На залатым пакосе (1927)/На залатым пакосе/Ноч запаліла

На прывольлі Ноч запаліла
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
Лятуценьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноч запаліла.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ ЗАПАЛІЛА

Ноч запаліла пажар залаты,
Нехта заплакаў на месячны дым.
Выйду я заўтра ў агонь барацьбы,
Поўны адвагі, змагацца й любіць.

Выйду я зрэзаць вясновую цьвець,
Ў раньнім пажары пунсовых завей.
Раньне! І сьлёзы палаючых траў, —
Буду я плакаць, як плача зара!

Так, гэта заўтра, а можа й раней,
Травы заплачуць аб новай вясьне,
Косы асыплюць і зрэжуць іх цьвець
Вольным размахам сталёвых брывей.

Так яны згінуць, ў халодным жыцьці
Сёньня іх згоды ня будуць прасіць.
Што гэта мора зялёнай травы
Ў песьнях сваіх для людзкой галавы?

Сёньня загіне, а заўтра ізноў
Будзе ўпівацца вясной і віном!
Так я стаяў і ў задум‘і палёў
Слухаў, як песьні лятуць за сяло,

Там дзе прыбоем зялёнай струны
Кінулі травы на грудзі вясны
Чулыя словы за радасьць жыцьця,
Зналі й яны, што хвіліны ляцяць

З кожнай хвілінаю раньне бліжэй,
Туліцца месяц ніжэй і ніжэй…
Што яму сёньня, ён шчырасьць згубіў
Ў срэбныя хвалі халоднай вады.

Так я стаяў і глядзеў навакол,
Пеў салавей над срабрыстай ракой,
Пеў аб загубленым нейчым жыцьці,
Быццам трывогу юнацтва насіў.

Думаў ці не, ён прывольля песьняр,
Што будзе заўтра у пацерках дня?
Думаў ці не, што сталёвай гурбой
Выйдуць сяляне, як быццам у бой.

Выйдуць і зноў на радзімай зямлі
Голымі стануць прасторы далін?
Не! Ён ня думаў аб гэтым. О, не!
Так ён сьпяваў у трывозе раней…

Плакалі вербы і плакаў прастор.
Людзі-ж ня зналі аб чым і нашто.
Людзі пыталі у сонца і ніў, —
Дзе іх прыгожасьць жыцьця і вясны.

Сонца маўчала, а ў нівах вясной
Пахла каханьнем і пахла віном.
Толькі адзін салавей над ракой
Пеў аб жалезным паходзе вякоў.

Ноч запаліла пажар залаты,
К чорту трывогу, на месячны дым!
Гэта трывога, як песьня і сон,
Заўтра ня выйсьці мне з срэбнай касой.

Заўтра туман над прасьцягам далін
Кіне мне тайну жыцьця на зямлі.
Заўтра мне скажа напевам другім,
Досыць маліцца у песьнях тугі,

Пойдзем туды, дзе ў прывольлі дуброў
Кветкі палаюць агнём і зарой.
К чорту! Нашто залатая зара!..
Бачыш, як зоры у трывозе гараць,

Месяц, як мёртвы упаў над сялом,
Вецер з узгорка сарваўся далоў.
Што-ж я стаю у трывозе адзін,
Нехта мне шэпча: Браточак ідзі.

Раз толькі радасьць палае ў грудзёх,
Песьня-ж навекі ўпілася ў жыцьцё.
Йдзі мой браточак, для новай вясны
Трэба сьпяваць, а ня плакаць і ныць!

Сакалянка 1926 г.