На залатым пакосе (1927)/На залатым пакосе/З белых начэй

Добры дзень З белых начэй
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
На прывольлі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь белых начэй.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З БЕЛЫХ НАЧЭЙ

1

Дай ты мне свае белыя грудзі,
Дай да сэрца прыціснуць хоць раз.
Гэта ноч ўсё жывое абудзіць,
Не абудзіць адных толькі нас.

Не абудзіць ні слоў, ні каханьня
Ну і што-ж, калі хораша так
Адшукаць свой прытулак ў тумане,
Адшукаць і другім перадаць.

Што глядзіш так таемна і ўпарта?
О, я знаю ты хочаш йшчэ жыць,
Бо для шчасьця — надзеі і жарты,
А для сьмерці — трызвон і крыжы!..

Дай-жа, дай свае белыя грудзі,
Дай да сэрца прыціснуць хоць раз,
Гэта ноч ўсё жывое абудзіць,
Не абудзіць адных толькі нас!..

2

Ня цьвілі дыямэнтамі вочы,
Ды й за гэтым тады не сачыў,
Толькі шкода, што ў белыя ночы
Мала знаў я прыгожых жанчын.

Я ня знаў і навошта так рана
Свае грудзі журбой абуджаць,
Раз абудзіш і чорная рана
Будзе каменем вечна ляжаць.

А так многа, на сьвеце так многа,
Што згубілі жыцьцё абы як,
Бо была ім апошняй дарога,
Што вядзе у бяздоньне й кабак.

І хоць так, не палалі тут вочы,
Я за гэтым тады не сачыў,
Толькі шкода, што ў белыя ночы,
Мала знаў я прыгожых жанчын!

3

Не табе, не з табой я маліўся
Ну й за гэта сягоньня даруй,
Не шкада, што на сьвет нарадзіўся,
Не шкада, што калісьці памру.

Не шкада, што ў вячэрнім тумане
Мёртвы месяц пажарам гарыць
І на белыя грудзі курганаў
Льлюцца сьлёзы крывавай зары.

Ах, сягоньня ля гэтай дубровы
Хочу жыць, яшчэ хочу я жыць,
Бо кахаць ты ня будзеш нанова,
А пажару крыві ня стушыць.

І хоць так! Не табе я маліўся,
Ну й за гэта сягоньня даруй, —
Не шкада, што на сьвет нарадзіўся,
Не шкада, што калісьці памру!