Туман Восень
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924 год
⁂ Чырванее заход ад марозу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Глухой, таёмнай сьцежкай…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ.

Глухой, таёмнай сьцежкай
Падкралася за летам,
Уселася на ўзьмежку
І занудзіла сьветам.

Няўпынна, безнадзейна,
Сьлязьмі, як мак, драбнютка
Заплакала нявейна,
Маркотна і ня хутка.

І з ею разам хмары
Заплакалі дажджамі,
Навісьлі шопай хмарай
Над вёскамі, палямі.

І то-ж бо: — неласкава,
Пустэльна поле гола,
Ў стагох стаіць атава
І пушча жоўта-квола.

Ў паветры мятульжыцца
Убор вясны раскошны,
Кружляючы лажыцца
Бясшумны ліст апошні.

Рабіна ўжо чырвона,
Ня чуць птушых сьпяваньняў;
І ў мяккіх, шэрых тонах
Настрой ціхі кананьня.

І на кустох, на руні,
На йржані павуценьні:
І за гумном, за пуняй
Дрыжаць даўжэй суцені.

І сонца слаба ўсьмешка,
Як мара небарача,
Бо восень, бач, на ўзьмежку,
Бо восень плача, плача…