На залатым пакосе (1927)/На залатым пакосе/На прывольлі

З белых начэй На прывольле
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
Ноч запаліла
Іншыя публікацыі гэтага твора: На прывольлі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПРЫВОЛЬЛІ

Маўчала ноч…
Над сінім полем
Пунсовай кветкай месяц плыў.
Сягоньня сэрца
На раздольлі
Сьпявае гімн сваёй зямлі.
Той гімн жыве
І паліць грудзі,
Заве ізноў ў радзімы край,
Дзе між палёў
Каровы й людзі
Стапталі шоўк зялёных траў.
І я прышоў,
Прышоў пад месяц,
На шыр-прастор сваёй зямлі.
Маўчала ноч…
Над сінім лесам
Півоні зор крывёй цьвілі.
Я бачыў іх
І ў сэрцы чулым
Спадзейна плакала струна,
І ў гэтым сьне,
На поўразгуле
Я ўсё жыцьцё хацеў абняць.
Каб зноў сьмяяцца
І ў зацішшы
Усё сказаць, чым тут жыву,
Як вецер
Возера калыша,
Куды вятры мяне завуць.
Сказаць так
Проста і прыгожа,
Як я гляджу на новы дзень,
Каб ў моры траў
І ў моры збожжа
Было на радасьць
Больш надзей.
Каб на прывольлі,
Пры даліне
Хто небудзь вышаў і сказаў,
Што тыя песьні
Для краіны
Складалі возера й лаза.
А я? —
Я толькі іх падслухаў
І ў глыбіні маёй душы
Трывожна,
Радасна і глуха
Вясна і шчырасьць
Хочуць жыць!