі, яе тыповага прадстаўніка. Вялікае, нявымоўна-моцнае пачуцьцё замілаваньня да бацькаўшчыны захапляе чытача таксама, як яно захапіла Янку й аўтара. Прырода краю й душа беларуса знаходзяцца ў непадзельнай, адвечнай сувязі. Адчуваньне гэтае сувязі, гэтае замілаваньне да роднае краіны выяўлена ў тонкіх прыгожых сапраўды беларускіх рысах. Gawęda 6-a Matysek (Мацюк) у нас ужо разгледжана таксама.

У поэмах „Chodyka“ і „Trzy gwiazdki“ („Тры зоркі“) адчуваешша моцны народны элемэнт.

Хадыка — гэта сымбаль прыгнечанага, замучанага варожымі сіламі беларускага народу. Гэты народ змушаны, калі нельга дабром, дык хаця шляхам крывавага паўстаньня, выявіць свой протэст.

Поэма „Urodzony Jan Dęboróg“ дае нам вельмі дакладны малюнак Беларусі, яе прыроды, жыхарства, звычаяў, нават некаторых забабон. Пасьля „Пана Тадэуша“ гэта другая эпопэя Беларусі, другая Беларуская Одысэя.

Вось як ў вершаванай прадмове зьвяртаецца пясьняр да бацькаўшчыны:

„Родная моя, сьвятая зямелька; пасыпаная жоўтым пяском і ўкрытая дробнаю траўкаю… ты больш вартая, чымся здаецца воку; улюбёнка Акіяну, цуд сьвету! З тваіх хвоек вычасаны брытанскія караблі; сярмяжны сын твае вёскі дзеля таго рые зямлю, каб галодна ня было прыгожай Эўропе“.

Далей ідзе вельмі ўдалае апісаньне беларускае прыроды; наогул кажучы, малюнкаў прыроды й быту ў поэме шмат. Псыхолёгія народу выяўлена вельмі добра. Аўтар адзначае, што гнеў у беларуса нядоўгі, як паводка ракі вясной, — пройдзе і зноў усё супакойна й ціха, нават сьлядоў нядаўнае бурлівасьці няма.

Але рэдка хто цікавіўся псыхолёгіяй беларуса і праслаўляў яго дадатныя бакі.

— „Эх, прыкра, прыкра!.. Чаму-ж гэта на нашых палёх ня зьявяцца такія гусьляры, як барды каледонскія, як грэцкія старцы, што кожную памятку ў роднай старонцы зараз-жа ўкладуць у песьню й па сьвеце разьнясуць“, гаворыць у прадмове да „Яна Дэмборуга“ аўтар.

Можам з ім спрачацца — ёсьць цяпер, былі і раней такія песьняры народалюбцы ў Беларусі; і пасярод найлепшых з іх пачэснае месца займае шчыры народнік — Кандратовіч-Сыракомля, чыё імя ніколі ня выйдзе з памяці беларускага народу.


  1. Увага: Пераклад вершаў Сыракомлі на беларускую мову зроблены аўтарам гэтага артыкулу.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.