На літаратурныя тэмы (1929)/Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры (Купала і Шаўчэнка)

Беларуская літаратура ў яе адносінах да агульнай культуры пролетарыяту Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры (Купала і Шаўчэнка)
Крытыка
Аўтар: Мікола Байкоў
1929 год
Поэма „Новая Зямля“ як монумэнтальны твор у беларускай поэзіі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры (Байкоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЕСЦА ЯНКІ КУПАЛЫ У БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ.

(Купала і Шэўчэнка).

„Я увидел, что муза Шевченки раздирала завесу народной жизни. И страшно, и сладко, и больно, и упоительно было заглянуть туда! Поэзия всегда идет вперед; по ее следам идут история, наука и практический труд“.Н. И. Костомаров.

Пісаць аб месцы пісьменьніка ў межах пэўнай літаратуры, — гэта значыць, папершае, рабіць супаставу паміж ім і яго папярэднікамі, сучасьнікамі і наступнікамі ў межах гэтае літаратуры, а падругое — паказваць аднакія або, прынамсі, падобныя фэномэны ў галінах іншых літаратур.

Калі ставіць гэта пытаньне ў стасунку да Янкі Купалы, дык можна казаць, што яго месца ў межах беларускай літаратуры параўнальна з іншымі папярэднімі пісьменьнікамі было зусім выразна вызначана ўжо першымі выступленьнямі яго ў беларускай літаратуры.

Тутака паказальна тое, што поэта выступае проста ад імя беларускага селяніна, забітага, прыгнечанага ратая, якога, аднак, адзначае прызнаньне сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасьці і самасьвядомасьць:

Я мужык-беларус,
Пан сахі і касы…

І ў першых вершах поэты значнае, пераважнае месца займае апяваньне долі-нядолі беларускага ратая-селяніна, а адсюль просты пераход да апяваньня долі нядолі беларускага народу, у масе сваёй пераважна сялянскага, і потым да ідэі нацыянальнага беларускага адраджэньня, як сродку для вызваленьня беларуса-селяніна ад векавога прыгону.

Шляхам жыцьця“ можна разглядаць, як выяўленьне поўнага росквіту поэтычных сіл і здольнасьцяй поэты. Ужо тады ён вызначыўся, як першарадны прадстаўнік маладой беларускай літаратуры. І тутака доля-нядоля народу-селяніна ў цэнтры ўвагі поэты.

За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот льле народ…

Каб зразумець і ацаніць значэньне літаратурных выступленьняў Купалы, як поэты працоўнай беларускай сялянскай масы, трэба толькі кінуць вокам на папярэднюю беларускую літаратуру, прыгледзецца да трактоўкі беларускіх сялянскіх тыпаў у папярэдніх пісьменьнікаў, прыслухацца да праўдзівых нахілаў-тэндэнцый апошніх.

І да Янкі Купалы беларускі мужык фігураваў амаль у кожнага беларускага пісьменьніка. Бо, у сутнасьці, ня можна было пісаць пабеларуску, не чапляючы так або іначай беларускага мужыка, які толькі і гаварыў пабеларуску. Такім спосабам; беларускія сялянскія тыпы выводзяцца і ў Рыпінскага, і Дунін-Марцінкевіча, і Фр. Багушэвіча і інш. Але якая розьніца паміж Янкам Купалам і, напрыклад, Дунін-Марцінкевічам у трактоўцы беларускага селяніна! Тут можна зрабіць вынятку з самога Янкі Купалы, ― з яго водзыву аб комедыі Марцінкевіча „Залёты“. Характарызуючы падыход да сялянства з боку свайго папярэдніка, Купала піша:

„Аўтар опэрэткі, сам шляхціц, шчыра стаяў на варце інтарэсаў гэрбоўнай шляхты, паноў і, хаця бачыў усе іх заганы, усё-ж ткі ў сваіх творах выказваў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты. Пры шчырай сваёй прыхільнасьці да народу Марцінкевіч ня мог стаць усёй душою на старане дэмосу, на старане толькі што выпушчанага з-пад панскай няволі мужыка-беларуса. Для Марцінкевіча гэты мужык ёсьць мужык: можна даць яму асьвету, можна дазволіць дайсьці да такога-сякога дабрабыту, але ня можна дапусьціць яго да роўні з панамі. У яго літаратурных творах гэтая дзяльба панскіх і мужыцкіх душ перабягае скрозь чырвонаю нітачкаю. Для цяперашняга беларускага грамадзтва „Залёты“ ёсьць ні болей, ні меней як сумны ўспамін тых часоў, калі людзі думалі і верылі, што ў адных станаў белая косьць у целе, а у другіх — чорная. Былі „залëты“ пакляпаць мужычка белай рукой па зморшчаным твары ды паказаць яму, як гэта нягодна выбівацца з мужыкоў у паны“[1].

Больш дадатнымі рысамі адзначаецца творчасьць Мацея Бурачка (Фр. Багушэвіча), але і ён, уласна кажучы, глядзіць на мужыка больш вачыма апякунлівага „народніка“, чымся сапраўднага народнага поэты, выхадца з народнае асярэдзіны.

Адзіночная паралель да Янкі Купалы з мінуўшчыны беларускай літаратуры XIX сталецьця ― вясковы поэта, прыгонны селянін ― Паўлюк Бахрым. Аднак, творчасьць Бахрыма хутка спынілася; ён пакінуў пасьля сябе на ўспамін адзін верш, калі ня лічыць літаратуры, якая толькі прыпісваецца яго пяру, ― і ў кожным разе мы ня можам судзіць, ці здолеў-бы Бахрым адыграць у беларускай літаратуры тую ролю, якую адыграў у сучаснай яму украінскай літаратуры славуты Тарас Шэўчэнка, ― ролю пачынальніка народнай беларускай поэзіі. Для Беларусі, прынамсі, як і для Украіны, народнай поэзіяй магла быць толькі поэзія поэты-вяскоўцы, шчыльна зьвязанага з сялянскай масай.

Імя Тараса Шэўчэнка, ― вось што нагадваецца мімаволі, калі паглыбляешся думкай у аналіз творчасьці Янкі Купалы. Усплываюць, папершае, у памяці вобразы ня Пушкіна, ня Міцкевіча, нават ня Ю. Лермантава, самага ўлюбёнага расійскага поэты Купалы, як ён сам прызнаецца ў гэтым, а менавіта вялікі вобраз украінскага „бацькі“ Тараса.

Праўда, пры павярховым знаёмстве толькі з сялянскімі вершамі Купалы, ці то з „Жалейкі“, ці з „Гусьляра“, ці з клясычнага зборніка „Шляхам жыцьця“, напр., з такімі вершамі, што дадзены ў разьдзеле апошняга зборніка пад загалоўкам „Вёска“ („Аб мужыцкай долі“, „Аратаму“, „Араты“, „Касцом“, „На сенажаці“, „За касой“ і інш.) мог-бы ўсплысьці ў памяці вобраз народнага расійскага поэты Ал. Кальцова. Аднак-жа пры больш-менш глыбокім азнаямленьні з творчасьцю Купалы, усякая думка аб прыраўнаньні яго да Ал. Кальцова павінна адпасьці. Тутака мы маем літаратурныя фэномэны зусім розных ступеняй. Для Кальцова характарна вузкая абмежаванасьць бытавымі мотывамі, і толькі ў пэўнай часьці можна прыняць характарыстыку, даную Кальцову славутым Бялінскім:

„Не на словах, а на деле сочувствовал он простому народу в его горестях, радостях и наслаждениях. Он знал его быт, его нужды, горе и радость, прозу и поэзию его жизни, знал их не по наслышке, не из книг“.

Гэта праўда, што Кальцову былі вядомы „смуткі і радасьць“ селяніна, але толькі любоўныя або сямейныя. Ва ўсіх яго вершах, суцэльна ўзятых, мы не патрапім знайсьці нават намёку на якія-небудзь пакуты простага народу, ― грамадзкага значэньня. Па-за ўвагай яго засталося нават такое вялікае зло, як прыгон. Ня будучы поэтаю-грамадзянінам, Кальцоў ня змог зрабіцца першарадным нацыянальным расійскім поэтаю. Бо народная сялянская поэзія можа зрабіцца нацыянальнай у момант нацыянальнага абуджэньня народу, у момант крызісу ўзварушанага народнага жыцьця.

Тутака можна казаць словамі самога Янкі Купалы з яго вершу „Памяці Т. Шэўчэнкі“.

Бываюць упадкі, ― люд стогне балесьне;
Пясьняр паявіўся, і ўцехі зьвіняць:
Пясьняр умірае… а песьня?.. а песьня?
Эх! каменю толькі ня дана паняць.

Жыве гэта песьня, як віхар клакоча,
Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць,
Зрывае запоры і брамы ламоча,
І крыўда нямее, і змога дрыжыць.

(„Гусьляр“, стар. 250).

Вось гэтыя ўмовы былі даны ў прыгнечанай соцыяльна і нацыянальна Украіне, і выхадзец з прыгону наскрозь прасякнуты нацыянальнымі ідэаламі, Тарас Шэўчэнка зрабіўся нацыянальным украінскім поэтаю.

Такія-ж умовы высунулі і Купалу наперад беларускай нацыянальнай поэзіі, абумоўвіўшы ня проста бытавую, а грамадзка-нацыянальную накіраванасьць яго творчасьці, высунулі ў вызначаны для таго паркамі гістарычна-экономічнага процэсу свой час.

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсьць для народу упадак і хвала,
А беларусы нікога-ж ня маюць.

„Няхай-жа ім будзе Янка Купала“, ― вось як азначае сваё літаратурнае прызваньне-прызначэньне сам поэта.

Купала і Шэўчэнка ― літаратурныя фэномены аднэй і тэй самай катэгорыі.

Ідэя прыраўнаньня паміж Купалам і Шэўчэнкам у літаратурнай крытыцы ня новая. Яна выказвалася крытыкамі ўжо „нашаніўскае“ пары. Зусім выразна яна была выказана ў Антона Навіны, у яго нарыcax „Našy pіeśnіary“. Сустрэнем мы гэтую ідэю і ў польскай крытычнай літаратуры таго часу. У апошні час прыраўнаньне паміж Шэўчэнкам і Купалам робіць у спецыяльным артыкуле на гэту тэму украінскі гісторык літаратуры Лука Люціў у львоўскім украінскім журнале „Літературно-навуковий Вістнік“[2].

Якія-ж маюцца для гэтага прыраўнаньня падставы? Пры аналізе творчасьці Янкі Купалы, прыраўнуючы яе да творчасьці славутага украінскага „бацькі“, можна ўстанавіць глыбокую роднасьць іх паміж сабою.

Пэўна, што ўжо ў першую фазу літаратурнага развою Купалы творчасьць Т. Шэўчэнкі зрабіла на яго моцны ўплыў.

Не бяз рацыі ў сваім першым вершы, афярованым „Памяці Шэўчэнкі“, выдрукаваным у „Жалейцы“, поэта кажа:

Эй, бо песьня кабзарыста
Ад краю да краю
Плыве вольна-расхадзіста,
Перашкод ня знае!

Сам ён многа меў нядолі.
Крыўды, паніжэньня,
Ды ня здрадзіў-жа ён волі.
Волі і сумленьня.
Дух збудзіў свайму народу
Сваім гучным словам,
Навучыў любіць свабоду,
Родны край і мову.
Яго „бацькам“ ахрысьціла
Памятна Украйна.
Эх, і нам будзь бацькам мілым,
Украінча слаўны.
Плывучы ўдаль, твая песьня,
Гасьцінцам ня вузкім,
Знайшла водгалас пачэсьне
Ў сэрцы беларускім.

І ў другім вершы „Памяці Шэўчэнкі“, выдрукаваным у „Гусьляры“, чытаем:

І к нам тваё слоўца ня раз далятала,
Мы слухалі ўцешна, што бае сусед…

Сапраўды, поэзія Шэўчэнкі знаходзіла сабе ня раз водгалас у творчасьці беларускага поэты.

Пераклад „думак“ Т. Шэўчэнкі, зроблены Купалам, належыць да найлепшых яго перакладаў. Значны ўплыў з боку поэзіі Т. Шэўчэнкі („Іван Підкова“) можна заўважыць, чытаючы баляду Купалы „Бандароўна“.

Здаецца, што ня толькі ўскосным, але і простым уплывам з боку поэзіі Шэўчэнкі тлумачыцца назва другога па часе выданьня зборніка вершаў Купалы ― „Гусьляр“. Калі першы зборнік „Жалейка“ станавіў сабою як-бы замену і працяг „Дудкі“ і „Смыка“ беларускіх М. Бурачка і, можа быць, „Скрыпкі беларускайЦёткі, дык у „Гусьляры“ поэта як-бы проста ўваходзіць на шлях Т. Шэўчэнкі. На Украіне ― нацыянальная кобза, у нас, на Беларусі, ― гусьлі, гусьлі-самагуды.

Як зайгралі-загудзелі
Гусьлі самаграі,
Панясьліся, паляцелі
Песьні па ўсім краі.
Ад паляны да паляны,
Ад бора да бора
Плыве голас няўніманы,
Як-бы хвалі мора.
Аб вялікай аб старонцы,
Беларусі-маці
Жальба страшная бяз конца
Ўсё чуваць-чуваці…

Ёсьць падобнасьць і паміж паасобнымі мотывамі, якія найграваюцца на украінскай кобзе і беларускіх гусьлях.

Думи моі, думи мої,
Лихо мені з вамі, ―

гэтак пачынаюцца сьпевы кобзарыста, ― і праз усю поэзію Т. Шэўчэнкі, як-бы чырвонаю ніткай, праходзіць адна адзіная думка аб заняволенай Украіне, аб яе калішняй славе і заклік да новай будучыні.

За думою дума роем вилітае
Одна давить серце, друга ― роздирае…

Жывучы на чужыне, Шэўчэнка ўсім сэрцам цалкам і неразлучна жыве з сваёй Украінай, мілай Украінай вольных казакоў. Адсюль зразумелы заклік да друга:

О, друже мій добрий. Друже незабутий!
Живою душою в Украйні вітай!
Літай з козаками по-над берагами,
Розрити могили в степу назирай…

(„Кавказ“).

Лёгічным вынікам, завяршэньнем усëй поэтычнай думанастраëвасьці Шэўчэнкі зьяўляецца яго славуты „заповіт“:

Як умру, то поховайте
Мене на могилі,
Серед степу широкого
На Вкраіні, милій…
..........
Поховайте та вставайте
Кайдани порвіте.

(„Заповіт“).

„Думкі“ аб заняволенай Беларусі, аб прыгнечаным селяніне ― адзін з самых улюбёных мотываў і нашага беларускага поэты. „З неспакоем думкі роем верцяцца ў душы“ поэты, думкі то маркотна-тужлівыя, то спакойна-плынныя, але прасякнутыя шчырым настроем беларуса-ратая, — і ў першым вершы з зборніку „Гусьляр“ поэта кажа:

А хто брат мне тут і друг,
Ладзь-наладзь душу і слух
І за песьняй-думкай скоч
Там, дзе Нёман, Дзьвіна, Буг
Точуць наша поле, луг,
Дзе шумяць у сьвет далёкі
Белавежа, Налібокі…

Глыбокая рэфлексія, натхненая нацыянальным настроем і замілаваньнем да свабоды ад прыгону, ― вось што адзначае абодвых поэтаў ― украінскага і беларускага. Розныя тэрміны іх жыцьця, розныя, мабыць, тэмпэраманты, розныя, уласьцівыя нацыянальнасьці кожнага з іх, вобразы праносяцца ў іх думках, ― але месца іх у межах роднай літаратуры аднакавае, месца сапраўднага народнага поэты. Як кажа Кастамараў, поэзія Т. Шэўчэнкі, „раздирала завесу народной жизни“. А вось характарыстыка поэзіі Купалы аднаго з нашаніўцаў: „песьні Купалы“, гэта ― люстра, у якой сьвеціцца душа беларуса; яго жыцьцë, родны край, гэта ― праўдзівы непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнае душы“[3].

Аднакава паказальны для Т. Шэўчэнкі і Я. Купалы асноўны кірунак іх поэтычнай творчасьці, ― нацыянальны романтызм.

Гэтаму кірунку Шэўчэнка застаўся верным да свайго апошняга вершу. Паміраючы ў прыгоне, у няволі, Т. Шаўчэнка мог толькі ў думках уяўляць сабе той жаданы час, калі будуць парваны кайданы:

І мене в сім‘і великій
В сім‘і вольній, новій,
Не забудьте пом‘янути
Незлим, тихим словом!

У адрозьненьне ад украінскага поэты Я. Купалу давялося быць сьведкам таго, як парваліся „кайданы“, сьведкам вялікага соцыяльнага перавароту.

Як адбіўся гэты пераварот у поэтычнай настраëвасьці поэты?

… О так! Я ― пролетар!..
Яшчэ учора раб пакутны ―
Сягоньня я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны.
Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся.
Адно… ня збыў яшчэ ўсіх бед;
Мне сьняцца сны аб Беларусі.

Гэтак пачынаецца зборнік вершаў „Безназоўнае“. Гэта, калі можна казаць, новае сrеdо поэты. Але вось што цікава: пры інтэрнацыяналістычным нахіле поэта застаецца верным сваёй нацыянальнай настраёвасьці. Сама поэма „Безназоўнае“ ― найпаказальнейшы выяў творчасьці поэты. Што такое „Безназоўнае“? „Гэта“, як адзначае Ўл. Дзяржынскі, „гісторыя ў вобразах на крыльлях музыкі аб нашым недалёкім мінулым, гісторыя адраджэньня беларускага працоўнага народу, гэта, урэшце, найдасканальшы сынтэз дзьвёх эпох, да і пасьля Кастрычнікавай… І цяжка сказаць, якая з гэтых эпох зарысована сьмялей, якая з іх выклікае большае ўражаньне, хаця зарысованы яны ў такіх адменных колерах, хоць прасякнуты яны такою адменнай настраёвасьцю“[4]. Я-б казаў, што „Безназоўнае“, як і іншыя выявы творчасьці Купалы за апошнія гады, гэта ― адбітак ходу пролетарскай рэволюцыі ў Беларусі, гэта ― сынтэз інтэрнацыяналізму ідэолёгіі і нацыянальнасьці эмоцый абодва струмені зьліваюцца ў адно. Інтэрнацыянальныя лёзунгі афарбаваны нацыянальным колерам; так і тут:

Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае сьмела.
........
А суседзі глядзяць,
Дзівяцца суседзі:
— То-ж яна з мужыкоў,
А як вышла ў людзі!

Поэта ня толькі сьніць сны аб Беларусі, але ў яве бачыць, як Беларусь займае пачэсны пасад у інтэрнацыянальнай сям‘і народаў. І адсюль новы ўздым нацыянальнай настраёвасьці поэты-беларуса-селяніна.

У цяперашняй савецкай Украіне стары украінскі бацька — агульна-прызнаны народны нацыянальны поэта.

Янка Купала быў народным нацыянальным поэтаю прыгнечанай Беларусі яшчэ да соцыяльнай рэволюцыі; нацыянальным песьняром у найлепшым сэнсе гэтага слова ён зьявіўся і пасьля Кастрычніка ў Савецкай Беларусі, успрыняўшы жывыя сокі пролетарскага працоўнага руху.

І вось падобна таму, як Шэўчэнка празорным вокам прадбачыць новую вялікую сям‘ю вольных народаў і піша свой „заповіт“, Купала пакідае сваю спадчыну, здабытую ў час змаганьня і націску рэволюцыі:

Пакінем спадчыну мы для патомкаў
Інакшую ад тэй,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваей.
З інакшай думкай пойдзе ў сьвет і людзі
Патомак гэты наш.
.........
Яшчэ пакінулі нам асьляпленьне,
Пашану да пакут,
А мы пакінем песьню вызваленьня
І вольны бацькаў кут.

Па сьцежках нацыянальных поэтаў звычайна ідуць гісторыя, навука і, далей, практычны труд. Тутака зноў напрошваецца супастава паміж Шэўчэнкам і Купалам.

„Поруч з тым, як творчасьць поэты“, піша Антон Навіна, „узбагачвалася ўсё новымі тэмамі і новымі перажываньнямі, той запас слоў, які Купала вынес з роднай хаты, аказваўся лішне бедным. І вось, знамяніта вычуваючы дух беларускай мовы, Купала сьмела пачаў тварыць зусім новыя словы, каторыя, выражаючы найбольш тонкія адценкі, нязвычайна ўзбагацілі беларускі славар, прысвойваючы беларусам масу новых паняцьцяў. У гэтым — адна з найбольш сур‘ёзных заслуг гэтай найвялікшай сілы ў беларускай літаратуры, і зусім справядліва крытыкі называюць Купалу беларускім Шэўчэнкам“[5].

У справе сформаваньня беларускай літаратурнай мовы поэзія Купалы адыграла найважнейшую ролю.

І як жыва цяпер на Украіне памяць аб слаўным украінскім „бацьку“, гэтак і да Янкі Купалы можна аднесьці словы, якія ён сам прысьвячае памяці Ўл. Сыракомлі:

Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,
Путы нават змарнеюць у плесьні, —
Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,
Будуць жыці і лірнікаў песьні.



  1. Гл. М. Гарэцкі. „Гісторыя бел. літ.“, стар. 200 і наст.
  2. Гл. Prager Presse, 4 Junі 1926.
  3. Владак з Казіміраўкі, „Жалейка“, песьні Я. Купалы. „Наша Ніва“, 1908 г., № 7.
  4. Беларуская літаратурная сучаснасьць“. „Полымя“, 1925 г., № 1, стар. 150 і наст.
  5. A. Nawіna. „Našy pіeśnіary“, st. 37.