Выпраўляла маці сына
На чужую старану,
Бласлаўляла ладам-чынам,
Каб шчасьліва павярнуў.
Ды наказвала хлапчыне: —
— „Доля прыйдзе, ці міне —
Помні, сыне, на чужыне
Аб краіне, аба мне!“
„Не забудзься ты ніколі,
Будзеш бедны, ці багат,
Нашай долі і нядолі,
Нашых пожняў, нашых хаn!“
— „Ой, матуля, ой, кахана,
Не забыцца думкам, не!
Ці то позна, ці то рана
Люты смутак душу тне.
„А ўспамянеш, бы ў тумане,
Бацькаўшчыну і цябе, Сэрца зьвяне, сіл ня стане
Біцца ў смутку і жальбе!“
Ты чакаеш сына, ведаю,
З сьлёзаў, ведаю, з тугі
Упалі вочы, губы бледыя,
Старыць, сівіць лёс благі,
І нястрымнае і лютае
Не пазбудзешся нуды,
І клапотамі, пакутаю
Гнуць жарстокія гады.
Як бярозка, тонкім вецейкам
У сум прыбралася сама.
Бачыць сонца ясным лецейкам,
Што табе пацех няма.
І падслухвае пшанічанька,
Як на постаці адна
Уздохамі жальбы крынічаньку
Скалынаеш ты аж да дна.
А зімою ноч падглядае
Доўга, сьцішна пад вакном,
Як прадзеш, прадзеш нярадая,
Не пазбудзеш думак сном.
Як праз вет, а сьпеў з трывогаю
Ловіш з сьнегавых далін,
Ці ня едзе хто дарогаю,
Ці ня стукне ў дзьверы сын…
Мае сэрца поўна любасьці
Да радзімае мае,
Паміж тлумам у загубнасьці
Песьні помняцца твае.
І калі лучыць нягодная
Доля згінуць ў чужыне,
Ня ўздыхне душа ніводная,
Не ўспамяне пра мяне.
Толькі ты згаворыш пацеры
Над нядоляю маёй,
Толькі вочы мае мацеры
Затуманяцца сьлязой.
|