На ростані (1924)/II/Сьмяротны пах

Сёмуха Сьмяротны пах
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924 год
На пярэдадні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьмяротны пах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬМЯРОТНЫ ПАХ.

Ёсьць боль затаенай тугі
У кволым паху зьвялых кветак,
Нібы ў кананьня час благі
Ім родны марыцца палетак,

Нібы йшчэ вераць — вось дыхне
Паветра хваляю гаючай
І з хаты верне іх вясьне.
І знаюць — згуба нямінуча.

Людзкая жорсткая рука
Іх, далікатных, ў поўным квету,
Там, дзе прастор, палі й рака,
Сабрала рупна да букету.

І на маім стале зямлі
Краса, найвышшая аздоба,
Яны цьвілі і адцьвілі —
І тайнай іх была жалоба.

Ў самотнасьць невясёлых дзён
Яны ўвівалі лятуценьні
І згадкі лёгкія, як сон,
Аб сонца радасным праменьні.

І раніц звонкіх галасы,
І чуласьць ветра нязвычайна,
І хараство густой расы,
Прачыстай валадалі тайнай.

І не дазнаў ніхто-б яе,
Калі-б ня гэты пах сьмяротны,
Што, бы кадзільны дым, ўстае
Такі тужлівы і маркотны…