На хрэзьбінах
← Падарожнік | На хрэзьбінах Верш Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926—1927 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12 (3), ліпень 1926-сакавік 1927 г., б. 2 |
Ў гасподзе сьветлай, на седзішчы высокім гасьціў у дзень урочысты яго я нарадзін. Ды плакала душа, што жоскі троп жыцьця гатуе ўжо завалы на сьцежках бадавейных.
Тры ветніцы сягоньня, з намі тут, запрадкі жыцьцёвай нітачкі тваей спраўляюць. Праклюдныя старухі! Ім ведама усё: й не зжахнуцца-ж ані! Спакойнаю рукой бяруць у пальцы смычку і цягнуць ніць жыцьця на верацяно.
Круціся, гэй круціся вераценца! Да сонца раз, у цемру раз, усё кругом, кругом… і ўсё бліжэй да долу.
Музыка грае тост. У чарах пеніцца віно. І ўсё, у такт, сьвярліць у мозгу мысьль: ці сьлёз, якія будзе ліць ў жыцьці наш новародак, гасьцей хапіла-б напаіць і хто іх будзе піць?…
Тры ветніцы прадуць і ніць усё струнчэй. Званіце чарамі, іграйце тост! Хутчэй!!