На зачарованых гонях (1923)/На зачарованых гонях

На зачарованых гонях
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Панскі дух
Іншыя публікацыі гэтага твора: На зачарованых гонях (Бядуля, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На зачарованых гонях.

На зачарованых гонях, нібы тры адвечныя вартаўніцы, шушукалася тройца зграбных, стромкіх хвоек. Нібы карагодніцы, якія во-во пусьцяцца ў скокі, хвойкі рухалі зялёнымі, прухкімі, рукамі-лапкамі.

Вілаватымі ланцугамі-карэньнямі хвойкі былі прыняволены некім да гоняў. Хтосьці паставіў іх тут глядзець за тым, што чыніцца вакол.

Загартаваная двухклыковая саха грызла зачарованыя гоні з году ў год, пераварачвала лусты-скібы чарназёму. Смаглай, жывой зьвярыною з дрэва і зялеза саха ўядалася глыбока ў глебу.

Нуканьне і тпруканьне аратая, лясканьне драцянкі па абручох-скабінах калматай кабылкі сыпаліся на глебу нявідочным насеньнем. Як шрот аб бляху, дзынкалі згукі мужыцкія аб чорныя боразны, аб сухія равочкі.

Земляроб пры гэтым гнуўся і крахтаў. Во-во прыпадзе грудзьмі да гоняў. Во-во зрасьцецца з чарназёмам. Во-во і кабылка распластаецца-расьцягнецца ракам па барознах на ўсіх чатырох нагах. Глеба іх глыне — і знаку не застанецца…

Вялікай прагнасьцю дыхала глеба. Яна любіла, калі над ёю рыпалі-хрусьцелі косьці, калі мускулы рабіліся цьвёрдымі, як дубовыя сукі, і прухкімі, як сталёвыя спружыны. Яна любіла, калі гарачая жыжа поту бруднымі ручаінкамі разыходзілася па глыбокіх зморшчынах загарэлага твару. Яна любіла, калі шышкі-мазалі глебнага колеру цёрліся-шараваліся, як брускі, і фарбаваліся крывёй.

Глеба гадавала шчырае замілаваньне да сялянскай болі, натужнасьці і асілкасьці…

Зрашатаваная агнёвымі шыламі сонечных промінаў, глеба выціскала наўзьверх сваіх захованых хохлікаў — руньнявыя зялёныя шпількі.

Барадой мядзяна-злотнай кучаравіліся мільёна-копныя шчоткі жытніх каласоў, тырчэлі, як дрот-шчаціна на чорным карку аграмадзістага вапрука. Да ярка-сонечнага полымя ў блакітнай вышцы, як ніткі-зьмяйкі, цягнуліся каласы, упарта імкнуліся да чорных бульбінкаў — жаўранкаў, якія сыпалі з неба ў нізіны зыкі-пералівы, булькалі жвірова-жоўтай рачулкай.

∗          ∗

Калісьці на гэтых зачарованых гонях шуткавалі дзяўчаткі — калінкі лесавыя, прыгоньніцы панскія; шуткавалі зазубленымі сярпамі-палумесяцамі. Сярпы жорстка глымзалі жытнія гоні, прагна глыталі каласы, сноп за снопам, мэндлік за мэндлікам.

Хай гікае панскі прыганяты, хай ляскае раменны гадзюка-бізун, — красуні маладыя перакідываліся вясёлымі жартамі.

Грэх не жартаваць, калі жар-сонейка грае, калі птушкі-званочкі двухкрылыя зьвіняць, калі вакол хмялеюць шкляныя далечы і мітусяцца паласы зялёна-кудзерных гайкоў.

Грэх не жартаваць, калі ў далі-дальнай шэрыя купінкі хатак вясковых у самыя воблакі лезуць, калі з гладышкоў-комінаў коціцца дымок ружова-сівюсенькі і верціцца, рухліва-бурштынавымі клубочкамі-яблыкамі…

А позьнімі змрокамі ідуць маладыя жнейкі да хаты, ідуць грамадкай цеснай, босыя. Чырванеюць кветкі-вышыўкі на белі востракантовых хвартушкоў. Бялеюць хусткі на ільняна-русых полымях валасоў.

Ці не лябёдкі гэта перакінуліся раптам у залачонавалосых дзяўчатак?

Ці не чарадзейніцтва рэй вядзе на вытаптанай сьцяжынцы-каруне?

На сьпінах камень-боль вісіць. На тысячы міль цягнуўся летні дзень. Ад цямна да цямна працавалі — пан скардзіцца не павінен.

Пелі яны хорам, усе разам. Шчыры смутак, як мёд ліповы, кадзіліў змрочнасьць. Волі жадалася:

«Дайце вы мне вольку —
Я ў зязюльках апынуся;
Дайце вы мне крылкі —
Я да пташак прылучуся»…

«Вольку!» — адгалосівала мутна-цёмная шыр сваімі чатырма старонамі.

«Вольку!» — вышываў нехта любавабнае слова на небе чырвонымі пчолкамі.

∗          ∗

Гарачы кісель льецца з высотаў уніз. Сонечна-варны дзень. Зачарованыя гоні во-во растопяцца ад гарачыні, як сала на патэльні. Пад трыма хвоямі гудзіць цёмнае воблака кусьлівых аваднёў. Зярняткамі-лятункамі носяцца, яны ў паветры на адным месцы.

— Ой, ратуйце, людзюхны добрыя… ра-туй-це… — жаласьліва-жудасна вохкала глеба.

Ра-туй-це!

Стогн дзікі, працяглы, як васеньняя ноч, вырываўся з-пад тройцы хваёвай, з-пад трох дрэваў нямых. Пад дрэвамі быў курганок-муравельнік. Вялікім ахапкам сіўца здаваўся ён хвойкам. У ім і па ім ёрзаліся рудыя, вухаватыя мурашкі. З муравельніка тырчэла гола-меднае цела мужыка. За рукі ён быў моцна прывязаны вяроўкамі да яловага пня — так моцна, ажно рукі трэскаліся і выварачваліся з суставаў. Па жывым карчы чалавечага цела капашыліся соткі мурашак…

Хадыром хадзілі сукі-робры, «чорныя» мужыцкія косьці пад скурай бруднай; не хадзілі, а скакалі… Валасы ў мужыка былі скалмачаныя, потныя ды абсыпаны чорнай мукою — пяском. І твар скрыўлены быў, аблеплены зямлёй: не даваўся мужык, не хацеў лезьці голы ў муравельнік…

— Ра-туй-це-е-е…

Разявіўся моцна мужык. Чорнай трубою глядзіць скрыўлены рот. На языку таксама пясок. На носе — таксама. Упарты, відаць, быў мужык, не даваўся. Яго галавой, як сахою, аралі людзі па зачарованых гонях. Вунь і сьлед ёсьць на прухкай зямлі. Якраз баразна.

Яго цягнулі за ногі галавой уніз.

— Іначай нельга было, — казалі панскія найміты: — брыкаўся, шэльма!

— Рат…

Тут хрыплы голас абарваўся. Нібы бочка трэснула і… аман! Толькі вочы вылезьлі на лоб, мужыцкія вочы — шчырыя, жаласьліва-страшныя і нямыя. Сьлёзы кап-кап з іх, і мокрыя сьцежачкі расьціраліся па зямлістым твары мужыка.

Хліп-хліп! Хліп-хліп! — ціхі плач рваўся з валасатых грудзей.

Да самага вечару прыдзецца галышком пасядзець у муравельніку. Праступак быў вялікі — прыгоньнік украў булку хлеба з панскай пякарні. Надта ўжо дзеці есьці хацелі — жаласьць прабірала…

∗     ∗

Чорнай дзяругай вісіць васеньняя ноч над зямлёй. Ні зоркі аднэй зьверху, ні іскрачкі нідзе. Вые вецер васеньні, вые, як галодная зьвярына. Рыскае вільготны гад пад буйным дажджом і кідае з пазухі гнілой жмуты страхоцьцяў ва ўсе бакі. Стогне пустое поле. А дождж плюхае аб жорсткае іржаньнё, якое тырчыць на зачарованых гонях, як няголеная барада старога дзеда. Войкаюць тры хвойкі, ківаюцца ва ўсе бакі і крэхчуць.

Жуць і няпрытул спацыруюць па цёмных абшарынах. Золкасьць коціцца атрутным макам над зямлёй. Доўгая-доўгая васеньняя ноч. Канца ёй няма.

Упірайся вухам у цемру і пільна прыслухайся: шэпт, чалавечы шэпт пад трыма хвоямі хаваецца. Трывожнае, жутка-злоснае «шу-шу-шу» гойдаецца адтуль…

Кінь моцна вокам у цемру і рупна паўзірайся: цені, тры чалавечыя цені шавеляцца пад трыма хвоямі. Хто іх клікаў сюды а поўначы глухой? — Лёс, нядоля мужыцкая!

Дзікі, прадсьмертны крык нырнуў з-пад хвоек; такі крык, ажно ўся зямля закародзілася. Рэзалі чалавека, мучылі яго ў глушы.

Цішыня…

Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шорхалася, дзынкала аб каменьні. Доўга шапталіся тры цені, а потым утанулі, расплыліся ў чорнай вільготнай воўне васеньняй ночы.

Назаўтрае трывога пайшла гуляць па ўсёй ваколіцы:

— Пан прапаў… пан прапаў…

∗     ∗

— Сам Антыхрыст засеў у ім! — гаварыў поп пра сына Макара Канцавога.

Высокі і худы быў Міхась, Макараў сын. Вочы ў яго былі глыбокія, задумёныя і цёмна-сінія з аганьком, — здавалася, што зараз бухнуць яны полымем і запаляць усіх. Як глянуць на чалавека — наскрозь яго бачаць. Такія ўжо чароўныя вочы: гнеўныя, гнеўныя. Але затое як скажа слова дзяцюк, дык чырвонцам кіне — добрае, добрае было слова яго. А простае, а разам з гэтым мудрае — мужыкі слухалі і наслухацца не маглі. Ну з кніжкі чытае ды й годзе!

Міхась служыў на фабрыцы ў горадзе. Час-ад-часу прыяжджаў у родную вёску. Прывазіў кніжачкі. Але няпісьменныя сяляне любілі ляпей яго жывую гутарку.

Аб чым ён гаварыў?

Аб усім гаварыў ён. З ято гутарак гарапашнікі даведаліся скуль ліха на сьвеце. Так добра даведаліся, што задумалі сагнуць гэта ліха ў тры пагібелі, як асілак падкову конскую. Задумалі бунтавацца проціў цара і паноў.

— У гэрэтыка Міхася рогі на ілбу і хвост ззаду, — гаварыў поп: — нячыстая сіла ў ім гнязьдзіцца. Ён — Антыхрыст.

Ківалі галовамі мужыкі і грозна маўчалі. Рукі сьцісківаліся ў кулакі. Вочы гарэлі. Во-во кінуцца людзі на папа… во-во юху яму спусьцяць… Во-во ад яго толькі мокрае месца застанецца…

Стрымліваліся мужыкі. Пад бокам вураднік сядзеў. Вусы ў вурадніка тырчэлі, як у ката. Твар быў круглы, як качан капусты. Нос чырвоны, як бурак — вураднік часта сівуху пробаваў. А вочы ў яго былі, вочы! шкляныя і гідкія. Як два сьлізкія казённыя арлістыя гузікі, блішчэлі яго вочы. Як брудная кіпучая вада ў гаршку, бурлілася з яго глоткі хрыпла-п’яная няпрыстойная лаянка.

— Закатую да сьмерці с-с-сукіных дзяцей! бурчаў ён. — Закую ў ланцугі ды ў Сыбір адпраўлю!

Уцёк Міхась. А «бунтарскія» кніжачкі з гораду сяляне закапалі, як нябожчыкаў, на зачарованых гонях пад хвоямі.

∗     ∗

Панскі маёнтак стаяў водаль ад зачарованых гоняў, на паляне. Дахам бляшаным ён рос угару, а вокнамі — вачыма волата — зіркаў навакол.

Вокны бачылі ўсю ваколіцу. Ад іх ня ўтоішся. Сяляне, праходзячы водаль, заўжды шапкі рвалі з галавы і комкалі іх у каравых пальцах, як надакучлівых шчанят.

У адну раніцу.

Зарагаталі вокны крывавым сьмехам. Задыміліся страшна. Нібы ў панскіх пакоях стаяў нехта вялікі ды з вялікай люлькі піпкаў — дым пушчаў праз вокны.

Закашляў панскі дом, і чырвоныя языкі пачалі высоўвацца з усіх яго шчылінаў — з дзьвярэй і вакон. Затулялі языкі, пачалі лізаць сьцены. З сьценаў расьлі ўверх вялічэзнымі кветкамі!

Бу-у-ух! бу-у-ух!

Сьцены зарыпелі, заскрыпелі. Уверх падымалася чырвоная гара; расла, бухала аграмадным вялікодным яйцом; сыпала-брызгала з сябе крывавых пеўняў, залатых зьмяёў; пускала пукі зорак угару і рагатала.

Жудасна рабілася хвойкам на зачарованых гонях, жудасна і цікава.

— Якое-ж гэта сьвята ў маёнтку? Ці-ж званы званілі?

А сьвятаў шмат — у календары ня зьмесьціш: то царскі дзень, то божы дзень, то панскі дзень, то так сабе дзень. Лічы — і заблытаешся.

На папялішчы панскага маёнтку людзі рэпу сеялі. Добрая рэпа расла — у цівунскую галаву. Дзівіліся людзі і надзівіцца не маглі. Хоць вязі ў горад на паказ!

∗     ∗

На зачарованых гонях.

Зноў сонечны летні дзянёк. Зноў жнейкі жнуць. Толькі не для пана — для сябе. Ніхто над каркам не стаіць. Вясёлая песьня рвецца з грудзей і раскідваецца на абшарах гукамі-клічамі:

«Ад веку мы спалі
І нас разбудзілі»…

«Разбудзілі»! вяртае ім водгаласамі прамяністая, сонечная шыр.

— Разбудзілі!

Менск, 1922 г.