На зачарованых гонях (1923)/Пяць лыжак заціркі
← Умарыўся | Пяць лыжак заціркі Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1923 год |
Гора ўдавы Сымоніхі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пяць лыжак заціркі. |
Пяць лыжак заціркі.
(Тэмат запазычаны).
— Агата! Агата!
— Ну, чаго глотку дзярэш?
— Скора зацірка згатуецца?
— Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш, пасьпееш насёрбацца!
Яшчэ ня ўсьпела яна адказаць свайму Антосю, каторы ляжаў на пяколку й стагнаў — ні то ад болі ні то ад голаду, — як з усіх бакоў апанавалі яе дзеткі, няма ведама — хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі… Запішчалі яны ўсе ў адзін голас:
— Мамка зацільку гатуець!
— Мамка зацільку гатуець!
І давай скакаць кругом маці й шчыпаць за хвартух і спадніцу, як галодныя ваўчаты.
— Мамка, мне дасі!
— Мамка, мне дасі!
І блішчалі іх галодныя вочы ад радасьці…
— Ці-і-ха, каб вы падохлі! — крыкнула Агата. — Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! — і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка…
Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі самая страшэнная галацьба пануе ў бедных вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Апошні запас вышаў, хоць зубамі ляпай; шчаўя яшчэ нямашака… Ня дай бог, якое цяпер жыцьцё ў гэткага гаспадара, як у хворага Антося, каторы сам рабіць ня можа, а толькі жонка адна працуець на яго й дзяцей.
Але ўчора бог ёй шчасьце даў — яна неяк выенчыла ў блізкай пані з фунт мукі на зацірку.
Вось і гатуець яна для сваёй сямейкі гэтае панскае сьнеданьне… У цёмнай, малой хатцы пануець сьвята нейкае…
Пазіраў усё Антось на прыпечак і ціха бурчаў, бо ён ведаў, што цяпер та Агата валадарніца… Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы агоньчык у печы й шушукаліся.
Агата ўсё падлівала вады й мяшала зацірку вялікай лыжкай, мяшала, мяшала й паставіла на стол.
— Гатова! — крыкнуў Антось, быццам п’яны, і давай карабкацца з пяколка.
— Гатова! гатова! — запішчалі дзеткі й пусьціліся, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у каторую Агата пераліла зацірку з гаршчка. Толькі густы пахучы пар круціўся над міскай і ўмацоўваў галодны апэтыт шчасьлівай ў гэты момант сям’і.
∗ ∗
∗ |
Шчасьце ня маець сваёй асобнай меркі для усіх людзей на сьвеце, але кожны чалавек маець сваю асобную мерку да шчасьця і свой асобны погляд на самае шчасьце…
∗ ∗
∗ |
І шчасьлівая сямейка хваталася за лыжкі.
Сёрб! сёрб! і — «ай! ай! ай!» запішчалі дзеткі. Антось маўчаў, толькі вылупіў вочы, быццам канаць сабраўся.
— А каб вы падохлі, я-ж вам казала — не хапайце, бо гарачая! — лаяла іх Агата.
Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку й ня вытрывалі — ізноў давай сёрбаць… Толькі сьлёзы каціліся ў іх ад шчырага сёрбаньня. Ня зьелі яшчэ яны й трэцяй часткі, як накруцілася суседка Сьцёпчыха:
— Дзень добры!
— Дзень добры!
— Хлеб ды соль!
— Дзе тут хлеб — зацірку сёрбаем, просім на сьнеданьне! — кажа Агата.
— Ого! на зацірку і я ахвотніца! — адказала Сьцёпчыха, пазіраючы маркотнымі галоднымі вачыма. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі…
Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусьціў галаву да міскі са злосці.
— Во, і нам самім мала, — падумаў ён.
Зьела адну лыжку й давай сёрбаць другую.
— О, каб цябе паляруш! — чуць ня злаяў Антось, але стрымаўся, толькі давай старацца! Дзеткі так сама пачулі небясьпеку і, скоса пазіраючы на Сьцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі…
— Тры! — чуць ня крыкнуў Антось, як Сьцёпчыха сёрбала ўжо трэцюю лыжку.
— Ратуйце! Ратуйце! — здаецца плакаў-бы ён, як яна ўзялася за чацьвёртую лыжку. А як зьела пятую, то ўжо міска пустая…
— Ой, разбойніца! — крыкнуў Антось на сваю Агатку, як ужо Сьцёпчыха падзякавала й пашла, — каб ты прапала з ёй разам!..
— Ці я вінавата, што яна гэткая сьвіньня! — чуць ня плакала Агата.
І папсулася сьвята ў беднай сямейцы, спахмурнелі твары.
Кожын думаў: — О-го! каб гэта лепей я зьеў гэтых пяць лыжак заціркі…
∗ ∗
∗ |
Няшчасьце ня маець сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на сьвеце, але кожын чалавек маець сваю асобную мерку да няшчасьця і свой асобны погляд на самае няшчасьце.
Вільня, 1912 г.