На паняволеных гонях (1928)/Да маладых

Кліч Да маладых
Верш
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1928 год
Атаман Муха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да маладых (Родзевіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА МАЛАДЫХ.

Беларус малады, што гальчэеш бядак.
Паўстань, выйдзі з хваль ніў залацістых;
Зварухні, скліч, зьяднай як ты гэткіх ваяк,
Чые рукі ў значкох мазалістых.

І нясеце моц пушч, разгул бур веснавых,
Праўд і песянь нягаданых, новых.
Узгарыце мяжу між сваіх і чужых, —
Знаймо вольных, працоўных, здаровых.

Юнакі-сілачы вызваляйце зямлю
Ад паганых рук старага сьвету —
Ўжо спрухнеў гэты сьвет, — хай-жа тлусьціць ральлю;
Быць хоць раз ураджайнаму лету.

Многа ёсьць злыбяды, ліхадзеіць туга,
Дармаед сваяволіць бяскарна,
Пухнець з роскашы пан, грабіць ён як мага…
Эх, няўжо-ж гінуць нам гэтак марна?

Не! Яшчэ сонца ёсьць, руніць поле вясной,
Льдом адвечным вада не скавана,
Ёсьць імпэтны ўзлёт дум грамады маладой.
Што у працы цяжкой гартавана.

Дык дарогу шырэй недалюдкі, брыда,
Дык дрыжы, хто людзкую кроў смокча,
З песьняй помсты ідзе маладых грамада,
Ваша логава мігам здрузгочаць.

Іх прызвала жыцьцё, іх, працоўных сыноў,
Надзяліла змаганьне натхненьнем.
З фабрык, вёсак ідуць з ўсялякіх краёў,
Проціў вызыску і прыгнячэньня.