На зачарованых гонях (1923)/Панскі дух

На зачарованых гонях Панскі дух
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
На балоце
Іншыя публікацыі гэтага твора: Панскі дух.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Панскі дух“.

(Быль).

Прысады цягнуліся ад маёнтку да самай вёскі. Два шэрагі шумлівых старасьвецкіх ліп былі жывым ланцугом, які пачынаўся ад панскіх пышных палацаў і канчаўся шэрай убогай вёскай.

Такім чынам, вёска і маёнтак былі як-бы адным агромністым целам, аднэй істотай або спарышамі, якія розьніліся між сабою па выгляду і тым, што напоўнена ў іх.

Крэўнасьць паміж вёскай і маёнткам была вялікая: і маёнтак і вёска называліся Зырачанамі — насьледак ад старых паноў Зырачанскіх, род якіх цягнецца да самага патопу, гэрб якіх красаваўся пекнай разьбой ва ўсіх старых пакоях панскіх палацаў.

Панскі дух лунаў над усёй ваколіцай…

Панскі бізун і мужычая сьпіна калісьці яшчэ болей узмацоўвалі «крэўнасьць» паміж панам і мужыком. Рамантычнае «калісьці» пакінула, свае пасьледкі да самай рэвалюцыі: лепшыя землі, лепшыя лугі і ўсе лясы засталіся пасьля паншчыны ў паноў. Мужыку прыходзілася шапкаваць перад панам і кленчыць, каб пан дазволіў яму сухастоечку вырубаць сабе на дровы або гаўяду пасьвіць на панскіх пасеках.

Крэўнасьць паміж вёскай і маёнткам была моцная. Яна выяўлялася ў кожнай драбніцы жыцьця і перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне, ад дзядоў да ўнукаў. Перадавалася гэта «крэўнасьць» праз вялікую векавую ненавісьць паміж панам і мужыком, якая кіпела ў кожнай кроплі крыві гэтых двух родаў…

Панскі дух стварыў гэтую ненавісьць…

Шумелі старыя каравыя ліпы, углядаліся ўніз на сьляды мужычых лапцёў і панскіх лякіровак і ківалі вершалінамі, як-бы хаваючы вялікую таямніцу, чакаючы нечаканага — вызваленьня ад панскага духу.

І таемнае «нечаканае» прышло. Настала воля. Паны ўцяклі, але застаўся ў Зырачанах «панскі дух», — як гаварылі сяляне, — асталося пачуцьцё «крэўнасьці» паміж панам і мужыком на кожным кроку, на кожнай лапінцы зямлі.

Шумелі старыя панскія ліповыя прысады, трывожна шушукаліся, чуючы нейкую захаваную небясьпеку.

Грамада зырачанскіх сялян, як няпрытомныя, ляцелі ў маёнтак. Глухі шум гнеўных галасоў палохаў ліповыя прысады, цёпканьне лапцёў па лужынах аддавалася жудасным тахтам…

Пуста стала між ліповымі прысадамі. Грозны гук мужычых і кабечых галасоў данасіўся да іх з панскіх палацаў. Трэск дзьвярэй, дзынканьне шкла, хіхат і гнеўныя крыкі насіліся адтуль, дзе луналі пекныя гэрбы паноў Зырачанскіх.

Успацелы, засошпыся, бледны, бяз шапкі сьпяшыў да маёнтку адзіны вясковы граматны чалавек, адзіны інтэлітэнт — фэльчар Зяблік. Сьмешна, перавальваючыся з боку на бок, ён паглядаў на палацы з трывогай. Кожную хвілю яму здавалася, што во-во зара пакажыцца чырвань пажару, зара выбухне полымя, зара імкнецца ўвыш чорны слуп едкага дыму.

Фэльчара праняла нейкая асаблівая жаласьць да паноў. Нібы пекны сон яго жыцьця адыходзіў разам з імі. Хоць фэльчар родам быў мужык, але ад самых малых гадоў марыў аб тым, каб стаць панам. Усё панскае было яму дорага і міла. Жыва ўспомніў, як маладая пані надоячы вярхом на кані ўцякла ў суседні маёнтак, успомніў яе мілую кволасьць, вабную стройнасьць, спрыт амазонкі і яе тонкія ручкі, якія моцна кялзалі стаеньніка. Ня мог фэльчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачанаў ужо болей ня вернецца сюды. Ён быў пэўны, што пані вернецца назад.

Пакуль ён даляцеў да маёнтку, ужо людзі там моцна «паработалі». Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў у руках партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў… На дзядзінцу былі навалены кучы вопратак, пасудзін, скураной і плюшовай мэблі, сталы, кнігі і розныя бліскучыя штучкі.

— Не чапаць адгэтуль нічога! — ахрыпшымі галасамі крычалі старыя мужыкі, — ня трэба нам гэтага панскага духу!

І тая старадаўная ненавісьць мужыка да пана, выгадаваная дзядамі і прадзедамі, брызгала яскравымі снапамі з сялянскіх воч, рвалася з грудзей гарачымі хвалямі.

— Не чапаць адгэтуль нічога, а то галовы пашчапаем! Ўсё спалім! — крычалі старэйшыя мужыкі.

— Ды шкода нішчыць, лепей забярэм сабе! — прасіліся другія.

— Няможна, няможна! Панскі дух у іх жыве, яшчэ панамі паробіцеся.

— Кнігі, кнігі возьмем, дзяцей па іх вучыць будзем…

— Ня трэба нам панскіх кніг… Там панскі дух… Там сам д’ябал сядзіць… Усё, усё спалім, разам з палацамі!

— Шкода гэткіх пекных палацаў нішчыць…

— Усё агнём пусьцім, каб пылу і праху не засталося тут ад гэтых паганых сьцен, дзе катавалі нашых дзядоў, дзе кроў нашая лілася пад панскім бізуном, — крычалі мужыкі.

Пачалася між іх лаянка — гарачая, ядраная, вясковая лаянка. Ад лаянкі перайшлі да тузганіны, ад тузганіны да кулакоў…

Так ваявалі паміж сабою мужыкі за «панскі дух». Адны шкадавалі дарма бяз толку нішчыць панскае дабро, а другія настайвалі, каб і званьня не пакінуць тут ад «панскага духу».

Фэльчар Зяблік стаяў здалёку, баючыся блізка падыйсьці да «разьяраных мужыкоў» і думаў:

— Ой, уляціць ім ад пані. Ой, уляціць!

Фэльчар дрыжэў ад страху, як асінавы ліст, і ня рад быў, што сюды прышоў. Ня ўдасца яму выратаваць маёнтак…

На гумне загарэўся стары драўляны сарай… Бухнуў вялікі агонь… Хтосьці абкладываў саломай старыя палацы…

Атраду чырвонаармейцаў удалося патушыць пажар, удалося ўгаварыць сялян, каб разыйшліся па хатах.

Цяпер Зырачанскі маёнтак лічыцца савецкім маёнткам, а ў старых пакоях нарыхтавана для вясковых дзяцей добрая школа.

Рады сяляне, што іх тады затрымалі пусьціць маёнтак агнём. Панскага духу, якога сяляне баяліся бясконца, там і ўспаміну няма.

Панскі дух выгналі адтуль дашчэнту. Ліповыя прысады і цяпер злучаюць у адно маёнтак з вёскай, але цяпер гэтая крэўнасьць складаецца ня з ненавісьці, а з шчырай любасьці, бо малазямельныя зырачанскія сяляне залажылі ў маёнтку камуну.

Духу панскага там болей ня будзе.

Фэльчар Зяблік, які пайшоў у бандыты бараніць панскі дух і паліць вясковыя хаты, недзе загінуў разам з панскім духам.

Менск, 1922 г.