II. Раніца ў нядзельку III. За сталом
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
IV. На першай гаспадарцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III.

ЗА СТАЛОМ.

— Ну, небажаты, будзем сьнедаць —
Ў людзей садзяцца ўжо абедаць.
Цягні мачанку, маці, з печы!
За стол, малы, за стол, старэчы! —
Гаворыць дзядзька, сам сядае
І стол абрусам засьцілае.
Паміж дзьвюх лаў пад абразамі
Туліўся стол з двума кастрамі
Аладак грэцкіх, як пампушак,
Ды хлеба з зайчыка краюшак.
Міхал з Антосем, як старыя,
Займалі месцы канцавыя
І іх трымаліся выключна,
Бо тут сядзець ім больш спадручна;
І ў кут старым трудней залезьці,
А на пачэсным гэтым месьце
Садзіўся госьць — і то ня кожны;
А як цяпер кут быў парожны,
То там Алесь прымайстраваўся,
Сядзеў на кукішках, гайдаўся,
Цішком шчыкаючыся з братам.
Кастусь сядзеў між ім і татам;
Ён да яды ня так быў падак,
Бо ўжо намазаўся аладак,
Але сядзеў і мяў аладку
Ды штурхаў бацьку пад лапатку.
Уладзік быў у дзядзькі збоку…
Дзяцей, як тых снапкоў на току! —
Сямейка, праўда, не малая:
Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька з дзядзькам, трэцьця маці;
І кожын месца сваё мае.
Тымчасам маці даставала
Чыгунчык з печы, лыжку брала
І верашчаку налівала.
А за сталом на верашчаку
Падгатаўлялі ўжо атаку;
На гэта хлопцы былі хваты,
Аладкі кроілі ў квадраты
(Хоць геомэтрыі ня зналі)
І на відэльцы іх чаплялі,
Як-бы на тычкі тыя вешкі,
Каб не адстаць, ня мець замешкі
У часе дружнае яды.
Чуць міска ткнулася сюды,
Дык у яе, як па прыказу,
Відэльцаў з восем лезе зразу.
Гаворка моўкне, сьмех сьціхае:
Цяпер мінуціна другая,
Бо ўсіх займае міска стравы;
Другія моманты, праявы;
Усе сапуць, фукаюць, студзяць
І верашчаку тую вудзяць
І толькі чаўкаюць губамі
Ды зрэдка скрыгаюць зубамі,
Як-бы на бераг тыя хвалі
У часе ветру наступалі.
Малыя — Гэля, Юзік, Ганна —
Асобна елі пастаянна.
Парадку дзеці ня трымалі,
І іх ніколі ня сьціскалі,
Абы насоў не разьбівалі;
Так, Юзік пальцам поркаў страву
І верашчакай мазаў лаву,
Але тут сёстры сердавалі
І залаб Юзіка цягалі.
Тады іх згода прападала,
Між імі бойка вынікала.
Пускаў тут Юзік лыжку ў дзела;
Ня раз лабаціна трупцела
Ў сястрычак Гэлі ці Ганулі.
А сёстры Юзіка цягнулі
За вушы з двух бакоў і білі.
Але іх старшыя мірылі,
На пожар злосьці лілі воду
І замацоўвалі так згоду:
— Ну, пацалуйцеся-ж вы з браткам! —
І ўсё йшло зноў сваім парадкам.
А за сталом маўчком сядзелі.
Там хлопцы гыркацца ня сьмелі,
Бо там парадак вельмі строгі,
Там падпілуюць табе рогі,
Калі парушыш дысцыпліну
Ды пад нядобрую часіну:
Дадуць там «лэмбуся» і «квасу»
Для навучальнасьці, сагласу.
І чуць што, часам, вынікала,
То бацька кідаў так, бывала,
На хлопцаў погляд выразьліва,
Што тыя ў лаву баязьліва
Траха са страху не ўпаўзалі,
Бо гэты погляд добра зналі.
Там і цяпер, як і заўсюды
Макалі ўсе з аднэй пасуды
І елі дружна, не драмалі;
Нарэшце ўсе па скварцы бралі.
Як верашчака ў дно спадала,
То маці есьці пакідала
Ды йшла ў камору па другое,
Яшчэ больш смачнае, ядкое,
І тарабаніла сюды
Для заканчэньня ўжо яды
Тварог, запраўлены сьмятанай,
Нясла з вялікаю пашанай.
За ёю хлопцы адставалі
І бацьку з дзядзькам пакідалі
Над верашчакай завіхацца.
Мужчыны бралі па аладцы
І аж пацелі, небаракі.
З аладкі дзядзька рабіў трубку,
Каб лепш здаволіць сваю губку
І больш зачэрпаць верашчакі.
А бацька браў блінцом спавагу,
Бо на Антося меў увагу:
Антось-жа правіў гаспадарку;
Рабіў за двох, на сваім карку
Цягнуў ярэмца хлебароба,
Ну, словам, дзядзька наш — асоба!
А пападалася там скварка,
Была між імі чуць ня сварка:
— Бяры, Антось! — Я намакаўся,
Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся, —
І спрэчку тым яны канчалі,
Што гэту скварку разразалі.
Другая міска, міска-яма,
Апаражнялася таксама,
І ўжо к канцу таго сьняданьня
Хлапцы здаволілі жаданьне
І ад мужчын яны адсталі.
Павольней сківіцы жавалі,
Крышылі страву, як нарокам.
І бацька кідае відэльцы,
Рукою гладзіць па камзэльцы,
На абразы ўскідае вокам
І шэптам хрысьціцца набожна.
Тымчасам міска і парожна,
І маці стол ужо прыбрала,
Пасуду, лыжкі паласкала.
А дзядзька сеў курыць на ўслоне.
Злажыўшы шчыльненька далоні,
Міхал сядзеў, не варушыўся
І ў мысьлі нейкія ўглыбіўся.
Ды маці з дзядзькам добра зналі,
Дзе тыя мысьлі вандравалі,
Што іх гарнула, што туліла
І дзе было ім гэтак міла.
Даўно ўжо бацька жыў думою
Разжыцца ўласнаю зямлёю
І не належыць ні да кога,
Ня знаць начальства ніякога.
І калі бацька каго стрэне,
Не прапускае ўжо здарэньня
Спытаць, праведаць аб зямельцы:
Дзе прадаецца, як багата,
Якія выгады і плата,
Як блізка рэчка ці крыніцы?
І чым больш служба дакучала,
Тым болей бацьку прыцягала
Свая зямелька, свая хата
(Няўжо яна яму заклята?),
Прытулак свой, куток уласны;
Такі ён мілы быў і красны,
Што наш Міхал там жыў душою,
Ня знаў улады над сабою,
Апроч зямельнай тэй улады.
Завёў-бы там сабе прылады
Да жыў-бы панам і ня гнуўся,
Шырока-б там ён разгарнуўся.
І бацька ў вольныя часіны
Расказваў дома ўсе навіны
І чуткі ўсе на-конт зямелькі.
Так і цяпер, у час нядзелькі,
Аддаўся бацька сьветлым марам
І вёў размову з такім жарам,
Што бацьку ў хаце ўсе дазваньня,
Як-бы ксяндза таго казаньне,
Так шчыра слухалі, маўчалі,
Што й нос абцерці забывалі.
— Пытаўся я ў людзей, брат, сёньня
На-конт зямлі каля Заблоньня, —
Так бацька мову расчынае
І вочы весела ўскідае
На ўсіх, хто толькі быў у хаце: —
Там, брат, гароды — чуеш, маці?
(Ён гэтым жонку падкупляе)
Так ураджайны, так багаты,
І блізка, тут-жа каля хаты!
Сама зямля бяз гною тлуста,
І надта родзіцца капуста:
З вядро галоўкі вырастаюць,
З трох коп кадушку накладаюць!
А мак! а рэпа! морква, бручка!
А буракі, гуркі, пятрушка, —
Ўсяго, ўсяго, ну, проста — страх!
Ўсё там расьце, як на дражджах.
І рэчка ёсьць. А рыбы, рыбы!
Вось дзе, Антось брат, пажыў ты-бы! —
Пад дзядзьку бацька падвёў міну: —
Лаві ліны і еш саміну —
Самы жывуць там, як цяляты! —
А дзядзька быў рыбак заўзяты,
Рыбак у ім тут абудзіўся,
Як сонца, твар яго сьвяціўся
І ад прыемных ціхіх сьмехаў
Чуць не да вуха вус заехаў.
— Ну, ўсе выгоды каля боку,
Тае-ж зямлі якраз валока, —
Міхал расьпісваў з жарам далей: —
А чорны грунт — дванаццаць цаляй!
Жыта там родзяцца на дзіва:
Як едзеш між хлябоў вясною,
Ў іх конь хаваецца з дугою!
А з ячмянёў вары хоць піва.
Грачка, аўсы растуць, як лозы —
Ня то, што ў нас: адны занозы
Пад кіпці ты панаганяеш.
Пакуль дзьве жмені нажынаеш.
І ўся зямля ў адным адрубу;
І лес там ёсьць, найболей дубу,
А дуб расьце на добрай глебе;
Не клапаціўся-б там а хлебе…
Адкуль ні глянь — ўсё ўпадобна:
Перш-на-перш жыў-бы там асобна,
А не ў галдзе, страшэнным сьціску
І лбоў ня білі-б там за міску,
Як гэта водзіцца ў народзе;
Там зможаш быць з суседзьмі ў згодзе.
Другое дзела — воласьць блізка,
І то ня дробная, брат, рыска;
Там школка ёсьць, а дзецям трэба
Даўно навука і вучэба,
А то растуць, на лес, вось, глядзя;
Зірні: унь дуб які ўжо Ўладзя! —
На зэдлі Ўладзік схісянуўся,
Алесю хітранька ўсьміхнуўся.
— Ну, а я, тата, ці вялікі? —
Спытаў Алесь. — Ты? салапяка!
Нос абатры йдзі, разявяка!
Ўсё грае носам, бы музыкі
У гэтай кірпе завяліся.
Вазьмі анучу, абатрыся! —
Алесь ня рад быў, што спытаўся
І ў кут ён борзьдзенька хаваўся.
І бацька моўкне і чакае,
Што скажа дзядзька або маці,
І ціха стала ўраз у хаце:
Чутно, як муха пралятае.
— Пасада, кажаш, вельмі ўдатна,
Ўсяго там родзіцца ажнадта.
Чаму-ж яе там ня купляюць?
На нас, ці што, людцы чакаюць? —
Пытае маці: — каб такая
Была зямля гэта прыўдала,
Яна-б дагэтуль ня гуляла.
Або аб ёй ніхто ня знае?
Ці тыя людзі ўсе паснулі,
Якім зямелька трэба пільна?..
Ой, каб яна была прыхільна,
Яе-б даўно ўжо прыгарнулі.
— Чакаць ня будзе, ёсьць вядома,
Калі сядзець ты будзеш дома
Каля свайго збана, карыта, —
Сказаў Міхал крыху сярдзіта: —
Сама зямля ня прыдзе, чуеш,
А сам за ёю павандруеш.
Калі сядзець ды так гадаці, —
Ня высядзіш нічога, маці.
Ня бойся: людзі не сядзяць,
Зямля ня будзе нас чакаць,
Не запустуе, ня згуляе!
— А пэўна — дзядзька пацьвярджае.
— Ды як яно ўжо ні было-б там, —
Зноў кажа бацька: — а пад плотам,
Зямлю купіўшы, не валяўся-б
Ды як-бы жыў яшчэ! Ня знаўся-б
Ні з панскай ласкай, ні з панамі,
Жылі-б сабе гаспадарамі,
А што за шчасьце тут, спытаем?
Які прыбытак мы тут маем?
Вуглы падпёрты пірагамі?
Што грыб падымеш тут часамі?
За ўсе іх голаву, з грыбамі!..
Яно-б чаму? служыць-бы можна,
Каб не валяўся так нязбожна,
У вочы гэты Рак-вар’ят.
Ці-ж чалавек ён? азіят,
Душа зацятая, ліхая,
Такіх паноў і сьвет ня знае.
Ды хоць-бы пан, а то — зараза,
Так шалахтун, байструк, пралаза,
Няшчасны вырадак, пастух…
А колькі гонару і мух!
Дык як тут жыць? Няма ахвоты,
І марны ўсе твае турботы.
Жывеш, ліпіш, як на калу ты,
І ногі й рукі ўдзеты ў путы.
А подзьме вецер, і ўсё бухне,
І ўсё стараньне тваё рухне.
А дзе дзявацца? пакукуеш,
А век на службе не зьвякуеш. —
І ўсе тужліва, замаўкалі,
І думкі кожнага займалі
Аб тым, што тут жывеш да часу,
Жывеш сяк-так, пакуль жывецца,
Калі-ж нібудзь, а давядзецца
Шукаць свайго хлябка і квасу.