На новых шляхох
← Водгукі вялікае вайны | На новых шляхох Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 23.VІ.1923 Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929 |
«Пад сінім небам»: Характарыстыка творчасьці Натальлі Арсеньневай → |
Упершыню - Заходняя Беларусь: Зборнiк грамадзкае мысьлi, навукi, лiтаратуры, мастацтва Зах. Беларусi. Кн. I. Вiльня 1923 |
I.
правіцьУ паэзіі форма і зьмест — неразьдзельны.
Неразьдзельны яны затым, што кожнае пачуцьцё, кожнае перажываньне і настрой паэты, выліваючыся зь ягонае душы, мімаволі прымаюць тую адзіную ўласьцівую для іх форму, той рытм, які адпавядае, калі так можна сказаць, рытміцы самога перажываньня і настрою аўтара.
Жыцьцё мае незвычайнае багацьце рытму. На гэтым аснована багацьце формы паэтычных твораў, складанае вякамі.
Усім вядома, што, прыкладам, старагрэцкі гексамэтар знаходзіцца ў самай цеснай сувязі зь біцьцём чалавечага сэрца. Вядома такжа, якія рэзкія перамены ў рытме сэрца адбываюцца ў залежнасьці ад перажываньняў чалавека. Дык зусім натуральна, чаму, прыкладам, дзеля ўрачыстага настрою адпавядае паважная актава, чаму выглядала бы нечым дзікім, калі б гэную форму верша мы ўжылі дзеля нейкага гумарыстычнага апісаньня.
Як нічым не абмяжована разнароднасьць перажываньняў жывога чалавека, так не абмяжована і разнароднасьць формы ў паэтычнай творчасьці. Праўда, кожная эпоха мела свае погляды на тое, што дапусьціма і што недапусьціма ў паэзіі. І кожная чародная эпоха, у сувязі з зьменай настрояў і агульных поглядаў грамадзянства, ламала старыя формы і тварыла нешта новае, засуджанае ў свой чарод на ломку новым пакаленьнем.
З гэтага погляду можна сьмела сказаць, што гісторыя літаратуры — гісторыя разьвіцьця форм літаратурнае творчасьці — гэта найбольш поўнае адбіцьцё гісторыі культуры народаў; тут найлепш выяўляюцца самыя глыбокія, самыя праўдзівыя настроі і погляды грамадзянства, якое тварыла даную літаратуру.
Усё гэта вельмі ярка выяўляецца пры досьледах над разьвіцьцём беларускае адраджэнскае літаратуры, якая ў зусім кароткі час перажыла тое самае, што другія, старыя літаратуры перажывалі сталецьцямі. Болей таго: як у жыцьці жывое прыроды антагенія і філягенія йдуць тым самым шляхам, таксама ў творчасьці паадзінокіх паэтаў нашых мы бачым паўтарэньне лініі разьвіцьця ўсяе літаратуры народу.
Якімі беднымі па зьместу прадстаўляюцца нам цяпер першыя творы беларускіх адраджэнцаў пачатку XIX сталецьця! І якая ж бедная форма іх твораў — твораў Баршчэўскіх, Рыпінскіх, Чачотаў! Хаця ўсе яны ўглядаліся на нашу народную паэзію як на ўзор, але ніхто зь іх не зраўняўся з народнымі песьнямі ні па сіле, ні па шчырасьці пачуцьця і настрою. І не відаць у іх творчае іскры, а толькі малавартая «работа».
Першым пісьменьнікам, які заслугуе на імя паэты-мастака, быў Дунін-Марцінкевіч. І мы бачым у яго значны поступ у форме, раўнуючы да папярэднікаў. Але жыцьцё, якое ён малюе ў сваіх творах, яшчэ вельмі беднае. Яно ня можа глыбей захапіць аўтара, ня можа зьмяніць сваей сілай біцьця ягонага сэрца. І паміма апісаўчае здольнасьці паэты, паміма мастацкіх абразоў у «Гапоне», форма верша яго астаецца прымітыўнай — сылябічнай, — такой, дзе для выяўленьня рытму сэрца нямашака месца.
На верш танічны пераходзіць Багушэвіч. Гэты паэта незвычайна горача перажывае тое, аб чым піша: гора, бяду, крыўды народныя. Яго настроі — шчырыя, яго перажываньні — заўсёды глыбокія і запраўды прымушаюць біцца мацней сэрца паэты — ці то калі ён іграе на «Дудцы» — "над народу сконам", ці калі апісвае «Хрэсьбіны Мацюка», або апавядае пра тугу па Бацькаўшчыне беларуса, закінутага доляй у чужыну, — тугу, так добра знаёмую аўтару з асабістага жыцьця. У Багушэвіча бачым і больш разнароднасьці ў вершаваньні. Але трэба сказаць, што Мацей Бурачок — гэта не селянін, а толькі здэмакратызаваны шляхціц, сябра «вышэйшага» круга грамадзянства. Яго славамі гаворыць не народ, а далёка адышоўшая ад народнае масы інтэлігенцыя, узгадаваная пад усё нівэлюючым уплывам эўрапейскае цывілізацыі, хоць і спачуваючая народу і разумеючая яго.
Пачатак XX сталецьця дае нам цэлы рад іменьняў беларускіх паэтаў — запраўдных сыноў вёскі. А наперадзе ўсіх — Якуб Колас і Янка Купала. Гэта ўжо непадробленыя выразіцелі настрояў і думак беларускае народнае масы. Яны — паэты з так званай «іскрай божай». Пачуцьцё ў іх выліваецца з душы бурным патокам і шукае для сябе адпаведнае формы. Іх духовае багацьце — вялізарнае. І форма ў іх адпавядае гэтаму багацьцю — асабліва ў Купалы. Рытміка — незвычайна разнародная, як разнародны і адценкі іх настрояў і перажываньняў. Пачынаючы ад вельмі прымітыўных насьледаваньняў, з боку формы, расейскіх і польскіх паэтаў, яны крок за крокам вырастаюць усё вышэй, прысвойваюць сабе найдасканальшыя формы верша сучаснасьці. І ім усё яшчэ гэтага мала: яны разнаабразяць свой верш зусім самастойна і арыгінальна, бо ў створаныя другімі формы нельга ўліць свайго індывідуальнага, выключнага, бо чыста нацыянальнага, беларускага зьместу.
Даўгую дарогу прысваеньня формаў сусьветнае паэтычнае творчасьці праходзяць нашы песьняры. Чым вышэй узьнімаецца іх уласны дух, тым лягчэй для іх гэная дарога, тым лягчэй вялікія мастацкія дасяганьні. Асабліва яскравы прыклад дае тут Якуб Колас.
Успомнім перадваенную коласаўскую музу. Гэта — адбіцьцё душы беларускага сялянства, толькі адбіцьцё, як у павелічаючым люстры. Гэта — ідэальная гармонія прыроды, быццам "песьня хораў". І рытміка, і форма вершаваньня — у поўнай меры адпавядаюць гэтаму зьместу. А заглянем да апошняга зборніку Коласа «Водгульле» (Менск 1922 г.), перачытаем яго найнавейшыя, апошнія вершы, і шчырае зьдзіўленьне абхопіць душу: ад сялянскае лірыкі Колас дайшоў да настрояў сучаснага нэрвовага, зь незвычайна зложанай псыхічнай арганізацыяй, «цывілізаванага» эўрапейца. Штось нязьведанае дагэтуль творыцца ў яго душы:
Зь цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таемна, няўчытана.
Сьмех вясёлы зьбег няждана…
……………………………………………
Цені-страхі выпаўзаюць,
Іх ня бачыш, прачуваеш.
Штось чаруюць, заклінаюць
І таемна пагражаюць, —
Чым? У тым сіла, што ня знаеш.
(«Цені-страхі», 1921 г.)
Яму ў начной цішы звоняць нейкія дзіўныя песьні шкляныя шыбіны ў вокнах — песьні чыста імпрэсіяністычнага характару:
Няма ветру, усюды ціха;
Шыбы ж звоняць — што за ліха?
Хто ў іх стукнуў? Хто чапае?
Ці то знак хто хоча даць,
Што згубілі мы дарогу,
Б’е трывогу,
Ходзіць, ўсіх прасьцерагае
І накладвае пячаць
На шляхі, дарогі тыя,
Дзе крыжы згнілі старыя,
Ці зумыслу пазьнімалі,
Як аджыўшыя свой час.
Хто такі ён? Невядомы,
Незнаёмы,
А мо дзе і сустракалі,
Мо зь ім бачылісь ня раз…
(«Звон шыбаў», 1921)
Так ад народнага пясьнярства Колас даходзіць да імпрэсіянізму. Ведама, гэта знаходзіцца ў цеснай сувязі зь яго асабістымі перажываньнямі апошніх гадоў. А разам з новымі матывамі, што родзяцца ў душы песьняра, ён — мо несьвядома — знаходзіць і новыя формы, прыкладам якіх служаць прыведзеныя адрыўкі. Колас, а ў яшчэ вялікшай меры Купала, Багдановіч — гэта ўсё людзі, узгадаваныя агульнаэўрапейскай культурай. Яны, праўда, чуюць па-своему, «па-народнаму», але свае думкі і пачуцьці высказваюць агульнай для ўсіх «эўрапейцаў» мовай. Сваё, народнае яны прапускаюць празь нівелюючую прызму агульнаэўрапейскае цывілізацыі. І праз рамантызм, рэалізм яны разам з усей эўрапейскай паэзіяй даходзяць урэшце да тых новых кірункаў, якія маюць агульнае імя «нэарамантызму»: да сымбалізму, мадэрнізму і г. д.
На гэтым яны і затрымліваюцца.
Але не затрымліваецца праца новых пакаленьняў паэтаў, якія ўсьцяж ламаюць старое і на руінах працы папярэднікаў будуюць нешта новае. На эўрапейскім Парнасе мы сустракаем цэлы рад такіх кірункаў, якія выяўляюць шуканьне новае будучыны: гэта — футурызм.
Адкідаюцца старыя, прывычныя формы. Запаноўваець поўная свабода для рытму, ня зьвязанага старым штучным падзелам на абмежаны лік строф. Ігра гукаў, вольнасьці рытмікі — вось закон творчасьці футурыстычных кірункаў.
Новая літаратурная хваля, як рэакцыя проці ўсяго старога, пракацілася праз усю Эўропу. Дакацілася яна і да Беларусі. А тут якраз зрабіліся вялікія перамены.
Беларусь (апрача Віленшчыны і Горадзеншчыны з старым віленскім цэнтрам культурнага жыцьця і адраджэнскага будаўніцтва) перажыла Рэвалюцыю 1917 году, перажыла дзяржаўны і сацыяльны пераварот, абаперты на дыктатуры пралетарыяту. У Савецкай Беларусі ўтварыліся зусім новыя варункі жыцьця, парваўшыя ўсякую сувязь з старой эвалюцыйнай дарогай, на якой адбывалася раней разьвіцьцё здарэньняў. Новыя варункі, прызваўшыя да творчае працы самыя шырокія масы нашага працоўнага народу, паставіўшыя гэтыя масы на кіраўнічае становішча, зусім натуральна павінны былі вытварыць новую псыхіку ў народзе, зачапіць новыя струны ў душах людзей.
Дзень новы, новыя ночы,
Век новы: агню, дыму, попелу…
(«Босыя на вогнішчы»)
І век новых настрояў, новых перажываньняў і імкненьняў.
Новая псыхіка, «новая душа» народу павінна была знайсьці для сябе і новыя формы выражэньня ў літаратуры. Сьвядомы разрыў з традыцыямі мінуўшчыны павінен быў пакіраваць нашых новых народных пісьменьнікаў на той шлях, на якім і літаратура адкінула ўсё старое, ужо перажытае.
Уплыў футурыстычных кірункаў у расейскай пралетарскай паэзіі вельмі сільны. Уплыву гэтага не магла абмінуць і маладая беларуская пралетарская паэзія, але ён тутака выяўляецца адно толькі ў разрыве з старымі традыцыямі і ў шуканьні новых форм — больш свабодных, адпавядаючых новым духовым настроям і імкненьням беларускае масы. Шукаць у беларускіх «наймалодшых» песьняроў сьляпога насьледаваньня нечага гатовага, створанага футурыстамі другіх нацыянальнасьцей, — пакуль што не прыходзіцца.
II.
правіцьКаб выявіць усё тое новае, што можна знайсьці у нашых «наймалодшых» парнасьнікаў, трэба было б акуратна сачыць за ўсім, што друкуецца наабапал гранічнае мяжы, падзяліўшае Беларусь на «Савецкую» і «Польскую». На жаль, гэта пры сучасных палітычных адносінах невыпаўніма. Да нас толькі час ад часу прыпадкам даходзіць нейкая кніжка або газэта, друкаваная ў Усходняй Беларусі. Вось жа мы і падойдзем да выяўленьня «новага» ў нашай паэзіі на аснове трох кніжачак: «Строма» Уладзімера Дубоўкі (Вільня, 1923), «Босыя на вогнішчы» — паэма — Міхася Чарота (Менск, 1922) і «Уяўленьне» Уладзімера Жылкі. Першыя дзьве напісаны на Ўсходзе, трэцяя — на Захадзе Беларусі.
Ужо першы зборнічак робіць дужа прыемнае ўражаньне тым, што ў ім не сустрэнеш традыцыйнае ў беларускай паэзіі маркотнасьці, суму, тугі, безнадзейнасьці. Наадварот: тут чуецца новы, сьвежы павеў, новыя тоны. Мы ўжо ня бачым перад сабой таго забітага, загнанага, утраціўшага сваю чалавечую сьвядомасьць лапатніка-селяніна, які толькі й мог стагнаць, плакаць, наракаць на сваю долю, але ня быў здольны сваімі рукамі каваць сабе лепшую будучыну. Бо з лапатнікаў-сялян ужо стварыўся, вырас у шырокім разуменьні гэтага слова народ, каторы ня можа жыць так аднабока, як жыў дагэтуль, ня можа праводзіць дні свае вечна ў адным настроі.
Уладзімер Дубоўка радыкальна разарваў сувязь з традыцыйным стагнаньнем. Той дух, якім пранікнуты ўсе яго вершы, найлепей сьведчыць аб тым, што аўтар пісаў іх не пад цяжкім ярмом чужацкае ўлады, а на волі, у варунках вольнага жыцьця. Столькі тут размаху, столькі моцы й веры ў сваю сілу і сілу народную! Паэта ані не «жальбуе», не шкадуе "тых дзянькоў, што жыцьцё даўно разьвеяла, як дым". У ім чуецца маладая нарастаючая сіла, ня зьвязаная з старымі перажыткамі, і ён зварачаецца да адраджэнскае моладзі з закліканьнем:
Маладое пакаленьне,
Прачынайся, час прыйшоў.
Залатое Адраджэньне
Кліча ўсіх пад родны схоў!
А моладзь Дубоўкі, як і ён сам, жыве ўсімі ўласьцівымі моладасьці настроямі і перажываньнямі. Які характэрны з гэтага боку хаця бы вершык «Зданьні»:
Вечар… П’яны вечар сваволі-траўня…
Вецер косы ночы расплёў, дуронік…
Салавей пяе над ракой, як слаўна!..
Сны сьніць сасоньнік…
Гукі тыя, зданьні той цёмнай ночы
Кроў крынічаць… Млосьць захапляець волю…
Але ад гэнае «млосьці» сіла моладзі ня чэзьне: то — адно мімалётны настрой, які хутка замяняецца другімі. І Дубоўка, папаўшы ў чужыну, захапляецца быццам рэлігійным настроем, што мае сваім прадметам Бацькаўшчыну:
У песьнях я — на Беларусь малюся,
Як моліцца ля возера трысьцё.
…………………………………………..
О, Беларусь! Я на цябе малюся,
Тваім шляхом — прыйду ў шырокі сьвет,
Паміж людзей, народаў разьліюся,
Бы вецер-зух у жыце, у аўсе…
І за ночай маёвай у яго наступае дзень, у якім ужо нямашака і сьледу мляўкасьці:
Сьнег зьнікае… Сустракаюць маладу вясну,
сонца грэе, абуджае сьвет увесь ад сну.
Птушкі ймкнуцца супроць волі да сваіх краін.
«Час дахаты, час». —
Сьпеў чуваць адзін.
Кіну смутак я й маркоту аж на ніцы лозы
ў вечар гэты, вечар траўня, вечар нецьвярозы.
Вольны вецер я паклічу, як пяюць наўкола:
«Час да хаты, час —
жыцьця майго золак»…
Зь ветрам, яснай бліскавіцай — ў небе паляцім,
Думкі, сэрца, кроў у жылах — ўсё мы адрадзім.
Толькі крыльле мне патрэбна, крыльле мне, хутчэй!
«Час да хаты, час», —
рвецца гук з грудзей…
Гэта — характэрныя рысы ў зьмесьце. Новае тут не ў самым зьмесьце, а ў тым, як апрацованы тэмы, які настрой пануе ў душы паэты: новае — у рытміцы перажываньняў. Да апошняе аўтар дапасоўвае і форму, хаця йшчэ пераважна ня выйшаў за межы старых форм верша: усё яшчэ ўжывае старога трыялету, каторы ў яго сам па сабе нічога не гавора, — усё яшчэ ня вызваліўся да канца ад старое спадчыны. Затое многа вольнасьці ў яго ў словатварэньні, многа цікавых гукавых эфэктаў. Прыкладам:
Мітусіцца лістота мяцеліцай —
Мітульжынная, быццам дзьвіна.
Па аселіцы лёнам пасьцеліцца,
Завіхрыцца квяціста яна.
Слова «завіхрыцца» сустракаецца ў «Строме», здаецца, ажно тры разы. І «віхрыстасьць» зьяўляецца асноўным тонам вершаў Уладзімера Дубоўкі.
Усё ж трэба адзначыць, што і гукавыя эфэкты, і словатварэньне ў Дубоўкі даволі ўдачныя. Верш яго — мілазычны, музыкальны. Тут «старая спадчына» якраз аказвае вельмі добры ўплыў на аўтара: яна не дае яму ўтраціць пачуцьця меры, не дае і нарушыць гармонію грубымі дысанансамі, ці то ў гуках, ці то ў словах.
Новы дух яшчэ ярчэй выяўляецца ў паэме Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы». Гэта абраз народных настрояў у часох сацыяльнае рэвалюцыі і зьмяняўшых адна адну чужаземных акупацыяў. Яшчэ лепш: гэта — гісторыя апошніх гадоў у настроях, так часта зьмяняўшыхся.
І гэты твор вызначаецца сілай парываньняў, магутным размахам, уласьцівым падняўшамуся на барацьбу народу. Розьніцца ён ад папярэдняга незвычайна ярка выражанай пралетарскай ідэалёгіяй. Савецкая беларуская прэса нездарма адзначыла выхад паэмы «Босыя на вогнішчы» як пачатак запраўднае беларускае пралетарскае паэзіі. Ды так яно й ёсьць: пісьменьнікі, якія ў гэты мамэнт выяўляюць пралетарскую ідэалёгію, бадай, усе вырасьлі да пачатку сацыяльнае рэвалюцыі, і ў іх творчасьці відаць яшчэ вельмі многа «старое спадчыны». Міхась Чарот ад гэнае спадчыны зусім вызваліўся. Ён б’ець словам, быццам молатам, а незвычайна элястычная форма яго верша нічым ня зьвязвае лёту думкі. І здаецца часамі, што паэта вярнуўся да тае нявырабленае формы народнага верша, якая пануе ў большай частцы пісаных народных вершаў-гутарак. Але гэта толькі здаецца: бо заўсёды рытм выводзіць песьняра на належны шлях, не даючы яму ўпасьці да роўня гэных наіўных вершаваных гутарак. Вось, дзеля прыкладу, другая песьня паэмы:
— Пажар на Усходзе!
Таварышы, ур-р-ра!
— Што вы, шалёныя, годзе!
Што вам ня шкода дабра?
Усё, што зьбіралі вякамі,
Сёньня марнее ў агні…
— Маўчы! Мы цябе кулакамі,
Чуеш?! Ні-ні!
Цэрквы, палацы, харомы —
Памяць мінулага — з дымам!
Што не запалім мы — зломім!
Зьнізу наверх усё падымем!
Страшна вам? страшна?
Пажару агонь ломіць вочы?
Затое нам відна ўночы…
Маліцеся, грэшныя, небу,
Рукі угору узьняўшы.
Вас не паслухаюць хмары.
Таварышы!
Што нам трэба?
— Пажа-ары!
Мы падалі гэты адрывак як незвычайна характэрны для псыхалёгіі масаў паўстаўшага народу — «збунтаваных рабоў». Жаданьне зьнішчэньня, імкненьне зламаць, пусьціць з дымам усё, што напамінае аб старой няволі… У такі мамэнт маса не памятае — што яна нішчыць твор яе ж уласнае працы. У гэтым зьменным рытме, у няроўным вершу чуецца рытм перажываньняў збунтаванае масы, народнага натоўпу, зь якога падаюць перуны і бліскавіцы рэвалюцыі.
Такое адчуваньне душы масы робіць тое, што вершы Міхася Чарота становяцца незвычайна блізкімі, бо лёгка зразумелымі, для таго чытача-пралетара, для якога пісаны. Рытміка яго вершаў зусім адпавядае рытміцы перажываньняў і паэты, і масы. А рытміка ў кожнай песьні зьмяняецца, у кожнай песьні новая: то апісваецца мамэнт трыюмфу «босых», то пабеда «чорнага арла» — нямецкага мілітарызму, то ізноў на сцэну зьяўляюцца чырвоныя сьцягі, каб уступіць месца беламу каню ўлана…
Хмары, дзе заход,
Падняліся…
— Што? зноў непагода?
— Вецер! — крычыць народ, —
Вецер, уздыміся!..
Вецер адказвае: «Згода!»
Хто слабы — дзяржыся!..
Змаганьне йдзе ўсё далей. Ліецца кроў. Бягуць людзі. «Іх рукі, ногі ў крыві»… А ўсё ж паэта верыць у канчальную перамогу свае ідэі і заканчвае паэму клічам:
Іграйце песьню, трубачы!
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Гэй, за намі, бедната!
На дарозе макрата…
Тухне вогнішча ў крыві.
Песьню йграйце: «дзінь-дзі-ві!»
Каго зловіш — разарві,
Хто ня наш — таго даві…
Босы хто — за намі ўсьлед,
Хто убогі, хто разьдзет…
Гэй, за намі — ў новы сьвет!..
Цёпла там і там прастор,
Небасхіл там повен зор…
Сонца тчэ жыцьця узор!..
Там спачынеш, бедната…
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Ня дзіва, што паэма мае вялікі посьпех у народзе. Літаратурны крытык У. Ігнатоўскі у сваей стацьці, далучанай да першага выданьня паэмы, кажа паміж іншым: «Магчыма лічыць, што паэма „Босыя на вогнішчы“ для выяўленьня сутнасьці вялікай рэвалюцыі на Беларусі зрабіла тое самае, што зрабілі паэмы А.Блока „Двенадцать“ і „Скіфы“ для выяўленьня сутнасьці агульнарускай рэвалюцыі».
Паскольку Міхась Чарот выяўляе ў сваей паэме духовую сутнасьць рэвалюцыі сацыяльнай, пастольку Уладзімер Жылка ў «Уяўленьні» адтварае псыхалягічны бок нацыянальнае рэвалюцыі. Запраўды, Беларусь усё яшчэ перажывае незакончаную нацыянальную рэвалюцыю, калі так гожа назваць той вялікі працэс прабуджэньня ўсіх духовых сіл нашага народу, што адбываецца на нашых вачох. Гэта ўжо не эвалюцыйнае ўсьведамленьне сваей нацыянальнай прыналежнасьці: гэта — бурны творчы парыў, выяўленьне ад вякоў зьбіраўшыхся сіл у нашым народзе. І не дарма свой твор аўтар назваў «Уяўленьнем»: бо працэс прабуджэньня нацыянальнае сьвядомасьці за апошнія гады пайшоў такім шпаркім тэмпам, што ў ім дзеець не рэфлексія, не разважаньне, а іменна ўяўленьне ўсяе велічы нацыянальнае ідэі, уяўленае ў адзін мамэнт.
І Жылка таксама, як Міхась Чарот, разрывае сувязь з «старой спадчынай» і шукае для свайго «Ўяўленьня» новае формы. Форму гэту ён знаходзіць у найнавейшых расейскіх паэтаў з Андрэем Белым на чале. Ламаньне традыцыяў мінулага становіць галоўную рысу ў вершаваньні Жылкі.
Радасьць мая велікодная
Сына, пазнаўшага Маць!
Песьняй прадвесьня лагоднаю
Ўсіх я пачну абдараць.
— так пачынае аўтар першую песьню «Ўяўленьня». І — песьня за песьняй — дае абраз таго, як адбылося ў яго душы ўяўленьне вялікага Адраджэньня народу беларускага.
Для прыкладу даем тутака пачатак другой песьні:
Запраўды,
Радасьць — рацыя: —
Бацькаўшчына Беларусь
Ёсьць
Наймалодшая Нацыя.
З будняў блядых
Чорная косьць
Разьдзьмухала Рух
Стараны
Вёсак і сёлаў.
Перуны завірух
Ў захапленьні
Грымяць аб адным: —
Паўнагучна Адраджэньне!
і т. д.
Нельга сказаць, каб гэта было найлепшае месца ў творы Жылкі: яно, бадай, найслабейшае з сваей «рацыяй» і «нацыяй». Але і ў гэтай жа форме могуць быць мастацкія абразы, ды яны запраўды ёсьць, — узяць хоць бы песьню чацьвертую, якая канчаецца сільнымі радкамі:
… наш Дух,
Даючы рух,
Жыцьцё,
Праз крыўду, зьдзекі
І забыцьцё,
З прадвеку,
З гадоў старых
Быў захаваны.
І вось — нязнаны —
Сягнуў тварыць.
І зь першых дзён
Змог сну палон
І ночы глуш,
Мужычых душ
Зьявіў красу
І бель.
Асабліва пекныя адрыўкі, дзе Жылка ўдарае ў народны тон — тон народнае песьні (п.8 X). Дый усюды многа мілазычных, музыкальных сукладаў, такіх сьпеўных, што як бы просяцца, каб іх пяяць. Цікаўная з гэтага боку п. III, у якой у рыфмованых канчатках націскі стаяць па трэцім складзе ад канца і прыдаюць асаблівае хараство вершу:
А было пагана як: —
Ветры дзьмулі лютыя,
Спалі паслухмяныя
Вёскі, сьцюжай скутыя…
Кожная песьня, выражаючы іншы мамэнт «уяўленьня» нацыянальнага адраджэньня, напісана другой формай і другой рытмікай, што дае твору асаблівую жывасьць. І хоць бы з гэтага толькі боку рэч гэта зьяўляецца дужа цікаўнай: «новае» ў ёй выяўляецца мо найбольш поўна, найбольш усестаронна — і з боку зьместу, і з боку формы.
Усе тры разгледжаныя аўтары шукаюць новых дарог у сваей творчасьці. Яны даюць новыя формы для новых настрояў і перажываньняў, але трудна сказаць, як далёка зайдуць яны ў сваіх шуканьнях. Пакуль што нічога закончанага, ясна сфармуляванага вывесьці з гэтых спроб нельга: яны ў значнай меры не арыгінальны, а пазычаны — насьледаваньні. Аднак ужо самы факт шуканьня новых дарог сьведчыць аб агульным поступе ў разьвіцьці нашае паэзіі «наймаладзейшых»: працай творчай і пачуцьцём красы яны здолеюць знайсьці тую лінію разьвіцьця, якая, не абніжаючы іх твораў з мастацкага боку, будзе найбольш, найпэўней адпавядаць новым настроям і новым імкненьням «новага беларуса».