I. Лясьнікова пасада II. Раніца ў нядзельку
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
III. За сталом

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II.

РАНІЦА У НЯДЗЕЛЬКУ.

Дзень быў сьвяты. Яшчэ ад раньня
Блінцы пякліся на сьняданьне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці… Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі,
Або сьмяяліся, сьпявалі.
Услон заняў сваё ўжо места.
На ім стаяла ражка цеста,
І апалонік то і дзела
Па ражцы боўтаў жвала, сьмела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льлючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ў вачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзьнятых,
І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І наляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам,
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі —
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас — і ўся прыправа,
Але ўсё-ж сьнеданьне цікава;
А для дзяцей найбольша сьвята
Абы наесьціся заўзята.
І звон аб прыпек скавародны,
Так блізкі сэрцу, так ім родны,
У нейкім радасным настрою
Сьпяваў ім песьняю сьвятою
І лашчыў сэрцы іх і вушы
І поўніў радасьцю ім душы,
Такі прыемны, мілагучны,
У тэй прыемнасьці выключны,
Ён разьліваўся па ўсім целе
І ў момант іх зьнімаў з пасьцелі.
Ня дарма-ж дзядзька іх, бывала,
Каб пабудзіць каго з іх жвала
Пагнаць каровак ранічкою,
У прыпек біў скаварадою.
Цяпер, здаволіўшысь ядою,
Дзяцінай цешылісь гульнёю.
Хто бегаў з кіем каля хаты —
Ганяў курэй. Як парасяты,
Ў пяску капаліся сястрычкі.
Алесь хадзіў каля крынічкі,
Што з лесу тут-жа выцякала
І дужкай хату агібала,
Хадзіў, сьвістаў пад голас птушак,
Зьбіраў ён ягадкі ў гарнушак.
Ўсе парасходзіліся з хаты,
І кожны дзелам быў заняты:
Міхал у лес пашоў ранютка
Рабіць звычайныя абходы;
Антось спаць доўга ня меў моды,
А як надарыцца мінутка
Часіны вольнай ці сьвяты дзень,
Ну хоць адзін разок на тыдзень
Хадзіў на Нёман ці на тоні —
Рыбак быў дзядзька наш Антоні,
Як і работнік, адмысловы;
А Ўладзік пасьвіў дзесь каровы,
Травіў чужыя сенажаці;
А дома з дзецьмі была маці.
Яе жаночая работа
І гэта вечная турбота
То каля печы, то на полі,
Сказаць, ня зводзіцца ніколі.
Адно прыпыніш — там другое,
Глядзіш, як бачыш, набяжыць,
І ручак некалі злажыць —
Жыцьцё жаночае такое!
Так і цяпер: печ зачыніла,
Работу ў хаце прыпыніла —
Ідзі ў гарод ты па бацьвіньне:
Другі раз есьці просяць сьвіньні.
А гэты Юзік — шаляніца,
Малы яшчэ, зусім дурніца,
Так пад нагамі і таўчэцца
Або, як хвост той, валачэцца
І ад работы адрывае
І толькі сэрца ад’ядае.
Ўжо сонца ўгору падхадзіла,
На лісьцях роску асушыла;
У небе хмарачкі дзянныя
Плылі, як гускі маладыя,
Чародкай белай над лугамі,
Над сьвежым лесам і палямі.
А гэты ветрык дурасьлівы
Траве зялёнай чэша грывы,
Ў садку жартуе з верабінай,
Як голец-хлопец той з дзяўчынай
І валасы зялёным стрэхам
У лесе гойдае са сьмехам.
А круглаверхія асіны
Разносяць нейкія навіны
І так гутораць, так сьмяюцца,
Што аж іх лісьцікі трасуцца —
Відаць такая іх урода.
Маці вярнулася з гарода.
— Алесь, сынок!.. ідуць кароўкі!
Бяжы хутчэй, рассунь засоўкі,
Каб не штаўхаліся дарма…
Ну, я лепш зьбегаю сама!
Куды ты, Юзік безгаловы!
З-за рэчкі ціснуцца каровы.
Ідзе паперадзе Красуля,
За ёю Лысая, Рагуля
Ды дзьве пярэзімкі-цялушкі
Ідуць у згодзе, як дзьве дружкі;
А збоку чмыша бык Мікіта,
Хвастом матаючы сярдзіта.
А авадні, як рой пчаліны,
Сьляпіцай лезуць да скаціны,
Гудуць драпежна, тнуць балюча,
Бы крапіва тая пякуча,
Дыхнуць каровам не даюць.
Каровы злосныя бягуць,
Адна другую б’юць рагамі
І толькі тухкаюць нагамі;
І сам пастух бяжыць, гукае
І гэту за́едзь праклінае:
Няма за поганьню парадку;
Сярдуе сам, і злуе стадка,
Баржджэй, як можа, ў хлеў пражэцца —
І горш у весьніцах таўчэцца
Каля хлява, рух-суматоха.
— Куды ты, Чортава Панчоха?! —
Крычыць Уладзя, сьвішча пужка.
(«Панчоха» — Лысае мянушка).
На зло Рагуля ўжо ў варотах
Цялушку рогам капарнула,
Аж тая, бедная, раўнула;
Тут Галас выскачыў з-пад плоту
І ўжо па ўласнаму пачыну
Знайшоў зачэпку і прычыну
Свае тры грошыкі прыткнуць,
За хвост Мікіту пацягнуць.
Ну, словам, шум тут быў вялікі
І танцавалі бяз музыкі.
Загнаўшы ў хлеў на месца стадка,
Насеўся Ўладзя на аладкі,
Шпурнуўшы лапці і анучы
Сярод двара ў пясок сыпучы.
Іх маці зараз падабрала,
Нічога сыну не сказала,
Пайшла ў крыніцы спаласнула,
Сушыцца ўскінула на шула.
— Унь дзядзька йдзе! — гукаюць дзеці.
Забылі ўсё яны на сьвеце
І, як мага, бягуць, сьмяюцца,
Аж іх валосікі трасуцца.
— А, дзядзька! дзядзечка, саколік!
Насып мне ягад у прыполік!
— Дай мне дубец! — А мне дай вуды! —
Крычаць малыя шалапуды,
Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі.
А дзядзька мерна йдзе з-за кладкі,
Ідзе бяз шапкі, круціць носам —
Гаворыць пацеры з засосам;
Для сьмешак твар яго зацяты,
Дык, моў, ня лезьце, парасяты.
І дзеці змоўклі, больш ні слова:
Няхай канчаецца размова
Антося дзядзькі са сьвятымі,
Тады пагутарыць і з імі.
А покі кончыць ён маліцца,
То можна ў Сьвержні апыніцца:
Псальмоў адкоціць з поўдзесятка
Ды так выразна, ды так гладка,
Што й дзяк ня ўсякі гэтак зможа —
Як рэпу грыз, даруй грэх, божа!
Не гаварыў — а сек языкам!
Маліўся дзядзька з тым разьлікам,
Каб кончыць модлы каля дому,
Бо ў хаце нельга, ёсьць вядома,
Маліцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад бога думкі адкідае,
То тое-сёе замінае
І не намолішся — нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш.
І толькі дзядзька на двор ступіць,
Дык кулаком у грудзі лупіць,
Тры разы хрысьціцца, ўздыхае,
Тады ўжо шапку накідае
І ставіць вуды ўсе ў парадак.
— Ну, што? наеліся аладак? —
Жартуе дзядзька тут з малымі
Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі.
Яны, замест таго адказу,
Бубняць па пузу для паказу.
— Эх, брат Алесь! — гаворыць дзядзька: —
Вось быў шчупак — усім ім бацька!
І век такога не забуду,
Але парваў мне, падла, вуду.
І падчапіў быў, нават, спраўна.
«Ну», думаю: «пажыва слаўна!»
Цягну, а ён аж гне вудзільна,
Ну, чуць ня вырве яго з рук!
А тоўсты, падла, бы япрук,
І доўгі-ж, доўгі, як цапільна,
Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда.
Але сарваўся. Ах, паскуда!
І натаміў, як мае быць;
І пастка ўжо з воды тырчыць,
Як зьмей, варочае зянкамі,
Ну, вось ён, вось! хватай рукамі!
А потым, брат, калі рвануўся —
Ўсё к чорту: вуда і кручок.
Пашоў гуляць мой шчупачок,
А я, брат, толькі аблізнуўся.
— Ах, вось шкада! З кручком і з дротам?
Дык ён-жа, здохне! — Ну, чаго там!
Шчупак — жывучая, брат, юха!
Такі жывучы — дзяржы вуха!
Ён пяць кручкоў глыне — й ня знайся;
Ты ў Янчура пра іх спытайся:
Янчур іх лужа, як арэхі,
Іх знае прожары-прарэхі.
А мне ўсяе, брат, тэй уцехі,
Што падчаплю зноў юху тую,
Тады, брат, дудкі: ня спудлую! —
Ўжо сьнедаць час, і поўдзень скора,
Ды з гэтым бацькам адно гора!
Як пойдзе ён у лес той зраньня,
Як у вадзе цукер растане:
Няма й няма, чакаць абрыдне.
Якога выхадзіш там злыдня?
Ці надта выслужышся ў пана?
Усё роўна знойдзецца загана,
Як ты ні падай, ні гасай,
Не пападзеш да пана ў рай
З сваёй патрэбай, інтарэсам.
А лес, як быў, то й будзе лесам,
Дык і дарэмна ўся турбота —
Бяда з ім проста і згрызота!
Няма яму нядзелькі, сьвята —
Iдзе ды йдзе ён, як закляты;
У шчэпку высах з тэй хады,
Ад сну адбіўся, ад яды.
І хто ўжо служыць гэтак дбала?
Антось і маці на Міхала
Ня раз у злосьці нападалі,
Але таго яны ня зналі,
Як лёгка хлеб той дастаецца.
Ня сьцерпіць, часам, адсячэцца
Міхал ад гэтакіх нападак:
Які-ж-бы толк быў і парадак,
Каб ён служыў, спусьціўшы рукі?
Свае-ж сябры — майстры на штукі:
Так удадуць і так падкусяць —
Цягнуцца нехаця прымусяць.
А вось папробуй на цікавасьць
Стрымай службовую рухавасьць,
Служы, спусьціўшы рукавы,
І выкінь службу з галавы —
Такія ў лесе выйдуць справы —
Пажар, парубкі і патравы —
Не акараскацца ад ліха.
А хочаш ты, каб было ціха,
На чым сядзіш, таго глядзі ты! —
Казаў Міхал ня раз сярдзіта: —
Маўчы, калі ёсьць хлеб у роце!
І што сказаць на гэта проці?
А бацька з стрэльбай за плячамі
Ішоў да дому хвайнякамі,
Ішоў паволі, не сьпяшаўся,
Часамі, стаўшы, азіраўся
І прыслухоўваўся да зыкаў
Ляснога шуму, яго крыкаў
Ды нюхаў дух той, поўны вару:
Такая суш — крый бог пажару!
Скрозь лапкі хвоек і галінкі
Сінела неба гладзь. Хмурынкі
Стаялі грудкамі на ўсходзе.
Было так ціха ўсё ў прыродзе!
Ўгары над хвойнікам зялёным
Снуюцца пчолкі з ціхім звонам,
Кузуркі розныя і мушкі
Свае спраўляюць гулі-гушкі
І так танюсенька гудуць,
Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.
А на прагалінках на голых
Гуляньне конікаў вясёлых,
І толькі ступіш там нагою —
Так і заскачуць прад табою,
Вось так і пырскнуць у надзем’е,
Як-бы сявец той сыпне сем’е.
А матылькі сваім убраньнем
Касуюць тут усіх да званьня
І не лятаюць — танцы правяць,
Ну, каго хочаш, зацікавяць.
А як прыгожы пуцявінкі
Ў шаўкох зялёнае травінкі!
Якія мяккія іх рысы
І павароткі іх, абрысы!
Ідуць, зьвіваюцца, лучацца…
Эх, слаўна ў лесе, слаўна, братцы!
Памалу, мерна, крок за крокам
Ў сваім раздумьмі адзінокім
Дадыбаў бацька скора к дому.
Зачуўшы татаў ход знаёмы,
Малыя з хаты высыпалі,
За брамай бацьку сустракалі.
Алесь браў стрэльбу, шапку з цэшкай
І нёс з шчасьліваю усьмешкай,
Схаваўшысь ў шапку ўвесь з вушамі;
А Костусь — торбу з кутасамі
І знак блішчасты стражнікоўскі.
— Баржджэй вы там, кірмаш жыдоўскі! —
Гукае дзядзька з ноткай злосьці: —
Ідуць, як тыя шляхты ў госьці!.